Вы тут

Ад выявы бруднай «лужыны» да партрэта імператара: што пісаў Апалінарый Гараўскі


Творчая спадчына мастака Апалінарыя Гараўскага (1833–1900) багатая і разнастайная (вядома каля 60 ягоных твораў) — гэта і класічныя рамантычныя краявіды, майстэрскія партрэты, рэлігійны жывапіс, у якіх яскрава праявіўся яго мастацкі талент.


Партрэт А. Гараўскага. Аўтар: І. Крамской.

Здаецца, лёс Апалінарыя Гараўскага звычайны для мастака. Цяга да жывапісу ў маленстве, вучоба, першыя поспехі і засмучэнні, пошукі дасканаласці, імкненне да высокага майстэрства, адданасць мастацтву і ідэалу хараства. Творчасць Гараўскага прызналі сучаснікі пры жыцці і высока ацанілі аматары мастацтва, прынамсі славуты калекцыянер Павел Траццякоў ці Фёдар Дастаеўскі, і нават мэтр рускага жывапісу Ілля Рэпін. Тым не менш, прыход Гараўскага ў мастацтва незвычайны. Хто ведае, як склаўся б лёс юнака з фальварка Уборкі Ігуменскага павета Мінскай губерні, каб дабрадзейны лёс не ўбярог яго ад жорсткіх і драматычных катаклізмаў, і паспрыяў раскрыццю мастацкага талента. Ён мог стаць вайскоўцам пасля вучобы ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе, куды трапіў у дзевяцігадовым узросце, ці прыняў бы ўдзел у паўстанні Каліноўскага і асудзіў бы сябе на драматычны лёс, калі не на смерць. Усяго гэтага не адбылося, бо яго талент заўважыў палкоўнік Міхаіл Бенуа з вядомай арыстакратычнай сям’і. Як сапраўдны аматар мастацтва, Бенуа падтрымаў юнае дараванне і спрыяў яго паступленню ў 1850 годзе ў Акадэмію мастацтваў, дзе ён вольным слухачом пачаў вучыцца ў мастакоў Максіма Вераб’ёва і Фёдара Бруні. Апекаваў Апалінарыя і брат Міхаіла Бенуа, Мікалай, які рыхтаваў яго да паступлення і дапамог яму атрымаць стыпендыю Таварыства заахвочвання мастакоў, што дазволіла пасяліцца ў чужым горадзе.

Сяброўства Гараўскага з сям’ёй Бенуа з цягам часу перарасло ў роднасныя сувязі, калі ён у 1855 годзе ажаніўся з дачкой Міхаіла Бенуа. Атмасфера любові да мастацтва, шанаванне культу прыгажосці, што панавала ў доме Бенуа, дабратворна паўплывала на Апалінарыя, агрубелага пасля муштры ў кадэцкім корпусе. Гэты культ хараства якраз і праявіцца ў творчасці Гараўскага, як імкненне стварыць не толькі вытанчаную майстэрскую працу, але і прыгожую, хай проста вясковы краявід ці партрэт знатнай асобы, напрыклад імператара Аляксандра ІІ.

Ужо першыя вучнёўскія працы Гараўскага выявілі яго майстэрства і прынеслі прызнанне. Чаго варты факт набыцця яго пейзажа «Балота» (1852 г.) самым цэсарэвічам, будучым імператарам Аляксандрам ІІ. «Краявід у маёнтку графа Кушалева-Безбародкі Краснаполіца ў Пскоўскай губерні», за які Гараўскі атрымаў вялікі залаты медаль, набыў вядомы калекцыянер А.Кокараў. А партрэты Гараўскага крытыка назвала «цудоўнымі». Паспяховы дэбют маладога мастака! За вялікі і эфектны пейзаж «Від Ручэйскага возера каля Тарапца ў Пскоўскай губерні» (гэтае палатно пад назвай «Пейзаж з ракой і дарогай» экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі), Гараўскі атрымаў яшчэ адзін залаты медаль. Адзначаючы вартасці гэтага пейзажа, знакаміты польскі мастак Войцех Герсан адзначыў і недахопы, адсутнасць адзінства і цэласнасці ўсяго палатна, несуадносіны паміж сабой планаў, празмерная прамалёўка першага плана надала яму бляску і эфекту, але не рэчаіснаснага адлюстравання. Так што маладому мастаку было чаму вучыцца.

