Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе расказваем самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Герой тыдня. Параалімпіец Ігар Бокій перамог у першы дзень чэмпіянату Еўропы па параалімпійскім плаванні. Дыстанцыю ў 100 метраў батэрфляем ён пераадолеў за 54,63 секунды і аднавіў новы сусветны рэкорд. «Гэта мая першая гонка сёлета і нядрэнны старт спаборніцтваў для мяне. Ведаю, што сезон будзе цяжкі, і вельмі добра так яго пачынаць», — прыводзіць словы 11-разовага параалімпійскага чэмпіёна прэс-служба Міжнароднага параалімпійскага камітэта.

Медалі тыдня. Ганна Церах выйграла «золата» этапу Кубка нацый па велатрэку ў Ганконгу. Пераможнай для беларускі стала індывідуальная гонка пераследу. У вырашальным заездзе Ганна паказала час у 3 хвіліны 37,364 секунды. Другое месца — у японкі Кі Фуруяму, на трэцім месцы — беларуская спартсменка Іна Савенка.

Акрамя Ганны, залаты медаль на гэтым турніры заваявалі Таццяна Шаракава і Яўген Каралёк у скрэтчы. Яўген Каралёк таксама стаў сярэбраным прызёрам у омніуме. Апошні этап Кубка нацый гэтага сезона пройдзе з 3 да 6 чэрвеня. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Токіа, з 23 да 27 чэрвеня, у Мінску пройдзе чэмпіянат Еўропы па веласпорце.

Поспех тыдня. Беларусы выйгралі пяць медалёў на этапе Кубка свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Венгрыі. Сярэбраныя медалі ў гонках байдарак-двоек на 500 метраў заваявалі Мікіта Борыкоў і Дзмітрый Натынчык, іх вынік — 1 хвіліна 32,47 секунды. «Серабро» ў стартах каноэ-адзіночак на дыстанцыі 500 метраў выйграў Максім Пятроў — 1 хвіліна, 53,25 секунды. У гонках каноэ-адзіночак на дыстанцыі 5000 метраў сярэбраным прызёрам стала Вольга Клімава з вынікам 25 хвілін 49,31 секунды. Марына Літвінчук, Надзея Папок, Вольга Худзенка і Іна Саўчук — сярэбраныя прызёры стартаў байдарак-чацвёрак на 500 метраў. Дзяўчаты паказалі вынік у 1 хвіліну 38,37 секунды.

Бронзавыя медалі ў беларускую скарбонку паклалі Мікіта Борыкаў, Дзмітрый Натынчык, Уладзіслаў Літвінаў і Аляксей Місючэнка.

Ліцэнзія тыдня. Таццяна Клімовіч заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа на алімпійскай кваліфікацыйнай рэгаце па акадэмічным веславанні ў Люцэрне (Швейцарыя). Спартсменка з Добруша вызначылася ў гонках жаночых адзіночак, заняўшы там другое месца.

Дуэт тыдня. Пяціборцы Вольга Сілкіна і Ілья Палазкоў выйгралі «серабро» фіналу Кубка свету ў каманднай змешанай эстафеце. Вынік беларускага дуэта — 1443 балы. Апярэдзіць беларусаў змаглі толькі нямецкія спартсменкі, якія набралі 1447 балаў.

Гульня тыдня. Нацыянальныя зборныя па валейболе правялі вырашальныя гульні для адбору на чэмпіянат Еўропы 2021. Мужчынская нацыянальная зборная забяспечыла сабе другое месца ў групе G. У заключным матчы адбору на кантынентальнае першынство яны абыгралі каманду Нарвегіі з вынікам 3:0 (25:19, 25:15, 25:10). Самым выніковым іграком у беларусаў стаў Уладзіслаў Бабкевіч: у яго актыве 11 балаў.

Жаночая валейбольная зборная без паражэнняў завяршыла адбор да чэмпіянату Еўропы 2021. У заключным матчы групавога турніру беларуская каманда перамагла саперніц са Швейцарыі. Вынік сустрэчы — 3:0 (25:20, 25:12, 25:19). Выніковае размяшчэнне каманд у группе А наступнае: Беларусь — 4 выйгрышы, 12 балаў, Швейцарыя — 2 (5), Эстонія — 0 (1).

Каманда тыдня. Жаночая зборная Беларусі выйграла «бронзу» на камандным чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай хадзьбе ў Чэхіі. Надзея Даражук, Настасся Родзькіна і Настасся Яцэвіч выйгралі бронзавыя медалі на дыстанцыі 35 кіламетраў. Камандная барацьба вялася з улікам вынікаў трох спартсменак у асабістым заліку. У выніку Надзея Даражук заняла пятае месца з асабістым рэкордам 2 гадзіны, 52 хвіліны 59 секунд, Настасся Родзькіна прыйшла да фінішу праз 2 гадзіны 55 хвілін 7 секунд, Настасся Яцэвіч стала дванаццатай з вынікам 2 гадзіны 58 хвілін 1 секунда. Такія вынікі прынеслі беларускам 23 балы.

Адкрыццё тыдня. Беларускія сінхраністкі выступілі на чэмпіянаце Еўропы па водных відах. Вера Буцэль, Маргарыта Кірылюк, Яна Кудзіна, Ксенія Куляшова, Настасся Навасёлава, Валерыя Пузь, Настасся Сувалава, Ксенія Трацэўская і Аляксандра Высоцкая заваявалі «серабро» ў дысцыпліне «хайлайт». Выступленне беларускай каманды суддзі ацанілі на 86,5667 бала. Дзяўчаты сталі бронзавымі прызёрамі і ў камбінацыі (адвольная праграма).

Васіліна Хандошка стала бронзавым прызёрам сярод салістак у тэхнічнай праграме. У адвольнай праграме беларуская спартсменка заняла чацвёртае месца. У камандным заліку беларуская зборная заняла пятае месца.

Цытата тыдня. «Беларуская каманда ў цэлым сур'ёзна дадала ў выніках, пра што сведчаць тыя вынікі, якія мы ўсе цудоўна ведаем. Гэта перамогі Дзінары Алімбекавой і Ганны Солы. Вельмі ўдала выступілі эстафеты. Дамагліся прыкметнага паляпшэння вынікаў прадстаўнікі мужчынскай каманды. Відавочна, што біятлон у нас прагрэсіруе і даказаў сваё месца аднаго з вядучых відаў спорту ў Беларусі», — сказаў Віктар Лукашэнка, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, на сустрэчы з нацыянальнай зборнай па біятлоне. Разам з кіраўніком НАК біятланісты падвялі вынікі мінулага сезона і паставілі планы і задачы на наступны алімпійскі сезон.

Лічба тыдня. 11 медалёў выйгралі беларусы на Кубку Еўропы па кіданнях, які прайшоў у Харватыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?