Вы тут

Як жанчыне адкрыць свой бізнэс?


Ніхто не спрачаецца, што беларускія жанчыны — актыўныя, разумныя і адукаваныя. Па статыстыцы 40 працэнтаў нашых прыгажунь маюць вышэйшую адукацыю, больш за тое, палова кіраўнікоў краіны — дамы. Раней гаварылі, што ў беспрацоўя жаночы твар, а сёння большая частка занятых у эканоміцы — жанчыны. Але 7 з 10 жанчын, якія мараць адкрыць свой бізнес, так і не вырашаюцца на гэты крок. Юлія МАЛЬКОВА, заснавальніца некамерцыйнай арганізацыі ProWomen By, падтрымлівае жанчын, якія захоплены ідэяй сваёй справы. Некалі сама Юля прыехала з Украіны з жаданнем распачаць свой бізнес. Ёй хацелася знайсці аднадумцаў і месца, дзе можна атрымаць натхненне і падтрымку. Але яна не знайшла тое, што шукала, і вырашыла стварыць гэта сама.


Фота Яўгеніі Налецкай.

— Юля, як так атрымалася, што вы самі сталі дапамагаць беларускам?

— Прыехала я ў Беларусь з жаданнем адкрыць сэрвіс арэнды святочных сукенак. Першае, што пачала рабіць, — занялася пошукам пляцоўкі і патрэбных кантактаў, каб мне дапамаглі і пракансультавалі. Але аказалася, што нічога падобнага ў краіне не было. Я тады падумала: калі мне на этапе старту бізнесу патрэбны веды, зносіны, нават нейкае кола аднадумцаў, то, магчыма, у гэтым маюць патрэбу і іншыя жанчыны, якія знаходзяцца на этапе запуску бізнесу... Хутка абвясціла ў сацсетках аб стварэнні праекта — запуску серыі бясплатных лекцый для жанчын па стварэнні бізнесу. Вырашыла, што калі да мяне на лекцыі прыйдзе пэўная колькасць жанчын, то трэба працягваць рабіць крокі ў гэтым кірунку. Памятаю, як шукала кантакты на сайтах розных арганізацый, якія паспяхова вядуць свой бізнес, пісала кіраўнікам, каб пагадзіліся правесці лекцыю. Такім чынам знайшла першага спікера Вольгу Іваненку. На першую лекцыю прыйшло 20 чалавек. Для мяне гэта было знакам і своеасаблівай перамогай.

— Што самае цяжкае было для вас тады? Усё ж незнаёмыя людзі, чужая краіна...

— Цяжкасцяў у розныя часы было дастаткова. Калі я зразумела, што ідэю варта развіваць далей, у ёй ёсць неабходнасць і патэнцыял, то зарэгістравала некамерцыйную арганізацыю. З аднаго боку, атрымала права прымаць нейкую падтрымку, у тым ліку ахвяраванні. Але аказалася, што нас тады ніхто не быў гатовы падтрымліваць. Мабыць, самай вялікай праблемай некамерцыйных арганізацый застаецца фінансавая нестабільнасць, і мы не выключэнне.

Мы свядома не робім платных мерапрыемстваў, бо ў нас ёсць свая філасофія, місія і каштоўнасці. Любая жанчына, незалежна ад узроўню даходу, павінна мець магчымасць атрымаць веды, далучыцца да асяроддзя аднадумцаў, у якім ёй будзе зручна далей развіваць свае ідэю і бізнэс. Для нас вельмі важна не адсякаць тых, хто сёння не можа заплаціць за квіток, і таму мы не пазіцыянуем сябе як бізнес.

— На якія тэмы праводзяцца лекцыі? Ці становяцца жанчыны пасля заняткаў больш упэўненымі ў сабе і ці вырашаюцца адкрыць сваю справу?

— Нашы сустрэчы не матывацыйныя, маўляў, давай, у цябе атрымаецца. Мы даем веды па вядзенні бізнесу, а яны, у сваю чаргу, надаюць упэўненасць жанчынам.

