Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Прапануем вам агляд нашых выданняў, красавіцкіх нумароў часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман».


«…З бурай сябруе ды ўдалеч ляціць»

Красавіцкае «Полымя» адкрываецца лірыкай Навума Гальпяровіча. Вершы з яго падборкі «Сцяжынкі літар» выкананы ў традыцыйнай манеры, аўтар застаецца верным ранейшай тэматыцы: любоў да Радзімы, пачуццё гонару за слаўную і ў той жа час трагічную гісторыю Полаччыны, асэнсаванне сябе на неспасцігальнай дарозе жыцця, перад шматгранным абліччам свету. Экзістэнцыя ўласнай творчасці, выказаная ў адным з вершаў, — тое, што найбольш кранае:

Хоць б’ецца ў пошуку душа

І словы новыя гукае,

Кахання традыцыйны шал

Істоту раптам напаўняе,

І традыцыйна над зямлёй

Плывуць павольныя аблокі —

І традыцыйны позірк мой

У свет прыгожы і высокі.

Лёгка і ненавязліва гучаць вершы Зміцера Арцюха (нізка «Сонца носіць тваё імя»), у якіх лірычны герой перажывае душэўнае ўзрушэнне, што прымае за каханне. Паглыбіўшыся ў тэксты, чытач не можа адназначна адказаць для сябе: у чым для героя розніца паміж каханнем і прагай моцнага пачуцця? А можа быць, шлях паэта якраз у тым і палягае, каб прагнуць таго, што не можа быць задаволена, але затое адкрыць новае ў сваёй асобе па дарозе да здзяйснення? У такім разе паэт і яго герой якраз набліжаюцца да шчасця — не шчасця яднання з аб’ектам закаханасці, але знаходкі свайго «я»:

Я гараскоп спалю.

Полымя яго мяне сагрэе.

Усё адно кахаю.

Усё адно люблю.

У сэрцы ўсё адно жыве

                              надзея.

З падборкі перакладных вершаў «След радком кладзецца (Сугучча паэтаў і перакладчыкаў Беларусі)» найперш кранаюць дакладнасцю карцінкі і яркасцю вобраза творы Таццяны Дашкевіч і Валерыя Казакова, пераствораныя па-беларуску Міколам Шабовічам і Віктарам Шніпам адпаведна. Вартая ўвагі і паэзія Рамана Айзенштата, Віктара Куца, Аляксандра Марозава і Лізаветы Палеес у перастварэнні Генадзя Аўласенкі, Андрэя Цяўлоўскага і Міколы Шабовіча.

Як падарунак для чытачоў — публікацыя ў рубрыцы «Галасы свету» вершаў Шарля Бадлера са зборніка «Кветкі зла», аб’яднаных пад назвай «Шкляная турма». Асабліва ўражвае вобраз альбатроса з першага твора:

Вось на палубу злая рука выкідае

Альбатроса, блакіту што быў каралём.

Як нязграбна і жаласна ён выглядае

І не можа цяпер нават рушыць крылом!

Сам аўтар пад гэтым вобразам разумеў паэта, які жыве ў высокіх сферах і натхняецца іх музыкай, недасяжнай большасці:

Так Паэта падобны да

                прынца вышыняў.

Які з бурай сябруе

              ды ўдалеч ляціць;

На зямлі ж ён выгнаннік

     між крыкаў ды кпінаў,

Бо з вялізнымі крыламі

                     цяжка хадзіць.

Насамрэч вобраз Альбатроса бачыцца значна шырэйшым — у ім увасоблена ўсялякае непадабенства, якое вылучае чалавека з натоўпу. Перастварыў вершы з французскай мовы на родную Андрэй Касцюкевіч.

