Вы тут

Алена Стрыжэвіч: Развіццё аддаленых спосабаў узаемадзеяння з карыстальнікамі — гэта ўжо назаўсёды


Як пачувае сябе бібліятэка ў няпросты час пандэмійных абмежаванняў, калі зносіны пераходзяць у анлайн?  Трымае ўдар альбо вынаходзіць новыя формы работы? Пра гэта — наш новы праект — цыкл інтэрв’ю з кіраўнікамі вядучых кніжніц краіны. Пачэснае права пачаць — Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага.

Рэкламны цізер, шэраг тэматычных відэаролікаў і амаль пяць тысяч праглядаў на YouTube-канале — праект Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага трапна стрэліў у цэль сучаснасці: «(Не)Кніжныя людзі» прыцягваюць чытачоў, падпісчыкаў, сяброў, партнёраў... І што скажуць на гэта тыя, хто сцвярджае, што сёння для бібліятэк не самы спрыяльны час, маўляў, іх зорны перыяд прайшоў, калі людзі не выпускалі з рук папяровую кнігу… Але сёння мы спазнаём свет з дапамогай электронных прылад, ідзём за лічбай. Гэта Альберт Эйнштэйн лічыў за лепшае ніколі не думаць пра будучыню: яна наступае хутка. Кніжніца ж пра будучыню думае і дэманструе плён. Супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага даказваюць: сёння кніжніца можа быць карыснай і запатрабаванай. І асабліва ў нечаканы перыяд пандэміі. Як? Пра гэта — наша гутарка з дырэктарам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Аленай Стрыжэвіч.


— Ці адчувальна для вашай бібліятэкі ўздзеянне пандэміі? Альбо вы зрабілі стаўку на свае электронныя рэсурсы?

— З сакавіка 2020 года бібліятэка працуе ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі, звязанай з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Мы не прыпынялі сваёй работы падчас пандэміі. Безумоўна, ва ўстанове выконваюцца ўсе неабходныя санітарна-проціэпідэмічныя мерапрыемствы. Але наша першапачатковая задача была наладзіць зваротную аддаленую сувязь з карыстальнікамі праз свае віртуальныя сэрвісы. Перш за ўсё бібліятэка прапанавала чытачам дадатковыя бясплатныя паслугі, каб скараціць час знаходжання ў бібліятэцы альбо атрымаць паслугі ў электронным асяроддзі. Сярод такіх — падбор літаратуры ў любым аддзеле да вызначанага часу і даты па папярэднім заказе, дастаўка на дом  літаратуры для чытачоў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, падаўжэнне тэрміну карыстання літаратурай па тэлефоне. Дзейнасць клубаў па інтарэсах, арганізацыя конкурсаў, прэзентацыі выставак і іншыя традыцыйныя формы работы былі адаптаваны для правядзення ў віртуальнай прасторы. Вядома, вэб-сайт, які забяспечвае прадстаўніцтва бібліятэкі ў інтэрнэт-прасторы, і раней быў самым запатрабаваным нашым рэсурсам. Карыстальнікі маюць магчымасць задаволіць свае запыты праз электронны каталог, віртуальную службу «Спытай бібліятэкара», пазнаёміцца са зместам тэматычных інтэрнэт-праектаў, базамі даных «Спадчына», «Хто ёсць хто ў Брэсцкай абласной бібліятэцы», «Бібліятэкі Брэсцкай вобласці», «Берасцейскія кнігазборы», прачытаць поўныя тэксты найлепшых артыкулаў у раздзеле «Чытацкі рэйтынг». Па-ранейшаму вельмі запатрабаваным застаецца субдамен асноўнага сайта бібліятэкі «Краязнаўства Берасцейшчыны»,  з якога магчыма скарыстацца ўнікальнымі рэсурсамі: «Хроніка культурнага жыцця Брэсцкай вобласці», «Новая літаратура аб Брэсцкай вобласці», «Брэсцкі мір» і інш. Сумесна з бібліятэкарамі Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы рэалізавана ідэя па стварэнні віртуальнага рэсурсу «Непрачытаная кніга Васіля Фёдаравіча Праскурава». Пры падтрымцы ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама для публічных бібліятэк Брэсцкай вобласці арганізаваны і праведзены абласны конкурс па стварэнні віртуальных праектаў краязнаўчай тэматыкі, прымеркаваны да Гадоў малой радзімы. І шмат чаго іншага.

