Вы тут

Раім схадзіць


Ноч музеяў, «Калекцыя ілюзій», спектакль «Страта», драма «Пралятаючы над гняздом зязюлі» і іншае — афіша «Звязды».


Выстаўка жывапісу Алены Шлегель «Калекцыя ілюзій»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (льготны 3 BYN)

Праект Алены Шлегель пачынае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва 2020 года.

Прыгожыя аксэсуары жаночага свету, кругазварот прыемных дробязяў разам з выявай свету ідэй аб’яднаны ў жывапісе Алены ў стылістыцы тонкага і далікатнага варыянту «беларускага этнасюррэалізму». Містычны, міфалагічны змест твораў мастачкі зачароўвае гледача якасцю фарбаў, але бачым ў яе любімыя колеры — залацісты, зялёны і чырвоны — лепшае спалучэнне для казачных сцэн. Шлегель мае свой асаблівы, творчы почырк. На працягу 15 гадоў работы аўтара застаюцца аднолькава якаснымі і цікавымі; эстэтыка падачы, малюнак і палітра даўно знайшлі сваіх прыхільнікаў. І не дзіва, што прызнанне дзяржавы — перамога ў намінацыі «Жывапіс» — дасталася менавіта нашай мастачцы.

Шлегель Алена Генадзьеўна

Нарадзілася 16 ліпеня 1965 года ў Мінску.
1980-1984 — Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава. Дыпломная работа — насценны роспіс «Пралог» у фае ММВ імя А.К. Глебава.
1986-1991 — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Дыпломная работа — насценны роспіс «Казка» у сярэдняй школе № 197.
З 1988 — удзел у рэспубліканскіх и міжнародных мастатацкіх выстаўках і праектах.
1989 — сябра маладзёжнага аб’яднання Саюза мастакоў БССР.
1996 — сябра Беларускага саюза мастакоў.
1996-1999 — выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў.
1998 — лаўрэат рэспубліканскай мастацкай выстаўкі «Час. Прастора. Асоба» (2 прэмія ў намінацыі «Жывапіс»). РМГ БСМ, Мінск.
1998 — сябра творчага аб’яднання «Міжнародная гільдыя жывапісцаў».
2004 — сябра творчага аб’яднання «Артэль».
2005 — стыпендыят Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
З 2006 — выкладае на кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
2019 — лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.
2020 — лаўрэат Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Жывапіс».


Спектакль «Страта» тэатра «На балконе»

Дзе: Арт-прастора БДУ, г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 10

Калі: 21, 28 мая

Колькі каштуе: 10,5 BYN

Аднойчы рэжысёр Андрэй Саўчанка знайшоў ля дваровага гарадскога сметніка старую валізку, ў якой апынуўся стос разарваных фатаздымкаў. Чыйсьці сямейны архіў. Далейшае жыццё знаходкі шукайце ў першай гісторыі. Другая частка — гісторыя пра дзедаў дом, спалены маланкай.

Калі чалавек губляе нешта, то гэта моцна б’е, моцна ўзрушвае. Унутраны ператрус пераарганізоўвае ўласную сістэму асобы — і ў цябе з’яўляюцца новыя думкі, новыя накірункі, па якіх ты можаш ісці.

Памяць ажывае ў прадметах. Асновай тэхнікі ready-made з’яўляецца трансфармацыя ўтылітарных прадметаў у твор мастацтва. Вызначальным для яе становіцца пошук гэтага прадмету.

Спектакль-эскіз народжаны ў межах лабараторыі ready-made theatre «Ужо гатовы сусвет», якую ладзілі Алена Мальчэўская і Аляксандр Марчанка ў Цэнтры візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «ART Corporation».

Эскіз спектакля быў прадстаўлены ў межах форума «ТЭАРТ» у 2020.

  • Аўтар, актор і рэжысёр: Андрэй Саўчанка
  • Мастак: Юрый Вінаградаў
  • Музыка: Jozef van Wissem і Brendan Perry
  • Працягласць: 60 хвілін.
  • Мова: беларуская

Запіс: +375 (29) 624-89-02 альбо праз чат у тэлеграме. Калі хочаце падтрымаць, можна набыць квіткі.

Тэатр На Балконе − студыйны, лабараторны, эксперыментальны, аўтарскі. Заснаваны ў 1946 годзе ў БДУ. Назву атрымаў у 1998 годзе разам з пляцоўкай, якая месцілася на балконе актавай залы галоўнага вучэбнага корпуса. У 2019 кіраваць тэатрам запрасілі рэжысера-педагога Андрэя Саўчанку. Разам са студэнтамі БДУ ў тэатры бяруць удзел прафесійныя акторы, мастакі, музыкі, ды іншыя творцы.

