Вы тут

Новыя кнігі. Віртуальнае падарожжа па Беларускім і Украінскім Палессі


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ўбачыў свет унікальны фотаальбом «Вандроўкі па Палессі: фотаздымкі 1923 — 1939 гадоў са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску». Уклала выданне, зрабіла грунтоўны ўступны артыкул, падрыхтавала іншыя тэксты да альбома і здзейсніла каментарыі дасведчаная даследчыца мастацтва, культуры Беларусі Вольга Аляксандраўна Лабачэўская. Кніга выйшла ў вядомай, адзначанай многімі праектамі, серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў».


Вось што адзначае пра вытокі праекта Вольга Лабачэўская: «...Працуючы ў 1990-я гады над кнігай аб Дзмітрыі Георгіеўскім — стваральніку і захавальніку Палескага музея ў міжваенны час, мне пашчасціла трымаць у руках скрынку з крохкімі шклянымі негатывамі, большасць з якіх была зроблена маім героем у 1920 — 1930-х. Толькі некалькі дзясяткаў з іх мелі фотаадбіткі, якія ў 1982 годзе па заказе музея зрабіў пінскі фатограф Уладзімір Бершадскі. Манаграфія «Захавальнік Палескага музея Дзмітрый Георгіеўскі» ўбачыла свет у 2001. Работа над ёй дазволіла адкрыць раней невядомыя старонкі даваеннага культурнага жыцця Пінска і асэнсаваць вялікае значэнне ў стварэнні Палескага музея патрыётаў Палесся і асабліва яго шматгадовага захавальніка, краязнаўца, навукоўца, настаўніка Д. Георгіеўскага». І далей: «У 2019 г. у сувязі з перспектывай святкавання 95-годдзя заснавання Музея Беларускага Палесся ў Пінску пачаліся пошукі магчымасцяў сканіравання каштоўных негатываў стагадовай даўніны. Дзякуючы ініцыятыве і руплівасці намесніка дырэктара музея па навуковай рабоце Ларысе Кулагінай негатывы Д. Георгіеўскага былі перададзены на алічбоўку ў Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Пры зацікаўленасці і садзейнічанні загадчыка аддзела архіва Генадзя Дубатоўкі было адсканавана 212 шкляных негатываў. Лічбавыя копіі былі перададзены на сталае захоўванне ў архіў. Для выстаўкі «Палескі край у міжваенны час вачыма супрацоўніка музея Дзмітрыя Георгіеўскага», якая адбылася ў кастрычніку таго ж года ў Музеі Беларускага Палесся, зрабілі каля 30 буйнафарматных адбіткаў з адсканаваных негатываў...»

Так пачынаўся праект, які сёння атрымаў такое шырокае кніжнае адлюстраванне, вартае ўвагі самага шырокага кола чытачоў, ды і гледачоў.

Гартаючы старонку за старонкай альбом «Вандроўкі па Палессі», мы знаёмімся з побытам нашых прашчураў, дзівімся іх руплівасці і гаспадарлівасці, адкрываем іх здольнасці як выключна адметных гаспадароў. Пачынаем разумець, наколькі шматграннае і багатае ў самых розных праявах было жыццё палешукоў. І, вядома ж, мы падарожнічаем па розных канкрэтных адрасах... Пінск, Гарадзішча, Пагост Загародскі, Заполле, Казляковічы, Лугі, Вішавічы, Астравічы, Заазер'е, Пінкавічы, Лагішын, Дубай... Сама гісторыя дыхае са старонак унікальнага выдання. Вось бы сучасным фотажурналістам праехаць па гэтых мясцінах — і пашукаць тыя самыя ракурсы, узнавіць тое, што адбылося за дзесяцігоддзі пасля ранейшых здымак!.. Упэўнены, што дадаліся б новыя адкрыцці, насыціліся б гледачы і чытачы новымі ўяўленнямі. Вандруюць жа многія фотамастакі (сярод іх — і «звяздоўскі» майстар Анатоль Кляшчук па Беларусі) па краіне, шукаюць повязь часоў.

Альбом, падрыхтаваны Вольгай Лабачэўскай, яе грунтоўныя даследчыя тэксты нагадаюць пра многіх фотамайстроў, якія імкнуліся дакладна, выразна адлюстроўваць свой час. І пералік гэтых таленавітых мастакоў, галоўным інструментам якіх быў фотаапарат, пераконвае нас у тым, што «Энцыклапедыя рарытэтаў» папоўніцца і іншымі фатаграфічнымі краязнаўчымі выданнямі.

Кастусь Лешніца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?