Вы тут

Электрычнага пасажырскага транспарту на Віцебшчыне стане больш на траціну


На пазачарговай трыццаць першай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў зацвердзілі на пяцігодку комплекс рэгіянальных мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўных праграм «Дарогі Беларусі» і «Транспартны комплекс». Безумоўна, гэтыя тэмы датычацца і ўсіх жыхароў поўначы краіны, як і тых, хто праязджае Віцебшчыну, бывае тут па розных справах.


Фота з сайта transphoto.org

Намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Хрыстафораў нагадаў, што дарожнае пытанне разглядалася нядаўна на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, на якім прысутнічаў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка.

Увага дарогам Падзвінскага краю неабходная яшчэ і таму, што пасля Міншчыны ён на другім месцы па агульным кіламетражы. Тут 15 тысяч кіламетраў дарог — усяго на 1,1 тысячу кіламетраў менш, чым у сталічным рэгіёне.

Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Шыдлоўскі агучыў народным выбраннікам статыстыку таго, што неабходна будзе зрабіць за пяцігодку.

У прыватнасці, у 2021—2025 гадах плануецца адрамантаваць каля 1,3 тысячы кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог, з іх па новых тэхналогіях — не менш за 25 кіламетраў. Безумоўна, аўтамабілістам хацелася б, каб гэты паказчык быў большы, ды і дарожнікам, напэўна, таксама. Зразумела, што новыя пакрыцці — гарантыя таго, што менш будзе праблем з эксплуатацыяй трас, параўнальна пазней спатрэбіцца рамонт, улічваючы большую адаптаванасць да ўласцівых для Віцебшчыны перападаў тэмператур і вільготнасці.

Што датычыцца матэрыялаў для рамонту, будзе праведзена рэвізія мясцовых заводаў па вырабе асфальту, а яны ёсць у кожным раёне. У гэтым пытанні цяжка спрачацца з прыведзенай аргументацыяй: няхай лепш у будучыні працуюць не ўсе такія вытворчасці, а толькі тыя, дзе найбольшы каэфіцыент карыснага дзеяння.

У Аршанскім раёне сёлета плануюць здаць у эксплуатацыю завод з самым перадавым абсталяваннем, які будзе вырабляць прадукцыі ў разы больш, чым яго «сабраты», пабудаваныя даўно.

Вопыт запуску эфектыўнага асфальтабетоннага завода ў Падзвінні ёсць. У 2015 годзе ў Віцебску запрацаваў такі першынец у галіне. Гонарам аднаго з дарожна-будаўнічых трэстаў стала нямецкая ўстаноўка, якая знаходзіцца ў кантэйнеры. Яе магутнасць — 240 тон у гадзіну. На ёй можна вырабляць класічнае асфальтавае пакрыццё і сучаснае. Арганізацыя вытворчасці абышлася ў суму, большую за 2 мільёны еўра. Неабходныя грошы ўзялі ў крэдыт. Акупіцца трата, згодна з бізнес-планам, на працягу пяці гадоў. Цікава, што гэты завод літаральна за пару тыдняў магчыма зрабіць мабільным і перавезці, куды трэба. Што важна, шкода для навакольнага асяроддзя мінімальная.

Аршанскі завод, як падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, будзе адным з найлепшых не толькі на тэрыторыі Беларусі.

На сесіі таксама было агучана, што ў 2021—2025 гадах прадугледжаны ўвядзенне і рэканструкцыя васьмі дарожных збудаванняў (масты, пуцеправоды, эстакады і іншыя) працягласцю 141 пагонны метр.

Таксама Віцебскім абласным Саветам дэпутатаў было прынята рашэнне «Аб зацвярджэнні рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Транспартны комплекс» на 2021—2025 гады».

Чакаецца, што па вобласці пасажыраабарот аўтамабільнага, гарадскога электрычнага транспарту складзе 107,7 % да ўзроўню 2020 года, грузаабарот аўтатранспарту — 122,2 %, экспарт транспартных паслуг па аўтамабільных перавозках грузаў і пасажыраў — 125 %.

Доля электрыфікаваных транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць гарадскія перавозкі пасажыраў, да канца пяцігодкі складзе не менш за 30 %.

Ужо становіцца традыцыяй, што пры здачы новых праспектаў або капітальным рамонце і рэканструкцыі раней існуючых «гарадскіх артэрый» там абавязкова прадугледжваецца рух электробусаў або тралейбусаў. І пасажыры, напрыклад, у Віцебску пры аднолькавым кошце праезду на ўсе віды транспарту ўсё часцей выбіраюць «электрычны аўтобус». У такіх машынах прыемна праехацца пры любым надвор'і, бо ў салоне прадумана ўсё да дробязяў.

На працягу пяцігодкі ў Віцебскай вобласці запланавана набыць пяць электробусаў, восем тралейбусаў, 77 аўтобусаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Аднаўленне гарадскіх артэрый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».