Вы тут

Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў святкуе 80-годдзе


Сёлета юбілей святкуе ўнікальная ўстанова — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Яго супрацоўнікі на працягу 80 гадоў існавання здолелі захоўваць тое, што, здаецца, у розных умовах было надзвычай складана, а часам і немагчыма. Дзякуючы ім сёння ў фондах — арыгінальныя хранікальна-дакументальныя і мастацкія гуказапісы, фота і відэаматэрыялы, якія адлюстроўваюць падзеі дзяржаўнага, грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця краіны — мінулага і сучаснага.

Больш як 100 гадоў гісторыі Беларусі — у кадрах хронікі. А гэта тысячы кіламетраў плёнкі, дзясяткі стэлажоў з фотаздымкамі і гадзіны запісаў: усё тое, што прынята называць аўдыявізуальным здабыткам краіны. Толькі ў БДАКФФД можна пачуць прамовы вядомых палітычных дзеячаў, галасы пісьменнікаў і паэтаў, размовы звычайных беларусаў... Большасць сведчанняў застаюцца невядомымі сучаснікам. Адкрыць іх для сябе, захаваць у памяці — вартая мэта.


Асноўнае аб юбіляры

Цэнтральны дзяржаўны архіў фотафонакінадакументаў Савецкай Беларусі быў створаны 29 сакавіка 1941 года і ў лістападзе 1943-га налічваў усяго 5 чалавек. У кастрычніку 1949-га ўстанова пераехала ў будынак царквы Святой Марыі Магдаліны ў Мінску, але ў канцы 1980-х вырашылі, што ў цэнтры горада знаходзіцца такому сховішчу небяспечна: плёнка лёгка ўзгараецца, а побач — жылыя дамы. 20 лютага 1987 года — архіў знайшоў свой дом у невялікім горадзе Дзяржынску.

Падчас адкрыцця выстаўкі.

Установа некалькі разоў змяняла сваё найменне, аднак з 2001 года афіцыйная назва — установа «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў». Сёння гэта адзінае ў краіне сховішча аўдыявізуальных дакументаў, якое валодае найбуйнейшым зборам унікальных кінафотафонадакументаў, адзначае дырэктар Андрэй Ганчар: «Нягледзячы на няпростую гісторыю архіва, пакаленні архівістаў сабралі найкаштоўнейшыя сведчанні розных стагоддзяў. Дзякуючы дакументам, якія сёння маюцца ва ўстанове, мы займаем асаблівае месца на рынку інфармацыйных паслуг і здольны прапанаваць тыя экспанаты і ў тым аб’ёме, у якім больш ніхто ў краіне гэтага зрабіць не можа. Прыкладваем максімальныя намаганні і ў галіне ўкаранення інфармацыйных тэхналогій: мадэрнізуем тэхналагічныя працэсы, дапрацоўваем уласны праграмны прадукт. Мы адкрыты для ўсіх карыстальнікаў і даследчыкаў».

Штогод калекцыя пашыраецца. Усяго ў фондах (а іх 4: кінадакументаў, фотадакументаў, фонадакументаў і відэадакументаў) больш як 4 млн 341 тыс. адзінак. У іх ліку — больш за 280 тысяч фотадакументаў на негатывах, на шкле, у фотаальбомах; звыш 22 тысяч фонадакументаў на грампласцінках, магнітных фоназапісах, дысках. Тэрытарыяльны ахоп: былыя Віленская, Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні Расійскай імперыі, Заходняя Беларусь у складзе Польшчы, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Расійская Федэратыўная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Германія перыяду Другой сусветнай вайны, іншыя краіны.

У сховішчах вельмі шырока прадстаўлены звесткі часоў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, міжваеннага перыяду. Тут ёсць сведчанні аб I з’ездзе салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, дзе прынялі бальшавіцкую рэзалюцыю, з’ездзе франтавікоў у Мінску, у прэзідыум якога ўваходзіў Міхаіл Фрунзэ. Захавана выступленне Міхаіла Калініна перад інтэрнацыянальным батальёнам у Гомелі. Дзякуючы кінадакументам сучаснік можа ўбачыць Уладзіміра Леніна, Фелікса Дзяржынскага, Аляксандра Мяснікова, Аляксандра Чарвякова, Міхаіла Тухачэўскага і іншых палітычных і дзяржаўных дзеячаў.

Салонны здымак дзвюх жанчын.Фатаграфічнае атэлье Т. Епіфанава, 1865 г.