Прэзентацыя Ютуб-праекта да 80-годдзя бібліятэкі (Ня)Кніжныя людзі

— Што адкрылі ў рабоце для сябе, для наведвальнікаў? Ці з’явілася новае?

— Работа ва ўмовах пандэміі падштурхнула шукаць і асвойваць новыя нішы і фарматы існавання. І бібліятэкі не спасавалі, аператыўна перайшлі на анлайн-платформы, сталі больш актыўна распрацоўваць шматлікія віртуальныя праекты і актыўнасці.

Калі казаць пра Брэсцкую абласную бібліятэку імя М. Горкага, то найбольш паспяховымі былі некалькі праектаў. Самым эфектыўным спосабам узаемадзеяння з чытачамі ў сітуацыі пандэміі стала супрацоўніцтва з электронным рэсурсам «ЛитРес: Библиотека» — найбуйнейшым на постсавецкай прасторы сэрвісам, распрацаваным для публічных бібліятэк, у якім больш за 500 000 аўдыя- і электронных кніг. Брэсцкая абласная бібліятэка з’яўляецца абанентам «ЛитРес», мае магчымасць набываць і бясплатна выдаваць электронныя і аўдыякнігі на мабільныя прылады і камп’ютары сваіх карыстальнікаў. На сёння амаль 550 чытачоў абласной бібліятэкі з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі ЭБС «ЛитРес», набыта больш за 2500 электронных і аўдыякніг. Увогуле, на доступ да электронных баз даных, на якія падпісана бібліятэка, у 2020-м было патрачана амаль 7,5 % ад агульнай лічбы сродкаў, якія выдзяляліся на камплектаванне літаратурай і падпіску на перыядычныя выданні. Гэта вельмі значны рост у параўнанні з мінулымі гадамі.

Першы занятак праекта Тerra incognita паглыбленне ў эпоху.

Падчас пандэміі з’явілася разуменне, што развіццё аддаленых спосабаў узаемадзеяння з карыстальнікамі — гэта ўжо назаўсёды, патрэбна гэтым пытанням удзяляць як мага больш і часу, і высілкаў. Напрыклад, сёння бібліятэка сумесна з Брэсцкай абласной натарыяльнай палатай ажыццяўляе праект «Натарыус анлайн», які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў. Яны маюць магчымасць атрымаць бясплатную віртуальную кансультацыю праз сайт нашай установы. З лістапада 2020 г. карыстальнікам вэб-сайта бібліятэкі стаў даступны і віртуальны сэрвіс «Адвакат анлайн», які рэалізоўваецца ўжо сумесна з Брэсцкай абласной калегіяй адвакатаў.

У аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва паспяховым стаў праект «Кнігі... без межаў!». Гэта дыстанцыйныя сустрэчы бібліятэкараў з чытачамі і чытанне ўголас найлепшых дзіцячых кніг беларускіх і замежных аўтараў. Асаблівая ўвага ўдзелена папулярызацыі кніг сучасных беларускіх аўтараў, якасным перакладам замежных кніг на беларускую мову. Штотыдзень на дзіцячай старонцы сайта бібліятэкі, у сацсетках і нашым YouTube-канале адкрываўся доступ да новага відэароліка. Усяго ў межах праекта было падрыхтавана 28 відэасюжэтаў. Гэта вельмі станоўчы для нас вопыт, які плануем выкарыстоўваць і надалей.

— Такім чынам, бібліятэкар сёння па-ранейшаму асветнік альбо ўжо пасрэднік паміж крыніцай інфармацыі і чытачом?

— Бібліятэка сёння — гэта інфармацыйны цэнтр, які разбурае свае фізічныя межы, пераходзіць з рэальнай прасторы ў віртуальную. З аднаго боку, мы прапаноўваем доступ да інфармацыйных рэсурсаў, прадстаўленых у інтэрнэце, з іншага — ствараем уласныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы, базы даных, калекцыі алічбаваных дакументаў. А калі гаварыць пра абласную бібліятэку, то гэта яшчэ і найбуйнейшы рэгіянальны цэнтр па зборы, захаванні і папулярызацыі дасягненняў мясцовай культуры, дакументаў і матэрыялаў пра Брэст і Брэсцкую вобласць, навукова-метадычны і каардынацыйны цэнтр для публічных бібліятэк вобласці.

