Вы тут

Радкі памяці. У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава літаратараў-франтавікоў


Напярэдадні Дня Перамогі, 5 мая, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося літаратурна-асветніцкае мерапрыемства «Радкі памяці», падчас якога адкрылася кніжная выстава «Вялікая Айчынная вайна ў творах мастацкай літаратуры».


— Мы ўсе знаходзімся ў чаканні вялікага свята, Дня Перамогі. Гэта вайна змяніла планету, людзей. Дзякуючы перамозе, удалося спыніць самую жахлівую ідэалогію, філасофію чалавецтва XX cтагоддзя — фашызм. І сёння, арганізоўваючы нашыя выставы, сустрэчы, мы аддаём не толькі даніну памяці загінулым, хто скарыў гэтую перамогу, аднак яшчэ заклікаем задумацца, каб ні ў кога больш не з’явілася жаданне распачаць вайну, — выказаўся генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і падзякаваў калег з Нацыянальнага архіва за прадстаўленыя дакументы, а таксама творчыя саюзы, Саюз пісьменнікаў Беларусі за ўдзел у мерапрыемстве.

Гендырэктар адзначыў, што летась Нацыянальная бібліятэка правяла шмат імпрэз і праектаў, у тым ліку і міжнародных, для папулярызацыі матэрыялаў пра Вялікую Айчынную вайну і захавання гістарычнай памяці аб подзвігу народа. Ён звярнуў увагу на стэнд з фотаздымкамі бібліятэкараў, якія ваявалі на фронце і адначасова вялі працу над аднаўленнем бібліятэчных фондаў.

Галоўная кніжніца краіны сумесна з Нацыянальным архівам Беларусі падрыхтавала літаратурную экспазіцыю, дзе размясціліся выданні і архіўныя матэрыялы ваеннага і пасляваеннага часоў. Тут можна ўбачыць творы франтавікоў-пісьменнікаў Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава і іншых. Прадстаўлены розныя жанры — апавяданні, памфлеты, раманы, артыкулы.

Ля выставачных паліц можна пагартаць зборнікі, у якіх адлюстраваны росквіт творчага таленту выбітных беларускіх паэтаў — Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Анатоля Вялюгіна... Асаблівую цікавасць сярод прадстаўленых творчых набыткаў выклікае агульны зборнік паэзіі 1949 года выдання з аўтографамі вышэйпералічаных творцаў.

На адкрыццё выставы завіталі запрошаныя госці, якія зрабілі грунтоўны ўнёсак у падрыхтоўцы дадзенай экспазіцыі, — дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ—ХХІ стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Анатоль Трафімчык, старшыня Мінскага гарадскога аддзела Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

Дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк распавёў, што ў нацыянальным архіве захоўваецца значны корпус дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку пра гісторыю партызанскага руху. У асноўным гэта дакументы, якія датычацца баявой дзейнасці партызан, дакументы беларускага штаба партызанскага руху, узнагародныя лісты, спісы асабовага складу, асабовыя лісткі па ўліку кадраў... Сярод гэтых дакументаў ёсць унікальныя, якія архівісты асабліва любяць, — матэрыялы і дакументы, якія паказваюць, што і ў суровых умовах заставалася месца для лірыкі і пачуццяў. «Яны знаходзілі ў сабе сілы і пісалі вершы, складалі апавяданні, пісалі паэмы, малявалі партрэты сваіх баявых таварышаў. Гэтыя творы, мабыць, па-свойму простыя і наіўныя, аднак вельмі шчырыя і кранальныя», — зазначыў Андрэй Дземянюк.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзела Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў адзначыў, што сёння сучаснымі паэтамі, празаікамі, публіцыстамі, драматургамі стварюцца арыгінальныя творы. «Пішуць на тэму гэтую не толькі дзеці вайны, а пішуць ужо ўнукі і праўнукі. Час ідзе, і можна пачуць галасы: колькі можна пісаць на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Гэта няправільна, бо калі мы забудзем гэты боль, той подзвіг, які здзейснілі нашы бацькі, дзяды, значыць, мы можам паўтарыць тую трагедыю, якую перажыло наша старэйшае пакаленне. Гэта ні ў якім разе нельга дапусціць», — падагуліў творца.

У завяршэнні мерапрыемства не абышлося без ваенных песень — для прысутных прагучаў знакаміты «Венскі вальс» на словы паэта-франтавіка, артылерыста Міхася Гольдмана (Ясеня) у выкананні Мікіты Залеўскага.

Хто не патрапіў на адкрыццё экспазіцыі, але жадае азнаёміцца з выставай, можа здзейсніць гэта ў кольцавым калідоры другога паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 31 мая.

Надзея ЗУЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».