Вы тут

Крызіс трох гадоў. Да чаго рыхтавацца?


Пра крызіс трох гадоў не раз чулі не толькі бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, а і іх сваякі, сябры, нават суседзі (асабліва калі ў малога істэрыка, а дом панэльны). Мы, прызнацца, чакалі гэтага перыяду з трывогай, бо акурат адбыўся наш пераезд з вёскі ў сталіцу і Цёмік упершыню пайшоў у дзіцячы садок.


Навукоўцы пішуць, што крызіс трох гадоў характарызуецца кардынальнымі зменамі ў паводзінах дзіцяці, з'яўленнем у яго новых якасцяў, інтарэсаў, яно па-іншаму глядзіць на тых, хто з ім кантактуе, — адным словам, дзіця становіцца больш дарослым, а значыць, навакольнае асяроддзе яму ўжо падаецца інакшым. Паспрабую коратка абазначыць галоўнае.

НЕПРАДКАЗАЛЬНАСЦЬ. У першы дзень, калі Цёмік пайшоў у дзіцячы садок, мы былі на сёмым небе ад шчасця. Ён с лёгкасцю сказаў нам «да сустрэчы» і пайшоў гуляць з дзеткамі. Калі ж праз дзве гадзіны прыйшлі малога забіраць, выхавальніца паведаміла такія чаканыя для бацькоў словы: Арцём вельмі актыўны хлопчык, ён не плакаў і, акрамя таго, што даў аднаму хлопчыку кухталя, у цэлым быў паслухмяны. На наступны дзень сітуацыя кардынальна змянілася: ужо з парога малы заенчыў, што ў садок ён больш не пойдзе. Таму некалькі дзён запар мы вымушаны былі хуценька пераапранаць Арцёма, які галасіў на ўсю ўстанову, і ледзь не сілай запіхваць яго ў групу.

ІСТЭРЫКА. Нават калі няма на тое падстаў, дзіця кідаецца ў істэрыку. Без прычыны. Проста таму што я, а не ён, націснула на кнопку і выклікала ліфт. Таму што я несвоечасова, як ён, напэўна, думае, выключыла тэлевізар. Таму што ён сам хацеў расшпіліць сваю куртку, а я яго апярэдзіла. Таму што я прапанавала яму да гарбаты пячэнне, а ён хацеў абаранкі...

САМАСТОЙНАСЦЬ. Ва ўзросце трох гадоў дзіця ўжо многае ўмее і робіць само. Праўда, не заўсёды гэта атрымліваецца добра. Таму можна зразумець, чаму малое нервуецца, калі мама яго пераапранае: яно ж само справілася, а маме не падабаецца, што штаны надзеты задам наперад! Напрыклад, Цёмік любіць сам чысціць зубкі, хоць і не зусім дасканала, выбіраць у краме прадукты (ужо дома я заўважаю, што сярод накладзеных ім у мяшэчак мандарынаў некалькі гнілых), сам спрабуе ўключаць пыласос і прыбіраць дома (калі гэта, канешне, можна лічыць прыбіраннем). Па меркаванні вядомага амерыканскага псіхолага Э. Эрыксана, у такім узросце пачынае фарміравацца воля і звязаныя з ёй якасці — незалежнасць і самастойнасць. Вядома, многім бацькам прасцей і хутчэй самім накарміць дзіця, апрануць яго, памыць. Аднак не варта: малое ўжо добра ўсвядоміла, што ўсё гэта можа і ўмее рабіць яно само. Не перашкаджайце, паверце ў яго магчымасці!

ПРАТЭСТ. У гэты перыяд для дзіцяці не існуе слова «нельга». І няважна, што часта Цёмік пытаецца: «Мама, можна мне?..» Ён усё роўна хоча пачуць тое, што хоча. Напрыклад, хоча ісці гуляць на вуліцу, але пратэстуе супраць таго, каб яго апраналі. Ці плануе павазіць на сваіх машынах цыбульку, але без мамы ці таты не будзе. Ён ідзе на гульнявую пляцоўку да дзяцей, але дзяліцца з імі цацкамі і месцам на арэлях не гатовы. Набірае нумар тэлефона свайго любімага дзеда і на паўслове кідае трубку: размова не атрымліваецца. Толькі і чуваць: «Не!», «Не хачу!», «Не буду!»

ПАРУШЭННЕ СНУ, АДСУТНАСЦЬ АПЕТЫТУ. Бацькі рана расслабіліся. Здавалася, бяссонныя ночы скончаны — нарэшце, можна выспацца. Але гэта не так! Дзіця зноў пачынае круціцца ў сне, прачынацца, часам размаўляе (напэўна, нешта сніцца?), бывае, што нават плача. З ядой таксама не ўсё складваецца. Тое, што Цёмік нядаўна вельмі любіў, раптам становіцца нясмачным, «бякай», як ён кажа. Часта сын адмаўляецца ад сняданку. І няважна, што гэта: каша, сырнікі ці нават торт. А бывае, што, сытна павячэраўшы, ужо ў ложку кажа, што хоча яшчэ паесці.

ПАЧЫНАЕ ХЛУСІЦЬ. Прыйшлі нядаўна да нас госці. Грае музыка, танцуем. Залятае ў пакой Цёмік і таксама пачынае танчыць. Праз дзве хвіліны хаваецца ў сваім пакоі і плача. На маё пытанне, што здарылася, адказвае, што тата не дазваляе яму танцаваць. Такога, канешне, не было: любым бацькам за мілую душу паглядзець, як скача іх малое. Альбо на днях сказаў, што ў дзіцячым садку яго напалохаў хлопчык. Як запэўніла выхавальніца, такога ў прынцыпе не магло быць.

Што ў гэты складаны як для дзяцей, так і для дарослых перыяд рабіць бацькам? Галоўнае — трымаць сябе ў руках і не нервавацца: дзеці адчуваюць наш настрой. Увесь свой вольны час прысвячаць ім, максімальна акружыць клопатам і любоўю. Цярпення ўсім нам!

Вераніка КАНЮТА

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.