Вы тут

Уладзімір Радзівілаў: Сваю ролю трэба выконваць на 100 працэнтаў — і нават больш!


Гумарыст, парадыст, канферансье, спявак, акцёр — сёння імя Уладзіміра Радзівілава не патрабуе каментарыяў. Нядаўна заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь споўнілася 60 гадоў. Між тым майстар пародыі і гумару, рэжысёр і выканаўца папулярных канцэртных праграм адсвяткаваў 35-годдзе творчай дзейнасці ў роднай Белдзяржфілармоніі, дзе сабраў сяброў і прыхільнікаў на творчы вечар. Успамінамі і поглядам на зробленае Уладзімір Генадзевіч падзяліўся з карэспандэнтам «ЛіМа».


— 35 гадоў на сцэне! Не магу не спытаць пра найбольш удалы перыяд: што ўспамінаеце часцей?

— Я выступаю нават больш. Проста вырашылі канцэртнай праграмай «Сапраўдны артыст» адзначыць мой юбілей, 35 гадоў творчай дзейнасці і 26 гадоў з таго моманту, як я стаў галоўным Дзедам Марозам. Вельмі часта ўспамінаю гастролі. Некалі існаваў калектыў Святланы Кульпы, я вельмі шмат выступаў разам з ім. Зараз гастролямі называюць нават два дні паездкі, мы ж вандравалі і па тры месяцы — гэта было падарожжа на Далёкі Усход. Тады я быў вядучым канцэртнай праграмы Тэатра песні і моды, Леанід Кошалеў з ансамбля «Верасы» — салістам. Ездзіў з намі і дырэктар Яўген Яршоў, а яшчэ — 45 мадэлей з Дома мод, якія дэманстравалі беларускае адзенне. Тады я быў малады, імкнууўся адпавядаць канцэпцыі і зрабіў хімічную завіўку. Былі ў мяне і шыкоўныя вусы (смяецца). За гэтыя месяцы мы сталі вялікай дружнай сям’ёй. Калі надышоў час расставання, дзяўчаты нават плакалі.

— А пачыналася ўсё з ансамбля «Імпульс» яшчэ падчас службы ў арміі… Якія творы тады выконвалі?

— Тады мы вельмі любілі спяваць  песні беларускіх выканаўцаў, арганізоўвалі танцы, і ўсё новае, што было на эстрадзе, запісвалі ў клубе на плёнку, пераглядалі і здымалі копію — спявалі і ігралі. Гэта былі залатыя часы майго жыцця. Шкада, што многія не зразумеюць і не зведаюць такога шчасця — службы ў арміі. Гэта і падтрымка калег, і цесныя таварыскія сувязі, і выхаванне — армія многаму вучыць, хоць і шмат патрабуе. Я рады, што ў Беларусі прыняты закон, згодна з якім тым, хто адслужыў, будуць даваць нейкія льготы, каб хлопцам было лягчэй паступіць у ВНУ.

— Як чалавек, які скончыў тры навучальныя ўстановы, у тым ліку Усерасійскую творчую майстэрню эстраднага мастацтва ў Маскве, вы, відаць, лічыце неабходным пастаянна ўдасканальваць навыкі.  Многія сёння ўпэўнены, што дастаткова самаадукацыі.

— Гэта вельмі складаная прафесія, такая ж, як канферансье, які першы выходзіць на сцэну, сыходзіць з яе апошнім і дзякуючы якому любы артыст выступае з натхненнем… А з адукацыяй чалавек расце. Веды, якія я атрымаў, дапамагаюць па жыцці 100 %. Так, ёсць шмат тых жа выканаўцаў, якія не маюць вакальнай адукацыі, але ім гэта не перашкаджае быць прафесійнымі артыстамі.

— А чаму назва юбілейнай праграмы «Сапрыўдны артыст»?

