Вы тут

Беларусі-партызанкі сын…


Артыст па прафесіі, пісьменнік па прызванні, грамадзянін-патрыёт Міхаіл Хонінаў яшчэ пры жыцці заслужана стаў героем дакументальных (нарысы Д. Кугульцінава «Яго звалі Міхаілам Чорным» (1957) і П. Брайко «Нашчадак Хангора» (1969), аповесці А. Дзямідава «У атаку ўздымаўся першым» (1967) і А. Дугінца «Іскры пад попелам» (1970)), а таксама мастацкіх твораў (паэмы У. Міханоўскага «Балада пра Гарбаты мост» (1969) і М. Палівіна «Міша Чорны» (1990)).


Міхаіл Хонінаў. Мінск, 1978 г.

Юнацтва і Вялікая Айчынная вайна

Беларуская старонка жыцця сына калмыцкага народа Міхаіла Хонінава была адкрыта ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі ён, вырваўшыся са Смаленскага акружэння ўлетку 1941 года, стаў адным з арганізатараў партызанскага руху ў Мінскай і Магілёўскай абласцях. Адужэўшы пасля кантузіі, паэт адправіўся ў лясы Беларусі, дзе стаў збіраць байцоў, якія апынуліся ў такім жа становішчы, як і ён, і мясцовых жыхароў, якія не жадалі жыць пад уладай захопнікаў.

Са студзеня па май 1942 года М. Хонінаў, вядомы паплечнікам і ворагам пад імем Міхаіла Чорнага, вёў падпольную партызанскую дзейнасць у вёсцы Месціна Бярэзінскага раёна, з мая па ліпень 1942 займаў пасаду начальніка штаба партызанскага атрада пад кіраўніцтвам Івана Старадубцава, са жніўня 1942 да сакавіка 1943-га — камандзір дыверсійнага ўзвода 208-га партызанскага атрада імя Сталіна Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы Магілёўскай вобласці, з красавіка 1943 да ліпеня 1944-га — камандзір асобна дзеючай роты 15-га партызанскага палка Магілёўскага партызанскага злучэння. З ліпеня 1944-га удзельнічаў у вызваленні Мінска, затым Навагрудка, Ваўкавыска, фарсіраваў Нёман. Не баючыся смерці, артыст і паэт Міша Хонінаў адважна змагаўся ў самых складаных баявых аперацыях, праяўляў гераізм і мужнасць у асабістым адзінаборстве з ворагам: ці гэта разгром паліцэйскага атрада ў Востраве або валасной управы ў Сялібе, ці налёты на Пагост і Свенск, ці ўзрыў моста праз Свіслач пад моцным агнём праціўніка, ці захоп «языка».

Як вядома, у страху вочы вялікія. «Дзікай дывізіяй» называлі гітлераўцы і паліцаі роту Мішы Чорнага, якая раскалаціла фашысцкі гарнізон у Коўбчы і ўзняла партызанскі сцяг над узятай вёскай, трывала асядлала дарогу Магілёў — Доўск і на некалькі сутак паралізавала ўсялякі рух па ёй. «Дзікая дывізія» 17 сутак трымалася ў вогненным кальцы ў хачынскім лесе, адбіваючы па дзесяць атак у дзень, а потым раптам знікла, быццам растварылася ў лясных гушчарах. Таксама раптам яна з’явілася зноў, паспяхова арудуючы ўжо ў міжрэччы Дняпра і Сожа.

З аўтабіяграфіі М. Хонінава: «Выхад з акружэння дазволіў мне арганізаваць партызанскі атрад, у якім я дзейнічаў 1080 дзён і начэй спачатку на Смаленшчыне (дарэчы сказаць, сувязным у ім быў юны Міша Ягораў, той самы, які праз некалькі гадоў узняў сцяг Перамогі над рэйхстагам), потым у Беларусі. На Смаленшчыне мяне клікалі Мішкам-Калмыком, у Беларусі — Мішкам Чорным, у Калмыкіі — Міхаілам Хонінавым.

На баявым рахунку маю больш за 300 фашыстаў, забітых і параненых. Пусціў пад адхон два варожыя эшалоны з жывой сілай і тэхнікай у раёне станцыі Тошчыца Быхаўскага раёна, падарваў каля 50 аўтамашын. Акрамя таго, разам са сваімі партызанамі разграміў шмат цягнікоў, машын, мостаў, гарнізонаў».

Беларуская сялянка Праскоўя Андрэеўна Віліткевіч з вёскі Месціна Бярэзінскага раёна, што прытуліла і выхадзіла параненага малодшага лейтэнанта, стала другой маці для калмыка (пазней паэт прысвяціў ёй адзін са сваіх лепшых вершаў «Маці з Бярэзіны»), а Беларусь — другой радзімай, якую ён апеў у паэзіі і прозе: «Няхай жыве мая маці-Беларусь!»

