Вы тут

Як адзначылі Дзень Перамогі і Дзень дзяржаўных сімвалаў у рэгіёнах


Беларусь святкуе, Беларусь красуе — Дзень Перамогі крочыць па краіне, сёлета яшчэ і поруч з Днём дзяржаўных сімвалаў. Пра тое, як адзначаюць гэта падвойнае свята ў рэгіёнах расказваюць нашы карэспандэнты. 


У Брэсце Дзень Перамогі заўсёды мае асаблівае гучанне

Тут вайна зрабіла свой першы крок. Тут гераічна змагаліся за кожны метр зямлі вартавыя мяжы і байцы гарнізона крэпасці, калі большасць жыхароў краіны яшчэ і не ведалі, што... вайна.

Сюды, у Брэсцкую крэпасць у гэты дзень сцякаюцца людскія ручайкі з усіх канцоў горада. А паколькі сёлетні Дзень Перамогі супаў са святам дзяржаўных сімвалаў, то святкаванне пачалося на плошчы Леніна ўрачыстым вынасам і падняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Вайскоўцы і студэнты зладзілі кампазіцыю са 100-метровым дзяржаўным сцягам. Гэта «жывое» палотнішча святочным маршам прайшло ў складзе калоны да самай крэпасці.

Сюды ж накіравалася калона ўдзельнікаў акцыі «Беларусь памятае». Прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў адукацыі, грамадскіх арганізацый святочным строем ішлі да плошчы Цырыманіялаў. Яе запоўнілі сотні гараджан. На самым ганаровым месцы размясціліся ветэраны. Са словамі павагі і падзякі найперш да іх звярнуўся ў прамове старшыня аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА.

«Менавіта тут, каля сцен Брэсцкай крэпасці, вораг убачыў неверагодную сілу духу, гатоўнасць людзей адстойваць кожны метр сваёй Айчыны, — сказаў кіраўнік вобласці. — А сёння мы асабліва разумеем значэнне міру на роднай зямлі. Наша галоўная задача — замацаваць Перамогу рэальнымі справамі, стваральнай працай і развіццём, беражліва захоўваць памяць пра подзвіг бацькоў, дзядоў і прадзедаў».

На мітынгу выступіў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін КРУГЛІКАЎ. На фронт ён пайшоў у няпоўныя 20 гадоў, прайшоў усю вайну. «Наш галоўны ветэранскі наказ вам — цаніце мір і захоўвайце яго. Бо нічога няма на свеце страшнейшага за вайну», — сказаў ён.

Усё меней застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай. На Брэстчыне іх пражывае 400 чалавек. Але эфект іх прысутнасці ствараўся ўдзельнікамі акцыі «Беларусь памятае», якую правялі прадстаўнікі грамадскасці — яны прыйшлі з партрэтамі родных. Такім чынам, удзельнікі вайны былі ў страю, разам са сваімі ўдзячнымі нашчадкамі.

Традыцыйна пасля мітынгу адбыўся ўрачысты марш воінаў Брэсцкага гарнізона. Праграму прадоўжыў канцэрт гарадскога духавога аркестра і Брэсцкай пагранічнай групы.

Ва ўсім горадзе праходзяць народныя гулянні. Гарадскую святочную праграму яе арганізатары назвалі «Я хачу, каб болей не было вайны». На гэту тэму арганізавалі конкурс дзіцячых малюнкаў.

На канцэртных пляцоўках — вялікіх, як напрыклад, каля гандлёвага цэнтра «Экватар» і камерных, як — «Дворык філармоніі» — гучаць песні ваенных гадоў. Усюды мнагалюдна, палявая кухня частуе наведвальнікаў салдацкай кашай.

Святкаванні з мітынгамі-рэквіемамі, ускладаннем кветак да памятных месцаў, канцэртамі прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА


За апошнія пяць гадоў больш за дваццаць тысяч прозвішчаў упершыню нанеслі на мемарыяльныя пліты на тэрыторыі Віцебшчыны

У Віцебску пачаткам галоўных святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 76-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Дню Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь, стала шэсце па адной з галоўных вуліц — Леніна.

Потым прайшоў мітынг на плошчы Перамогі — на тэрыторыі мемарыяла ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. У ім узялі ўдзел тысячы гараджан і гасцей горада рознага ўзросту.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, іншыя афіцыйныя асобы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ваенныя ўсклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню.

