Вы тут

Алесь Бадак. Нелюдзімы (Урывак з аповесці)


У Выдавецкім доме «Звязда» ў хуткім часе пабачыць свет новая кніга вядомага празаіка, паэта, перакладчыка Алеся Бадака. Прапануем вам пазнаёміцца з урыўкам з аповесці «Нелюдзімы», якая ўвайшла ў гэтае выданне. Вясковая тэма традыцыйная для беларускай літаратуры, але ў кожнай тэме можна знайсці новыя нюансы і сюжэтныя павароты. Вы сустрэнецеся з незвычайным героем, сынам вясковай знахаркі, чалавекам мудрым, адначасова памяркоўным і мужным, уладальнікам найлепшых рыс беларускага характару, і разам з ім адкажаце на пытанне, што патрэбна для шчасця. Адметныя і пазнавальныя ў аповесці рэаліі часу, якія выпрабоўваюць людзей, змушаючы да адвечнага выбару паміж дабрабытам і гонарам, чалавечнасцю і сквапнасцю.


«Божа, Гасподзь міласэрны, успамінаючы гадавіну смерці рабы Твае Веры, прашу Цябе, удастой яе месца ў Царстве Тваім, даруй благаславенны пакой і ўвядзі ў ззянне славы Тваёй.

Ведаю, што нядоўга і мне засталося чакаць суда Твайго. Душа становіцца як чужая і нічога яе тут ужо не ўтрымлівае».

Калі б Верка ляжала не ўскрай дарогі, стары наўрад ці завярнуў бы да яе, а пацягнуўся б далей, дадому, да ложка — ногі ўжо не тыя, сваё адхадзілі, ды і то адшморгалі за раніцу: паўтара кіламетра — туды, паўтара — назад. Да Веркі ён збіраўся заўтра, на гадавіну па ёй, але раз ужо сёння ўсё роўна трэба было ісці праз гэты канец вёскі, захацелася яшчэ зірнуць на месца, якое тыдзень таму выбраў пад магілу сабе.

Каб не малады калінавы куст, што рос каля паржавелага плота, якім былі абнесены могілкі, побач з Верчынай магілай, калі мераць упоперак, атрымлівалася б метры тры вольнай зямлі.

«Трэба перасадзіць яго на надворак. Капальнікі цырымоніцца не будуць — высякуць пад корань. Яшчэ праз мяне і грэх на душу возьмуць, лаячыся на могілках. А так пазубаскаляць крыху — і няхай сабе».

Стары ведаў, што па ім ніхто тут не заплача. Проста не будзе каму. Ён ведаў і тое, з чаго будуць смяяцца капальнікі. Згадаюць, як ён яшчэ маладым цягаўся за Веркай, не даваў праходу. І тут во, скажа хто-небудзь, уплешчыўся каля яе. А яшчэ ён ведаў, што могілкі збіраюцца неўзабаве закрыць і хаваць будуць за чатыры кіламетры ад іх Альхоўкі.

Стары ўспомніў, як Верка хадзіла па вёсцы цяжарная, чужая і недачэпная, а ён з надворку ці праз акно праводзіў яе шчымліва-закаханым позіркам, лашчыў ім яе пацяжэлы жывот, быццам сам стаў прычынай зменаў у ёй, для якіх дастаткова было аднаго пацалунка, першага і апошняга, падоранага ёю незадоўга да таго, як яна выйшла замуж за Геніка, які прыйшоў да яе ў прымы з суседняй вёскі Задвор'е. Глядзеў, душачы ў грудзях няўлежны боль.

Пасля нараджэння дачкі раней рухавая, прамяніста-ўсмешлівая Верка сцішылася, яе вочы страцілі былы бляск, але святло не знікла зусім, яно разлілося па ўсім целе, крамяным, яшчэ не змучаным штодзённай працаю. Ідучы па вуліцы, Верка стала крыху выцягваць падбародак, зусім крышку, але тут, у вёсцы, гэта надавала яе твару асаблівую веліч і загадкавасць, а ў голасе чулася паблажлівасць, калі яна, нібыта далучаная да нейкай важнай, невядомай яму таямніцы, усміхаючыся куточкамі вуснаў, віталася:

— Здароў, Захар.

