Вы тут

Маладая настаўніца: Сучасныя вучні ашаламляльна адрозніваюцца ад ранейшых


У перакладзе з грэчаскай мовы выкладчык — «вядучы дзіцяці». Спакон веку педагог быў прыкладам для вучня, меў багаты багаж ведаў, да якіх імкнулася юнае пакаленне. Аднак цяпер усе змяніліся: і дзеці, і настаўнікі. Пра гэта мы пагаварылі з маладым спецыялістам, выкладчыкам англійскай мовы смаргонскай СШ № 1 Таццянай Ілюковіч.


Яна скончыла БДЛУ, атрымала дыплом настаўніцы замежных моў. Першыя месяцы работы ў школе не тое каб расчаравалі яе, але прымусілі засумнявацца ў некаторых методыках выкладання.

Таццяна Сяргееўна лічыць, што сучасныя вучні ашаламляльна адрозніваюцца ад ранейшых, у прыватнасці, нават ад прадстаўнікоў яе пакалення. Напрыклад, з-за вялікага аб'ёму інфармацыі, атрыманага за дзень, навучэнцы часам проста не ў стане ў поўнай меры ўспрыняць веды, якія ім даюць у школе. Маладыя спецыялісты, у большай ступені ўцягнутыя ў сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, лепш разумеюць патрэбы і асаблівасці цяперашняга вучня.

Рыхтуючыся да чарговага ўрока, Таццяна Сяргееўна старанна прапрацоўвае тэму, шукае актуальны матэрыял, імкнецца ўкараняць у адукацыйны працэс новыя эфектыўныя методыкі. Скажам, увагу вучняў яна прыцягвае, выкарыстоўваючы пазнавальныя гульні, урыўкі з папулярных фільмаў, музычныя кліпы. Таксама праводзіць своеасаблівыя сацыяльныя эксперыменты, якія цяпер так любіць глядзець моладзь на YouTube.

Асаблівы падыход шукае малады педагог да тых дзяцей, якія трапілі ў катэгорыю «цяжкіх навучэнцаў».

— Калі я заўважаю, што любая слоўная дапамога можа толькі пагоршыць сітуацыю, — кажа Таццяна Сяргееўна, — тады не навязваю вучню сваё меркаванне, бо разумею, што часам лепш не чапаць яго. Можна толькі паступова ўключаць такога навучэнца ў жыццё ўрока.

На маё пытанне, ці заўсёды ўдаецца ўтрымліваць увагу дзяцей, асабліва гіперактыўных, мая суразмоўніца адказала:

— За больш чым паўгода сваёй работы ў школе я пераканалася, што адна з галоўных праблем, якая непасрэдна ўплывае на навучальны працэс, — гэта недахоп выхавання. Цяпер многія бацькі заклапочаныя ў большай ступені сваім асабістым жыццём, работай, захапленнямі, чым дзіцем. Таму некаторым з іх не хапае ўвагі і яны ўсяляк яе да сябе прыцягваюць, часта вельмі абуральнымі паводзінамі. На настаўніка перакладаюць абавязкі па выхаванні, прывіванні элементарных правілаў паводзін, гэта значыць, — ён становіцца яшчэ адным «бацькам», каб выхоўваць у дзіцяці тыя якасці, якія тое не атрымала ў сям'і. Але разам з тым, настаўнік — гэта не чэлядзь, якой былі гувернанткі ў дваранскіх сем'ях. Таму стаўленне некаторых празмерна патрабавальных бацькоў выклікае ў многіх педагогаў не самыя станоўчыя эмоцыі.

Зараз у розных сацыяльных сетках узнімаюцца тэмы, пра якія раней маўчалі. Булінг (прасцей кажучы, цкаванне) — актуальная ва ўсе часы праблема. Але сёння, з прыходам у наша жыццё інтэрнэту, яна набыла яшчэ больш шырокае распаўсюджанне. Падставай для прыніжэння чалавечай годнасці і абраз можа стаць што заўгодна: высокі рост, асаблівасці целаскладу, колер валасоў, адметныя паводзіны і многае іншае. «Настаўнік абавязаны дапамагчы ў такіх сітуацыях!» — лічыць Таццяна.

Цяпер як ніколі дзеці пакутуюць ад комплексаў, якія не даюць ім у поўнай меры атрымліваць асалоду ад жыцця. Роля педагога ў такіх выпадках вельмі важная. Ён павінен растлумачыць ім, што гэта ненармальна — абражаць і зневажаць іншых. Трэба знайсці падыход, не выпускаць сітуацыю з-пад кантролю, не апраўдваць такія выпадкі цяжкасцямі пераходнага ўзросту.

Адносіны паміж выкладчыкам і вучнем, на думку Таццяны Сяргееўны, павінны быць адначасова дзелавыя і даверлівыя. Трэба толькі ведаць меру. «Калі толькі даверлівыя, тады навучэнец будзе ўспрымаць цябе не як настаўніка, а як сяброўку. Калі толькі дзелавыя, то вучань можа «закрыцца» і ты не ўбачыш яго патэнцыялу».

Сваё меркаванне ў маладой настаўніцы і наконт сістэмы ацэньвання ведаў і абвяшчэння адзнак. Так, бываюць выключэнні, калі ўвесь клас выдатна справіўся з заданнем. Аднак такое здараецца нячаста. І, каб не адбіць у дзяцей жаданне вучыцца, каб не закрануць іх самалюбства, лепш пакінуць неагучанымі не самыя лепшыя ацэнкі.

Камунікацыя з дзецьмі — гэта самае цудоўнае, што ёсць у прафесіі настаўніка. Ніхто так не зможа парадаваць, як дзіця. Таццяна Сяргееўна з усмешкай прыгадала сваіх «трэцякласнікаў»: «Яны бягуць да цябе насустрач па калідоры, каб сказаць запаветнае «hello», і сэрца перапаўняецца радасцю і гонарам за тое, што ты ім патрэбны».

Антон АНТОНАЎ, студэнт І курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Упісаць вучня ў жыццё ўрока, або Не адбіць у дзіцяці жаданне вучыцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.