Тэма ваеннай і пасляваеннай Беларусі чырвонай ніткай прайшла праз усю творчасць паэта-партызана. У яго вершах запамінаецца ўсё: і мокры снег, змешаны з дажджом, і нізкая хмара, падраная галінамі дрэў, і маўклівыя байцы, што крочаць чарадой, як слупы ў полі, і зноў прыфрантавыя аблокі, прабітыя зеніткамі наскрозь, і варонкі з разяўленымі ратамі, як у птушак, якія просяць вады, і пясок, які асядае пасля выбухаў і хрумсціць на зубах, як жыта паміж жорнамі, і жудасныя хвіліны артабстрэлу, калі сэрца гатова вось-вось выскачыць з грудзей, і адчуванне салдацкага адзінства і кроўнай дружбы, знаёмае людзям, якія разам рызыкуюць жыццём, і гэтыя сказаныя на адным дыханні словы:

И коль наступит смерти час,

Последней станет эта стычка,

Две матери помянут нас:

Мать-Беларусь и мать-калмычка.

У знак прызнання заслуг перад Беларуссю сын калмыцкага народа М. В. Хонінаў быў адзначаны званнямі ганаровага калгасніка калгаса «Савецкая Беларусь» Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці (1969), ганаровага грамадзяніна г. Беразіно Мінскай вобласці (1975), яго імем названы вуліцы ў г. Беразіно і г. Клічаве.

Сустрэчы на Магілёўшчыне. М. Хонінаў і А. Пысін.

Калі ратуе прырода

У цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны Магілёўшчына стала для Міхаіла Хонінава роднай, і з таго часу паэт быў прапісаны ў ёй сваёй гераічнай біяграфіяй, актыўнай літаратурнай і грамадскай дзейнасцю, сыноўскай любоўю. Пабываць у Беларусі і ўбачыцца са сваімі сябрамі-аднапалчанамі было запаветнай марай паэта. Упершыню яна ажыццявілася толькі ў 1957 годзе, калі лейтэнант запасу Хонінаў па запрашэнні Вярхоўнага Савета БССР наведаў Мінск. Адбылося гэта пасля сібірскай ссылкі, якую паэт 13 гадоў адбываў разам са сваім калмыцкім народам у сувязі са сталінскімі рэпрэсіямі. Па гэтай жа прычыне не быў уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза, да якога прадстаўлялі ў свой час двойчы.

Адну з першых паездак па баявых месцах на Магілёўшчыну М. Хонінаў здзейсніць у 1961 годзе. З тых часоў стане яе частым госцем і не раз праедзе партызанскімі сцежкамі. Неаднойчы наведае Клічаў, дзе ў лютым 1944 года Клічаўскі падпольны райкам партыі прымаў яго ў члены Камуністычнай партыі (пазней ён напіша пра яго дзейнасць паэму «Мой райкам»); вёску Коўбча, недалёка ад якой прыняў першае баявое хрышчэнне — патапіў варожы буксірны параход са зброяй і боепрыпасамі на рацэ Бярэзіне; Усакінскія лясы ці Цераболь — самыя вялікія лясы ў Магілёўскай вобласці, якія ўвайшлі ў гісторыю партызанскай барацьбы як сталіца, як крэпасць, якую фашысты так і не знішчылі, а партызаны звалі «наша Ялта», бо тут знаходзіліся базы ўсіх атрадаў вобласці і шпіталі, дзе лячыліся параненыя...

Міхаіл Хонінаў распавядаў пра тое, што ад дакладнай смерці яго двойчы ратавала сама прырода. Першы раз — у маленстве, калі яму было два месяцы ад роду, падчас перагонкі жывёлы. Забыўшыся ў дрымоце, стомленая маці не заўважыла, як дзіця выслізнула з уюка. Увесь караван прайшоў па тым месцы, дзе ляжаў малы, і ні адзін вярблюд не наступіў на яго. На досвітку яго знайшлі ціхамірна спячым ў густой траве ля стэпавага лімана. Другі раз смерць абышла яго на Смаленшчыне, калі камузвода павінен быў са сваім кулямётам прыкрываць байцоў, якія выходзілі з акружэння. Гарачая выбухная хваля адкінула яго ў акоп, а скошаная тым жа выбухам бяроза павалілася зверху. Так робяць людзі, і то толькі самыя смелыя: паміраючы, яна прыкрыла яго сваім ствалом і галінамі. І калі гусеніцы нямецкага танка прайшлі па смаленскай бярозе, пад ёй ляжаў кантужаны, але жывы Хонінаў. Пасля гэтага можна было стаць прымхлівым, але ён толькі ўсміхаўся і паўтараў: «Пашанцавала, зноў пашанцавала».

