Вы тут

Карысць экскурсій па старажытных гарадах і сутарэннях фантазіі


Што робіць пісьменнік-фантаст, апынуўшыся ў старажытным горадзе? Пачынае варушыць старонкі яго гісторыі, выцягваць з паліц самыя яскравыя таямніцы і загадкі.


Гістарычныя будынкі, скарбы, сутарэнні, выпадкова знойдзеныя старажытныя карты... Усё гэта чакае журналіста і гісторыка Кастуся Зініча, які ў самы разгар пандэміі, шчыльней насунуўшы на твар рэспіратар, выпраўляецца ў Полацк да старога ўніверсітэцкага паплечніка, каб разгадваць загадкі і шукаць скарб. Яму цікава і хочацца ці то напісаць неверагодны артыкул у свой паважаны часопіс, ці то зрабіць сур’ёзнае навуковае даследаванне, ці то здзейсніць мару дзяцінства, адкрыўшы нешта такое, пра што не толькі яго часопіс, але і ўсе магчымыя СМІ будуць гудзець не адзін тыдзень.

Паколькі галоўны герой выпраўляецца ў Полацк, няцяжка здагадацца, які канкрэтна страчаны скарб мы будзем разам з ім шукаць, па якіх гістарычных будынках блукаць…

У сучаснай беларускай літаратуры дастаткова прыкладаў таго, як пісьменнікі імкнуцца праз захапляльную форму папулярнага жанру хаця б пазнаёміць сучасную моладзь са скарбамі нацыянальнай культуры — будуюць фантастычныя і прыгодніцкія аповесці на беларускай міфалогіі, асобных эпізодах гісторыі, тых самых таямніцах і скарбах. Але аповесць Маргарыты Латышкевіч «Уласны крыж», пра якую пойдзе гаворка, назваць падлеткавай язык не паварочваецца. Па-першае, у ёй дзейнічаюць абсалютна дарослыя героі, хай сабе і захопленыя ў нечым рамантычнымі ідэямі. Па-другое, чытаць аповесць не зусім лёгка.

Стыль апісання, які выбірае аўтарка, цалкам рэалістычны, а ў некаторыя моманты падаецца сухім. Сцэны насычаны вялікай колькасцю падрабязнасцей, найперш — дэталямі абстаноўкі, знешняга выгляду. Праявам настрою герояў, іх рэакцыям надзяляецца менш увагі. Пісьменніца быццам імкнецца стварыць лёгкую для кінематаграфічнага ўвасаблення сцэну, нібы расстаўляе дэкарацыі, прапісвае характары герояў буйнымі мазкамі, пакідаючы дэталі на работу акцёраў. Аб’ектыў апавядання намертва зафіксаваны звонку, і «аператар», хаця і вядзе галоўнага героя Зініча ад пачатку да канца, у галаву да яго асабліва не лезе і буйныя планы бярэ рэдка. Ад гэтага адначасова і лягчэй, і больш складана ўспрымаць астатнія элементы аповесці — у асноўную лінію ўкліньваюцца пабочныя, ад імя іншых герояў, а стыль, у прынцыпе, застаецца падобным.

Справа ў тым, што невялікае апавяданне бясконца дробіцца на дэталькі. Ёсць галоўная лінія, дзе Зініч прыехаў у Полацк. Пунктам адліку яго прыгод становіцца  знойдзены (невядома, дзе і як) сябрам архіў допытаў Андрэя Івянецкага, палачаніна, які працаваў асістэнтам на даследаваннях Вацлава Ластоўскага, рабіў вопісы знаходак. Па сведчаннях і дзённіках Івянецкага ствараецца ўражанне, што экспедыцыя зрабіла знаходку і кудысьці схавала яе. Гэта другая вялікая лінія. Некаторыя часткі прысвечаны разважанням Маслоўскага, сябра Зініча, які знайшоў архіў, а яшчэ адзін загадкавы эпізод  — калі хлопчык Юрка выпадкова трапляе ў сутарэнні і блукае па іх. Пасля ні сам хлопчык, ні хтосьці з яго сям’і, ні гэты эпізод не ўсплываюць у апавяданні. Быццам сцэна была патрэбна толькі для таго, каб акрэсліць штосьці накшталт прынцыпу дзеяння сутарэнняў.

