Вы тут

У Віцебску адкрылася выстава, якая прысвячаецца лётчыцам, Героям Савецкага Саюза


У Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова адкрылася незвычайная выстава «Мы пакаралі неба». Яна прысвячаецца лётчыцам, Героям Савецкага Саюза, якія бралі ўдзел у вызваленні Беларусі.


На адкрыцці выставы. Фота аўтара

Можна ўбачыць іх фотаздымкі, копіі дакументаў, кнігі пра тых, хто на нябёсах здабываў Перамогу. Цікава, што адна з адважных лётчыц жыла літаральна насупраць музея. І гэты нюанс таксама стаў падставай для падрыхтоўкі ўнікальнага праекта.

Паводле слоў кіраўніцы ўстановы культуры Ірыны Шышковай, у музеі напярэдадні святкавання Дня Перамогі па традыцыі новыя выставы, і вось чарговая.

Больш за 500 тысяч савецкіх жанчын падчас той жудаснай вайны ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі, былі ў канцлагерах... 15 мільёнаў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва працавалі ў тыле, расказала дырэктар музея.

На адкрыццё запрасілі былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі.

Галоўны захавальнік фондаў музея Дзяніс Якаўлеў расказаў пра тое, што ваявалі лётчыцы зусім маладымі. А ўсё пачалося з загада народнага камісара абароны СССР № 99 за подпісам І. Сталіна (ад 8 кастрычніка 1941 года). Тады было прынята рашэнне аб фарміраванні і падрыхтоўцы да баявой працы жаночых авіяцыйных палкоў. Гэта было даручана Герою Савецкага Саюза Марыне Міхайлаўне Раскавай, якая ў 1938 годзе здзейсніла адважны пералёт па маршруце Масква — Кербі (у Хабараўскім краі) далёкасцю 6450 км без пасадак.

Фарміруюцца 586-ы знішчальны авіяполк, 587-ы бамбавальны авіяполк, 588 авіяполк. Раскава была прызначана камандзірам 587-га БАП. 22 лістапада 1942 года ён быў цалкам гатовы да баявых дзеянняў. І ўжо ў студзені 1943-га вылецеў пад Сталінград.

Гераічная біяграфія Марыны Раскавай скончылася трагічна. Пры пералёце па маршруце Арзамас — Саратаў, трапіўшы ў складаныя метэаўмовы, яна гіне. Пахавалі яе каля Крамлёўскай сцяны на Краснай плошчы.

У Віцебску, недалёка ад музея, і цяпер жыве дачка яшчэ адной гераіні вайны — Кацярыны Якаўлеўны Ацабрык. Гэтая жанчына служыла ў Чырвонай Арміі з 1942 года. У Вялікай Айчыннай ўдзельнічала са студзеня 1943 года на Данскім, Паўночна-Каўказскім, Заходнім, 3-м Беларускім, 1-м Прыбалтыйскім, 2-м Прыбалтыйскім і Ленінградскім франтах. Мела больш за пяцьдзясят паспяховых баявых вылетаў з баявым налётам больш за 85 гадзін.

У адным з вылетаў над Оршай бамбавік, у экіпажы якога была стралком-радыстам Ацабрык, падбілі. Дзяўчына ўратавалася на парашуце. Камандзір і штурман загінулі. Трыма ордэнамі і шматлікімі медалямі адзначаны воінскія заслугі Ацабрык. У студзені 1946 года Кацярына дэмабілізавалася з узброеных сіл, да 1949 года жыла з сям'ёй у Літве, затым па месцы службы мужа — у Слуцку. З 1956 года — у Віцебску. Працавала ў розных арганізацыях, у тым ліку на пасадзе старшага інжынера ў віцебскім інстытуце «Белжылпраект». Памерла ў 1991 годзе.

Сярод іншых вельмі цікава даведацца пра зямлячку віцяблян — Ніну Васілеўну Давыдзенку.

Яна ў 1940 годзе скончыла школу № 27. Паступіла ў маскоўскі інстытут інжынераў сувязі. На фронце з ліпеня 1941 года. Разам з іншымі студэнтамі працавала на ўзвядзенні абарончых пабудоў, была паранена. Пасля лячэння скончыла школу авіяцыйных спецыялістаў, вярнулася на фронт майстрам па ўзбраенні самалётаў. Падчас бамбёжкі аэрадрома іх знішчальнага авіяпалка атрымала пяць раненняў і моцныя апёкі. Вердыкт урачоў быў суровы: другая група інваліднасці. У сакавіку 1945 года вярнулася ў Віцебск. Яна стала паэткай, сур'ёзна і ўдумліва падышла да вывучэння творчай спадчыны любімых паэтаў, тэорыі вершаскладання. Але выйсці са сваімі вершамі да шырокай аўдыторыі доўга не рызыкавала. Яе літаратурны дэбют адбыўся на старонках абласной газеты «Віцебскі рабочы» ў 1979-м, напярэдадні Дня Перамогі. З таго часу яе творы неаднаразова публікаваліся на старонках абласнога і рэспубліканскага друку. Удзельнічала ў стварэнні калектыўнага зборніка «Дзвіна», выдала кнігу паэзіі «Як кранецца маёй рукі»...

А Марыя Іванаўна Доліна вядомая ўсім барысаўчанам дзякуючы цікаваму факту. З яе ўспамінаў: «Вымпел, скінуты вам, барысаўцам, гэта — калектыўнае прывітанне ўсяго лётнага складу 2-й эскрадрыллі 125-га гвардзейскага авіяпалка. Тады эскадрылляй часова камандавала я, бо яе камандзір, гвардыі капітан Фамічова Клаўдзія Якаўлеўна, была збітая ў паветраным баі і знаходзілася ў шпіталі. У другі дзень, пасля таго як на дывізійным вечары, ва ўрачыстай абстаноўцы быў зачытаны загад аб прысваенні нашаму палку назвы «Барысаўскі», мы і напісалі жыхарам горада ліст з заклікам працаваць гэтак жа самааддана, як нашы лётчыцы ваявалі за вызваленне гэтага горада. 18 ліпеня 1944 года наш полк здзяйсняў пералёт з Каменкі (адтуль мы ляцелі на вызваленне Барысава) на аэрадром Сітцэ-Вельск. Пралятаючы над Барысавам, я знізілася да 400 метраў і штурмам скінула вымпел».

У маі 1940 года яна скончыла Херсонскую школу лётчыкаў Асаавіяхіма. У войску з чэрвеня 1941 года. За два месяцы баявых дзеянняў налятала 150 гадзін на самалёце У-2. У снежні 1941-га адкамандзіравана ў распараджэнне Героя Савецкага Саюза Раскавай. Са студзеня 1943 года па май 1945 года — камандзір звяна і намеснік камандзіра авіяэскадрыллі. 23 лютага 1945-га гвардыі капітану Долінай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Да 1949 года прадаўжала службу. Жыла ў Рызе, з 1983-га — у Кіеве. Памерла ў сакавіку 2010-га.

Кожная жанчына, пра якую можна даведацца на выставе, годная асобнага расповеду. Мішэль Кафо, палкоўнік легендарнага авіяпалка «Нармандыя — Нёман», пісаў: «Калі б сабраць кветкі ўсяго свету і пакласці іх да ног рускіх лётчыц, то і гэтым мы не змаглі б выказаць сваё захапленне імі».

Выстава будзе працаваць да жніўня.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Жанчыны, неба, вайна...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».