«Дзень Перамогі — адзін з самых вялікіх і святых для нашай Айчыны», — сказаў у віншаванні землякам Мікалай Шарснёў. Ён пералічыў самыя значныя вехі гераічнай барацьбы на Віцебшчыне: абарона Полацкага ўмацаванага раёна, танкавая бітва пад Сянно і Лепелем, Суражскія вароты, партызанскі прарыў ва Ушацкім раёне, наступальная аперацыя «Баграціён» …

У вобласці многае зроблена, каб стала вядома імя кожнага воіна, каму мы абавязаны Перамогай, адзначыў старшыня аблвыканкама. За апошнія пяць гадоў больш за дваццаць тысяч прозвішчаў упершыню нанеслі на мемарыяльныя пліты. Праводзіцца капітальны рамонт і рэканструкцыя ваенных помнікаў. Прыведзены ў парадак комплексы «Прарыў» ва Ушацкім раёне, «Рыленкі» — у Дубровенскім, самая буйная брацкая магіла ў Шапурах пад Віцебскам.

Мікалай Шарснёў асобна павіншаваў са святам ветэранаў і ад імя жыхароў паўночнага краю краіны перадаў ім нізкі паклон. Усяго толькі каля 450 удзельнікаў Вялікай Айчынай засталося ў Віцебскай вобласці.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што ў супадзенні Дня Перамогі і Дня Дзяржаўнага герба і сцяга Беларусі спалучыліся адказнасць за лёс Айчыны, імкненне да стваральнай працы, жаданне жыць у міры і згодзе. «Герб, сцяг, Вялікая Перамога — паняцці, якія сімвалізуюць адзінства і сілу народа, яго вернасць гістарычным традыцыям і накіраванасць у будучыню», — лічыць Мікалай Шарснёў.

Плошча напоўнілася патрыятычнымі песнямі. Па традыцыі кіраўніцтва вобласці ўсклала кветкі і да бюста знакамітага сына Віцебшчыны — Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Машэрава.

На плошчы Перамогі цягам дня — канцэрт, спартыўныя гульні, конкурсы, выстава ваеннай тэхнікі. Цікавыя акцыі ў гонар падвойнага свята ладзяцца і ў іншых мясцінах горада.

Увечары а адзінаццатай гадзіне пасля акцыі «Праспяваем „Дзень Перамогі“ разам» — салют.

Святочныя мерапрыемствы праходзяць у кожным раёне Віцебшчыны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БелТА


Гомель сустрэў 9 мая ўрачыстымі мітынгамі на ўсіх цэнтральных памятных пляцоўках

Святкаванне пачалося з ўзняцця Сцяга Перамогі. Мітынг з гэтай нагоды прайшоў каля будынка ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама па вуліцы Камунараў. Узняў Сцяг удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай ГРУШАНАЎ разам са сваімі праўнукамі. У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел кіраўніцтва абласнога выканаўчага камітэта, органаў дзяржаўнай улады, праваахоўных органаў, супрацоўнікі і ветэраны органаў унутраных спраў. Салютаваў у гонар Сцяга Перамогі ўвесь асабісты склад УУС Гомельскага аблвыканкама.

«Сімвалічна, што гэты важны ў лёсе кожнага з нас дзень мы пачынаем з ўзняцця Сцяга Перамогі, — звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь САЛАВЕЙ. — Гэты ўнікальны сімвал, які існуе ў адзіным экзэмпляры, адначасова належыць усім, для каго Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне была і застаецца знамянальнай падзеяй у гісторыі чалавецтва».

Генадзь Салавей нагадаў, што менавіта з моманту, калі пунсовы сцяг ўзвінулася над Рэйхстагам, было канчаткова пакончана з «карычневай чумой».

«Сёння вартавыя правапарадку з’яўляюцца годнымі дзецьмі і ўнукамі пакалення Пераможцаў. У мірны час вам давялося ўстаць на абарону нацыянальных інтарэсаў, на захаванне жыцця нашых грамадзян. Вы — наш надзейны шчыт, захавальнікі гістарычнай памяці і прадаўжальнікі справы Салдат Перамогі», — падкрэсліў кіраўнік рэгіёну.

Ён падзякаваў праваахоўнікам за стойкасць, цвёрдасць духу, мужнасць, пажадаў моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту іх сем’ям.

Тым часам на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Гомелі ва ўрачыстай абстаноўцы на 60-метровую вышыню паднялі сцяг Рэспублікі Беларусь. Так жыхары Гомельшчыны адначасова віталі Дзень Перамогі і Дзень Дзяржаўнага герба і сцяга. Генадзь Салавей адзначыў, што менавіта пад гэтым сцягам Беларусь амаль два дзесяцігоддзі дынамічна развіваецца і заяўляе аб сабе на міжнароднай арэне.