Бібліятэкар новага фармату ўніверсальны: гэта і літаратуразнаўца, і педагог, і мовазнаўца, і псіхолаг, і эканаміст, менеджар, спецыяліст, кампетэнтны ў інфармацыйных тэхналогіях. І пры гэтым ён па-ранейшаму застаецца захавальнікам дакументальнай памяці і служыць кнізе.

— Што для бібліятэкі ў наш час больш важна: яе фонд ці здольнасць арганізоўваць мерапрыемствы?

— Для бібліятэкі важнымі з’яўляюцца абодва фактары, але ж трэба ўлічваць, што без якаснага, універсальнага па відах і тыпах дакументаў фонду правядзенне любых мерапрыемстваў становіцца бессэнсоўным. Кожнае мерапрыемства ў сценах абласной бібліятэкі суправаджаецца папулярызацыяй той ці іншай часткі фонду, тэмы, жанру альбо нейкіх электронных рэсурсаў. Для нас мерапрыемства — гэта заўсёды падстава праінфармаваць наведвальнікаў аб тым, што мы маем.

— Ці не сумуе кніга па ўдзячнаму чытачу? Як змянілася стаўленне сучасніка да кнігі?

— Можна сказаць, што ўсё, што робіцца ў сценах бібліятэкі, — дзеля чытачоў і падтрымкі чытання як галоўнага культурнага навыку сучаснага адукаванага чалавека. Мы імкнёмся выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і фарматы, каб дасягнуць мэт. Напрыклад, YouTube-праект «(Не)Кніжныя людзі» быў прымеркаваны да юбілею бібліятэкі і меў на мэце звярнуць увагу чытачоў, падпісчыкаў, сяброў, партнёраў, жыхароў і гасцей Брэста і вобласці на чытаючых людзей і на Брэсцкую абласную бібліятэку як сацыякультурны і інфармацыйны цэнтр. Як вынік: амаль 80 удзельнікаў (сярод якіх вядомыя жыхары горада і вобласці), рэкламны цізер да ўсяго праекта і 11 тэматычных відэаролікаў, больш за 4,8 тысячы праглядаў на YouTube-канале, шматлікія водгукі ў СМІ і сацыяльных сетках. У бібліятэцы дзейнічае клуб аматараў чытання «КанТэкст», які збіраецца на свае пасяджэнні штомесячна дзеля абмеркавання прачытаных кніг і сустрэч з цікавымі мясцовымі аўтарамі.

Мы надаём значную ўвагу падтрымцы і развіццю дзіцячага чытання, працуем з такой важнай катэгорыяй чытачоў, як бацькі дзяцей і падлеткаў. Бібліятэка мае калекцыю найлепшых дзіцячых кніг сучасных аўтараў на беларускай, рускай, англійскай і іншых мовах вядучых выдавецтваў Беларусі, Расіі і іншых краін. Штогод мы запрашаем на сустрэчы з дзецьмі цікавых беларускіх аўтараў: Надзею Ясмінску, Ганну Янкуту, Веру Бурлак і інш. Партнёры дапамагаюць нам ладзіць сустрэчы з папулярнымі замежнымі дзіцячымі пісьменнікамі.

Сустрэча з дзіцячай пісьменніцай Надзеяй Ясмінска.

Штогод бібліятэка прымае актыўны ўдзел у абласных мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы на свяце «Жывыя вытокі». Традыцыйна мы прадстаўляем і забяспечваем літаратурныя праграмы на гэтым свяце, знаёмім удзельнікаў з асобамі і творчасцю пісьменнікаў-юбіляраў, дзе асаблівая ўвага — творцам Брэстчыны. Арганізацыя сустрэч з аўтарамі і прэзентацыі новых кніг у сценах бібліятэкі застаюцца асноўнымі фарматамі нашай работы.

А як ставіцеся да таго, што сёння многія бібліятэкі ў сувязі з аптымізацыяй закрываюць? Хто ад гэтага пакутуе?