Верчына дачка адвучылася ў Баранавіцкім тэхнікуме лёгкай прамысловасці і адразу выскачыла замуж за ваеннага, які звёз яе ў Барысаў. На той час ухапіцца за ваеннага было гонарам для ўсёй сям'і, аднак Верка, вярнуўшыся з даччынага вяселля, зяця хоць і хваліла, але аднымі поснымі словамі: што «і дома гаспадарлівы, і ў часці на ім цэлыя склады з амуніцыяй», і што «парадак любіць», і што «высокае начальства за сталом сядзела».

Таго ваеннага ў вёсцы бачылі толькі раз, калі Верцы на лета прывозілі ўнучку, потым і дачка забылася сюды дарогу. Ганарлівая Верка гаварыла, што зяця перавялі ў іншую, недзе аж у Манголіі, часць. Пазней па вёсцы сталі хадзіць чуткі, быццам дачка са сваім даўно не жыве, але Манголія была так далёка, што чуткам верылі не ўсе. Нарэшце пра Верчыну дачку ў вёсцы надоўга забыліся і ўспомнілі, толькі калі памёр Генік: п'яны ў сцюжу збіўся з дарогі і заснуў пасярод поля. Шукалі яго ўсёй вёскай, але так і не знайшлі. І толькі навесну, калі пачалася адліга і на полі адна за адной сталі з'яўляцца чорныя праталіны, Верка ўсхапілася раніцай з ложка і, на хаду нацягнуўшы на босыя ногі валёнкі і накінуўшы на сарочку кажух, з голай галавой подбегам кінулася за вёску. Яна знайшла Геніка за трыста метраў ад дарогі. У апошні шлях яго праводзілі з роднай хаты, але пры развітанні труна была закрытая, і перад пахаваннем пакінуць нябожыка на ноч у хаце, як таго патрабавала хрысціянская традыцыя, не дазволілі. Верка галасіла прыгожа, падбірала ў адрас Геніка словы, якія яму, калі б ён мог іх пачуць, несумненна, спадабаліся б. Адно толькі крыху збянтэжыў усіх яе зварот да яго, які заключаў у сабе адначасова і пытанне, і адказ: «А дзе ж твая дачушка? А ты ж сам не хацеў, каб яна прыязджала!»

Потым ужо, на старасці, стары спытаў у Веркі, чаму не захацела ісці за яго.

— Бо не любіла, — проста адказала яна.

— А Геніка любіла?

— І Геніка не любіла. Але ўсе казалі: Генік багаты. Нагаладалася ў вайну і падумала: шчасце не ў каханні, шчасце, калі не баішся лішні кавалачак хлеба адшчыпнуць, каб назаўтра было што з'есці. Адно ж пажыла ў гэтым багацці год і сказала: хопіць. Не дагадзіла яго бацькам: гэта раблю не так, тое не гэтак. — І дадала, пачакаўшы: Ды і мае не хацелі, каб я ішла за цябе.

Уся вёска ведала, што яго маці ўмее загаворваць і выліваць пярэпалах. Калі да іх заходзілі са сваімі праблемамі (часцей за ўсё гэта былі незнаёмыя людзі), маці на час выправоджвала яго на двор. Тыя, хто прыходзіў да іх па пільнай патрэбе, у хаце доўга не затрымліваліся, дзякуючы ім на стале з'яўлялася што-небудзь з ежы. Для сям'і без гаспадара, які не вярнуўся з вайны, гэта было ратаваннем. Але каб проста так хто прыйшоў пасядзець, пагаварыць — такога ён не памятае. Маці таксама ні да кога не хадзіла, цэлы дзень корпалася то ў хаце, то на дварэ. «Сядзець без работы — грэх, — павучала яна яго. — Д'ябал толькі і чакае гэтага, каб завалодаць тваёй душой». — «А як жа святы? — пытаўся ён. — Ты ж сама казала, што ў такія дні працаваць нельга». — «У святыя дні нашы душы аберагае Бог», — адказвала маці.

Калі быў зусім малы, ён не разумеў, чаму равеснікі дражняць яго знахарам. Дакладней, ён не разумеў, што азначае гэтае слова, але адчуваў, што ўкладвалі ў яго нешта крыўднае.