Як і ў любых страшных старажытных лабірынтах, там ёсць безліч пастак, небяспечных камянёў, на якія націснеш — і нешта абваліцца, адкрыецца, пачне звужацца або зацягне. А прайсці іх можа толькі… спрадвечны, сапраўдны, «наш», дастойны дайсці да старажытных скарбаў. Такі чалавек сустракае паўпрывіднага ахоўніка гэтага месца — дзядулю тыпова крывіцкага выгляду ў белай вопратцы. У аповесці ад імя розных персанажаў хапае разважанняў пра спрадвечнасць, пра сэрца зямлі, пра скарбы, што належаць народу, але народ не гатовы ўбачыць у іх духоўную каштоўнасць, пра талент сапраўднага даследчыка… Разважанням гэтым зноў жа бракуе натуральнасці. У выніку аповесць псуе не даволі прадказальная інтрыга (намёкаў на развязку — па самае «не хачу», пачынаючы ледзь не з трэцяй часткі), не крыху блытанае і, як музейны архіў, заваленае апісаннямі і дэталямі, апавяданне, а празмерны пафас. Пісьменніца проста крычыць пра тое, што яна хацела сказаць сваім творам. А гэта абсалютна неабавязкова.

Адна з галоўных вартасцей стылю Маргарыты Латышкевіч — тое, што асобныя дэталі яна ўмела выкарыстоўвае на карысць характараў, расстаноўкі роляў. Галоўны герой Канстанцін Зініч старанна выпісаны як вельмі ўважлівы, асцярожны, гідлівы чалавек, ён баіцца смерці, таму для яго сустрэча з сутарэннямі і іншай, абсалютна зямной і зразумелай, небяспекай становіцца выпрабаваннем. Яго характар няяўна супрацьпастаўляецца натуры апантанага сябра, якому абсалютна няважна, што старажытныя драўляныя скульптуры, якія ён цягне да сябе дамоў, паедзены шашалем.

Магчыма, гэта працяг разважання пра тое, што быць сапраўдным даследчыкам можна па-рознаму, бо скарб у выніку знаходзіць менавіта той, хто лезе ў старажытнае сутарэнне ў гумавых пальчатках і рэспіратары.

Калі вы знаёмыя з Полацкам, то лёгка пазнаеце асобныя элементы горада і зможаце даволі лёгка прыкінуць, які шлях герой прайшоў пад зямлёй ад аднаго гістарычнага будынка да іншага. Але не толькі сам факт існавання пад горадам сутарэнняў, старажытнейшых за сярэднявечча, указвае на фантастычнасць прасторы. Як звычайна бывае ў творах такога тыпу, свет падыгрывае герою. Відавочна блытаючыся ў паказаннях, той угаворвае міліцыянера пусціць яго, куды трэба. У чужой, разбуранай пасля вобыску хаце ён за пяць хвілін знаходзіць патрэбныя дакументы. Ключ ад таямніцы некалькі разоў літаральна скача ў рукі. У гэтым няма нічога дзіўнага. А яшчэ менавіта тут, на гэтай зямлі, у героя з’яўляецца нябачная іншым памочніца — іранічная дзяўчына з цёмнымі вуснамі. Хто яна і адкуль узялася, нам да канца так і не растлумачаць, хаця і абазначаць яе прыроду парай фраз, напрыклад, «ты мяне сам прыдумаў». Ствараецца ўражанне, што дзяўчына — увасобленая параноя, трывога і інтуіцыя Кастуся, якая яго раздражняе. Але чаму яна з’яўляецца толькі ў Полацку, чаму падаецца герою абсалютна рэальнай, пакуль ён не ўсведамляе, што астатнія яе не заўважаюць? Цікавы персанаж, якога хацелася б пабачыць больш шматгранным, шматслойным, вынайсці прычыну з’яўлення і вызначыць ролю ў апавяданні.

Адчуваецца, што аўтарка раскінула вакол невялікага сюжэта агромністы паўфантастычны свет, развесіла некалькі стрэльбаў на сценах сваіх сутарэнняў. Але, заблукаўшы ў сюжэце, цяжка зразумець, колькі стрэліла, а колькі засталося моўчкі вісець з адсырэлым порахам дзесьці за паваротам. Здаецца, у полацкай гісторыі дастаткова загадак, якія з задавальненнем сыграюць сваю містычную ролю ў аповесцях. І хаця «Уласны крыж» відавочна завершаны, дэкарацыі яго выкарыстаны не напоўніцу: у іх яшчэ хапае патэнцыялу.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.