Вы тут

ДзяржСМІ: адказваючы за кожнае слова


Каб абмеркаваць тэндэнцыі ў сучаснай журналістыцы ў Дзень друку сустрэліся прадстаўнікі журналісцкага асяроддзя і парламентарыі.


— Прафесія журналіста заўсёды была значная для грамадскасці. З цягам часу яна мяняла свае фарматы, і сёння можна сказаць пра тое, што інфармацыйная прастора зусім новая, таму і фарматы журналісцкай работы патрабуюць змен, — упэўнена намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія АНАНІЧ. — Але разам з тым нам усім трэба спыніцца і рабіць тое, пра што мала хто задумваецца: вяртацца і ўмацоўваць друкаванае слова, каштоўнасці друкаванай прэсы. Журналістыка — гэта люстэрка нашай рэчаіснасці. Дзяржаўныя СМІ заўсёды працавалі ў рамках закона і адказвалі за кожнае слова, ніколі не дазвалялі сабе даваць неправераныя факты. Безумоўна, і для журналістаў важная падтрымка з боку заканадаўства. Можна сказаць, што ў Дзень друку мы зрабілі заканадаўчы падарунак інфармацыйнай прасторы — Міністэрства інфармацыі сумесна з Пастаяннай
камісіяй па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, з прафесійнай журналісцкай супольнасцю падрыхтавалі законапраект, які ў хуткім часе будзе падпісаны кіраўніком дзяржавы і стане рэгулюючым асноватворным дакументам у гэтай сферы.

Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Генадзь ДАВЫДЗЬКА дадаў, што трэба зрабіць так, каб заканадаўства ў дадзенай сферы павышала адказнасць інфармаванага насельніцтва. «Улада ў першую чаргу — гэта павышаная інфармаванасць, а значыць, і павышаная адказнасць».

— Мы доўгі час ставіліся да нашых калег з блогасферы некалькі пагардліва, лічачы, што яны не зусім прытрымліваюцца этычнага аспекту прафесіі. Так, магчыма, у іх няма журналісцкай адукацыі або вопыту, але ўплыў на грамадскасць прыкладна зраўняўся, а значыць, мы павінны лічыцца з новымі медыя, прымаць да ўвагі іх пункт гледжання, пазіцыю, новую эмацыянальнасць, якую яны нясуць на вялікую аўдыторыю, — адзначыў старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй КРЫВАШЭЕЎ. — Таму сёння вельмі важнае ўкараненне прававых стандартаў для журналістаў, прававая заканадаўчая база для нашай прафесійнай дзейнасці.

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ выказаў меркаванне, што новая этыка, пра якую ідзе гаворка, — гэта захаванне і перадача старых добрых маральных традыцый, якія заўсёды суіснавалі з намі, тымі, хто працуе з мастацкім і мастацка-публіцыстычным словам, праз якое выказвалі сваю пазіцыю журналісты ў розныя часы.

— Мы вельмі мала гаворым пра культуру зносін, пра тое, што гэта фундамент для вырашэння самых розных задач: грамадска-палітычных, сацыяльных, духоўных, тых, якія звязаны з патрыятычным выхаваннем грамадства ў цэлым, і моладзі ў тым ліку. Таму новая этыка — гэта ўвага да таго вопыту, які быў назапашаны за многія дзесяцігоддзі, а можа, і нашмат даўней нашымі папярэднікамі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».