Парадавала і проза пад вокладкай часопіса. Тры апавяданні Генадзя Дароніна, аб’яднаныя пад назвай «Трылогія», лучыць асоба галоўнага героя, непрыстасаванага да жыцця, непрызнанага паэта Іванова. Першы з расповедаў — «Тайна» — выглядае як бытаапісальніцтва непрывабнага боку існавання ў тыповым інтэрнаце савецкіх часоў з усімі яго атрыбутамі: скандаламі, размовамі пад гарэлку і «шматпавярховымі» любоўнымі гісторыямі. Але гэта толькі завязка. Самае цікавае пачынаецца потым: пошукі Шамбалы, звівы ў прасторы і часе, альтэрнатыўная рэальнасць. Апавяданні напісаны адметнай мовай, калі кожнае слова ўзмацняе адчуванне карцінкі, а тонкі аўтарскі гумар з прысмакам сюррэалізму ілюструе беларускую народную прымаўку: не пацешышся — дык павесішся: «Ён даўно не любіў гэты горад — з той жа сілай, што раней любіў. Ён ненавідзеў напятыя струны тралейбусных правадоў — яны падаваліся дротам, уздоўж якога бегаюць на ланцугу сабакі і людзі. <…> Ён не любіў паштамты і тэлеграфы — там было больш хлусні, чым у газетах, а ў тэлефонных будках віселі чорныя цяжкія трубкі, якія імкнуліся ўчапіцца пластмасавымі зубамі прама ў сэрца…»

Друкуецца ў нумары і заканчэнне аповесці Юры Несцярэнкі «А дзе Джагер?»

Змястоўныя публікацыі ў рубрыках «Постаці» (Яніна Кісялёва ў артыкуле «Жыццё, аддадзенае навуцы» распавядае пра Генадзя Кісялёва), «Крытыка і літаратуразнаўства» (Ганна Кісліцына ў артыкуле «Жанр кверэндаў у кнігах Генадзя Кісялёва» аналізуе асаблівасці эсэ даследчыка мінулага), «Спадчына» (матэрыял Язэпа Янушкевіча «“Ніводная кніга не дапамагла мне так, як «Сейбіт вечнага»”, або Сяброўства вялікіх: Уладзімір Караткевіч і Генадзь Кісялёў» пабудаваны на архіўных звестках).

Тадора ШПІЛЬКА


Залаты прынцып

Новы нумар «Нёмана» пачынаецца нізкай вершаў Міхася Башлакова «Далёкія і блізкія агні». Ключавы ў ёй першы пад назвай «За годам год праходзяць міма…» — рэфлексія, уласцівая кожнаму творцу: «Что ни скажу — с собою спорю, // Что ни найду — опять пустое… // Летаю, как пчела по полю, // Ищу я слово золотое…» Лірычны герой, знаходзячыся ў вечных пошуках, высочвае «слова залатое» і ў сне, і наяве — сумнення ва ўвасабленні мары не можа быць. Але ж абстрактныя роздумы бачацца самаперакананнем творцы-працаўніка ў значнасці і цярністасці абранага шляху. Найцікавейшы твор паэтычнай падборкі Міхася Башлакова, поўнай смутку і настальгіі, — «Быццам сэрца ў грудзях абарвалася»: вобраз вольнага каня, які мчыцца па туманах і росах, няхай і дастаткова распаўсюджаны, але выкарыстаны трапна, і яго блізкасць лірычнаму герою цалкам мэтазгодная. Пераклад вершаў з беларускай мовы зрабіў Уладзімір Сарочкін.

Паэзія Мікалая Балдоўскага (падборка «Трын-трава») таксама поўная неадольнай тугі па былым, імкнення вярнуцца да сваіх вытокаў. «Снова ранит меня, // укоряя, деревня, // зарастая в безлюдье // глухой трын-травой, // где тревожно шумят // вековые деревья, // умиляя мой слух // среброзвонной листвой», — піша аўтар. Ён не звяртаецца нават да сябе — з пытаннем ці спробай пошуку выйсця, а проста канстатуе факт і фіксуе тое ці іншае адчуванне. Сярод іх — пачуццё віны, якое справядліва ўзнікае ў тых, хто пакінуў родную вёску, асуджаючы яе на запусценне.

Дапаўняюць паэтычную частку «Нёмана» вершы Іераманаха Закхея (Дзмітрыя Вежнаўца). Два творы пад агульнай назвай «Ісціны Заранак»  друкуюцца ў часопісе да светлага свята Пасхі.

