Вы тут

Якую ролю граюць мясцовыя улады ў рацыянальным выкарыстанні працоўных рэсурсаў рэгіёна


Грунтоўная размова пра асаблівасці чалавечага капіталу краіны і ролю мясцовых уладаў у рацыянальным выкарыстанні працоўных рэсурсаў рэгіёнаў адбылася на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі на базе Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа. Асноўным пытаннем стала абмеркаванне развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі
і павышэння прэстыжу рабочых прафесій у кантэксце праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.


Адукацыя плюс вытворчасць

Падчас дыскусіі суразмоўцы пастаянна закраналі практычныя аспекты ажыццяўлення кадравай палітыкі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Выснова: кадраў не хапае ў розных сферах дзейнасці, праблему трэба вырашаць як мага хутчэй. Улічваючы яе вялізарную актуальнасць, нагадаем менавіта тыя асобныя моманты размовы, якія ў большай ступені датычыліся дзейнасці органаў мясцовых уладаў. Бо актуальнасць пытання, як гаварылі ўдзельнікі пасяджэння, узрастае з кожным днём. Напрыклад, толькі на мінскім ААТ «Камволь» дэфіцыт спецыялістаў у пэўнай ступені стрымлівае развіццё вытворчасці.

І ўвогуле рэдкі кіраўнік вялікага ці сярэдняга прадпрыемства на пытанне аб тым, што замінае паспяховай рабоце калектыву, не спашлецца на часам хранічны недахоп кваліфікаваных рабочых кадраў. Іх у краіне рыхтуе сістэма прафесійнай адукацыі, але ці ўсё залежыць толькі ад яе? Відавочна: калі не ўсё, то вельмі многае. Навуковае тлумачэнне кадравага дэфіцыту даў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі. На яго погляд, сёння не пытанне падрыхтаваць неабходную колькасць спецыялістаў. Магутнасці, так бы мовіць, айчыннай адукацыйнай сістэмы дазваляюць гэта зрабіць. Дык у чым тады справа?

А сутнасць няпростай кадравай праблемы ў тым, што колькасць навучэнцаў у сярэдніх школах Беларусі пачала ўзрастаць толькі з 2014 года. Гэта значыць, што і колькасць выпускнікоў 11 класаў павялічыцца толькі ў 2025 годзе. Таму пакуль на рынак працы з устаноў адукацыі ўсіх узроўняў выходзіць усё менш выпускнікоў. Але, між іншым, нагадаў Валерый Галубоўскі, і ў савецкія часы сістэма адукацыі не вырашала цалкам усю патрэбу эканомікі ў кадрах. Таму неабходна знайсці кадравы баланс на рынку працы паміж попытам і прапановай. Дасягнуць гэтага можна за кошт развіцця прафесійнай мабільнасці на аснове павышэння кваліфікацыі работнікаў, выбудовы стратэгіі перанавучання дарослых, беспрацоўных, засваення прафесійнай дыягностыкі з мэтай выяўлення недахопаў у патэнцыяльных кадрах і г. д., лічыць рэктар.

І цяжка не пагадзіцца. Але, як адзначалася на пасяджэнні, сёння таксама важна кантраляваць своечасовае, а часам і апераджальнае навучанне і перанавучанне работнікаў прадпрыемстваў ва ўмовах мадэрнізацыі вытворчасці, укаранення інавацыйных праектаў. Каб потым не шукаць у экстранным парадку кваліфікаваныя кадры.

На тым, як супрацьстаяць гэтай праблеме на «Амкадоры», засяродзіў увагу ў сваім выступленні яго генеральны дырэктар Аляксандр Яфімаў. А дакладней, ён спыніўся на тэме ўзаемадзеяння навучальных устаноў з прадпрыемствамі-заказчыкамі кадраў, укараненні практыка-арыентаванага навучання. У холдынгу яшчэ напрыканцы 2006 года быў адкрыты цэнтр навучання і развіцця персаналу ў адпаведнасці з дзелавымі інтарэсамі «Амкадора». З гэтай нагоды актывізавалася супрацоўніцтва з установамі адукацыі, з якімі холдынг заключае дагаворы, на прадпрыемстве створаны чатыры філіялы кафедраў вядучых ВНУ краіны. І такія намаганні прыносяць плён.

Генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч таксама ўпэўнены ў тым, што кадравае забеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў становіцца пытаннем першачарговай важнасці. Рабатызацыя, лічбавізацыя і ўкараненне новых тэхналагічных укладаў вымушае зусім па-іншаму рыхтаваць спецыялістаў. А ўзаемадзеянне з установамі адукацыі ўсіх узроўняў з'яўляецца адзіным лагічным выйсцем. На базе аўтамеханічнага каледжа, які знаходзіцца літаральна праз дарогу ад МАЗа і рыхтуе кваліфікаваныя кадры для славутага завода, створаны ўнікальны навучальны цэнтр вытворчых тэхналогій. Вось яна, жывая сувязь паміж адукацыяй і вытворчасцю, з гонарам гаворыць Валерый Іванковіч.

