Вы тут

Водна-балотныя ўгоддзі краіны аднаўляюцца і эфектыўна выкарыстоўваюцца


— Мэта праекта — садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у справе захавання і ўстойлівага выкарыстання водна-балотных угоддзяў, — гаворыць Аляксей АРЦЮШЭЎСКІ, кіраўнік праекта «Ветландс», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды. — Важна знайсці пункт балансу ў інтарэсах экалогіі і эканомікі, сумясціць працэс захавання прыроды з атрыманнем рэальных даходаў, выгод для насельніцтва.


Закон для тарфянікаў

У рамках праекта быў падрыхтаваны праект закона «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў» — унікальны дакумент, накіраваны на захаванне, аднаўленне біясферных функцый балот, задавальненне эканамічных і іншых патрэб у гэтых рэсурсах.

З'явіўся і такі важны інструмент, як рэестр тарфянікаў. Ён не толькі забяспечвае неабходнай інфармацыяй для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, але і дазваляе ацаніць стан беларускіх балот. Брэсцкая вобласць стала першай з рэгіёнаў Беларусі, чые тарфянікі былі вывучаны і ўключаны ў базу даных. Сёння ў рэестры знаходзіцца інфармацыя пра 420 тарфянікаў вобласці агульнай плошчай больш за 600 тысяч га.

Фота ПРААН.

Біямаса на продаж

У заказніках «Званец» і «Спораўскі» апрабоўваецца метад устойлівага кіравання экасістэмамі нізінных балот. Дзякуючы гэтаму касьба на іх прыносіць не толькі экалагічны плён (дапамагае выжываць рэдкім відам жывёл), але і за кошт продажу біямасы дазваляе знаходзіць сродкі на фінансаванне дадзеных работ.

— На прыкладзе заказніка «Спораўскі» мы паказалі, што такая дзейнасць можа быць самафінансуемай, — адзначыў Аляксей Арцюшэўскі. — Цяпер праводзіцца эканамічны аналіз для выпрацоўкі рэкамендацый для гэтага заказніка і іншых ААПТ.

Туры ў тураве

Каб стрымаць працэс зарастання поймаў буйных рэк, на тэрыторыю заказніка «Сярэдняя Прыпяць» завезлі турападобных жывёлін пароды Хека. Зімой 2019 года іх выпусцілі на заліўныя лугі, і цяпер яны могуць харчавацца расліннасцю і тым самым захоўваць месцы для гнездавання і міграцыі многіх відаў птушак. За 1,5 года статак з 15 галоў папоўніўся яшчэ пяццю цялятамі, што сведчыць пра спрыяльныя ўмовы для жыцця.

Яшчэ адзін прыклад паспяховага рэвайлдынгу (усялення) — заказнік «Налібоцкі», дзе тарпанападобныя коні, нароўні з іншымі праводзімымі мерапрыемствамі, дапамагаюць ствараць высокапрадукцыйныя кармавыя ўгоддзі для зуброў.

Захаваць лясныя экасістэмы

Завяршылася інвентарызацыя гідралесамеліярацыйных сістэм, створаных яшчэ ў 1960—1970-я гады для інтэнсіфікацыі лясной гаспадаркі на забалочаных землях. Сёння многія з іх не выконваюць свае функцыі. Таму для 1000 абследаваных аб'ектаў былі распрацаваны прапановы — забалоціць тэрыторыю ці адрамантаваць гідралесамеліярацыйную сістэму.

Каб паказаць, як да лепшага могуць змяніцца лясныя тэрыторыі, на пяці аб'ектах правялі забалочванне.

— Спатрэбіцца пэўны час, каб усё запрацавала на поўную сілу, але першыя даныя сведчаць, што працэс ідзе паспяхова — колькасць вады на гэтых тэрыторыях павялічылася, пачаўся працэс забалочвання, — расказаў кіраўнік праекта.

Новы дом для малюска

Жывёлы, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, — таксама ў цэнтры ўвагі праекта «Ветландс». Спецыялісты абследавалі ўсе вобласці краіны для пошуку рэдкіх і глабальна пагражальных відаў, падрыхтавалі больш за 200 ахоўных абавязацельстваў і планы дзеянняў для 14 відаў, якія знаходзяцца ў Міжнароднай чырвонай кнізе. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, шыракапальцы рак і малюск тоўстая перлаўка былі заселены на новых тэрыторыях. А на балотах Дакудаўскае і Сэрвач плануюць стварыць месцы для пражывання і вяртлявай чаротаўкі. Раней рэдкую для Еўропы птушку ўжо паспяхова рассялілі на літоўскай тэрыторыі.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Калі балоты даюць даходы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».