Першыя две прэм’еры прадстаўлены на фестывалі Тэатральны куфар 2020 у снежні. Гэта «Азірніся ў гневе» Джона Озбарна і «Баладына» Юльюша Славацкага. У студзені 2021 выйшла яшчэ адна эксперыментальная праца − акторскія імправізацыі «Гаральд». Спектакль нараджаецца ў сам момант стварэння, ў выбары тэмы і акторскага складу ўдзел бярэ глядач.

Самыя смелыя гледачы могуць прыйсьці на рэпетыцыі і самі могуць паспрабаваць існаваць у імправізацыі.


Драма «Пралятаючы над гняздом зязюлі»

Дзе: Цэнтральны, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 13

Калі: з 26 мая

Колькі каштуе: 9 BYN

Кампанія «Иноекино» выпускае ў пракат шэдэўр Мілаша Формана — культавую бунтарскую драму «Пралятаючы над гняздом зязюлі», тым самым святкуючы яе леташняе 45-годдзе. Усе сеансы пройдуць на англійскай мове з рускімі субтытрамі. 26 мая а 19:00 адбудзецца прэм'ера фільма з кинаэкспертам Ігарам Сукманавым.

«Пралятаючы над гняздом зязюлі» — экранізацыя бэстсэлера Кена Кізі, аднаго з галоўных ідэолагаў бітнікаў і хіпі, пра пацыентаў псіхіятрычнай клінікі, індывідуалізме і супрацьстаянні сістэме.

У руках Мілаша Формана, які ўцёк ад чэхаславацкага рэпрэсіўнага рэжыму, раман стаў сапраўднай алегорыяй грамадства, заснаванага на дысцыпліне і ўладзе. Фільм не толькі ідэальна ўпісаўся ў контаркультурны настрой эпохі, але і да гэтага часу застаецца актуальным і універсальным выказваннем аб непадпарадкаванні, самавыяўленні і свабодзе.

Бліскучы акцёрскі ансамбль, у якім саліруюць Джэк Нікалсан і Луіза Флетчар, дух неразважлівасці і незалежнасці, ідэальны баланс трагічнага і камічнага, рэкордныя 5 «Оскараў» у 5 галоўных намінацыях — гэта ўсё пра «Пралятаючы над гняздом зязюлі».

  • У галоўных ролях: Джэк Нікалсан, Луіза Флетчар, Уіл Сэмпсан, Брэд Дурыф, Уільям Рэдфілд.

Экспазіцыя «Туды, на захад!» (Абаянь — Мінск) да 100-годдзя вяртання Якуба Коласа ў БССР

Дзе: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Калі: 15 мая — 15 чэрвеня

Колькі каштуе: 6 BYN (школьнікі 3 BYN, студэнты — 3,50 BYN)

15 мая 2021 года а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі да 100-годдзя вяртання паэта ў БССР.

Першая сусветная вайна прымусіла паэта да пераезду ў глыб Расійскай імперыі, дзе ён быў прызваны ў Рускую імператарскую армію.

З верасня 1917 года беларускі пісьменнік жыў у горадзе Абаянь Курскай губерніі і працаваў настаўнікам у вёсках Малыя Крукі, Другі Ліпавец, затым школьным інструктарам.

На пачатку 1921 г. Народны камісарыят асветы Беларускай ССР накіраваў Наркаму асветы РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай вярнуць у Беларусь «школьнага інструктара Канстанціна Міцкевіча (псеўданім — Якуб Колас), аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў». 15 траўня 1921 г. Я. Колас з сям’ёй пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск, дзе яму давялося працаваць старшым выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме (1922 — 1930 гады) і ў Дзяржаўным беларускім універсітэце дацэнтам кафедры беларускай мовы на педагагічным факультэце.

Поруч з выкладчыцкай і творчай дзейнасцю паэт займаўся і навуковай працай. У 1920-я гады ён працаваў у літаратурна-даследчай камісіі Інстытута беларускай культуры.

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую Акадэмію навук Якуб Колас быў зацверджаны правадзейным членам акадэміі, а 26 кастрычніка 1929 года абраны віцэ-прэзідэнтам. На гэтай пасадзе паэт працаваў 28 гадоў, да апошніх дзён жыцця. Актыўная навуковая, грамадская, асветніцкая дзейнасць Якуба Коласа па вяртанні на Бацькаўшчыну, спалучалася з літаратурнай — галоўнай справай жыцця паэта.

На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены матэрыялы аб педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа на Куршчыне, у Белпедтэхнікуме, БДУ, настаўніцкіх курсах у Слуцку, навуковай дзейнасці ў Інбелкульце, Акадэміі навук, рукапісы і фотаздымкі пісьменніка, выданні твораў розных гадоў.


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 18 мая — 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць”.

Выстава будзе экспанавацца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф.М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821 — 1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф.М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф.М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф.М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.


