Вы тут

У Мінску ўпершыню прайшоў маладзёжны форум ProAtom


Каля 400 студэнтаў з БДУ, БНТУ, БДУІР, БДМУ, МДЭІ ім. А. Сахарава БДУ, Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа, а таксама вучні сталічных школ сабраліся разам, каб даведацца ад вядучых экспертаў атамнай галіны аб сферах прымянення ядзерных тэхналогій, бяспецы сучасных атамных электрастанцый, праграмах навучання і перападрыхтоўкі персаналу, у тым ліку ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва.


З прывітальным словам да моладзі выступіў міністр энергетыкі Віктар КАРАНКЕВІЧ:

— У 2008 годзе прынята важнае для нашай краіны рашэнне аб будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі. Гэты маштабны праект быў закладзены ў аснову Канцэпцыі энергетычнай бяспекі і закліканы істотна павысіць энергетычную незалежнасць Беларусі. Ва ўмовах нестабільнасці на сусветных сыравінных рынках пытанне доступу да надзейнай, экалагічнай, эканамічна выгаднай крыніцы электраэнергіі для многіх дзяржаў стала прыярытэтным. Праект БелАЭС — лакаматыў развіцця многіх галін эканомікі — энергетыкі, прамысловасці, будаўніцтва, навукі, адукацыі, медыцыны. Ён садзейнічае шырокаму ўкараненню сучасных тэхналогій на прадпрыемствах і вытворчасцях, асваенню прадукцыі з высокім дабаўленым коштам, забяспечвае стварэнне новых працоўных месцаў, у тым ліку для маладых спецыялістаў.

Моладзь — гэта аснова развіцця і росквіту нашай краіны, адзначыў Віктар Каранкевіч. «Будучыня атамнай энергетыкі немагчыма без прытоку новых ідэй і ініцыятыў. Таму маладзёжны форум закліканы аб’яднаць тых, хто хоча абмяняцца адно з адным вопытам, ідэямі, пашырыць кола кантактаў і карысных сувязяў, дамовіцца аб партнёрстве. Для нас важна давесці актуальную інфармацыю да моладзі аб ходзе будаўніцтва БелАЭС, аб тым, якая перспектыва чакае рэальны сектар эканомікі і насельніцтва, а таксама пачуць ад моладзі пытанні. Шмат маладых людзей ужо зараз плануюць звязаць сваё жыццё з атамнай энергетыкай ці са змежнымі напрамкамі. Многіх з іх цікавіць перспектыва працаўладкавання на атамную электрастанцыю, магчымасць павышэння сваёй кваліфікацыі. Таму пляцоўка ProAtom — гэта ўнікальная магчымасць атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні ад прадстаўнікоў БелАЭС, дзяржкарпарацыі „Расатам“, „Белэнерга“, міністэрстваў і ведамстваў, дзейнасць якіх звязана з атамнай энергетыкай».

Удзельнікаў форуму цікавіла пытанне аб пуску другога энергаблока БелАЭС. Віктар Каранкевіч расказаў, што ён плануецца восенню.

— Работы вядуцца ў адпаведнасці з графікам. Агульная будаўнічая гатоўнасць — 85 працэнтаў. У красавіку на пляцоўку БелАЭС дастаўлены цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам для загрузкі ў другі рэактар. Зараз яно знаходзіцца ў спецыяльным сховішчы, восенню плануецца яго загрузка ў актыўную зону рэактарнай устаноўкі. Гэта будзе чарговы важны этап — так званы фізічны пуск. Цяпер на першым энергаблоку БелАЭС праходзіць комплекснае апрабаванне абсталявання энергаблоку на намінальнай магутнасці рэактарнай устаноўкі. Яго працягласць — 15 сутак. Гэта завяршальны этап доследна-прамысловай эксплуатацыі. На БелАЭС ужо выраблена каля 2,3 млрд кВт.-гадз электраэнергіі. Пасля поўнага ўводу атамная станцыя зможа вырабляць каля 18,5 млрд кВт.-гадз у год, што забяспечыць каля 40 працэнтаў патрэб краіны ў электраэнергіі.

Адна з асноўных задач у гэтай пяцігодцы, адзначыў міністр энергетыкі, — гэта павелічэнне электраспажывання. «Усе неабходныя ўмовы створаны ў дачыненні да рэальнага сектара ў частцы рэалізацыі комплексу мер, зацверджанага на ўзроўні ўрада. У планах павелічэнне электраспажывання насельніцтвам, у першую чаргу для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння і іншых. Да 2025 года плануем выйсці на 44 млрд кВт.-гадз электраспажывання ў цэлым па краіне».

Аб праграмах навучання, падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў і іншых аспектах у сферы атамнай энергетыцы для ўдзельнікаў форуму расказала першы намеснік міністра адукацыі Ірына СТАРАВОЙТАВА.

— Для прыцягвання маладых ініцыятыўных, кампетэнтных кадраў у нас ёсць усё неабходнае: высокакваліфікаваныя выкладчыкі, функцыянуюць найноўшыя адукацыйныя праграмы, навучальныя лабараторыі, арганізаваны стажыроўкі, практычныя падрыхтоўкі на базе арганізацый, якія маюць у гэтым досвед. Важна, каб усе звёны гэтай сістэмы працавалі эфектыўна, каб моладзь паспяхова рэалізоўвалася, была запатрабаваная і прыносіла карысць сваёй краіне. Сёння сфарміравана нацыянальная сістэма падрыхтоўкі кадраў, неабходная для забеспячэння атамнай энергетыкі высокакваліфікаванымі спецыялістамі, а таксама для далейшага падтрымання адпаведнага ўзроўню ведаў, для бяспечнай, надзейнай і эфектыўнай эксплуатацыі АЭС. Падрыхтоўка праходзіць па пяці асноўных спецыяльнасцях першай ступені вышэйшай адукацыі: «ядзерная фізіка і тэхналогія», «хімія высокіх энергій», «паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрастанцый», «электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак», «ядзерная і радыяцыйная бяспека» у чатырох вышэйшых установах краіны: БДУ, БДУІР, БНТУ, МДЭІ імя А. Сахарава БДУ, а таксама падрыхтоўка вядзецца ў Мінскім дзяржаўным энергетычным каледжы. З 2013 па 2020 гады было выпушчана 900 выпускнікоў, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі для работы на БелАЭС, 500 студэнтаў ВНУ атрымліваюць вышэйшую адукацыі па адпаведных спецыяльнасцях. Падрыхтоўка спецыялістаў працягваецца.

Запрошаныя спікеры расказалі таксама ўдзельнікам форуму аб развіцці электратранспарту, ядзерных тэхналогіях і медыцыне, радыяцыйным маніторынгу як элеменце забеспячэння радыяцыйнай бяспекі і многім іншым. Пасля чаго ў моладзі была магчымасць задаць экспертам хвалюючыя пытанні.

У рамках сустрэчы адбыліся майстар-класы, інтэрактыўныя і гульнявыя пляцоўкі, віктарыны. Акрамя таго, працавала выстава дасягненняў атамнай энергетыкі краіны і звязаных з ёй кірункаў.

Арганізатарамі форуму выступілі Міністэрства энергетыкі сумесна з ДВА «Белэнерга», дзяржкарпарацыяй «Расатам» і РУП «Беларуская атамная электрастранцыя» пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі.

Дар’я ШЛАПАКОВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У атамнай энергетыкі — малады твар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».