Чую пярэчанне: «Дык гэта ж МАЗ і «Амкадор», у іх такія фінансавыя і іншыя магчымасці, яны могуць сабе дазволіць цэнтры адкрываць!» Згодны. Але, з іншага боку, «Амкадор» сумесна з Мінгарвыканкамам ажыццявіў пілотны праект па перанавучэнні групы беспрацоўных складаным новым спецыяльнасцям менавіта для вытворчасці завода. Так што галоўнае —жаданне, а спосабы вырашэння праблемы знайсці можна.

Падводныя рыфы прафарыентацыі

Зайшла размова аб павышэнні ролі мясцовых уладаў у падрыхтоўцы і выкарыстанні працоўных рэсурсаў рэгіёнаў, замацаванні кадраў на месцах. Старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік падзяліўся цікавымі назіраннямі аб нюансах прафарыентацыі ў раённых школах. Па яго словах, правільная прафарыентацыя — гэта інвестыцыі ў будучыню раёна. Але пераважная частка дырэктараў школ і настаўнікаў, на жаль, знаходзяцца нібы ў палоне старых уяўленняў аб лёсе выпускнікоў: вельмі жадаюць іх паступлення ў ВНУ. Чым больш туды паступае іх выхаванцаў, тым вышэйшы негалосны рэйтынг настаўніка. Таму і матывуюць вучняў старэйшых класаў на атрыманне вышэйшай адукацыі, а не на авалоданне рабочымі прафесіямі. Ды і бацькі арыентуюць падлеткаў пераважна на ВНУ. Вось і атрымліваецца, што кадры патрэбны ў раёне, а моладзь імкнецца на вучобу ў Мінск і абласныя цэнтры. Трэба пазбаўляцца састарэлых стэрэатыпаў аб вышэйшай адукацыі як аб выключным шчаслівым білеце ў прыгожую заможную будучыню, гаворыць Сяргей Ложачнік.

Думаецца, педагогам не толькі сельскіх школ варта звярнуць увагу на выказанае падчас пасяджэння меркаванне міністра адукацыі Ігара Карпенкі: у краіне яшчэ недастаткова выкарыстоўваюцца магчымасці і перавагі мэтавай падрыхтоўкі рабочых кадраў. Для гэтага трэба больш актыўна ўзаемадзейнічаць са школамі, шукаць і знаходзіць юнакоў і дзяўчат, матываваных працаваць у рэальным сектары эканомікі. А для гэтага неабходна ранняя прафарыентацыя ў школах, лічыць міністр.

У гэтым сэнсе апошнім часам добра сябе зарэкамендавалі профільныя класы аграрнай накіраванасці. Іх досвед, праблемы і перспектывы ўсё часцей абмяркоўваюцца на розных канферэнцыях і семінарах прафесіяналаў адукацыі з удзелам практыкаў і прадстаўнікоў органаў мясцовых улад. Сёння ў школах Беларусі адкрыты прыкладна 400 профільных аграрных класаў. Дзякуючы ім старшакласнікі  маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць рэальныя ўмовы працы ў сельскай гаспадарцы, выбраць там будучую прафесію і ў рэшце рэшт застацца працаваць на зямлі. Нямала выпускнікоў такіх класаў потым паступаюць у аграрныя вучэбныя ўстановы.

Зразумела, аб замацаванні маладых кадраў на вёсцы павінна балець галава і ў мясцовых улад, кіраўнікоў прамысловых і сельскіх прадпрыемстваў. Паводле слоў старшыні Лідскага райвыканкама, нярэдкія яшчэ факты выкарыстання спецыялістаў на малакваліфікаваных работах, скажам, на прыбіранні камянёў з палеткаў. Сустракаюцца і іншыя хібы ў рабоце з моладдзю.

А там, дзе ўважліва ставяцца да працаўладкавання маладых і вырашэння іх бытавых пытанняў, адпаведны і вынік. У знакамітым агракамбінаце «Сноў» у Нясвіжскім раёне школьная моладзь ад дабра дабра не шукае. Тут большасць маладых і ўжо немаладых спецыялістаў — мясцовыя жыхары. Працоўныя дынастыі — з'ява звыклая. Што прываблівае моладзь? Стабільная работа, дастойная зарплата, перспектывы кар'ернага росту, выдатныя ўмовы для актыўнага адпачынку, заняткаў спортам як на стадыё-
не, так і ў зімовым басейне. Навошта ж ехаць адсюль?

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Кадры: працяг тэмы. Мясцовая ўлада і працоўныя рэсурсы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.