Выстаўка памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (льготны — 3 BYN)

13 мая ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на Някрасава, 3 адбылося адкрыццё выстаўкі памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае». Праект працягвае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Куратар выстаўкі — Таісія Халамава.

Ала Іванаўна запомніцца пазітыўным, поўным энэргіі і творчых планаў чалавекам. Заўсёды знаходзілася ў «кветніку» студэнтак і майстрых, на фоне якіх вылучалася сваёй мастацкай графікай на тэкстыле. На працягу жыцця Непачаловіч падрыхтавала 26 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў; 9 стыпендыянтаў і ўладальнікаў Спецыяльнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з сяброўкамі-калегамі Наталляй Сухаверхавай, Аленай Обадавай, Вольгай Рэднікінай была «рухавіком» айчыннага ткацтва і габелена; асобай, вядомай далёка за межамі Беларусі.

Непачаловіч Ала Іванаўна нарадзілася 23 снежня 1951 г. у г. Моніна Маскоўскай вобл., Расія. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975), вядучым выкладчыкам яе быў П.В. Масленікаў. Па 1996 год па размеркаванні працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ў галіне габелена, мастацкага ткацтва і сцэнічнага касцюма.

«Тэкстыльныя кампазіцыі Алы Непачаловіч — гэта вобразна-асацыятыўныя дэкаратыўныя творы, якія з’яўляюцца галоўным накірункам творчасці прафесійнага майстра ткацкага мастацтва. На тэкстыльных палотнах аўтар адлюстроўвае свой асабісты свет. З дапамогай простых формаў і арнаментальных малюнкаў Ала стварае сучасныя вобразныя структуры, у якіх ясна прасочваецца нацыянальны стыль. У іх ёсць выразнасць дакладна прадуманых ліній і зачаравальная таямнічасць паўтаральных арнаментаў. Але ў іх ёсць і уласцівае сучаснаму мастацтву імкненне да лаканічнасці, вобразнаму мінімалізму, выразным кодам і знакам. Вобразы дадзеных дэкаратыўных кампазіцый нараджаюць нечаканыя асацыяцыі. Мастак перадае стан прыроды: плынь вады, звонкае маўчанне цішыні, нябеснае мігаценне святла месяца і зорак. Уражанне ад сапраўды вывераных элементаў арнаменту і іх майстэрскага злучэння, рытму ліній і палос ўзмацняецца вытанчаным каларыстычным рашэннем. У тэкстыльных кампазіцыях Алы Непачаловіч прадэманстраваны своеасаблівы сінтэз ідэі і матэрыялу, арыгінальныя стылістычныя распрацоўкі і наватарскія тэхналагічныя прыёмы, прасочваецца цесная сувязь з нацыянальнымі традыцыям» (Н.В. Шаранговіч).

Лаўрэат ІІ ступені Другой рэспубліканскай трыенале беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў намінацыі «Захаванне традыцый» 2013 года; лаўрэат I прэміі конкурса візуальных мастацтваў ART-SESSIO XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянский базар в Витебске» у намінацыі «Мастацкі тэкстыль» (2014); лаўрэат ІІ ступені Міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка», Гжэль, РФ у намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал» (2017); лаўрэат ІІ ступені Х юбілейнага міжнароднага фестывалю «Мастацкая кераміка» у намінацыі «Дызайн у кераміцы» катэгорыі «Прафесіянал», Гжэль, РФ (2018).


Выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 4 ліпеня

Колькі каштуе: 6 BYN (3 BYN — льготны)

7 мая а 18:30 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адкрываецца выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом». Глядач убачыць больш за два дзясяткі работ аўтара. «Сярэбраны альбом» — альбом маіх амбратыпаў за два гады. Гэта блізкія мне людзі, рэчы, думкі і адчуванні — мая сям’я, сябры і дом».

Па словах фатографа, прадстаўленыя творы — своеасаблівая рэфлексія да сямейных аматарскіх альбомаў фатаграфій, якія захоўваюцца ў многіх дамах і якія людзі пераглядаюць, калі збіраюцца разам падчас святаў. «Цяпер усе глядзяць у камп’ютар і тэлефоны. Хочацца, каб традыцыя рабіць сямейныя партрэты родных і проста друкаваць фотаздымкі захавалася. Такая тэхніка атрымання выяў, як амбратыпія, адсылае нас да вытокаў з’яўлення фатаграфіі і дазваляе атрымліваць унікальныя дамашнія рэліквіі».

