Вы тут

Сенатар Тамара Шатлікава: Мы ўсе сталі крыху шчаслівейшыя


Для дзяцей з маларыцкага дзіцячага дома сямейнага тыпу, якіх выхоўваюць Таццяна і Вячаслаў Абрамукі, мінулая нядзеля стала нечым накшталт сямейнага свята. Усёй сям'ёй, у якой выхоўваецца дзевяць дзяцей, яны выправіліся ў Брэст, дзе іх чакала цікавая праграма: спачатку адпачынак у санаторыі «Сонечны», а потым экскурсія і абед у Брэсцкай крэпасці. Пра гэта паклапаціліся сенатар Тамара ШАТЛІКАВА, старшыня Маларыцкага райсавета Алег ЯКУБЧЫК, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі «Белая Русь» Алена СЕРАДА і іншыя нераўнадушныя людзі.


Паводле слоў Тамары Анатолеўны, гэтая ідэя ўзнікла, калі яна сама адпачывала ў санаторыі «АСБ Беларусбанка» «Сонечны». Там ёсць кантактны міні-заапарк, і ў выхадныя дні часам прыязджаюць сем'і з дзецьмі, каб правесці з карысцю на свежым паветры час. А сямейным дзіцячым дамам у сваёй акрузе сенатар Шатлікава ўдзяляе асаблівую ўвагу. Вось і дамовіліся на паездку. Тым больш што санаторый узяўся ўладкаваць праграму выхаднога дня для сям'і на ўмовах спонсарства.

Колькі ж радасці было для дзяцей пакатацца вярхом на кані і ў запрэжанай павозцы! Самыя малыя гладзілі-абдымалі вялікіх добрых сабак, іншых ручных звяркоў. У салянай пячоры таксама было вельмі цікава.

— Меншыя адчувалі сябе ці не героямі мультфільмаў, іх цяжка было з гэтай пячоры выцягнуць, — са смехам згадала маці-выхавальніца Таццяна Абрамук. — А ў крэпасці было, вядома, цікава нашым старэйшым. Тым больш што ў новых музеях спрэс інфармацыйныя тэхналогіі, 3D-ілюстрацыі, іншыя сучасныя цікавосткі. Мы нават падумалі, што трэба зноў сюды прыехаць са школьнікамі, ужо без малых. Бо, здаралася, падчас экскурсіі трэба было лавіць меншых, якія разбягаліся па залах і знаходзілі нешта цікавае для сябе.

Яно і зразумела. Узрост дзяцей у гэтай сям'і — амаль як лічылка: 3, 4, 5, 6, 7, 8, 10, 13, 15 гадоў. І для ўсіх адразу зрабіць цікавай праграму не вельмі проста. Але ж галоўнае, як лічыць маці-выхавальніца, магчымасць выехаць усёй сям'ёй:

— Усе разам мы часам толькі ў парк выходзім, ну, яшчэ ў госці да другой такой жа сям'і, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — А ў Брэст выбрацца праблематычна. Дзякуй аддзелу адукацыі, які выдзеліў аўтобус, ну, і ўсім нашым арганізатарам-спонсарам. За шэсць гадоў работы нашага сямейнага дзіцячага дома мы выязджалі аднойчы за кошт спонсараў у абласны цэнтр. Але тады праграма была вельмі насычанай, уключала шмат мерапрыемстваў, і дзеці нават стаміліся. Цяпер жа паездка атрымалася больш камерная, дзеці з задавальненнем камунікавалі з дарослымі, пазнавалі новае. Дадому прыехалі не вельмі позна, паспелі нават падрыхтавацца да ўрокаў. Адным словам, усё атрымалася як найлепш.

Старшыня раённага савета Алег Якубчык таксама атрымаў незабыўныя эмоцыі і ўражанні:

— Звычайна мы прыязджаем у дзіцячыя дамы і іншыя падобныя ўстановы на кароткі час. Дзеці не паспяваюць прывыкнуць, бывае, праяўляюць сарамлівасць у адносінах. А тут яны даволі хутка асвоіліся, і аказалася, што для іх галоўнае — патрымаць за руку, пагаварыць з дарослым чалавекам, які цікавіцца ім, маленькім. І гэта было вельмі кранальна. Добрай атмасферы паспрыяла тое, што большую палову часу дзеці знаходзіліся на свежым паветры, маглі свабодна рухацца: на тэрыторыі санаторыя — у заапарку, а ў крэпасці ад душы палазілі па танках, баявых машынах, якія для гэтага і ўстаноўлены на адмысловай пляцоўцы.

Тамара Шатлікава сказала, што яна захапляецца тымі, хто ідзе на работу бацькоў-выхавальнікаў:

— Гэта людзі вялікай душы і вялікай мужнасці. І мы, грамадскасць, павінны ўсяляк іх падтрымліваць. Дзеці прыходзяць з розных сем'яў. Часта зусім малы чалавек за свае некалькі гадоў паспявае сербануць і гора, і нястачы. Пра аднаго выхаванца дзіцячага дома мне расказвалі літаральна наступнае. Калі яго забралі з біялагічнай сям'і і прывезлі да новых бацькоў, недзе праз месяц зайшлі педагогі, каб пацікавіцца, як яму жывецца. І дзіця сказала: «Добра, тут так шмат кормяць, і я... мыюся кожны дзень». Па адным гэтым сказе можна меркаваць, як малы жыў раней. Адагрэць гэтых дзяцей, дастукацца да іх душы бывае вельмі няпроста. А ім гэта часта ўдаецца.

Ведаеце, нам было радасна хадзіць з імі, паказваць, расказваць нешта новае, — працягвае Тамара Анатолеўна. — Адзін хлопчык мяне пытаў, ці прыеду я зноў. А другі, школьнік, дапытваўся, ці ўбачыць ён шкляную падлогу ў музеі, пад якой ляжаць гільзы і пісталеты. Відаць, нехта з таварышаў, хто раней быў у Брэсцкай крэпасці, расказваў, што найбольш уразіла пры наведванні музея. Вось і наш падарожнік хацеў абавязкова гэта ўбачыць, і яму ўдалося. А нам пашчасціла паспрыяць... Думаю, што ўсе мы сталі шчаслівейшыя пасля гэтай паездкі.

На канец мая мы запланавалі такую ж паездку з сямейным дзіцячым домам, які знаходзіцца ў вёсцы Лукава. Там мы былі на Новы год з падарункамі, святочнай дзеяй. А цяпер зладзім тур выхаднога дня. Пазней, думаю, арганізуем экскурсію і для трэцяга дзіцячага дома (іх усяго тры ў Маларыцкім раёне). Апроч іншага, такі досвед вельмі карысны для дзяцей: пачынаючы са збораў, выезду з дому, потым абеду ў кафэ — усё спрыяе жыццёваму вопыту і навыкам паводзін у грамадскіх месцах, камунікацыі. Часам трэба ладзіць вось такія сямейныя паездкі для дзіцячых дамоў, тым больш што ёсць аднадумцы, якія падтрымліваюць і маральна, і матэрыяльна, — заключыла сенатар.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.