Чарнобыльскай трагедыі прысвяціла некалькі вершаў Іна Фралова. Так, у падборцы «Об(речь)лученная весна» (назву складана перакласці на беларускую мову) гучаць матывы жалобы, беспаваротнасці, здаецца, далёкага здарэння… Аднак аўтар не ўспрымае падзею адцягнена ці занадта канкрэтна, а прытрымліваецца прынцыпу «залатой сярэдзіны», выкарыстоўваючы знаёмыя вобразы (бальнічны халат, рыжы лес, асірацелая хата і інш.) і выказваючы, — што важна, не ў лоб, — асабістае, набалелае — як быццам гэта здарылася ўчора: «Теперь понимаю листья, // охваченные желтой лихорадкой: // хотят // умереть // молодыми».

У празаічнай частцы нумара прадстаўлена «філасофская рэфлексія» пад назвай «Выкрадальнікі слыху». Аўтар Андрэй Кароль пачынае наступным чынам: «Ці задаваўся хто-небудзь з нас пытаннем, колькі на працягу дня нас не чуюць?» Адказ на яго дадзены ў творы, у аснове якога — сон, а канкрэтна — дыялог героя з каменем. У канцэпцыю ўплецена шмат: дзяленне свету на прыродны і рукатворны, страта магчымасці дыялогу з наваколлем, вечная прага задавальненняў і ўцех… Выйсце з сітуацыі невядомым персанажам у выніку знойдзена, ды ідэя выглядае зразумела і незацягана. Аднак падаецца, што для такой важнай тэмы і некалькіх не меней значных падтэм
6 старонак малавата, бо такім чынам гутарка з чытачом атрымліваецца даволі схематычная. Ды аўтар і не дазваляе чытачу разважаць: ён агучвае пытанні і прапануе гатовыя адказы.

Друкуецца пачатак рамана «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» (трэцяя кніга пра авантуры шляхцюка) Людмілы Рублеўскай у перакладзе на рускую мову Паўла Ляхновіча. Часопісная частка ў красавіцкім «Нёмане» завяршаецца чацвёртым раздзелам — на моманце, калі герой жадае новых перамог: «Так, бравага драгуна кахаюць… Але чамусьці не князёўны і прынцэсы. Ягоная доля — камерыстка Ганулька, якая, мусіць, і зараз пакорліва мроіць пра недасяжнага пана Вырвіча з русявым чубам, ды бязродная наложніца авантурыста, вандроўнага фокусніка. А амурныя прыгоды павінны дадаваць шляхціцу бляску! <…> Ну чаго не хапае беднаму драгуну, каб скарыць сэрца якой сапраўднай графіні?»

«Вясковыя мініяцюры» — «Кола жыцця» Сяргея Клімковіча — той выпадак, калі і назва, і жанр, і ідэя цалкам адпавядаюць напісанаму. Нястрогія правілы аўтар выканаў: мініяцюры практычна не ўтрымліваюць дзеяння, у іх існуе толькі замалёўка, вобраз. У кожнай Сяргей Клімковіч немудрагеліста стварае тое, на што сёння можа пагадзіцца далёка не кожны пісьменнік, — казачную песню рэальнасці. Тут і 20 старонак замала.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Гукі ўнутры

Красавік у паэтычнай частцы «Маладосці» — як красавік за акном: клімат (ва ўсіх мажлівых прыродна-сацыяльных канатацыях) не надта схіляе да таго, каб высоўваць туды нос. У паветры вісіць штосьці незразумелае, а сутыкацца з гэтым паветрам усё роўна так ці інакш даводзіцца. Таму, заплюшчыўшы вочы, ідзём на стыкоўку.