Гараўскі вучыўся ў знакамітых еўрапейскіх мастакоў Андрэаса Ахенбаха ў Дзюсельдорфе і Аляксандра Калама ў Жэневе, вучыўся ў прыроды, бо лічыў, што «прырода — самы лепшы настаўнік». Для сваіх пейзажаў ён рабіў на пленэры дзясяткі эцюдаў. І як выпадала магчымасць, выбіраўся на прыроду ці на радзіму ва Уборкі, ці ў маёнтак сястры Брадзец, або ў маёнтак цесця Міхаіла Бенуа Чыстае Тарапецкага павета (там, дарэчы, і напісаны «Пейзаж з ракой і дарогай»), ці падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Паўднёвай Расіі, дабіраўся аж да Іркуцка. Працаваў ён шмат. Гэтак падчас вучобы ў Еўропе (1857–1860 гг.) Гараўскі напісаў больш за 100 эцюдаў і тры карціны, сярод якіх і вядомы «Пейзаж з купальшчыцамі». Ён гатовы быў ахвяраваць «пецярбуржскімі з урокаў даходамі» ў мастацкай школе пры Таварыстве заахвочвання мастакоў, абы папрацаваць на прыродзе, нават рызыкаваць здароўем, калі ў 1870 годзе ён падхапіў ліхаманку на пленэры на пінскіх балотах і прахварэў цэлае лета.

Гараўскі не эксперыментаваў, не шукаў новых форм і сродкаў, ён працуе ў рэчышчы акадэмізма і сваё развіццё бачыць не ў стварэнні новага ці адметнага, а менавіта ў дасканаласці мастацкага майстэрства. Яго раннія пейзажы для эстэтычнага сузірання, прыгожая карцінка для вачэй, а не для душэўнага ўспрыняцця і суперажывання. Калі ён і захапляецца, дык вытанчаным майстэрствам, як, напрыклад, палотнамі свайго настаўніка, швейцарскага мастака Аляксандра Калама, якія «прасякнуты паэзіяй, ля іх можна адпачыць і памарыць». Гараўскі піша ў стылі Калама краявіды Альпаў. Глядзяцца яны эфектна і эпічна, але наўрад ці сам Гараўскі адчуваў ад іх творчую асалоду. Усе ж альпійскія пейзажы з іх суровай велічнасцю, амаль манументальнасцю, былі чужымі яго сэрцу. Мастака натхняе спакойная, ураўнаважаная, лірычная (родная) прырода. Яго беларускія пейзажы як раз і адметныя лірызмам. Шчымлівым пачуццём светлага смутку прасякнуты пейзаж «На радзіме» (1860 г.). Стары мосцік праз рачулку, як мяжа паміж былым і будучыняй, дах бацькоўскага дома, як сімвал зніклага часу і хвалюючы арыенцір пры вяртанні дадому. Пэўна, гэта лепшы па сваёй прастаце без маляўнічых эфектаў паэтычны пейзаж Гараўскага. Тая брудная «лужына», якую так прасіў яго напісаць Павел Траццякоў, «каб у ёй праўда была, паэзія». Таму Павел Траццякоў і набыў гэты пейзаж для сваёй славутай галерэі.

Пейзажы, як і партрэты Гараўскага, высока цаніліся. Ён стаў акадэмікам 1-й ступені пейзажнага і партрэтнага жывапісу, хоць звання прафесара так і не атрымаў, пэўна, за «неблагонадежность». (Нагадаем, што старэйшы брат Гараўскага Іпаліт, таксама мастак, напісаў драматычнае палатно «Каля крыжа», прысвечанае паўстанцам Каліноўскага).