— Я не знахар! — спрабаваў ён адбіцца ад незразумелай мянушкі. — Я Захар.

— Знахар! — крычалі яму. — Маці твая знахарка, значыць, і ты знахар!

А калі крыху падрос, ён заўважыў, што аднагодкі сталі яго цурацца і не вельмі ахвотна бралі ў сваю кампанію. Спачатку яго сэрца сціскалася ад дзіцячай крыўды, але неўзабаве прыйшло супакаенне: ён адчуў, што адзінота давала яму права на самастойнасць і незалежнасць ад тых, хто чамусьці лічыў яго не такім, як усе.

Іхняя хата стаяла крыху наводшыбе, за ёю пачынаўся лес, які акружаў вёску з трох бакоў. У лесе ён адчуваў сябе зусім па-іншаму. На вуліцы, у кампаніі ён рабіўся слабым і бездапаможным, а лес, магутны і таямнічы, нібы дзяліўся з ім сваёй сілай і ўпэўненасцю ў сабе.

Аднойчы, калі ён, укленчыўшы, збіраў спелыя чарніцы, яму на плячо сеў матылёк. Гэта быў жоўты махаон з сінімі плямамі і чырвона-бурымі вочкамі на задніх крыльцах. Стары па сёння памятае, як тады асцярожна паднёс да матылька ўказальны палец, запэцканы раздушанымі чарніцамі, і палахлівы па натуры махаон, крыху счакаўшы, нібы раздумваючы, ці прыняць запрашэнне, нарэшце асцярожна пералез на гэты палец і сваім тонкім хабатком пачаў смактаць рэшткі чарнічнага соку.

Праз шмат гадоў, успамінаючы таго матылька, стары падумаў, што чалавек не можа быць адзінокім: калі ў яго няма сяброў сярод людзей, сябрамі яму становяцца жывёлы, птушкі, дрэвы. А тады там, у лесе, ён быў яшчэ занадта малы, каб да гэтага дадумацца. Толькі адчуў, як дрыжыкі прабеглі па целе, калі махаон перабіраў на яго пальцы сваімі лапкамі, ды на імгненне сцялася сэрца ад радаснай думкі, што, кормячы матылька, ён робіць тое, што не можа зрабіць ніхто на свеце.

Стары акінуў вокам выраблены з хвоі надмагільны крыж, які за год прыкметна пацямнеў, і затрымаў свой позірк на бляшанай таблічцы:

Хмарук

Вера Іванаўна

26.03.1927 — 19.07.1992

«Даруй, Верка, што не паставіў табе на гадавіну помнік. Ты ж бачыла, як цяпер з грашыма. Але я адкладваю — кожны месяц адкладваю».

Стары ўздыхнуў і, здавалася, без ніякай ахвоты выйшаў на дарогу.

З лесу, да якога было метраў трыста, пачулася бразгаценне ровара. Для вяскоўцаў кожны гук нясе ў сабе пэўную, часам вельмі важную інфармацыю. Можна сядзець у хаце спінай да расчыненага акна і па шморганні ног пазнаць, хто ідзе па вуліцы, па стуку сякеры — хто коле дровы, а па скрыпе весніц зразумець, хто — свой ці чужы — наведваецца ў госці. Чалавек на ровары яшчэ не паказаўся на ўзлеску, а стары ўжо ведаў, хто гэта. І таму, што ведаў, не падымаў галавы, пазіраў пад ногі з той абыякавасцю, з якой глядзіць на знаёмую з дзяцінства дарогу стомлены чалавек, заняты сваімі думкамі. У старога не было сяброў, не было пра што пагаварыць, вось так, выпадкова перастрэўшыся з кім-небудзь за вёскай, — характэрная рыса людзей, звыклых да адзіноты. Стары ведаў, што яго ў вёсцы за вочы называюць нелюдзімым, але не абразліва, а нават з лёгкім шкадаваннем, — можа, таму, што ён усім здаваўся чалавекам добрым, аднак з нейкім сваім пастаянным смуткам на сэрцы. А яшчэ стары не падымаў галавы, бо ведаў: адразу за ўзлескам чалавек на ровары паверне налева, паколькі крама, у якой прадаецца гарэлка, ужо зачынілася — застаецца ехаць за тры кіламетры па самагонку.