«Ён суправаджае нашы спартыўныя перамогі, развяваецца на найвышэйшых вяршынях і палюсах планеты, прадстаўляе Беларусь у іншых дзяржавах, змацоўвае нацыянальную згоду і патрыятычны дух беларускага народа. Паважаць і шанаваць нашы дзяржаўныя сімвалы — самы першы і святы абавязак усіх членаў вялікай сям’і, што жыве на Беларусі», — падкрэсліў ён.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама ўручыў членскія білеты і значкі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі хлопцам і дзяўчатам з розных куткоў Гомельшчыны. Адметныя атрыбуты таксама атрымалі піянеры. Удзельнікі мітынгу, што ўпершыню ўступілі ў дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі рэспублікі, далі ўрачыстае абяцанне быць адданымі роднай краіне.

Цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да Вечнага агню і брацкай магілы савецкіх салдат прайшла у Гомелі на плошчы Працы. Сюды прыйшлі сотні людзей: кіраўніцтва рэгіёну, ветэраны, маладыя байцы і жыхары горада. Генадзь Салавей нагадаў, што на гомельскай зямлі загінула больш за 200 тысяч савецкіх воінаў. А ў тых, хто вярнуўся, не было часу нават на кароткі адпачынак. Кіраўнік рэгіёну падкрэсліў: у нашых продкаў былі высокія мэты і мары, якія яны самі ажыццявілі. Мала казалі, але шмат рабілі, знаходзілі сілу ў праўдзе і адзінстве. Кіраўнік рэгіёна заўважыў, што невыпадкова гэты год названы Годам народнага адзінства, бо «мы непераможныя, пакуль адзіныя».

Традыцыйнае шэсце ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў і моладзі па цэнтральнай вуліцы Гомеля стала адным з самых кранальных момантаў свята. Сярод тых, хто далучыўся, — гамяльчанка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аэліта САМСОНАВА.

«Дзень Перамогі — свята, якое аб’ядноўвае ўсе пакаленні, гэта наша нацыянальная слава і гонар, — упэўненая Аэліта Іванаўна. — Каб узняць пераможны сцяг над Рэйхстагам, трэба было спыніць і разграміць фашыста пад Сталінградам, прайсці праз Курскую дугу, зняць блакаду Ленінграда, вызваліць Беларусь, Украіну, Малдову, Літву, Эстонію, Латвію і Карэлію, краіны Заходняй Еўропы. Было цяжка, часам невыносна, але вера ў Перамогу і самаадданая любоў да сваёй Радзімы нам давала сілы, і мы перамаглі».

Аэліта Іванаўна звярнулася да маладых жыхароў Гомельшчыны з асаблівым наказам: «Ваш святы абавязак сёння — зрабіць так, каб не сціралася гэтая гістарычная і генетычная памяць. Каб яшчэ шмат пакаленняў памяталі, якой цаной дасталася Перамога».

Ветэран заклікала гамяльчан ўсіх пакаленняў берагчы традыцыі, быць годнымі тых, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць роднага краю.

Многія з тых, хто выйшаў на цэнтральную вуліцу Гомеля, неслі партрэты сваіх родных, што загінулі ў гады вайны ці сустрэлі Вялікую Перамогу, але ўжо пайшлі з жыцця. Гамяльчанін Аляксандр КАЖЭЎНІКАЎ пранёс ў раках партрэт маці Анастасіі Жаравай, якая ваявала з 1941 па 1945 гады. «Мама памерла ў 1997 годзе, яна ўсё жыццё была прыкладам для мяне, і сёння я ўяўляю, як яна ідзе ў адной калоне са мной», — падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч.

Ва ўрачыстым шэсці ў гонар 76-й гадавіны Вялікай Перамогі прынялі ўдзел каля 15 тысяч жыхароў Гомеля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ганны ПАШЧАНКА


У Гродна пад гукі гімна ўзняўся дзяржаўны сцяг

Фота grodnanews.by

Так распачаліся святочныя мерапрыемствы на гродзенскім Кургане Славы. Па перыметры Кургана — інсталяцыі з чырвона-зялёнымі сцягамі. Напачатку мітынгу вядучыя са сцэны зазначылі, што два святы, якія адзначаюцца сёння — Дзень Перамогі і Дзень Дзяржаўных сімвалаў — аб’ядноўваюць беларусаў, даюць ім магчымасць мець дачыненне да гісторыі краіны, успомніць герояў.

Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір КАРАНІК падзякаваў ветэранам за іх подзвіг.

«Вайна пераўтварыла краіну ў руіны, на нарадзілася цэлае пакаленне, але яна ўмацавала дух нашага народа, даказала, што патрыёта можна забіць, але нельга зламаць. Беларусы нікому не дазволяць дыктаваць чужую волю і нікому не аддадуць сваю зямлю, — падкрэсліў ён. — Толькі разам, сумеснымі намаганнямі, мы працягнем рух наперад і зробім нашу любімую Беларусь яшчэ прыгажэйшай і больш зручнай для жыцця. І заўсёды будзем памятаць тых, каму абавязаны сваім незалежным і свабодным жыццём».

Ад імя ветэранаў выступіла Валянціна Баранава. Гэта легендарная гродзенка пайшла на фронт у 18 гадоў, дайшла да Берліна, узнагароджаная ордэнамі і медалямі, лаўрэат Кнігі славы Гродзенскай вобласці. Яна згадала сваё юнацтва, якое супала з ваеннымі гадамі, свой клас, які быў гатовы ўсім саставам ісці на вайну.

«Я сёння стаю на гэтай сцэне і нібы не адчуваю сваіх 97-і гадоў, бо бачу сваіх нашчадкаў, новыя пакаленні, якія жывуць у мірнай краіне. Я вельмі шчаслівая, што жыву ў Беларусі, дзе вось ужо 76 год адзначаюць Дзень Перамогі», — з хваляваннем сказала ветэран.

Пад гукі франтавых мелодый дзяўчыны ў ваеннай форме ўручылі ўсім прысутным ветэранам букеты кветак. У Гродзенскай вобласці пражывае 226 ветэранаў вайны, але далёка не ўсе ў сілу ўзросту змоглі прыняць удзел у масавых мерапрыемствах.

Усіх, хто загінуў на вайне, прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Ля гранітных пліт з імёнамі загінулых запалілі лампадкі. Страявым маршам прайшоў ваенны аркестр, пасля чаго ўдзельнікі мітынгу — ветэраны, прадстаўнікі ўладаў і гродзенцы — усклалі вянкі і кветкі да памятнага манумента.

Менавіта тут, ля Кургана праходзяць усе святочныя мерапрыемствы — канцэрты, работа тэматычных інтэрактыўных зон, выстаўка ўзбраення сучаснай арміі, паказальныя выступленні ваеннаслужачых. Дню Дзяржаўнага герба і сцяга прысвечаны абласны фестываль патрыятычнай песні. Госцем праграмы стане Аляксей Хлястоў.

На пляцоўках Кургана працуе «Вялікі ваенны буфет», прадпрыемствы горада падрыхтавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку «Палявая пошта», «Вагон Перамогі», «Палявая аптэка», «Палявая цырульня», «Медсанчасць» і іншыя.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Святкаванні ў Магілёве пачаліся з плошчы Славы

Уся яна была запоўнена народам, многія неслі транспаранты з фотаздымкамі сваіх дзедаў і прадзедаў, невялікія сцягі і кветкі. Жыхары горада і вобласці сабраліся на мітынг цэлымі сем’ямі, разам з малымі дзецьмі. Прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь прыйшлі аддаць даніну павагі ўсім тым, хто ваяваў, вярнуўся дамоў або застаўся ляжаць на поле бою. На жаль, да мая 2021 года ў Магілёўскай вобласці дажылі ўсяго 286 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

«Паважаныя жыхары гераічнага Магілёва і вобласці, ветэраны і госці горада, віншую вас з вялікім святам Перамогі, — звярнуўся з прамовай старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ. — Мы заўсёды адзначаем гэта свята ўрачыста і ўсенародна, усе разам. Гэта нашы памяць і гонар, гісторыя кожнай сям’і, частка душы, якую перадалі нам бацькі, дзяды і прадзеды. 76 гадоў таму савецкі народ прынёс мір усёй планеце, усяму чалавецтву. Перамога была дасягнутая вельмі высокай цаной. На яе алтар паклалі жыцці больш чым 20 мільёнаў грамадзян Савецкага Саюза. Наша Беларусь страціла ў вайне кожнага трэцяга жыхара. Яна першай прыняла ўдар вераломнага ворага. У народнай памяці захавалася бязлітаснасць акупантаў, фашысты імкнуліся знішчаць беларусаў як народ, як нацыю. Яны не шкадавалі ні старых, ні жанчын, ні дзяцей. Мы памятаем трагедыю Хатыні, Борак і яшчэ 111 вёсак Магілёўскай вобласці, спаленых разам з жыхарамі. Беларусь стала жывым помнікам той страшнай вайны, у яе летапіс залатымі літарамі ўпісаная гераічная абарона Магілёва: 23 дні і ночы ў ліпені 41-га абаронцы горада вялі цяжкія баі з бязлітаснымі дывізіямі ворага. Менавіта тут, пры абароне Дняпроўскага рубяжа, умацавалася вера ў тое, што вораг будзе пераможаны. 114 нашых землякоў сталі Героямі Савецкага Саюза».