Каштоўнасць архіва — калекцыі фотаздымкаў і фотапаштовак беларускіх гарадоў да 1917 года (больш за 400), здымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, серыя «Сусветнае фота» (жанравыя фатаграфіі, зробленыя замежнымі фотамастакамі, партрэты Бернарда Шоу, Фёдара Шаляпіна, Рабіндраната Тагора, Чарлі Чапліна, Іагана Штрауса). Адзін з найбольш важкіх збораў фотадакументаў, што захоўваюцца ў архіве, — калекцыя магнацкага роду князёў Радзівілаў, якая складаецца з 55 фотаздымкаў. Дакументы распавядаюць пра Нясвіжскі замак, сям’ю і сяброў Радзівілаў. А вось сярод фонадакументаў найбольш яркай і значнай з’яўляецца калекцыя (40 адзінак захоўвання) грамафонных пласцінак і магнітафонных запісаў вядомага беларускага тэнара М. Забэйды-Суміцкага з песнямі, рамансамі, арыямі з опер на некалькіх мовах.

Між тым найстарэйшыя артэфакты сховішча — кінастужкі «Парад войскаў у прысутнасці цара Мікалая II у горадзе Бабруйску» і «Кавалерыйская школа ў Паставах» (здымкі праходзілі ў 1916 годзе). Найбольш ранні дакумент датуецца 1865 годам — гэта салонны фотаздымак, дзе адлюстраваны дзве жанчыны. Фота, якое адшукалася ў архіве зусім нядаўна, было зроблена ў фатаграфічным атэлье Т. Епіфанава. Зафіксаваны ў гісторыі і адзін з момантаў будаўніцтва першых чыгунак — фотаздымак 1870 года. Дарэчы, самае страшнае для плёнкі не разрывы і расколіны, а цвіль. Якраз яна і можа стаць смяротнай для кінастужкі. Каб не дапусціць разбурэння, яе апрацоўваюць парафармальдэгідам.

Асноўныя задачы ўстановы — падрыхтоўка і прыманне на пастаяннае захоўванне дакументаў. Спачатку той ці іншы прадмет дастаўляюць у архіў, затым праводзяць экспертызу каштоўнасці, складаюць вопіс і вырашаюць, дзе канкрэтна ён будзе знаходзіцца. Практычна вечнае захаванне вялікай колькасці інфармацыі дазваляе сучасная тэхніка. Зараз працуе аўтаматызаваная сістэма, якая дазваляе з лёгкасцю знайсці сярод дакументаў тое, што патрэбна. Існуюць і спецыяльна абсталяваныя кіназала для прагляду відэа і пакой для праслухоўвання аўдыя.

Сёння ў архіве працуе больш як 60 чалавек (калі ў першыя гады асноўны калектыў прыязджаў сюды з Мінска, то цяпер амаль усе супрацоўнікі — жыхары Дзяржынска). Тое, што яны самі палічылі важным у гісторыі ўстановы, прадставілі ў віртуальным фотапраекце, прымеркаваным да яе 80-годдзя. На здымках — дырэктар архіва І. Лукельеў за праслухоўваннем магнітафоннага запісу (1958), чытальная зала (1961), будаўніцтва архіва ў Дзяржынску (1981) і г. д.

Агульнае ў мэтах

На ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 80-годдзя Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў завіталі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў, многіх архіваў краіны і іншых устаноў культуры, адукацыі і навукі. Кожны павіншаваў супрацоўнікаў сховішча, а некаторыя ўручылі ганаровыя граматы і іншыя ўзнагароды. Да таго ж прывітальныя адрасы прыйшлі ад калег з Казахстана, Азербайджана, Аўстрыі і Расіі.

Кадр з фільма-прэзентацыі.

— Архіўная галіна праходзіла складаныя этапы разам з развіццём краіны. Было і забыццё, — падкрэсліў падчас урачыстаці намеснік міністра юстыцыі Сяргей Каліноўскі. — Часам адносіны да гэтай справы не сведчылі пра дзяржаўны падыход. Але надыходзілі часы пераасэнсавання, адраджэння… Цяпер кіраўніцтва краіны не пакідае без увагі гэтую галіну: праводзяцца рамонтныя работы, будуюцца новыя аб’екты, рэалізоўваецца праграма па лічбавізацыі, у якой удзельнічае і архіў кінафотафонадакументаў. У найбліжэйшы час давядзецца займацца і даведнікамі, праваднікамі, фондамі карыстальнікаў. Аб’ём работы велізарны, але ўсё робіцца для наступных пакаленняў, на стагоддзі наперад. Я ўпэўнены: сапраўдны архівіст будзе заўсёды адданы гэтай справе.