Амбратыпія (ад старажытнагрэч. Ἀνβροτός — «бессмяротны» і τύπος — «адбітак») — варыянт мокракаладыённага працэсу, які быў вынайдзены ў сярэдзіне 1850-х гг. У выніку гэтага працэсу атрымліваецца пазітыўная выява на шкляной пласціне, зафарбаванай з аднаго боку чорнай фарбай. Працэс гэты дарагі і працяглы па часе. З прылад, акрамя фотаапарата, патрэбныя шкло, лак, посуд і рэактывы. Усе дзеянні выконваюцца за 10-15 хвілін да высыхання калодыю.

Вячаслаў Бахметаў — фатограф з Гомеля, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, уваходзіць у секцыю аналагавай фатаграфіі, секцыю трэвэл-фатографаў. Займаецца альтэрнатыўнымі фатаграфічнымі працэсамі: цыянатыпіяй, гуміалейным і гумбіхраматным друкам, алейным друкам.

Куратарка праекта — Алена Данброва.

Выстава Вячаслава Бахметава «Сярэбраны альбом» працуе да 4 ліпеня 2021 года.


Выстава-атракцыён па матывах мультфільмаў Алы Мацюшэўскай

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: па 1 жніўня

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно — філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — у рамках святкавання 50-годдзя беларускага анімацыйнага кіно адкрылася выстава-атракцыён па матывах творчасці ветэрана беларускай анімацыі, мастака і рэжысёра Алы Мацюшэўскай.

Панараму беларускай анімацыі нельга ўявіць без самабытнага і ўнікальнага таленту мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай. Гэтаму майстру падуладна ўсё — і стылістыка дзіцячага малюнка ў стужцы «Лыжка для салдата», і глыбокае пранікненне ў візуальнае мысленне Марка Шагала ў карціне «Марк Шагал. Пачатак», і тонкае адчуванне эпохі Адраджэння ў фільме «Дантэ. Беатрычэ». Майстэрства Мацюшэўскай надае нашай анімацыі дыханне высокай выяўленчай культуры і нясе выразнае пачуццё стылю.

На выставе прадстаўлены аўтарскія эскізы Алы Мацюшэўскай, якія сталі асновай фаноў і вобразаў герояў амаль двух дзясяткаў мультфільмаў Студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і якія адлюстроўваюць творчы пошук аўтара, асноўныя этапы яго працы — раскадроўка (выяўленчы канспект будучага фільма), падрыхтоўчыя і стылявыя эскізы і, нарэшце, кадры з гатовых фільмаў, многія з якіх, дарэчы, адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў менавіта за выяўленчае рашэнне.

Арганічна дапаўняе і ўзбагачае экспазіцыю серыя гульнявых атракцыёнаў (аптычных ілюзій) на аснове кадраў і персанажаў прадстаўленых фільмаў, а таксама тэматычныя інсталяцыі і фотазона.

Пазнаёміць наведвальнікаў з багатым і шматгранным мастацкім светам Алы Мацюшэўскай, перадаць ім адчуванне святла, цяпла і радасці, якія пранізваюць яе творчасць, — так можна сфармуляваць звышзадачу ўсіх элементаў арыгінальна аформленага выставачнага праекта «Час — хуткая рака...».

На працягу працы выставы яе прадметная экспазіцыя будзе дапаўняцца экраннай — рэтраспектывай лепшых мультфільмаў Алы Мацюшэўскай.


Ноч музеяў 2021

Дзе: Музей «Лошыцкая сядзіба», г. Мінск, праезд Чыжэўскіх 8/2, 10

Калі: 22 мая

22 мая 2021 года філіял Музея гісторыі горада Мінска — музей «Лошыцкая сядзіба» — з 18:00 да 23:00 запрашае прыняць удзел у «Літаратурна-музычным лабірынце ў Лошыцкай сядзібе». Праграма распрацавана ў рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў-2021».

***

Дзеянне пачынаецца ў сядзібе Яўстафія Любанскага ў Лошыцы ў 1905 годзе... Праз 115 гадоў працягваецца ў музеі «Лошыцкая сядзіба» ...

У ПРАГРАМЕ:

18:00 — 19:30

Музычная праграма «Зачараванне майскіх вечароў».

Музыка еўрапейскіх кампазітараў XIX — XX стст. у выкананні выкладчыкаў і навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя. М.І.Глінкі.

18:00 — 23:00

Выстава «Паркавая, 10». Штодзённасць жыхароў Лошыцы 1950-1980-х гг.

Будынак прысядзібнага флігеля пабудаваны ў 1890-я гг. з дрэва ў стылі мадэрн і знаходзіцца ў гістарычнай часткі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу ў баку ад сядзібнага дома на высокім левым беразе Свіслачы.

У савецкі час флігель ператварыўся ў шматкватэрны жылы дом для сем’яў з вёскі Лошыца ​​1-ая Мінскага раёна. Як магла выглядаць кватэра жыхароў, Вы даведаецеся на выставе «Паркавая, 10».