Але бразгаценне ровара чулася ўсё бліжэй. Стары адчуў, як усярэдзіне ў ім усё быццам замерла, насцярожылася. Так часта здаралася, калі ён у лесе адчуваў небяспеку: магчыма, недзе не вельмі далёка быў воўк, які ўдыхаў паветра, што пахла чалавекам.

Стары падняў вочы.

Амаль параўняўшыся з ім, чалавек крутануў педалямі назад і рэзка затармазіў. Ад яго несла гарэлкай. Двайная нагода: вечар, ды яшчэ і нядзеля, таму і не хапіла.

— Захар, чаму гасцей не сустракаеш?

Язык ужо кепска слухаецца, але голас яшчэ бадзёры: значыць, пакуль можна дабіцца праўды.

— Я думаў, мае госці ўсе там ляжаць, — стары кіўнуў галавой на могілкі.

— Сплюнь... от жа праўду кажуць: нелюдзімы.

— Якім урадзіўся.

— Гэта правільна: якім урадзіўся — такім і памрэш. Ладна, не крыўдуй.

— Дык пра якіх гасцей ты гаворыш?

— Верчына радня прыехала — дачка і ўнучка.

Дзённая духата нібы вярнулася назад: старому стала цяжка дыхаць.

— На таксі!.. З таго канца ехалі, значыць, аж з Баранавіч, а можа, і з самога Мінска. Гэта ж колькі заплаціць трэба за дарогу?!

Стары маўчаў.

— Больш за год ехалі на пахаванне.

Стары толькі ўздыхнуў.

— А раптам дачка захоча Верчыну хату прадаць?

— Каму ж яе прадасі — гэтай хаце пад сто гадоў.

— Ды хоць бы табе. На таксі за няблізкі свет ездзяць багатыя, а ў каго рублі водзяцца, той умее лічыць капейкі. Па законе хата, у якой ты цяпер жывеш, яе.

«Канешне, хата гнілая, але пастаіць яшчэ крыху. Чаму б і не купіць пад лецішча. І пляц харошы. Вялікі сад. Побач лес, рака. Чыстае паветра... Дык навошта прадаваць — можна самім прыязджаць на лета. А я б яе даглядаў. Хата ж не павінна стаяць недагледжаная... Божа міласэрны, на ўсё твая воля...»

— Ну, я паехаў.

Стары не пачуў гэтых слоў і толькі тады, калі перад ім забразгацеў, аддаляючыся ў бок узлеску, ровар, паклікаў:

— Петрык!

Бразгаценне сціхла.

— А дзе цяпер госці?

Мінаючы сваё котлішча, ён запаволіў хаду. Там, дзе цяпер раслі тры маладзенькія яблыні, некалі стаяла яго хата, пабудаваная бацькам перад самай вайной.

Часта і па-будзённаму думаючы пра смерць, аднойчы ён задаў сабе пытанне: што стане з хатай пасля? І яму зрабілася горка ад усведамлення таго, што хата нікому не патрэбная — ні людзям, ні калгасу. Маці памерла, калі яму толькі пераваліла на пяты дзясятак, а ён увесь свой век прахадзіў бабылём. Калі была сама пара заляцацца да дзяўчат, ён вельмі хутка зразумеў, што яго шанцы вельмі малыя. Дзяўчаты ставіліся да яго не так, як да іншых хлопцаў: без лёгкіх кпінаў і фліртавання, заводзілі з ім толькі сур'ёзныя размовы, быццам ён быў равеснікам не ім, а, хутчэй, іх бацькам. Таму, калі Верка выйшла замуж і яму ад крыўды хацелася паказаць ёй, што яму і без яе ёсць з кім абдымацца, ён адчуваў, што з гэтага нічога не атрымаецца.

Некалькі гадоў таму маланка з усіх хат выбрала ягоную, пакінуўшы адны абгарэлыя сцены. Пытанне, што будзе з хатай пасля, адпала само сабой.

— Калі хочаш, пажыві пакуль у мяне, — сказала Верка.