Хвіліна маўчання і ружэйныя стрэлы ў гонар тых, хто не вярнуўся з вайны, віншаванні і песні... У рамках мітынгу на плошчы Славы прайшлі акцыі «Беларусь памятае» і «Ганарымся Радзімай сваёй». Апошняя прысвечаная Дню Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

«Дзяржаўныя сімвалы адлюстроўваюць гістарычныя, духоўныя рысы беларускага народа, — падкрэсліў Леанід Заяц. — Яго імкненне да самавызначэння і самастойнага развіцця. Вялікая Перамога, нашы сцяг і герб — гэта сімвалы, якія аб’ядноўваюць». 

Падвойнае свята адзначаюць у Магілёве адначасова на некалькіх пляцоўках. У горадзе ўрачыста раскрыла свае дзверы першая ў Беларусі крама дзяржаўнай сімволікі. Яна размясцілася ў былой кнігарні «Раніца» на праспекце Міра, 39.

9 мая крочыць па гораду сонечна і ўрачыста. На плошчы каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыум» праходзіць святочны канцэрт, тут жа адбудзецца гарадская акцыя «Вальс Перамогі». Тэматычныя экспазіцыі дэманструюць школьныя музеі і Музей гісторыі Магілёва. Канцэртна-забаўляльныя і спартыўная праграмы праходзяць і на цэнтральнай эстраднай пляцоўцы і салдацкай паляне Пячэрскага лесапарку. Каля дома ветэранаў моладзь правяла танцавальны флэш-моб «Пераможны вальс». Актывісты БРСМ сумесна з навучэнцамі Магілёўскага медкаледжа выканалі песні ваенных гадоў для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама запусцілі ў неба паветраныя шары чырвонага і зялёнага колераў. У скверы 40-годдзя Перамогі, дзе ўсё лета праходзяць вечары пад духавы аркестр, сёння адбудзецца вечар адпачынку «Пераможны май». Вялікая святочная канцэртная праграма «Во славу Вялікай Перамогі» ў выкананні артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі і іншых творчых калектываў горада прадоўжыць настрой на пляцоўцы каля гарадской Ратушы. Святкаванне завершыцца патрыятычнай акцыяй «Праспяваем „Дзень Перамогі“ разам» і святочным феерверкам на плошчы Славы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Галоўная ўрачыстасць Міншчыны адбылася на Кургане Славы

Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын усклаў кветкі да мемарыялу.

«Акрамя чалавечых ахвяр, вайна адкінула эканоміку на некалькі гадоў назад. Мы ў кароткі тэрмін змаглі аднавіць народную гаспадарку. Калі б не было вайны, магчыма мы былі б у сваім развіцці вышэй за Амерыку і Германію, — сказаў ён. — Сёння, на жаль, ветэранаў застаецца ўсё менш. Але мы павінны зрабіць так, каб падрастаючае пакаленне разумела, што было тады. і як не дапусціць гэтага ў будучым».

У свеце ёсць і тыя, хто забыў урокі вайны, дадаў Аляксандр Турчын. Таму важна не даць вялікаму подзвігу застацца толькі ў архівах і навуковых працах.

«У вашых руках, — звярнуўся ён да моладзі, — будучыня нашай незалежнай дзяржавы. Жывіце і працуйце, каб не паўтарыць памылкі мінулых гадоў».

З наступленнем вечара Курган Славы будзе падсвечаны ў колер Дзяржаўнага сцяга, каб натхніць кожнага, хто праяздже па трасе, або прыехаў сюды спецыяльна.

Дэлегацыя Мінскай вобласці пабывала і на гісторыка-культурным комплексе Лінія Сталіна, дзе ўсклала кветкі да нядаўна абноўленага артылерыйскага капаніра.

Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх раёнах Міншчыны і горадзе Жодзіна —мітынгі, ускладанне кветак і вянкоў да брацкіх магіл і мемарыялаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.