Вы тут

Памяці Льва Коласава


У апошні час імя гэтага чалавека ўсё радзей згадвалася ў друку, у розных медыйных рэсурсах. Хаця ўклад ганаровага філатэліста Беларускага Саюза філатэлістаў у арганізацыю практычнай філатэлістычнай працы, у айчыннае краязнаўства, у гісторыю паштовай справы проста неверагодна вялікі. Нараджэннем з 1932 года, ён, Леў Коласаў, многія дзесяцігоддзі збіраючы паштовыя маркі, знакі паштовай аплаты, надзвычай шмат сіл, старанняў аддаваў прапагандзе менавіта беларускай філатэліі. Пра беларускую пошту, напрыклад, пра легендарныя «слуцкія маркі», пра канверы, штэмпелі, паштовую сувязь былі дзесяткі, калі не сотні яго публікацый. І вось напрыканцы красавіка (дакладней — 24 красавіка 2021 года) гэтага высакароднага, сціплага чалавека не стала.


А яшчэ зусім нядаўна пра супрацоўніцтва з ім як з аўтарам расказвала ў адным з сваіх інтэрв’ю галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Алена Мальчэўская, анансіруючы новыя публіцыі літаратурна-мастацкага часопіса, расказваючы пра тое, што было толькі-толькі надрукавана: «... я і сама вельмі парадавалася гэтай публікацыі... Маю на ўвазе ўспаміны нашага выбітнага беларускага філатэліста Льа Коласава. У дзяцінстве ён перажыў фашысцкую акупацыю ў Лунінцы. А за некалькі дзён да вызвалення горада яго сям’ю вывезлі ў працоўны лагер у Германію. Успаміны называюцца „прынясі малаток!“ і распавядаюць пра побыт у тым працоўным лагеры, аднаўляючы яшчэ адну старонку памяці пра вайну. Чытаць надзвычай цікава, бо ў аўтара ўнікальнае светабачанне. Ён фіксуе шмат дэталяў, і чытач можа ў падрабязнасцях усё ўявіць: чым украінскія дзяўчаты ўпрыгожвалі сваё жыллё ў нямецкім палоне, як сам аўтар, хлопчык, быў пакараны за маркі, як працаваў афіцыянтам за недаедзеную ежу, каб выжыць».

І ў апошнія дзесяцігоддзі Леў Коласаў сябраваў з Лунінецкім краем. Ліставаўся з журналісткай Таццянай Канапацкай, шмат спрыяў нараджэнню розных лунінецкіх ініцыятыў.

З сястрой Вольгай. Ленінград, 1957.

Добра было б у знак памяці для легендарнага чалавека беларускай культуры, збіральніка памятак пра Беларусь і повязь нашай Айчыны з усім светам выдаць хаця б невялікую кніжачку мемарыяльнага характара. І з тэкстамі пра самога Льва Коласава і з і, несумненна, з яго ўласнымі арыткуламі, раскіданымі па розных перыядычных выданнях. Агульнымі шчырымі намаганнямі зрабіць гэта не так ужо і цяжка. А памяць пра філатэліста і краязнаўцу застанецца яшчэ на доўгія гады.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.