20.00 — 22.00

Літаратурна-музычная праграма «Пекла Персіярні ды Лошыцкай сядзібы».

Паэзія і музыка сучасных беларускіх пісьменнікаў і музыкаў у выкананні мінскага літаратурна-музычнага аб’яднання «Галактыка», кіраўнік Кацярына Мяшкова, журналіст, пісьменнік.

18.00 — 22.30

Квэст «Гастранамічны дэтэктыў»

1905. Лошыцкая сядзіба, размешчаная непадалёк ад губернскага Мінска, служыла не толькі сямейным гняздом, але і месцам прыёму шматлікіх гасцей. Яўстафій Любанскі быў вядомым гурманам, і па ўсёй Мінскай губерні абмяркоўвалі прыёмы ў Лошыцы. Адзін з дэсертаў — цэлыя персікі ў марозіве, костачкі у якіх замянялі на масу з арэхаў і міндаля — доўга не маглі забыцца ў дваранскіх дамах губернскага Мінска. Шэф-повар Любанскіх Бернас у таямніцы трымаў кулінарныя сакрэты, нікому не раскрываў якія-небудзь глыбока схаваныя дэталі, якія надавалі стравам асаблівы смак або знешні выгляд. Аднойчы рэцэпт знік, шэф-повар Любанскіх Бернас быў у паніцы…

2021. Удзельнікам квэста «Гастранамічны дэтэктыў» неабходна крок за крокам, разгадваючы шарады і галаваломкі, успамінаючы крыптаграмы Жуля Верна і шыфр «Пляшучых чалавечкаў» Конан Дойля дапамагчы раскрыць гастранамічнае злачынства 115- гадовай даўніны і аднавіць страчаны рэцэпт.

22.30 — 23.00

Падвядзенне вынікаў, уручэнне падарункаў.


Ноч музеяў — 2021. Кропка адліку

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, в. 7а

Калі: 22 мая

Колькі каштуе: 10 BYN

Кожная вялікая з’ява з нечага пачынаецца, мае сваю кропку адліку. Жыццё — з дня нараджэння. Музей — з першага супрацоўніка і экспаната. Беларускасць — з таго магічнага слова, якое мы пачулі ў дзяцінстве, а ў сталым жыцці яно адгукнулася нечым важным для нас. Гэта здарылася і з Максімам Багдановічам, калі ён, жывучы ў Расіі, адчуў сябе Беларусам.

Сёлета Максіму спаўняецца 130, а музею 40 гадоў. На «Ноч музеяў»  вы заглыбіцеся ў гісторыю і паспрабуеце разабрацца, з чаго ўсё пачыналася.

18.00 — 20.00 Музейны квіз «Загадка Багдановіча» — рэгістрацыя

19.00 — 19.30 Фрагмент спектакля «Палёты ўдваіх» (Тэатр юнага гледача)

19.30 — 20.30 Лінгвістычныя двубоі

20.00 — 21.00 Экскурсія па юбілейнай выставе «40/40»

20.30 — 22.00 Прэзентацыі паэтычных кніжак

21.00 — 22.00 Музычна-візуальнае шоў ад гурта «Lumiere Tales» і тэатра Дом Сонца https://vk.com/lumieretales

22.00 — 22.30 Дыяфільмавая рэтра-лекцыя

● Беларускія настольныя гульні

● Касмічная фотазона і квэсты...

Чым не нагода правесці гэтую музейную ноч у кампаніі Максіма Багдановіча? Можа, гэта сустрэча таксама стане кропкай адліку нечага новага?..


(Не) Ноч у музеі

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 22 мая

Колькі каштуе: 3 BYN

Зберагаючы мінулае, крочым у будучыню! Пад такім дэвізам працуе і развіваецца Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Музей, які аб’ядноўвае ўсіх беларускіх пісьменнікаў, захоўвае літаратурныя артэфакты. Літаратурны музей сёння — гэта пляцоўка для творчасці, гульні і развіцця. Літаратурны музей збірае, захоўвае (больш за 60 000 музейных прадметаў) і экспануе (больш за 1000 арыгінальных прадметаў штогод). Кожная літаратурная выстава — сапраўдная падзея, бо яна дае магчымасць спазнаць свет беларускіх аўтараў, іх герояў і таямніцы беларускага характару.

У гэты цудоўны вечар/(не)ноч вы зможаце павандраваць у прасторы і часе па дзеючых экспазіцыях музея пад дэвізам «22 за 3» — паўдзельнічайце ў 22 музейных актыўнасцях усяго за 3 рублі. За адзін вечар вы пазнаёміцеся з 7 экспазіцыямі і прыміце ўдзел у спецыяльных музейных праграмах, па выніках якіх атрымаеце падарункі. Адмыслова створаная фотазона, флэшмоб «Вясёлкін у #літмузеі» дапаможа зафіксаваць гэты дзень у памятных фотаздымках і знайсці новых сяброў у сацыяльных сетках.

