Вы тут

Якія праблемы са здароўем выклікаюць інтэрнэт-тэхналогіі


За апошняе дзесяцігоддзе колькасць сардэчна-сасудзістых хвароб і захворванняў органаў зроку ў падлеткаў знізілася. Але вырасла колькасць адхіленняў у псіхічным развіцці, парушэнняў маўленчага развіцця, расце колькасць дзяцей з аўтызмам і расстройствамі аўтычнага спектра. Спецыялісты звязваюць гэта з інтэрнэт-залежнасцю як малых, так і дарослых. Як камп'ютары і гаджэты ўплываюць на здароўе і псіхіку дзяцей, чым небяспечнае «завісанне» бацькоў у інтэрнэце, расказала загадчык лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця» Маргарыта Дзевялтоўская.


pixabay.com

Мозг трэба пастаянна трэніраваць

— Паказчыкі, якія нас радуюць — колькасць захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы ў падлеткаў у параўнанні з 2010 годам знізілася на 11,9 %, захворванняў вачэй і органаў пачуццяў — на 51 %. Але ў той жа час назіраецца змяненне структуры захваральнасці, — прывяла статыстыку спецыяліст.

Яна адзначыла, што сёння нават працэс навучання немагчымы без камп'ютараў і іншых гаджэтаў. Але асаблівасцю дзіцячага ўзросту з'яўляецца фарміраванне залежнасці ад іх.

— Інтэрнэт-залежнасць — той стан, пры якім чалавек самастойна не можа кантраляваць свае ўзаемаадносіны з Сусветнай павуцінай. Атрымаўшы неабходную інфармацыю, дзіця «завісае» ў інтэрнэце ці за гульнёй. Да нас звяртаюцца, калі ў малых з'яўляюцца галаўны боль, рассеянасць, парушэнні сну, пачырваненне вачэй.

Інтэрнэт можа ўплываць і на інтэлект, у прыватнасці, зніжаць яго каэфіцыент. Маргарыта Дзевялтоўская растлумачыла, што мозг, як і ўсе астатнія органы і сістэмы, трэба пастаянна трэніраваць:

— Для таго каб мышцы былі ў тонусе, мы мусім хадзіць у трэнажорную залу. Гэтак жа і мозг павінен пастаянна працаваць, каб быць прадуктыўным. Калі чалавек шляхам простага націскання кнопкі атрымлівае інфармацыю, той працуе мінімальна. Больш за тое, калі заключэнні і вывады чалавек таксама атрымлівае з інтэрнэту, мозг працуе яшчэ менш. Для дзяцей і падлеткаў з няспелай псіхікай гэта, вядома, вельмі зручна. Але яны адвыкаюць ад актыўных дзеянняў, не вучацца самастойна мысліць і рабіць высновы.

Таксама спецыяліст звярнула ўвагу на тое, што ў інтэрнэце падлеткі звычайна ствараюць свой вобраз, які больш прыгожы і лепшы, чым насамрэч. А вось калі трэба справіцца з рэальнай задачай — здаць іспыт, наладзіць адносіны з равеснікамі, узнікае стрэс.

У інтэрнэце дзеці прызвычайваюцца ўспрымаць усё з экрана — бачыць вобразы і чуць гукі. Астатнія пачуцці — тактыльныя, датыкальныя, сенсорныя, нюхальныя з-за незапатрабаванасці сыходзяць. І такая праблема актуальная з ранняга дзяцінства.

— У першы год жыцця голас маці, яе дотыкі вельмі важныя для дзіцяці. Калі ж мама паглыбленая ў інтэрнэт, малому яе не хапае. Чаму выяўляецца ўсё больш адхіленняў у псіхічным развіцці? Чаму так шмат парушэнняў маўленчага развіцця? Чаму павялічваецца колькасць дзяцей з аўтызмам і расстройствамі аўтычнага спектра? На ўсё гэта вялікі ўплыў аказваюць інтэрнэт-тэхналогіі. Нейкія функцыі мозга развіваюцца недастаткова, адсюль і праблемы ў дзяцей з кантактаваннем. Усё, што адбываецца з дзіцем і ўнутрывантробна, і у першы год, экстрапалюецца на ўсё астатняе жыццё. Даказана, што дзеці, якія нарадзіліся з недастатковай вагой, з затрымкай развіцця, неданошанымі, у падлеткавым узросце маюць большую рызыку развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровага дыябету, метабалічных парушэнняў, — кажа спецыяліст.