— За апошнія пяць гадоў, з 2016 да 2020-га, у Брэсцкай вобласці было аптымізавана 79 бібліятэк, у тым ліку у 2020-м — 13. На 1 красавіка бягучага года ў Брэсцкай вобласці працуе 449 публічных бібліятэк. Кожная бібліятэчная сістэма вобласці мае бібліёбус — спецыяльна абсталяваны транспартны сродак для абслугоўвання тэрытарыяльна аддаленых або маланаселеных пунктаў. Мы намагаемся, каб закрыццё пэўнай часткі бібліятэк ніяк не паўплывала на папулярызацыю і чытанне кніг беларускіх пісьменнікаў. Доказ таму — шматлікія сустрэчы, прэзентацыі, імпрэзы, што адбыліся і, мы мяркуем, будуць ладзіцца паўсюдна ў бібліятэках вобласці. Так, у 2020 годзе чытачы мелі магчымасць сустрэцца з Л. Рублеўскай, П. Гушынцом, Л. Дранько-Майсюком, А. Крэйдзічам, Г. Брэзінай, К. Хадасевіч-Лісавой, Н. Кухліч. З-за складанага эпідэміялагічнага становішча многія мерапрыемствы адбыліся ў анлайн-фармаце.

— Ці не згіне кніга ў будучыні, калі ўсё стане лічбавізаваным? Як трансфармуецца бібліятэка? Падзяліцеся, калі ласка, вашым прагнозам.

— Так, сёння чытач сыходзіць у анлайн-асяроддзе, а чытанне з гаджэтаў стала нормай. Многія выдавецтвы хутка адрэагавалі на трэнд і прыстасавалі свае рэсурсы для падрыхтоўкі, выпуску і прасоўвання кніг на лічбавых платформах. Бібліятэка як сацыяльны інстытут становіцца вельмі залежнай ад інтэрнэту, і яе будучыню трэба разглядаць абавязкова ў рамках цеснага ўзаемадзеяння з інтэрнэтам. Напрыклад, сёння бібліятэкі атрымалі магчымасць работы з інтэрнэт-каталогамі і інтэрнэт-магазінамі розных выдавецтваў, з’явілася магчымасць папаўняць фонды не выходзячы з кабінета, працаваць у рэжыме анлайн: праводзіць шматлікія вэбінары, апытанні, рабіць заказы на розную прадукцыю і г. д. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага ідзе ў нагу з часам і намагаецца ўлічваць усе пажаданні сваіх карыстальнікаў. Фонд бібліятэкі налічвае больш за 800 000 экзэмпляраў дакументаў. Выкарыстоўваючы сучасную тэхніку для алічбоўкі, мы ствараем унікальныя кніжныя калекцыі рарытэтаў і найбольш каштоўных краязнаўчых дакументаў, і чытачы маюць доступ да гэтых калекцый. Штогод абласную бібліятэку наведвае больш за 43 000 чытачоў, трэцяя частка ад гэтай лічбы атрымлівае інфармацыю, карыстаючыся электроннымі рэсурсамі бібліятэкі. Кожны год чытачам выдаецца больш за 600 000 экзэмпляраў дакументаў, а таксама даецца магчымасць  бясплатнага доступу да розных электронных інфармацыйных рэсурсаў.

Адкрыццё музейна-выставачнай экспазіцыі ў аддзеле рэдкай кнігі.

Трэба ўлічваць, што інтэрнэт дае магчымасць не толькі атрымліваць неабходную інфармацыю, але і прадстаўляць звесткі пра сябе. Гэтую задачу ў першую чаргу вырашаюць сайты бібліятэк, своеасаблівыя вароты ў бібліятэку, яе візітка ў інтэрнэт-прасторы. Сёння ўсе бібліятэчныя сістэмы Брэсцкай вобласці (а іх 19) маюць свае сайты і старонкі ў сацыяльных сетках. Яны працуюць і даюць добры вынік. Калі займацца іх развіццём удумліва і на пастаяннай аснове, то бібліятэчная аўдыторыя пашырыцца, і ў выніку віртуальныя наведвальнікі канвертуюцца ў фізічныя наведванні і кнігавыдачы.

А што датычыцца будучыні, то бібліятэка застанецца да той пары, пакуль у людзей будуць існаваць складаныя пытанні, якія патрабуюць паглыбленага пошуку. Зусім не ўсё магчыма знайсці ў інтэрнэце. Бібліятэка будзе заўсёды патрэбна думаючым асобам. І гэта павінна стаць яе галоўным брэндам.

Матэрыял падрыхтавала Наталля СВЯТЛОВА

Фота з асабістага архіва А. Стрыжэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».