Вы тут

З выездам на дом у сельсаветах са святам Перамогі павіншавалі ўдзельнікаў вайны


Як і ў гарадах, у сельскай мясцовасці застаецца ўсё менш удзельнікаў Вялікай Айчыннай. У многіх сельсаветах ужо няма ніводнага ветэрана. Скажам, на ўвесь Брэсцкі раён такіх засталося толькі дзевяць... Аднак там, дзе яны яшчэ ёсць, мясцовыя ўлады акружылі іх клопатам і асаблівай увагай. У святочныя дні ўдзельнікі вайны прымалі гасцей з віншаваннямі і падарункамі.


Ветэран Вадзім Сіняк і старшыня Камянюкскага сельскага Савета Сяргей Багалейша.

У Людвінове Драгічынскага раёна жыве адзіны ветэран вайны на ўвесь Папінскі сельсавет. Гэта ўдзельніца партызанскага руху Ніна Рыгораўна Рэпіха. Пра гады акупацыі яна заўсёды згадвае са слязамі: колькі перажылі, колькі нацярпеліся за той час. Яе бацьку забілі як вясковага актывіста. А маці з трыма дочкамі падалася ў партызанскі атрад, каб выратавацца. Пайшлі ў чым былі, прыхапіўшы невялікі вузельчык рэчаў. Уладкаваліся ў сямейны лагер. Ніну як меншую бралі з сабой разведчыкі — дарослы чалавек з падлеткам (а выглядала яна зусім як дзіця) выклікалі менш пытанняў у дарозе. Гэта пазней яна ўсвядоміла, што хадзіла кожны раз нібы па краёчку бездані...

Пасля вайны сям'і таксама прыйшлося нялёгка, але ж выстаялі, выжылі. Ніна выйшла замуж. З Васілём Аляксандравічам Рэпіхам, калгасным механізатарам, заўсёда жылі ў згодзе. Сёння ён, былы нястомны працаўнік, кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, цяжка хварэе, і жонка яму галоўная апора і падтрымка.

Са святам Перамогі Ніну Рыгораўну цёпла павіншавалі старшыня сельскага Савета Святлана ДЫШКО і страста вёскі Марыя ПРАТАСЕВІЧ. А праз дзень удзельнікі раённага аўтапрабегу, прысвечанага 76-й гадавіне Перамогі, прыпыніліся ў Людвінове. Яны перадалі Ніне Рэпісе віншаванне ад старшыні райвыканкама Аляксандра Дарашэнкі, уручылі каштоўны падарунак і прадуктовы набор.

Вадзім Рыгоравіч Сіняк з вёскі Каменюкі Камянецкага раёна ў сакавіку адсвяткаваў сваё 95-годдзе. Павіншаваць яго з юбілеем тады прыехала вялікая дэлегацыя: прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», у якім той адпрацаваў шмат гадоў, мясцовай улады. Па просьбе гасцей  ветэранз гадаў сваё мінулае. На фронт Вадзіма прызвалі ў 1944 годзе адразу пасля вызвалення яго родных Пружан. Юнаку тады толькі споўнілася 18 гадоў. Ваяваў у пяхоце. Ён і цяпер без запінкі раскажа, якія гарады вызваляў: у Польшчы — Торунь, Быдгашч, Гданьск. Потым фарсіравалі Одэр. Закончыў вайну пад нямецкім горадам Ростак. «Страты неслі неймаверныя, — успамінаў былы салдат. — Дывізія ішла спачатку ў бок Берліна, потым нас павярнулі на поўнач, насустрач танкавай групоўцы. Каля 600 танкаў трэба было знішчыць, каб яны не сталі на шляху нашых наступальных часцей. Гэта вядома, работа артылерыстаў. Мы ў асноўным снарады падносілі. У пяхоце на перадавой складана выжыць, мала каму шанцавала, — працягваў франтавік. — Уяўляеце, я перажыў пяць папаўненняў! Ідзе ў бой рота — прыкладна 250 чалавек. Пасля бою ў страі застаецца 40—50 байцоў. Рота папаўняецца навічкамі. Зноў у бой, і зноў тая ж карціна. І так пяць разоў». Усё жыццё ён лічыў 9 Мая сваім галоўным святам.

Да гэтай пары Вадзім Рыгоравіч помніць дзень 9 мая 1945 года. «Нас паднялі ў чатыры гадзіны раніцы, думалі, па трывозе. А камандзір аб'явіў: перамога! Выскоквалі на вуліцу і палілі ўверх, нібы ашалелыя, колькі было патронаў».

Вадзіму Сіняку пасля гэтага давялося служыць яшчэ чатыры гады. Потым вярнуўся дадому, скончыў інстытут. Усё жыццё працаваў у лясной гаспадарцы. Прырода надзяліла гэтага чалавека цудоўнай памяццю, дасціпным розумам. Вось і сёлета на 9 Мая ён выступаў на мітынгу каля помніка ў Каменюках і гаварыў пра важнасць захавання міру на нашай зямлі.

Ніну Рэпіху віншуе стараста вёскі Марыя Пратасевіч.

Дома ветэрана наведалі старшыня сельскага Савета Сяргей БАГАЛЕЙША і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Ніна БОГУШ з віншаваннямі і падарункамі.

У Брэсцкім раёне ўдзельнікаў вайны віншавалі разам з духавым аркестрам адной з вайсковых часцей Брэстчыны. Прыязджалі да ветэрана дадому, і прама на вуліцы аркестр іграў «Дзень Перамогі», і іншыя знаёмыя мелодыі. Збіраліся сваякі шаноўнага чалавека, падыходзілі суседзі, знаёмыя. Такім чынам віншаванне аказвалася асабліва ўрачыстым. У Чарнаўчыцкім сельсавеце, як сказала Святлана Мядзведзь, што выконвае тут абавязкі старшыні, ушанавалі трох ветэранаў: франтавікоў Аляксандра Аляксеевіча Жука, Івана Канстанцінавіча Міхальцова і працаўніка тылу Аляксандру Міхайлаўну Павярынаву.

Ва ўмовах пандэміі ўлічылі пажаданне кожнага ветэрана па форме ўшанавання. Напрыклад, Аляксандра Павярынава прымала віншаванні з балкона другога паверха. Ну а мужчыны выйшлі асабіста паціснуць рукі старшыні райсавета Уладзіміру Хваціку ды іншым гасцям.

З прычыны ўзросту і стану здароўя многія ветэраны перабраліся да дзяцей. Пра іх таксама не забыліся ў родных вёсках. Скажам, Леанід Васілевіч Вакула з Роўбіцка Пружанскага раёна цяпер жыве ў Мінску. Яго па тэлефоне цёпла павіншаваў старшыня Сухопальскага сельскага Савета Міхаіл Мартынаў і запрасіў сваякоў заехаць па падарунак для ветэрана.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Наш «залаты запас»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.