Як заўважыць камп'ютарную залежнасць?

Першым крытэрыем таго, што дзіця ў небяспецы, з'яўляецца непасрэдная залежнасць настрою падлетка ад таго, у інтэрнэце ён знаходзіцца ці ў рэальным жыцці. Калі трэба выйсці з камп'ютара ці гаджэта, гэта выклікае вялікую незадаволенасць. Само дзіця не кантралюе свой час, недасыпае, у яго з'яўляецца рассеянасць, чырванеюць вочы.

Колькі можна?

— Ёсць дакладныя рэкамендацыі па часе заняткаў дзіцяці на камп'ютары. Да дзесяці гадоў — толькі школьныя заняткі. І да паўгадзіны ў суткі з іншым гаджэтам — тэлефонам, планшэтам. Пасля 10 гадоў час можа павялічвацца, бо расце вучэбная нагрузка, — кажа Маргарыта Дзевялтоўская.

Прафілактыка

Яна мусіць пачынацца з першага года жыцця.

— У першыя тры гады дзіця бачыць пераважна сваю сям'ю. І мадэль паводзінаў бярэ менавіта адтуль. Калі бацькі актыўна камунікуюць паміж сабой, вядуць актыўны спосаб жыцця, ездзяць на веласіпедах, гуляюць пешшу, дзіця мадэлюе такія паводзіны. Калі бацькі сядзяць у адным пакоі — кожны са сваім гаджэтам, і гэтак жа камунікуюць, дзіця будзе капіраваць гэта, — звяртае ўвагу ўрач.

Калі ў дзіцяці сфарміравалася залежнасць, бацькі павінны прысвяціць шмат часу і прыкласці намаганні, каб з ёй справіцца:

— Калі малому падабаюцца жывыя коні, бацькі павінны гэта заўважыць і аддаць на заняткі конным спортам. Калі падабаецца гурток спеваў, трэба забяспечыць такі занятак. Важна, каб дзіця хадзіла туды, дзе яму цікава, а не на той гурток, які важны на думку бацькоў. Усе паводзіны дзіцяці і стэрэатыпы фарміруюцца да сямі гадоў. Да дзесяці іх можна карэкціраваць. У 14 гадоў перафармаціраваць асобу ўжо складана. У любым выпадку, варта пастарацца арганізаваць хобі, заняткі, якія былі б больш цікавыя, чым інтэрнэтнае жыццё.

Куды звяртацца з праблемамі?

Сярод новых формаў работы з падлеткамі па фарміраванні матывацыі да здаровага спосабу жыцця і прафілактыцы захворванняў эксперт выдзеліла цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў. На сёння ў краіне іх 55, якія працуюць пры паліклініках у сталіцы, абласных цэнтрах і буйных гарадах. Індывідуальнае кансультаванне — вядучы кірунак іх дзейнасці. Яно ананімнае і пабудавана на даверы да падлетка. Акрамя псіхолага, хлопцы і дзяўчаты могуць атрымаць кансультацыю гінеколага, уролага, андролага.

З тых, хто звяртаецца да спецыялістаў, больш дзяўчат (30,8 % — юнакоў і 69,2 % — дзяўчат). За 2020 год у цэнтрах  пракансультавалі 65 693 падлеткаў, што на 31,9 % менш, чым у 2019 годзе (96 440). Зніжэнне колькасці зваротаў адбылося з прычыны эпідэмічнай сітуацыі.

Больш за ўсё падлеткаў цікавяць пытанні, звязаныя з рэпрадуктыўным здароўем, і псіхалагічныя праблемы. Кансультацыю гінеколага атрымалі 33,6 % падлеткаў, псіхолага — 32,9 %. Падлеткаў цікавілі такія пытанні псіхічнага здароўя, як унутраныя негатыўныя перажыванні (32,8 %), цяжкасці камунікацыі ў сям'і (24,7 %), цяжкасці камунікацыі з аднагодкамі (17,4 %), цяжкасці камунікацыі з дарослымі (17 %). Таксама шмат пытанняў па паводзінах, рызыкоўных для здароўя: у першую чаргу ўжыванне алкаголю (28,4 %), ужыванне прадуктаў нікаціну (24,9 %), рызыкоўныя сексуальныя паводзіны (17 %), экранная і інтэрнэт-залежнасць (9,8 %), рызыкоўныя харчовыя паводзіны (7,7 %), ужыванне наркотыкаў (3,6 %).

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дзеткі, што трапілі ў сеткі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.