Вас чакае музычна-паэтычная праграма, квэст «Таямніцы літаратурнага», гульні, спаборніцтвы, занятак «Зрабі кнігу сваімі рукамі» і шмат іншага.

Хапайце добры настрой і да сустрэчы 22 мая ў 18.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры па адрасе вул. М. Багдановіча, 13.

Калі ў вас засталіся пытанні, звярніцеся да нас па тэлефонах: (017) 363-56-21, (017) 395-44-47.

МУЗЫЧНА-ПАЭТЫЧНАЯ ПРАГРАМА

18:00 — 18:30 Урачыстае адкрыццё акцыі «(Не) ноч у музеі». Выступленне вучняў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Лакацыя: вестыбюль.

21:30 Канцэртная праграма «Ад слова жывога пачатак...». Народны літаратурны тэатр «Жывое слова». Лакацыя: Лекцыйная зала. Экспазіцыя «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...»

Квэст «Таямніцы літаратурнага». Лакацыя: усе экспазіцыйныя залы музея.

Павандруеце па літаратурна-музейнай краіне і разгадаеце ўсе сакрэты, што музей падрыхтаваў для вас. Наведаўшы ўсе экспазіцыі і адказаўшы на ўсе пытанні вы атрымаеце купон акцыі «Хадзем у музей!», які дае зніжку 50% на наведванне мінскіх філіялаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Прыходзьце і праверце сваю кемлівасць і ўважлівасць.

АКТЫЎНАСЦІ ПА ЭКСПАЗІЦЫЯХ:

Гульня хадзілка «Звязка беларускіх казак». Лакацыя: Экспазіцыйная зала, 1 паверх. Экспазіцыя «Мова хаты».

Дзве каманды «Дабро» і «Зло» паспаборнічаюць у веданні беларускіх народных казак:"Зайкава хатка«, «Піліпка-сынок», «Залаты птах», «Пшанічны каласок», «Музыка-чарадзей», «Каток — залаты лабок», «Лёгкі хлеб», «Ганарыстая варона», «Сынок з кулачок», «Жаронцы», «Як кот звяроў напалохаў», «Як курачка пеўніка ратавала». Даведаецеся пра тое, як жылі нашыя продкі і ў якія гульні яны гулялі.

Прадугледжаны прагляд «чытанак-ліставанак» па беларускіх народных казках з запісаў Міхаіла Афанасьева «Шчасце і Няшчасце» і «Залатая шарсцінка».

Акцыя «Дастаеўскія раскраскі». Лакацыя: Экспазіцыйная зала № 4. Міжнародная экспазіцыя"Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць«.

Свет Дастаеўскага звычайна ўспрымаецца ў прыглушаных, змрочных шэра-карычневых танах, але на самой справе ў творах Дастаеўскага пануе шмат красак. Яго Пецярбург не заўсёды пахмурны, яго героі апрануты ў касцюмы, якія адпавядаюць таму часу і, адпаведна, модзе, яны часта яркія і рознакаляровыя. Паспрабуйце самі ў гэтым пераканацца, расфарбоўваючы касцюмы пісьменніка і яго персанажаў паводле цытат з твораў Фёдара Міхайлавіча.

Інтэрактыўная праграма «Азбука Васі Вясёлкіна». Флэшмоб «Вясёлкін у #літмузеі». Лакацыя: Экспазіцыйная зала № 7. «Васіль Вітка. „Вясёлкі“ вітаю прылёт».

У аснову інтэрактыўнай праграмы пакладзены аднайменны твор класіка беларускай дзіцячай літаратуры Васіля Віткі. Разам з Васем Вясёлкіным праверым наколькі ўважлівымі вы былі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Не пужайцеся, адзнакі ставіць не будем! Наведвальнікі з дзеткамі атрымаюць у падарунак часопісы «Вясёлка» і «Буся».

Прыміце ўдзел у флэшмобе «Вясёлкін у #літмузеі».

Умовы:

  • падпішыцеся на нас у сацыяльных сетках;
  • зрабіце здымак з Васем Вясёлкіным;
  • падзяліцеся ім на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках;
  • не забудзьцеся адзначыць @bellitmuseum;
  • пазначце хэштэг #літмузей;
  • атрымайце прыз.

Экскурс «Васіль Быкаў. Справа аўтамабільная». Лакацыя: «Зала № 8. Пастаянная экспазіцыя «Беларуская літаратура. 50-70-я гг. ХХ стагоддзя».

Вы даведаецеся пра народнага пісьменніка Беларусі яшчэ як пра мастака, пра апантанага аўтамабіліста, вандроўніка і чалавека з добрым пачуццём гумару і самаіроніяй. Самыя ўважлівыя слухачы атрымаюць падарунак — стыкерпак «Аўтамабіліст-вандроўнік Быкаў». Групы будуць фарміравацца кожных 30 хвілін.