— Сапраўдны, таму што і пародыі раблю, і маналогі (нават парныя), фельетоны чытаю, і песні спяваю… Усё ж кожны завітвае на канцэрт з пэўнай мэтай. Калі артыст шматгранны, народ з задавальненнем прыходзіць да яго. Дарэчы, цэлы год у розных кутках краіны я буду прадстаўляць сваю юбілейную праграму, але ўжо працую і над новымі…

— Ці быў момант, калі стамляліся і хацелі сысці са сцэны, знайсці сябе ў іншай прафесіі?

— Такога не было. Артысты заўсёды стамляюцца, але ж мы гэтага нікому не паказваем, бо павінны выканаць свой абавязак. Мела месца толькі невялікае адступленне: запрасілі ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета ў пастаноўку «Лятучая мыш», дзе я іграў Фроша. Паспеў зняцца і ў серыяле ў ролі міністра культуры… Але дзе б ні быў, галоўнае для мяне — працаваць з любоўю, аддачай. Сваю ролю трэба выконваць на 100 працэнтаў — і нават больш! Напрыклад, у ролі Дзеда Мароза я весялю і дзяцей, і дарослых, але першыя ўсё бачаць, усё ведаюць, усё разумеюць — іх не падманеш.

— Вельмі часта, асабліва ў СМІ, вас прадстаўляюць як галоўнага Дзеда Мароза краіны. Ці не бывае крыўдна за такое прымяншэнне заслуг? Вы ж майстар размоўнага жанру, гумарыст, парадыст… 

— У любога артыста ёсць галоўная, часам няўлоўная, рыса. Як кажуць, іншага Шурыка ўжо не будзе. Так і ў мяне: роля Дзеда Мароза са мной назаўсёды. Каб здзейсніць жаданне дзіцяці, трэба шмат назіраць, многае ведаць, а таксама марыць — у гэтым маё прызначэнне. Я веру, што кожны чалавек народжаны, каб выканаць сваё прызначэнне.

— Як вы зразумелі, што такая роля — менавіта ваша прызначэнне?

— Калі казаць пра ёлкі, то пачынаў я з ката Матроскіна і Карлсана, у перапынку паміж імі ваўком давялося пабегаць, ужо пасля стаў Дзедам Марозам. Але як атрымалася такая доўгая гісторыя менавіта з гэтым зімовым персанажам, сам не разумею. Першыя галоўныя ёлкі краіны прыходзілі ў канцэртнай зале «Мінск», потым праводзіліся ў Беларускім дзяржаўным цырку, і, як толькі пабудавалі Палац Рэспублікі, мы пераехалі туды. Менавіта ў той перыяд пачаліся вялікія навагоднія паказы.

— Дарэчы, чым займаліся летась, калі ў многіх з’явіўся вольны час і трэба было звыкнуцца з пандэміяй?

— Было, вядома, складана. Я вельмі перажываў, таму мы з сям’ёй з’ехалі на нейкі тэрмін на лецішча. Пісаў маналогі, рэпеціраваў… Але без сцэны артысту проста немагчыма. Няма самага неабходнага — абмену энергіяй. Мне вельмі важна бачыць, як людзі смяюцца ці проста ўсміхаюцца, бывае нават, што крыху паплачуць — успамінаюць нешта сваё… Аднак канцэрты даўно аднавіліся, і я акрыяў — з новымі сіламі выходжу на сцэну. Вядома, хвалявала тое, што і ўсіх: каб хутчэй гэта ўсё скончылася і Беларусь уздыхнула на поўныя грудзі. Я заўсёды кажу ў стылі Дзеда Мароза: «Хачу, каб над нашай краінай свяціла зорка дабрыні, любові, шчасця і здароўя».

— Існуе меркаванне, што беларускі глядач даволі сур’ёзны і яго складана рассмяшыць. Ці згодны?

