Вы тут

У Цэнтральным батанічным садзе прайшоў фестываль кельцкай культуры «Бельтайн»


Першае мая было святочным днём яшчэ ў старадаўнія часы. Кельты адзначалі яго як пачатак лета. Сучасныя аматары кельтыкі вырашылі аднавіць гэтую традыцыю…


Хто такія кельты? Гэтую назву старажытныя грэкі далі народам Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы. Рымляне ж звалі іх галамі, лічылі варварамі і вялі з імі войны. Аднак насамрэч кельты былі зусім не дзікунамі. Яны здабывалі карысныя выкапні і будавалі гарады, мелі духоўных настаўнікаў – друідаў. Кельты пакінулі пасля сябе багатыя археалагічныя артэфакты, мудрагелістую міфалогію і адзін з самых загадкавых помнікаў даўніны – Стоўнхэндж. Прамымі нашчадкамі кельтаў лічацца брэтонцы, ірландцы, шатландцы, валійцы. Сучасная кельтыка мае на ўвазе найперш іх культурныя традыцыі. Прыхільнікі гэтага цікавага рэканструктарскага кірунку ёсць і ў нашай краіне. Зладжанае імі свята «Бельтайн» мела вялікі поспех у публікі.

На галоўнай сцэне фестывалю выступалі гурты Cloverland, «Няміга», Hard Wood, «Без панікі», KaS, студыя этнічнага танца і музыкі «Кетры» ды іншыя. Яны выконвалі як старадаўнюю музыку, так і ўласныя рамантычныя песні і балады.

Гурт «Хардвуд» 

Любімы музычны інструмент шатландцаў — валынка. Яе беларускі аналаг — дуда. 

Мінскія школы танца паказалі ірландскія, шатландскія і брэтонскія танцы. Гледачы хутка і весела пераймалі асноўныя рухі. 

Экстрэмальнае шоў падрыхтаваў клуб «Шатландская пяхота» з Маладзечна. Што агульнага ў шатландцаў з Беларуссю, распавёў суровы капітан Аляксандр Шоць.

Шатландскія наёмнікі шукалі ўдачы ў розных краінах Еўропы. Служылі яны і ў Вялікім Княстве Літоўскім, у князёў Радзівілаў. Вядомае паселішча шатландцаў утварылася, напрыклад, у Слуцку. Прадстаўнікі гэтага народа былі не толькі выдатнымі ваярамі, але і бойкімі гандлярамі. Яны ўвезлі ў Вялікае Княства шатландскі пенні, які набыў хаджэнне ў нашых продкаў як самая дробная манета. 

Гераічныя пехацінцы прадэманстравалі гледачам розныя віды халоднай зброі.

Кісцень. 

Двуручны меч. 

Шатландцы заўсёды біліся, як ільвы, і не раз грамілі нават англійскую цяжкую кавалерыю. У памяць пра іх подзвігі члены клуба зладзілі вельмі экспрэсіўныя двубоі. 

Легенды сведчаць, што калі шатландскія мужчыны выпраўляліся на вайну, жанчыны клану бралі на сябе абарону паселішчаў. Яны валодалі мячом не горш за мужоў. 

Ваярскі фокус: як утрымаць баявую сякеру на вастрыі пікі?

Асабліва дапытлівым гледачам тлумачылі, чаму шатландскія мужчыны замест нагавіц упадабалі кілт (не варта называць яго спадніцай!). Аказваецца, сапраўдны кілт мае чатырохметровую даўжыню. Калісьці ў паходзе ён мог выкарыстоўвацца і як плашч, і як намёт, што было досыць зручна для ваяроў. 

Шатландскія лучнікі славіліся трапнасцю. На фестывалі можна было ўзяць урок стральбы з лука па мішэнях.

…Паспрабаваць забіць мячык у англійскім міні-гольфе. 

Пачуць, як гучыць музычны інструмент вешчуна – посах дажджу. 

Замовіць свой партрэт вандроўнаму мастаку. 

Пакаштаваць гарбату з самавараў, якім каля 100 гадоў, а таксама ірландскае рагу, глінтвейн ды іншыя кельцкія стравы. 

Сустрэць зусім нечаканых містычных персанажаў, напрыклад, Квазімоду з сабора Парыжскай Багародзіцы. 

Выцягнуць меч з каменя, выклікаць на двубой статую ваяра, перамагчы — і стаць каралём. 

Набыць магічныя талісманы ды іншыя сувеніры на памяць аб фестывалі і атрымаць у вяшчунні прадказанне аб сваёй будучыні. 

Завяршыўся «Бельтайн» увечары піратэхнічным шоў.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.