Занятак «Зрабі кнігу сваімі рукамі». Лакацыя: Экспазіцыйная зала № 9. Пастаянная экспазіцыя «Беларуская літаратура. 80-90-я гг. ХХ стагоддзя».

Разам з незвычайным жыхаром музея — Мусеёнам — вы пазнаёміцеся з правіламі паводзін у музеі, з яго структурай, даведаецеся, які прадмет лічыцца экспанатам, як прадметы аб’ядноўваюцца ў калекцыі, а пасля зробіце самы папулярны экспанат літаратурнага музея — кнігу, якую аздобіце сваім фотаздымкам, выкананым у музейных інтэр’ерах.


Ноч музеяў – 2021: Гістарычны калапс

Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30, кв. 4

Калі: 22 мая

Колькі каштуе: 7 BYN

Свет ніколі не будзе ранейшым...

Здаецца, што прадчуванні нечага нявытлумачана жахлівага і назаўсёднага лётаюць у паветры... Згодныя з гэтым? А акадэмік Мікалай Нікольскі (знакаміты сусед Петруся Броўкі, якому ўпершыню адкрыта выстава ў нашым музеі), пэўна, не пагадзіўся б. Бо гісторыя, якой ён прысвяціў сваё жыццё, сцвярджае, што ад часоў старажытнага Вавілону і да сучаснасці свет няспынна, няўрымсліва змяняўся. І, як паказвае практыка, развіццё, рух, і нават разбурэнне звычайна з’яўляюцца пачаткамі для лепшага.

Таму захоўвайце спакой і прыходзьце 22 мая з 18:00 да 23:00 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на «Ноч музеяў — 2021: Гістарычны калапс», каб зірнуць на наш свет вачыма непрадузятага гісторыка! Здабыткі разумнейшых цывілізацый Месапатаміі, мудрасць Рымскай імперыі, міфалогія Кітая, фальклор Беларусі будуць вашымі праваднікамі ў свет навуковага мыслення. Безумоўна, у самай загадкавай і захапляльнай форме.

ПРАГРАМА:

18:00 — Лекцыя «Становішча Элеўсінскіх містэрый у Рымскай імперыі ў I-V стст. н.э.» (Аляксандр Бадылевіч, магістр гістарычных навук).

Вы даведаецеся аб містычных культах антычнасці, у прыватнасці, кульце пакланення Персефоне. Як з’явіўся культ, што ўвайшло ў яго рытуальную практыку, як склаўся лёс прыхільнікаў культа пасля таго, як грэчаскія полісы ўвайшлі ў склад Рымскай імперыі, якое месца яны занялі ў рымскім грамадстве і рымскай уладзе, а таксама як зніклі Элеўсінскія містэрыі на сыходзе Рымскай імперыі.

19:30 — «Проста аб складаным: (не)канферэнцыя аб гісторыі старажытнаўсходніх грамадстваў».

Discussio mater veritas est — у дыскусіі нараждаецца ісціна. Спецыяльна запрошаныя гісторыкі Ілля Лапушанскі і Віктар Дзядкоў публічна падыскутуюць пра гісторыю старажытнаўсходніх цывілізацый. Станьце ўдзельнікам навукова-папулярнай (не)канферэнцыі.

21:30 — Лекцыя «Шыфраваныя пачуцці ў беларускіх народных песнях» (Марына Дубень, салістка фальклорна-этнаграфічнага ансамблю «Багач»).

Беларускі фальклор — адзін з напрамкаў навукі, які цікавіў акадэміка Нікольскага. Але ці ўсё так проста і зразумела з нашымі народнымі спевамі? Часам, нашыя продкі праз песні выказвалі ўсё тое, што нельга было казаць наўпрост. Марына Дубень распавядзе, як беларусы шыфравалі ў народных песнях самыя салодкія фантазіі і сараматную палкасць.

А ТАКСАМА:

«Прадказанні будучыні ў старажытным Вавілоне».

У старажытным Вавілоне практыкаваліся розныя спосабы варажбы і прадказання будучыні. Некаторыя з іх будуць зразумелымі для сучасніка. Такія, як тлумачэнне сноў, астралагічныя прадказанні. Але нешта можа падацца і жахлівым. Напрыклад, варажба на вантробах жывёл.

Менавіта у Вавілоне з’явілася першая вядомая калода для варажбы — Зікурат. Гэта былі невялічкія гліняныя таблічкі з клінапіснымі подпісамі і малюнкамі, кожны з якіх меў сваю сімволіку.

У Ноч музеяў кожны жадаючы зможа зірнуць у таямніцы сваёй будучыні пры дапамозе больш сучаснага аналага Зікурата — карт Таро.