— Гэта няпраўда. У нас вельмі добрая публіка, якая прыходзіць на канцэрты з адкрытай душой, каб убачыць любімага артыста. Але сапраўды, наш глядач адрозніваецца ад гледача-замежніка: ён у большай ступені ацэньвае — ведае, на каго хадзіць і навошта. Заўважыў, што людзі вельмі засумавалі без канцэртаў, асабліва гумарыстычных, і з задавальненнем ходзяць не толькі на выступленні айчынных артыстаў, але і замежных. Аднак я выступаў за мяжой і даўно праверыў: беларускага артыста паўсюль выдатна прымаюць — з вялікай любоўю і цеплынёй.

— Наколькі блізкі вам традыцыйны тэатр?

— Артыст эстраднага жанру павінен быць акцёрам. У гэтым ключы я і вучыўся: скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Мастацтва эстрады». Дарэчы, мой сябар, рэжысёр аднаго з мінскіх тэатраў плануе штосьці напісаць і паставіць, магчыма, паўдзельнічаю ў спектаклі. Для мяне як для творцы, які адбыўся, вельмі цікава трапіць у новую хвалю. Згаджаючыся на ўдзел у аперэце «Лятучая мыш», я ўсё ж сумняваўся. З рэжысёрам-пастаноўшчыкам Міклашам Габарам Керэньі, які, між іншым, размаўляе на ламанай рускай мове, мы здолелі зразумець адзін аднаго. Тэатральнае мастацтва захапляе. З часам думаю зрабіць адно аддзяленне праграмы, прысвечанае пэўнаму тэатральнаму жанру. Але яблык яшчэ спее — хачу параіцца з сябрамі, творцамі, якія пішуць для мяне.

— Якім аўтарам сёння аддаяце перавагу?

— Бясспрэчна, спачатку трэба звярнуцца да аксакалаў. Напрыклад, у Кандрата Крапівы, дарэчы, майго земляка, ёсць шмат цікавых тэкстаў. Некаторыя з твораў можна крышачку пашырыць і прадставіць публіцы. Ужо потым трэба звяртацца да сучаснікаў. Але яны глядзяць на свет са сваёй званіцы. Усё-такі мы, тыя, хто пісаў пры Савецкім Саюзе, старой школы, старой закваскі. А хочацца адчуць новыя павевы. Ідэальна было б сумясціць творчасць і маладых, і масцітых пісьменнікаў-сатырыкаў. Спадзяюся, нешта атрымаецца.

— З кім супрацоўнічаце? Часта вы выкарыстоўваеце творы Васіля Найдзіна…

— Раней ён вельмі шмат пісаў для нашай эстрады, у тым ліку дакладныя і дэталізаваныя маналогі, фельетоны. У яго творах заўсёды ёсць тое, ад чаго можна адштурхнуцца і пра што задумацца. А вось Леанід Ганчароў з Віцебска стварае пародыі. Звычайна яны дабрадушныя і някрыўдныя. Мне вельмі не хочацца зняважыць таго ці іншага артыста, нават наадварот — трэба папулярызаваць гэтую прафесію. Люблю размоўныя і песенныя, дакладныя і добрыя, жартоўныя і, самае галоўнае, пазнавальныя пародыі. Павінна ўзнікаць адчуванне, што я ведаю чалавека шмат гадоў. Між тым нядаўна папрасіў Леаніда Ганчарова напісаць маналог на тэму вёскі, бо ўпэўнены: звычайныя і штодзённыя сюжэтныя лініі, звязаныя з вясковым жыццём, да гэтай пары застаюцца актуальнымі.

— Ці паспяваеце сачыць за літаратурным працэсам?