Настасся Казак у сваіх творах трымаецца даволі нетыповай дзелягукавай лініі. Пабудова вобразаў ва ўсіх творах нагадвае няспынны гукава-асацыятыўны пінг-понг. Часам гэта прыводзіць да някепскіх (хаця і грувасткіх) каламбурчыкаў («Абміні мяне, гэтая чаша!.. //...Прамянём // Памяніце старую мяне»), а ў іншыя моманты хочацца заплюшчыць вочы ад крынжу («Мудрагелістая Гела. // Гелі для душа — // Маё захапленне»). Падаецца, быццам бы тэксты выцягваюцца з падсвядомасці выключна за кошт гэткага падслепаватага інтуітыўныга флоў: нават атрымліваецца, што не выцягваюцца, а фарміруюцца на хаду, у кожным радку захоўваючы патэнцыял накіраваць ход верша ў лагічна-нечаканы бок.

Цікавая асоба — Ігар Кулікоў, цікавая сваімі справамі, эстэтычнымі арыенцірамі і ўласным творчым стылістычным вектарам. У сувязі з такім статусам да маладосцеўскай падборкі варта паставіць важнае пытанне: колькі тут шчырасці, а колькі — эксперыментаў са стылізацыйнымі «прышчэпкамі» (ну і, вядома, калі гаворка ўсё ж аб эксперыменце — то наколькі той паспяховы). Першыя дзве асацыяцыі, якія ўзнікаюць пры чытанні Кулікова, — гэта Алесь Разанаў і эпіка. Першая асацыяцыя ўзнікае ў сувязі з экзістэнцыйна-метафізічным тонам твораў, другая — сваёй рытміка-метрычнай пабудовай адсылае то да гамераўскіх гекзаметраў, то да чагосьці славянска-быліннага. І менавіта гэты дух даўніны, высакародны пыл вякоў на пэўных узроўнях цалкам паспяхова замыльвае вока і нацэджвае поўны стакан сэнсавай пены. Але ёсць нюанс: калі пена сыходзіць (хаця я і не песіміст), стакан застаецца больш чым на палову пусты. Характэрны радок падборкі: «дрыжма дрыжыць ад холаду адсутнасці чарот» — на што ён паказвае? Па-першае, на спалучэнне двух сусветаў, метафізічнага і бытавога. Па-першае з паловай, на дваістую прыроду чытання некаторых вобразаў («холад адсутнасці» ці «адсутнасці чарот»). Па-другое, на тое, якімі банальнымі мастацкімі сродкамі карыстаецца аўтар, каб дадаць вершу знешняй глыбіні. З аднаго боку, усё можна спісаць на тое, што гэта аўтарская задума: паставіць абсалютна трывіяльнага лірычнага героя са спальнага раёна і з такой жа спальнай душой у метафізічныя ўмовы. Але з іншага — ужо на самым «эпічным» па форме вершы, «Прышласць», згадваеш хутчэй някрасаўскія вершаваныя палотнішчы, характэрныя для эпохі, а не вечны гамераўскі слог. Таму як нейкі камерны эксперымент для распрацоўкі гіпатэтычнай больш істотнай задумы падборка Кулікова яшчэ можа счытвацца, але для самастойнага існавання ёй не хапае чагосьці большага за блуканне ў трох разанаўскіх соснах: напрыклад, блукання ў лесе.

Мікіта Варанцоў — тыповы нашчадак прадстаўнікоў сучаснай беларускай паэзіі. Тут — верш пра верш і агульная верлібрычнасць. Там — характэрна-хадановіцкія стэндап-гумарэскі. Але самае цікавае, як заўсёды, пачынаецца на стыку: там, дзе ўплывы сыходзяцца ў самім аўтары. У Мікіты ёсць свой, крыху пампезны і крыху элегічны, інтанацыйны рэгістр, які лепш за ўсё спрацоўвае ва ўмовах лёгкай кніжна-назіральніцкай афарыстыкі, добры прыклад якой — тэкст «Зарок маўчання».

Акрамя гэтага, «Маладосць» працягвае сваю прэзентацыйную стратэгію, у межах якой пэўны аўтар паўстае ў нумары і як творца, і як герой інтэрв’ю. Гэтым разам з прозай і ўнутранай пісьменніцкай кухняй паўстае Сяргей Календа.

Данііл ЛЫСЕНКА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.