Напрыклад, лекцыі аб тым, як «упакаваць» прадукт, каб кліенты яго захацелі купіць. Пад «упакоўкай» я маю на ўвазе прадукт ці паслугу, як яны гучаць і выглядаюць для кліента. Гэта пра пазіцыянаванне, камунікацыю, выгады для кліента, пра маркетынг, брэнд і як гэта ўсё наладзіць. І жанчыны, якія атрымліваюць патрэбныя веды, ужо ведаюць, як зрабіць так, каб прадукт куплялі. Сёння мы праводзім больш за дзесяць мерапрыемстваў на месяц, у нас ёсць розныя адукацыйныя праграмы, каб жанчына магла пачаць або працягваць сваю справу. Мы не можам прымаць поспехі той ці іншай жанчыны на свой рахунак, бо жанчына ўсё робіць сама. Ведаю такіх, якія былі ў нас спікерамі і сталі выступаць больш, часцей і ўжо за грошы. Некаторыя знаходзяць сярод аднадумцаў і кліентаў. Памятаю маладую асобу, якая да нас прыйшла з думкай закрыць сваю справу, але так натхнілася, што перадумала.

У кожнай жанчыны, што прыходзіць да нас, свая гісторыя, і іх сотні. Толькі ў мінулым годзе наша арганізацыя правяла 80 мерапрыемстваў, якія наведала больш за 4000 чалавек. А выхад у анлайн дапамог ахапіць жанчын з 44 гарадоў Беларусі і 36 гарадоў у 17 краінах свету.

— Вы шмат дапамаглі іншым жанчынам, а самой удалося стварыць бізнес у Беларусі?

— Не, бо аказалася, што арганізацыя патрабуе ўсёй маёй увагі. Я, канешне, час ад часу займаюся кансалтынгам, кансультую бізнесы ў тым, як ім развівацца і як выбудоўваць маркетынг.

Яшчэ два праекты ёсць у нашай сям'і, але імі займаецца муж, я толькі дапамагаю. Але я не шкадую, што так атрымалася. Мяне натхняе праца ў маёй арганізацыі, бо я адчуваю сябе патрэбнай і свае навыкі рэалізоўваю.

— Ужо шосты год працуе ваш праект у Беларусі. Магчыма вы ўжо можаце сказаць пра нейкія асаблівасці беларускага бізнесу? Хоць бы ў параўнанні з Украінай...

— Па маіх назіраннях, ва Украіне раней пачаўся бум малога бізнесу, і не толькі ў плане старту і развіцця ў прадпрымальніцтве, але яшчэ і з пункту гледжання пакупнікоў.

Украінцы вельмі шануюць лакальны бізнес, рамесніцтва, крафтавасць, зрэшты, усё тое, што робіцца простымі, звычайнымі людзьмі для такіх жа простых і звычайных людзей. У Беларусі гэта з'ява толькі набірае абароты, беларусы паступова, але ўсё больш аддаюць перавагу малому бізнесу.

— Якія мерапрыемствы вы плануеце ў хуткім часе ў сваёй арганізацыі?

— На гэты год наша самая галоўная задача — запоўніць нашу платформу курсамі, якія будуць адпавядаць розным прафесійным мэтам і задачам.

Наша ідэя ў наступным: незалежна ад таго, на якім этапе зараз знаходзіцца жанчына ў сваім бізнесе або кар'еры, яна можа звярнуцца да гэтай платформы і прайсці патрэбны ёй курс. Мы ўжо адздымалі некалькі курсаў.

Гэта заняткі, знятыя прафесійна ў студыі з прафесійным гукам і святлом. У кожным, акрамя відэалекцый, ёсць тэсты і хатнія заданні, якія дазваляюць атрымліваць не толькі веды, але яшчэ і працаваць над сваімі праектамі і мэтамі. Сёння, напрыклад, даступныя курсы «SMM клас: курс для тых, хто прасоўвае бізнес у сацыяльных сетках», «Фабрыка фрылансу: курс для тых, хто хоча працаваць на сябе» і іншыя. Мы плануем працягваць папаўняць платформу, каб кожная беларуска, якая хоча пачаць сваю справу, магла атрымаць для гэтага неабходныя веды і рэалізаваць сябе і свае ідэі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Жаночая салідарнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».