— Сорамна, але апошнім часам вельмі шмат чытаю ў інтэрнэце — не ведаю, чым мяне гэта прывабіла. Аднак думаю пазбаўляцца гэтай звычкі — няхай і зручна, але не вельмі сур’ёзна — лепей пачытаць газету… Але ў вольны час вельмі люблю чытаць класічныя творы на ваенную тэму, захапляюся фантастыкай. Сярод любімых твораў — «Граф Монтэ-Крыста» Аляксандра Дзюма. Калі казаць пра нашых аўтараў, вельмі даспадобы творчасць Кузьмы Чорнага, Якуба Коласа і, вядома ж, Кандрата Крапівы… У хатняй бібліятэцы маецца вельмі шмат рускіх народных казак. Ды ўвогуле, у мяне вялікая колькасць дзіцячых кніг, збіраў у свой час — з перыяду, калі пачаў іграць Дзеда Мароза. Хацелася даведацца як мага больш пра побыт і культуру, каб скласці дакладныя вобразы казачных зімовых персанажаў-сімвалаў. Цяпер здаецца, што пра таго ж Дзеда Мароза я ведаю літаральна ўсё. Гэты герой настолькі ўвайшоў у маё жыццё, што пачаў калекцыяніраваць яго. Самаму сталаму — 120 гадоў!

— Ці ўдаецца знаёміцца з моднымі сёння кірункамі гумару? Ці зможа хтосьці ў найбліжэйшы час дасягнуць узроўню таго ж Міхаіла Жванецкага, творчасць якога сёння зноў на хвалі папулярнасці?

— Жванецкі — мэтр. Пісьменнік-сатырык, майстэрства якога ніхто не можа пераняць. Прырода зрабіла творцу падарунак: ён мог пісаць пра тое, што бачыў, але так, каб пазней гэта было прыемна слухаць. Але мой кумір назаўсёды — канферансье Барыс Бруноў, майстар імправізацыі. Ён заўважыў мяне ў Маскве, калі я выступаў у Тэатры эстрады разам з Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам. Непаўторнага артыста цікава парадзіраваць, стыль сапраўды вартага гумарыста пазнаеш з паўслова, як, напрыклад, Віктара Каклюшкіна, Анатоля Трушкіна… Гэта дарагога каштуе. Кожны з іх заняў сваю нішу. Кажучы пра маладзейшых гумарыстаў, стараюся сачыць. Тыя ж прадстаўнікі «Comedy Club» таксама занялі сваю нішу, дзе сталі незаменнымі дзякуючы асабліваму гумару, манеры размоў, каларыту. Камусьці іх своеасаблівае бачанне, падача матэрыялу падабаецца, некаму — не. Але, зноў жа, новыя павевы проста неабходны. Аднак не ведаю, колькі гэтыя творчыя пошукі працягнуцца.

— Што вас як гумарыста можа рассмяшыць?

— Дзеці, з якімі вельмі цікава размаўляць падчас навагодніх паказаў. Раней было па тры ёлкі ў дзень, сёлета, вядома, менш, і на кожную з іх завітвала ў сярэднім дзве з паловай тысячы дзяцей і дарослых — у суме атрымліваецца вялікая лічба. Аднойчы прыйшлі двое блізнят. З адным размаўляю, стаіць перада мной, а другі зайшоў з іншага боку і адкалупвае ў мяне каменьчыкі з адзення. Гляджу — ужо некалькі трымае ў руцэ. Памяняліся браты месцамі, і другі пачаў адкалупваць! Я папрасіў паказаць ручкі і вярнуць каменьчыкі. І такіх смешных выпадкаў — процьма. Кожны год слухаю на навагодніх спектаклях па 100 вершаў, бывае, сустракаюцца аднолькавыя, якія я і сам ужо вывучыў. Часцей за ўсё чытаюць вершы пра маму і родную Беларусь. Не магу не адзначыць адну прыемнасць: прыкладна палова дзяцей вучаць беларускамоўныя творы і чытаюць іх вельмі хораша. У такія моманты душа радуецца, бо новае пакаленне не забывае родную мову. Ды што казаць, многія самі ведаюць — дзеці нясуць той душэўны смех, якога нам, дарослым, не хапае.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з асабістага архіва Уладзіміра Радзівілава

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.