Сапраўдны талент Апалінарыя Гараўскага раскрыўся ў партрэтным жанры. Былі замоўленыя партрэты (нават членаў імператарскай сям’і), на якіх прадстаўлены халодныя твары-маскі важных асоб і зусім супрацьлеглыя партрэты блізкіх па духу і дарагіх сэрцу людзей. Задумлівы погляд рэктара Акадэміі Фёдара Бруні, неспатоленая энергія дзейнасці, асвечаная гарачым бляскам вачэй Льва Лагарыа, жывы розум і прыязнасць кнігавыдаўца Казьмы Салдаценкава, дапытлівыя вочы купца і калекцыянера Андрэя Трапезнікава, сумны твар маці… Гэтыя партрэты напісаныя з любоўю і душой. Вяршыняй партрэтнага жывапісу Гараўскага сталі два партрэты «Старой, якая моліцца». Першы варыянт, створаны ў 1857 годзе, хоць сам мастак лічыў «лепшым творам з усіх, якія толькі пісаў», усё ж больш дэкаратыўны, чым рэальны, «кампазіцыя дрэнная, густу няма», па словах Траццякова. А вось другі варыянт, напісаны ў 1872 годзе пад назвай «Галава старой», сапраўдны шэдэўр! У затоеным выразе твару, паказанага ў профіль, поглядзе вачэй бачны і смутак, і надзея, і хваляванне, пэўна, не за сябе, а за родных — дзяцей і ўнукаў. Не за сябе звяртаецца да Бога гэтая старая жанчына, а за тых, каго яна любіць, за лёс якіх перажывае, якім хоча дапамагчы. Адны ў гэтым партрэце ўбачаць сваю пастарэлую матулю, іншыя любімую бабулю, і гэта кране іх душу. Ці не ў дабратворным уплыве задача мастацтва? Вялікі твор вялікага мастака!

Генетычна з партрэтамі «старой» звязана алтарнае палатно «Марыя Магдалена», напісанае Гараўскім у 1861 годзе для Бялыніцкага касцёла. Гараўскі паказаў грэшную жанчыну, не ў экзальцыйным пакаянні, як Тыцыян, ці спустошанай, як Эль Грэка, ці ўвогуле какетлівай, як Рубенс, а змірэннай у чаканні, з надзеяй у вачах.

Нягледзячы на свой кансерватызм, Гараўскі ў сталым узросце ўспрымаў новыя павевы ў жывапісу, выкарыстоўваў імпрэсіянісцкія прыёмы ў пейзажах, напрыклад, «Зарослая сажалка», «Канюшына ў квецені» (1895). Аднак па-ранейшаму заставаўся прыхільнікам акадэмізму і ўзвышанага культу суладдзя і хараства. Таму і не стаў мастаком-перасоўнікам і не звярнуўся да паказу натуральнай рэчаіснасці. Для яго важным была не тэма, а колер і фарбы, стварэнне прыгожага — «цукерка». Хоць яго палотны ўспрымаліся, як старамодныя, аднак вялікае майстэрства мастака прызнавалася. «Столькі праўды ў фарбах, што нават няскончанасць пісьма і пляскатасць у малюнку не могуць згладзіць агульнага ўражання».

Культ хараства і прыгажосці, суладдзе чалавека і прыроды, яго яднання з Богам, ідэі, якія натхнялі Гараўскага ў новай эпосе катаклізмаў і войнаў сталі непатрэбнымі, і яго творчасць забылася. І толькі калі нам не стала даставаць хараства і суладдзя, творчасць Гараўскага наноў адкрылі, як усё тое каштоўнае, што па сваім неразуменні і духоўнай убогасці мы страчваем, а пасля ацэньваем, як знойдзены скарб.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.