Вы тут

Спікеры верхняй і ніжняй палат парламента сустрэліся са старшынёй парламенту Малдовы Зінаідай Грачаный


Спікеры верхняй і ніжняй палат парламента Наталля Качанава і Уладзімір Андрэйчанка сустракаюцца са старшынёй парламенту Малдовы Зінаідай Грачаный.


Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі , адносіны паміж Беларуссю і Малдовай маюць добрую гісторыю сяброўства. «У нас сёння няма сур’ёзных праблемных пытанняў, на рэгулярнай аснове сустракаюцца прэзідэнты, старшыні ўрадаў, кіраўнікі парламентаў», — нагадаў спікер Палаты прадстаўнікоў. Ён адзначыў моцную дагаворна-прававую базу, на якой грунтуецца ўзаемадзеянне, і супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях. «Гэты візіт адкрые яшчэ адну старонку ў развіцці не толькі міжпарламенцкіх адносін, а зробіць унёсак у развіццё супрацоўніцтва нашых дзяржаў па ўсіх кірунках», — дадаў Уладзімір Андрэйчанка.

Ён звярнуў увагу, што візіт парламенцкай дэлегацыі Малдовы прыйшоўся на падрыхтоўку да святкавання Дня Перамогі, а ў Беларусі асабліва аддаюць даніну памяці загінулым. З такой нагоды прадстаўнікі Малдовы прымуць удзел у адкрыцці помніка свайму земляку, герою СССР Іону Солтысу і закладуць у крыпце храма-помніка Усім Святым капсулу з зямлёй з брацкіх пахаванняў воінаў-малдаван, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

«Гэта вельмі важна і для вас, і для нас, бо час зараз мы перажываем няпросты. Вы бачыце, колькі спроб перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Мы лічым, што павінны адзіным фронтам супрацьстаяць фальсіфікацыі гісторыі, рэабілітацыі нацызму», — сказаў спікер ніжняй палаты парламента.

Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў сумесна прасоўваць гэтую тэму на міжнародных парламенцкіх пляцоўках і выказаў спадзяванне на падтрымку малдаўскіх калег у Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы.

«Вы бачыце, якія там перадузятыя адносіны да Рэспублікі Беларусь, — адзначыў ён. — Мы з Наталляй Іванаўнай (Качанавай — „Зв.“) накіроўвалі лісты ўсім спікерам парламентаў краін Еўрапейскага саюза, але нажаль, ад аднаго-двух толькі атрымалі адказы. Яны разглядаюць на парламенцкіх асамблеях гэтыя пытанні. А тое, што гэта была рэальная спроба дзяржаўнага перавароту ў Рэспубліцы Беларусь, аб гэтым усе маўчаць і наіўна мяркуць, што гэта нейкія хлопцы з Варшавы кіравалі працэсамі. На самай справе за гэтым стаяць вялікія грошы і сур’ёзныя гульцы».

Ён таксама падкрэсліў, што нядрэнна складваецца тавараабарот і за 2020 год ён больш 200 мільёнаў долараў. За два месяцы сёлета рост у 23 % у параўнанні з аналагічным перыядам летась.

«Парламентарыі Рэспублікі Беларусь і далей маюць намер у такім плане рухацца і развіваць супрацоўніцтва, узмацняць сяброўства з вашай краінай і народам», — заявіў Уладзімір Андрэйчанка.

Прывітанне ад Савета Рэспублікі дэлегацыі Малдовы выказала і старшыня верхняй палаты парламента Наталля Качанава. Яна адзначыла, што вельмі важна парламентарыям розных краін размаўляць і чуць адно аднаго.

«Калі мы робім заявы і нас не чуюць — гэта дрэнна, калі інфармацыю чэрпаюць з іншых крыніц — гэта няправільна. Мы жывём у гэтай краіне і бачым, як жывуць людзі. Вы разумееце ролю дэпутацкага корпусу. Вельмі важна, каб вы сёння ўбачылі і пачулі, што адбываецца ў нашай краіне», — сцвярджае Наталля Качанава.

Па яе словах, добрыя адносіны складваюцца і ў гуманітарных сувязях дзвюх краін, супрацоўнічаюць дзяржавы ў сферы адукацыі, працуюць над прызнаннем дакументаў аб адукацыі, падпісана пагадненне аб сацыяльным забяспячэнні.

Спікер верхняй палаты парламента прапанавала актывізаваць узаемадзеянне жаночых арганізацый, маладзёжных груп.

«Патэнцыял узаемадзеяння парламентарыяў Беларусі і Малдовы велізарны, сур’ёзны, нам ёсць над чым працаваць», — канстатавала Наталля Качанава.

Кіраўнік малдаўскай парламенцкай дэлегацыі Зінаіда Грачаный паведаміла, што яе краіна ўваходзіць у выбарчую кампанію. На 11 ліпеня назначаны датэрміновыя парламенцкія выбары. Але гэта, па словах старшыні парламента Малдовы, не павінна перашкодзіць супрацоўніцтву.

«Мы павінны захаваць сяброўства народаў, што склалася стагоддзямі. Я заўсёды паўтараю, што ўрады, парламентарыі павінны ісці па дарозе, што праторылі простыя людзі і бізнес», — сказала яна.

Зінаіда Грачаный акцэнтавала ўвагу на плённых кааперацыйных сувязях краін у прамысловасці і заявіла, што спадзяецца на стварэнне зборкі беларускіх аўтобусаў у Малдове.

У заяве для журналістаў Уладзімір Андрэйчанка расказаў, што вынікі сустрэчы падцвердзілі наяўнасць шматлікіх магчымасцяў для развіцця супрацоўніцтва ў эканамічнай, палітычнай сферах.

«Я ўпэўнены, што парламентарыі маюць намер больш актыўна ўдзельнічаць у працы міжурадавых структур, больш актыўна развіваць супрацоўніцтва рэгіёнаў і гарадоў-пабрацімаў. Мы дамовіліся, што асаблівую ўвагу нам неабходна ўдзяліць пытанню нашага ўзаемадзеяння ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях з мэтай прасоўвання нашых рэзалюцый», — рэзюмаваў спікер Палаты прадстаўнікоў. Наталля Качанава, Уладзімір Андрэйчанка і Зінаіда Грачаный у завяршэнні сустрэчы падпісалі сумесную заяву аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Беларусі і парламента Малдовы.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.