«Гукі старажытнасці, ці Як бы вы гучалі на шумерскай мове».

Шумерская мова — адна з мёртвых моў, аднак па часе свайго жыцця яна пераўзыходзіць многія сучасныя еўрапейскія мовы. З’явіўшыся ў 3000 годзе да н.э., яна праслужыла сродкам камунікацыі для народаў Усходу аж да І ст. да н.э. Падчас Ночы музеяў мы пазнаёмім вас з гісторыяй фарміравання шумерскай мовы і з тым, як яна была структаравана, дапаможам вам скласці сваё імя на гэтай старажытнай мове.

Чэлендж «Як прыручыць дракона».

Драконы — фантастычныя істоты, якія ва ўсе часы вабілі чалавечую фантазію. У кітайскай культуры драконы з’яўляюцца сімвалам добрага пачатку — Ян. Падчас Ночы музеяў усім жадаючым прапануецца паглыбіцца ў старажытнакітайскае прыкладное мастацтва арыгамі і скласці дракона ўсяго толькі з ліста паперы. Задача не з простых, таму першы, хто ўступіць у схватку з лістом паперы і з гонарам паставіць на стол пераможаную пачвару, атрымае спецыяльны прыз — памятную цішотку ад нашага музея.

Настольная гульня «Растлумач мне, калі ласка!»

Колькі сінонімаў ці асацыяцый вам трэба, каб ваш сябар зразумеў і вымавіў у адказ: «Гэта аловак»? А колькі слоў вы можаце такім чынам растлумачыць за хвіліну? Падчас Ночы музеяў усе жадаючыя атрымаюць магчамасць весела і цікава праверыць сваю эрудыцыю і папрактыкаваць беларускую мову ў настольнай гульні «Растлумач мне, калі ласка!». Вам спатрэбіцца ўменне тлумачыць словы з дапамогай добрага настрою, а таксама сінонімаў, антонімаў, намёкаў, гукаў, рухаў. Колькасць гульцоў неабмежаваная!

Квэст «Пасланні продкаў».

У Ноч музеяў прыходзьце ў музей і станьце сапраўдным шукальнікам скарбаў! Як самастойна, так і разам з сябрамі вы зможаце пазнаёміцца з рознымі тыпамі пісьменнасці нашых далёкіх продкаў, вывучыць схованкі, разгадаць шыфры і нават — атрымаць бессмяротнасць. Але памятайце — за кожным няправільным крокам назіраюць і таму трэба быць пільнымі — каб разгадаць пасланні продкаў...

Час праходжання — 30 хвілін.


«Музейная ноч-2021»

Дзе: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Калі: 22 мая

22 мая 2021 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа далучаецца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» з насычанай праграмай «Адзін на адзін з паэтам».

Музей народнага паэта — адметная нацыянальная культурная прастора ў сталіцы, дзе захоўваецца непаўторная аўра святла і добразычлівасці беларускага песняра. Гэтым разам госці Дома Коласа змогуць здзейсніць займальнае падарожжа па інтэрактыўных пляцоўках і нібы паразмаўляць з паэтам пра жыццё, творчасць, гісторыю, музыку…

Падчас гутаркі «…пра творчасць…» можна будзе паспрабаваць сябе ў  разнастайных майстар-класах па вырабу паштовак у тэхніцы «квілінг», сілуэтнаму выразанню і роспісу экаторбы, далучыцца да лялечнага прадстаўлення па матывах беларускіх народных казак, паспяваць беларускія народныя песні, патанчыць пад вясёлую музыку, пазнаёміцца і пагутарыць з ажыўшымі героямі Коласавых твораў.

Размова «…пра гісторыю…» — своеасаблівы экскурс у ваенную гісторыю XVII ст., дэманстрацыя прыёмаў шабельнага бою, пікінерскага бою, правіл стральбы з фіцільнага мушкета, майстар-класы вайсковых прыёмаў. Акрамя таго, толькі на адну гадзіну наведвальнікам Дома Коласа будуць прадстаўлены некалькі загадкавых куфэркаў з асабістых рэчаў Якуба Коласа, якія маюць сваю гісторыю і таямніцы і яшчэ ніколі не дэманстраваліся наведвальнікам.

Не абыйдзецца і без разваг «…пра жыццё…». Для аматараў настольных гульняў адбудзецца прэзентацыя першай музейнай настолкі «Жыццё па Коласу».

Размова «…пра сучаснасць…» — выступленні беларускіх бардаў Зміцера Бартосіка і Віктара Шалкевіча, гурта «The Аpples», разнастайныя фотазоны і захапляючы квэст па мемарыяльнай экспазіцыі і сядзібе музея.

Падрабязней праграму чытайце па спасылцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».