Сувязь з Беларуссю М. Хонінаў падтрымліваў да апошніх дзён, часта прыязджаў у творчыя камандзіроўкі. Дзякуючы гэтым паездкам ён больш не расстанецца з баявымі пабрацімамі і беларускімі сябрамі-калегамі, умацоўваючы братэрства народаў ужо пяром паэта, празаіка, перакладчыка. П. Броўку ён лічыў сваім хросным бацькам, бо той пісаў прадмовы да яго кніг на рускай і беларускай мовах. Сябраваў з М. Танкам, В. Быкавым, І. Шамякіным, Р. Барадуліным, А. Грачанікавым, А. Бялевічам, магілёўскімі літаратарамі П. Шасцерыковым,
М. Ткачовым...

Увекавечанне памяці

У Музейным пакоі гісторыі кнігі, які дзейнічае пры Магілёўскай абласной бібліятэцы, адна з выставачных экспазіцый прысвечана жыццю і творчасці магілёўскага паэта і журналіста Аляксея Пысіна, з якім Міхаіла Хонінава звязвалі сяброўскія і творчыя адносіны. Два паэты-франтавікі, творчасць абодвух цесна звязана з народнай паэзіяй, абодва пісалі пра сваю малую радзіму, пра добрыя традыцыі сваіх народаў, яго мірнае жыццё і гераічную барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. І сышлі яны адзін за адным: Пысін у жніўні, а Хонінаў, які вельмі балюча ўспрыняў вестку пра смерць таварыша, — у верасні 1981 года.

...Я гляджу на даўняе курганне,

На траву, на рыжых мурашоў.

Ведайце: калі мяне не стане —

Я ў сваю дывізію пайшоў.

(А. Пысін «Палім мы маршанскую махорку ...», 1966)

Когда уйду, закончив жизни срок,

вы, дети, знайте: я не одинок.

Я не в земле останусь почивать —

весной тюльпаном к солнцу мне вставать…

(М. Хонінаў «Стану чырвоным цюльпанам», 1973)

Асобнае месца ў экспазіцыі адведзена гэтаму сяброўству. Як журналіст А. Пысін прысвяціў свайму калмыцкаму сябру некалькі артыкулаў у абласной газеце «Магілёўская праўда»: «Незабыўныя сцежкі» (1978) і «Домры спеў шматструнны...» (1979, да 60-годдзя М. Хонінава), а таксама артыкул «Тут яго юнацтва ў бой хадзіла...» («Літаратура і мастацтва», 1979).

Вельмі ганарыўся М. Хонінаў двума зборнікамі сваіх твораў, якія выйшлі ў Мінску ў перакладзе на беларускую мову. Але калі «Хвоі і цюльпаны» (1970) перакладалі дзясятак яго беларускіх сяброў-паэтаў, то «Жураўлі над стэпам» (1977) — толькі Аляксей Пысін. Значная частка вершаў у гэтай кнізе прысвечана Беларусі і Магілёўшчыне: «Клічаў», «Трэцяе ліпеня», «Бой на пераправе», «***Бывае, раны зноў заныюць...», «Кулямётчык Мутул», «Лес», «Ганаровае званне», «***Гляджу на слупы, што пакрочылі полем...» і інш. Між тым у асабістай бібліятэцы А. Пысіна, перададзенай сям’ёй паэта ў дар бібліятэцы, ёсць чатыры кнігі калмыцкага паэта з аўтографамі.

З 1974 года беларускі творца ўзначальваў Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, і, калі Міхаіл Хонінаў прыязджаў у Магілёў, яны заўсёды сустракаліся. Маецца некалькі фатаграфій, дзе паэты разам, напрыклад, падчас прысваення М. Хонінаву звання ганаровага грамадзяніна г. Беразіно ў 1975 годзе. Адзін са здымкаў быў зроблены ў верасні 1978 года на літаратурным вечары, прысвечаным творчасці М. Хонінава, які адбыўся ў Магілёўскай абласной бібліятэцы.

У 2012 годзе экспазіцыю папоўнілі дзве кнігі, дасланыя бібліятэцы ў дар дачкой калмыцкага паэта Рымай Ханінавай (калмыцкая паэтэса, перакладчыца, драматург, журналіст) пра бацьку: «Іншага лёсу не трэба...» пра жыццё і творчасць Міхаіла Хонінава (2005) і сумесны зборнік твораў бацькі і дачкі «Стану чырвоным цюльпанам» (2010).

Народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка прадмову да першай мінскай кнігі перакладаў паэзіі Міхаіла Хонінава па праве назваў «Беларусі-партызанкі сын». Любоў і шанаванне, вернасць і адданасць — вось што характарызуе адносіны сына-калмыка да маці-беларускі да канца яго жыцця. Надпіс «Міша Чорны» на яго надмагільным помніку ў Элісце падкрэслівае гэтую бесперапынную і непарыўную сувязь.

Юлія КАСЦЮК, галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу Магілёўскай абласной бібліятэкі

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.