Праз год ён раскідаў і сцены, а бярвенне суседскім канём перавёз да Веркі і пусціў на дровы. На гэтым свеце не засталося ўжо нікога, хто мог перашкодзіць яго сямейнаму шчасцю, але цяпер і само шчасце было не такім, якім магло быць у маладосці, — яно было няпоўным: гэта калі дадому з вайны вяртаецца шчаслівы салдат з ампутаванай у прыфрантавым шпіталі нагой.

Аднак няпоўнае шчасце аказалася да таго ж і нядоўгім. Неяк стары заўважыў, што ў Веркі пачаў прападаць апетыт. Ён звязаў гэта з вясною: толькі засадзілі агарод і засеялі грады, перабіваліся леташняй зморшчанай бульбай, забеленымі малаком макаронамі, якія куплялі на талоны ў вясковай краме. Там жа на талоны адпускалі крупы, а таксама масла і муку, якую Верка рашчыняла, калі паспявала купіць, дэфіцытным кефірам, а калі кефіру ў краме не было, то калодзежнай вадой, і пякла аладкі. Праўда, на вадзе аладкі атрымліваліся як гумовыя, хоць з маслам ці з падсмажаным салам з забітага восенню кабана, якое стары закатваў на зіму ў трохлітровыя слоікі, есці было можна.

Але чалавечы арганізм загадкавы: часам аж смокча нешта ўсярэдзіне — так захочацца таго, што апошні раз еў некалькі гадоў, а то і дзесяцігоддзяў таму. Маці старога перад смерцю вельмі хацела пакаштаваць халву, якую толькі раз бачыла ў прыгожай бляшанай банцы ў руках малой Верчынай дачкі і нават не ведала, якая яна на смак. Затое на ўсё жыццё запомніла яе незвычайны пах.

Стары падабраў час (пасляабедны), калі ў вясковую краму рэдка хто заходзіць. Уважліва агледзеў амаль пустыя паліцы: быццам тое, што ён шукаў, нельга было ўбачыць адразу. Патаптаўся каля прылаўка. Яшчэ ніколі яму не было так няёмка і нават сорамна. Дастаў з кішэні складзены ўдвая аркуш паперы і паклаў перад касіркай. Касірка была не з іхняла сяла — з суседняга, і гэта адзінае, што дапамагала старому пераадольваць свой сорам.

— Я тут падумаў... — Ён не стаў да яе звяртацца, як звярталіся ўсе на вёсцы: Лёдзя, а Леакадзія гучала б неяк не па-вясковаму. — Я не куру, а талоны на папяросы прападаюць. Мне і мыла столькі не трэба... Можа, патрапіцца калі каўбаса харошая — сыравэнджаная? Мне каліва якое, не шмат...

— Сыравэнджаная?! — зарагатала касірка. — Ты што, дзед, можа, жаніцца сабраўся? У горадзе людзі за доктарскай душацца, а табе ў вёсцы сыравэнджанай захацелася.

— Дык можа тады доктарскай каліва?

— Я ж кажу: у горадзе. Не завозяць яе ў гэтую глуш.

Стары зразумеў, што для касіркі яго талоны — як старая газета курцу. Ён знайшоў бы прычыну, каб паехаць у райцэнтр. Але аднойчы Верку званітавала проста за вячэрай. І тады ён здагадаўся, што ў яе хворы страўнік — гастрыт ці, яшчэ горш, язва. Стары, каб Верка не бачыла, сыпануў у кішэню яе камізэлькі крыху солі. Кожную раніцу ён стаў размочваць у вадзе льняное семя і па лыжцы даваў яго Верцы. Калі запасы семені скончыліся, стары пачаў таўчы ў місцы альяс, дабаўляючы ў яго мёд і сметанковае масла. Але Верцы не лепшала. Яна худнела на вачах і адчувала слабасць ва ўсім целе. Урэшце Верку паклалі ў бальніцу, і дактары знайшлі ў яе рак страўніка. У вёсцы ніхто ніколі такой страшнай хваробай не хварэў, і пра гэта гаварылі ціха, амаль шэптам, быццам баючыся наклікаць хваробу на сябе. Стары ў хаце плакаў па Верцы як па нябожчыцы і адначасова маліўся перад іконай, просячы Бога, каб яна паправілася: «Божа Вялікі, Хвальны і Непасціжымы, і Неспавядзімы, явіся рабе Тваёй Веры і дай ёй сон успакаення, сон цялесны, здравія і спасення жывата, і крэпасць душэўную і цялесную».