Апошнія словы пацвярджае прыклад Аляксандра Цюхая, загадчыка сектара алічбавання фонавідэадакументаў аддзела алічбавання дакументаў установы, якому быў уручаны нагрудны знак «Ганаровы архівіст Беларусі» Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі. Супрацоўніка ўзнагародзілі за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у захаванне і папулярызацыю кінафотафонадакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. Па адукацыі ён педагоггісторык, але аб тым, што звязаў жыццё з архівам, Аляксандр Сцяпанавіч не шкадуе: амаль трыццаць гадоў ён жыве справай — ствараць, удасканальваць, захоўваць.

— Архівы і бібліятэкі — узаемазвязаныя арганізацыі, — адзначыў Алесь Суша, намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі. — Нягледзячы на тое, што зараз юрыдычна інстытуцыі дыстанцыраваліся і ўваходзяць у розныя ведамствы, мы ўсё роўна вельмі блізкія. Архівы, бібліятэкі, музеі і іншыя ўстановы заўжды былі разам, падтрымлівалі адно аднаго і, натуральна, дапаўнялі. Задачы былі скіраваны на адзін і той жа вынік — захаваць нашу спадчыну і пакінуць веды даступнымі для грамадства. Я ўсцешаны, што сёння існуе інтэнсіўная супраца паміж імі, у прыватнасці, архівам кінафотафонадакументаў і Нацыянальнай бібліятэкай, бо архіў захоўвае, а кніжніца папулярызуе. Летась мы распачалі новы этап: працуем над ініцыятывай, звязанай з Вялікай Перамогай. Праект знаёміць з цікавым архівам сяржанта Аляксея Багамолава. У маі плануем зрабіць прэзентацыю. Але гэта будзе толькі пачатак маштабнай акцыі.

Плён супрацоўніцтва Белдзяржархіва кінафотафонадакументаў з іншымі ўстановамі толькі за апошні час — выстаўкі ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва (у іх ліку «Чарнобыль. Эфект спячага», якая прымеркавана да юбілею архіва і будзе доўжыцца да 2 мая), паштовы блок «Белпошты» «Народныя пісьменнікі Беларусі», грунтоўныя выданні. Так, летась, дзякуючы дапамозе ўстановы, у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшаў альбом «Мінск: з руін да росквіту» — чытачы змаглі ўбачыць не толькі ўнікальныя фотаздымкі, але і кадры відэахронікі, скарыстаўшыся QR-кодам. Энцыклапедыю, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу, стварылі таксама пры ўдзеле дзяржынскага архіва.

Дарэчы, гісторыю аднаго фотаздымка, які знаходзіцца сёння ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, расказаў рэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік Уладзімір Арлоў, многія стужкі якога алічбоўваюцца і захоўваюцца ў фондах. Фота, на якім адлюстраваны сам апавядальнік, Яўген Глебаў і Уладзімір Караткевіч, зроблена роўна 60 гадоў таму на вуліцы Валадарскага. Уладзімір Арлоў не помніў, чаму на фотаздымку трымае нейкі пакет. Напрыканцы жыцця ў адной з размоў Яўген Глебаў нагадаў: у пакеце знаходзілася вошчаная папера з рэстарана, якую наведвальнікам аддаў афіцыянт пасля гатавання стравы. Яшчэ падчас абеду Уладзімір Караткевіч падбухторыў пайсці да некага ў госці і па дарозе, пасля таго, як сяброў сфатаграфавалі, выкінуў пакет у сметніцу, маўляў, там, куды ідуць, і накормяць, і напояць. Як чалавек гаспадарлівы, Уладзімір Арлоў усё роўна забраў пакет з сабой. Але да каго ішлі ў госці, ужо ніхто не помніў…

Наперадзе ў архіва сапраўды шмат працы, якая патрабуе вялікіх высілкаў і добрага фінансавання. Пакуль асноўныя крыніцы камплектавання — Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а таксама фотатэкі рэдакцый газет і часопісаў. Але ёсць надзея, што да гэтага спіса далучацца іншыя ўстановы і гісторыя будзе складацца не з разрозненых старонак, а з паслядоўных раздзелаў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: Жыццё на паліцах архіва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».