Вы тут

На кніжным фестывалі ў Карэлічах спаборнічалі бібліятэкары і гучалі ваенныя песні


«У кніжнай памяці імгненні вайны…» Менавіта пад такім дэвізам прайшоў сёлетні фестываль «PRОдвижение книги. Библиотечные ступени», які адбыўся 29 красавіка ў ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці». Фестываль быў прысвечаны Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве традыцыйна прымаюць удзел усе бібліятэкі Карэліцкага раёна. Прыязджаюць і госці — Выдавецкі дом «Звязда» і выдавецтва «Мастацкая літаратура», якія прывозяць не толькі сваю прадукцыю, але і аўтараў. 


«Фішка» фестывалю — конкурс сярод бібліятэк раёна на лепшую арганізацыю выставачнай работы. Экспазіцыі адрозніваліся крэатывам. Хтосьці распавядаў на сваім стэндзе пра аднавяскоўца-франтавіка, хтосьці прысвяціў стэнд жанчынам на вайне. Была экспазіцыя, прысвечаная песням, якія гучалі ў трагічны для народа час, падтрымліваючы і натхняючы на барацьбу. Можна было ўбачыць старыя фотаздымкі і грампласцінкі, радыёпрыёмнік і газеты ваеннага часу, і нават партызанскі будан, накрыты маскіровачнай сеткай. Карэліцкая раённая бібліятэка падрыхтавала ўнікальную прэзентацыю, прысвечаную жывёлам на вайне. Вядома, не ўсе ведаюць, што беларускія партызаны прыручалі ласёў і хадзілі з імі ў рэйды ў тыл ворага, а сабакі-франтавікі заслужана бралі ўдзел у легендарным парадзе Перамогі.

Адбыліся і цікавыя творчыя сустрэчы. Паэтэса Іна Фралова для вучняў Карэліцкай школы № 1 прэзентавала свае кнігі для дзяцей, што выйшлі ў выдавецтве «Звязда». Пісьменніца Людміла Рублеўская распавяла пра серыю гістарычна-прыгодніцкіх раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». Прысутныя змаглі пабачыць відэасюжэты пра тое, як здымалася экранізацыя першай кнігі з гэтай серыі. Паэт Віктар Шніп, галоўны рэдактар «Мастацкай літаратуры», расказаў пра кнігі выдавецтва, прысвечаныя тэме вайны, і пазнаёміў са сваймі вершамі, прысвечанымі паэтам-франтавікам. Рэдактар мастацкага аддзела часопіса «Вожык» Аляксандр Каршакевіч згадаў слаўнае баявое мінулае свайго часопіса, які ў ваенны час называўся «Раздавім фашысцкую гадзіну». А потым удзельнікі і госці фестывалю займелі ўнікальную магчымасць атрымаць свой шарж, выкананы вядомым карыкатурыстам.

Зразумела, можна было набыць кнігі і атрымаць аўтографы прыезджых аўтараў.

Напрыканцы фестывалю журы падвяло вынікі конкурсу сярод бібліятэк раёна. Першае месца — у Райцаўскай і Варанчанскай сельскіх бібліятэк, другое — у Палужскай, Малюшычскай і Лукскай сельскіх бібліятэк, трэцяе — у Турэцкай, Цырынскай і Ярэмічскай. Зрэшты, усе ўдзельнікі былі адзначаныя адмысловымі прызамі і дыпломамі, бо ў кожнай экспазіцыі былі свае «разынкі».

Карэліцкі фестываль «PRОдвижение книги. Библиотечные ступени» адбыўся другі раз, але традыцыя будзе працягвацца. Напрыканцы прагучала пажаданне сустрэцца ў Карэлічах праз год на такім жа свяце, якое набывае шмат прыхільнікаў.  

Лідзія Пятрова

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.