Памаліўшыся, ён накіроўваўся ў лес. Стары паўвека адхадзіў тут лесніком і не заблудзіў бы, нават калі б давялося блукаць з заплюшчанымі вачыма. Каб заблудзіцца, ён мусіў перастаць не толькі бачыць, але і чуць, інакш кожны лясны гук быў бы яму памагатым. У лесе стары збіраў чагу. Ён ведаў, што летам бярозавы грыб крыху губляе сваю лекавую сілу, затое гэтай парой сама набіраліся моцы зёлкі: трыпутнік, падтыннік, скрыпень, палявы хвошч, мята. Стары збіраў іх, вяртаючыся з лесу не па дарозе, а праз поплаў.

Вечарам ён рабіў лекавыя настоі і шаптаў над імі, нібы маліўся, загаворы, якім некалі вучыла яго маці. «А што будзе, калі я забуду ці пераблытаю словы?» — спытаў ён аднойчы ў яе. — «Нічога страшнага, — сказала маці. — Гавары тыя словы, якія самі прыйдуць да цябе». — «А хіба так можна?» — «Можна. Галоўнае не што ты гаворыш, а што адчуваеш у гэты момант. Калісьці жыў недалёка на хутары адзін знахар. Дык ён зусім быў нямы: разбойнікі думалі, што ён азалаціўся на знахарстве, уварваліся вечарам у хату і давай біць, каб грошы аддаў. Не дабілі, але і грошай не знайшлі. У яго пасля гэтага мову адняло, але не перастаў людзям дапамагаць сваімі загаворамі».

Стары не знаходзіў сабе месца. Яму здавалася, што, калі б Верка ляжала дома, ён змог бы падняць яе на ногі. Верчына душа была занадта далёка ад яго, і гэта, ён адчуваў, пазбаўляла сілы яго загаворы.

Так прайшоў тыдзень. Нарэшце стары не вытрываў і вырашыў нараніцу ехаць у раённую бальніцу. А пад вечар пазванілі з бальніцы ў вясковую краму і сказалі, што Верка памерла.

...Стомлены доўгай хадою, стары адчыняў весніцы так, быццам хацеў на іх абаперціся. Неспадзяваныя госці чакалі яго, седзячы на лаўцы каля парога. Побач з лаўкай на дарожцы стаялі дзве вялікія дарожныя сумкі.

— Пазнаяце, дзядзька Захар? — паднялася старэйшая — Верчына дачка Ліда.

— Не толькі цябе, — усміхнуўся стары, перакідваючы позірк з адной госці на другую, — але і тваю дачку пазнаю. Уся ў маму, такая ж прыгажуня вырасла. Даўно чакаеце?

— Не вельмі, — дыпламатычна адказала Ліда. — Мы тут з вашай суседкай пагаварылі, не сумавалі.

«Ну, з ёй не засумуеш. Паспела расказаць усё. Ды, можа, яно так і лепш — чым самому».

— То, можа, пойдзем у хату? Прагаладаліся ж з дарогі.

Ён скінуў з прабоя лёгкі крук і адчыніў сені.

— А вы іх што, не замыкаеце? — спытала малодшая.

«Здаецца ж, Светка яе завуць? Ну, ужо і не Светка — Света. Святлана. Колькі ж ёй цяпер? На выгляд — бадай што ўсе дваццаць пяць, хоць не, адкуль столькі. Дваццаць два? Дваццаць адзін?»

— Навошта замыкаць?

— А зладзеі?

— Замок — першы памочнік злодзея. Раз ён вісіць — значыць, ёсць што хаваць, — сказаў не то жартам, не то ўсур'ёз.

— Ну, дзед! — засмяялася дзяўчына пад акампанемент прагнілай маснічыны. Нягледзячы на смех, на яе твары ляжаў нейкі сум, прывезены сюды здалёк...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».