Вы тут

«У самы складаны год ПВТ дасягнуў рэкордных вынiкаў»


У вясновую сесію ў парламенце разглядаўся Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2021 года № 1, якім прадугледжана наданне Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій кантрольных функцый у адносінах да рэзідэнтаў ПВТ, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі. Дэкрэтам таксама забараняюцца здзелкі з токенамі нерэзідэнтамі парка. У Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў з гэтай нагоды выступіў дырэктар Адміністрацыі ПВТ Усевалад ЯНЧЭЎСКІ, а дэпутаты скарысталіся магчымасцю і задалі дакладчыку пытанні, якія датычыліся не толькі дэкрэта. Размова доўжылася амаль гадзіну і атрымалася цікавай, таму прывядзём асноўныя яе эпізоды.


«Гэта не піраміда, але і не панацэя»

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, дэпутат ад Чкалаўскай акругі № 96 (г. Мінск) Андрэй САВІНЫХ у цэлым падтрымаў накіраванасці дадзенага дэкрэта і адзначыў, што сфера крыптавалют патрабуе ўзважанага дзяржаўнага рэгулявання, пры гэтым яна стварае досыць цікавыя перспектыўныя магчымасці для развіцця эканомікі.

«Маё пытанне больш датычыцца вашых ацэнак адносна таго, наколькі хутка развіваецца крыптавалютны сектар у Беларусі, якія яго аб’ёмы і з чым мы можам сутыкнуцца ў найбліжэйшыя два—тры, ну магчыма, пяць гадоў?» — спытаў ён.

Крыпатвалютны сектар развіваецца ў Беларусі спакойна, адказаў Усевалад Янчэўскі і працягнуў:

— У 2017 годзе, калі былі дыскусіі і абнаўляўся Дэкрэт Прэзідэнта аб Парку (21 снежна 2017 года кіраўнік дзяржавы падпісаў Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які накіраваны на развіццё Парка высокіх тэхналогій. — «Зв.») самы вялікі шум якраз быў вакол крыптавалютнай сферы, бо гэта новая, цікава, як зараз кажуць, хайповая тэма была ў той час, хоць насамрэч у Дэкрэце аб развіцці лічбавай эканомікі былі больш фундаментальныя, больш важныя і больш істотныя рэчы.

Беларусь сапраўды адна з першых краін у свеце ўводзіла гэтую сферу ў легальную прававую плоскасць, пры гэтым вельмі ліберальна, без нейкіх забарон, абмежаванняў. Практычна нулявая падатковая стаўка на прыбытак ад гэтых аперацый была ўведзена. Але меласяч адна важная рэч, якая дазваляла гэтую справу ўвесці ў эксперыментальны рэжым: менавіта Парк высокіх тэхналогій быў вызначаны эксперыментальнай пляцоўкай, ці, як мы тады казалі, — эксперыментальнай пясочніцай, каб апрабаваць механізмы і паглядзець, як яны будуць дзейнічаць, ці не прынясе гэта нейкую шкоду. Прынцып быў вельмі просты. Мне здаецца, ён даказаў сваю правільнасць жыццём: мы, па вялікім рахунку, нічога не губляем, а набыць нешта можам.

Адносна гэтага рынку: у той час і цяпер абсалютна дыяметральныя меркаванні. Біткоін існаваў і да 2017 года, яму ўжо больш за 10 гадоў, але ў 2017-м адбыўся рэзкі скачок яго курсу, усе ў гэтым убачылі пэўны спекулятыўны актыў і сталі гандляваць, зарабляць, нехта — страчваць. Таму пачалі вельмі шмат пісаць, казаць пра блокчэйн, біткоін, крыптавалюты. Былі два палярныя пункты погляду, і Беларусь, мне здаецца, пайшла па добрым залатым сярэднім шляху. Першы пункт погляду складаўся ў тым, што тэхналогія блокчэйну, крыптавалюты перакуляць свет, у самы хуткі час выціснуць грошы, а блокчэйн быццам бы пераўтворыць ледзь не ўсе сферы. Была цікавая сітуацыя: варта нейкай айцішнай кампаніі сказаць на той час, што яны працуюць у сферы блокчэйну, цана адразу падскоквала ў некалькі разоў.

Другі пункт погляду — гэта татальнае зло, піраміда, ашуканства, усё лопне, рухне, скончыцца скандаламі, мільёны людзей акажуцца падманутымі, праз гэтую сферу крымінал, наркагандляры захопяць свет і падобнае.

Як любыя крайнія пункты погляду, ні адзін, ні другі жыццём не пацвердзіўся. Беларусь тады, і пра гэта казаў кіраўнік дзяржавы, пайшла спакойным шляхам: мы не забараняем (тым больш там ёсць шэраг рэчаў, якія мы, нават калі захацелі б, не змаглі б забараніць), мы дазваляем, падыходзім ліберальна, тым не менш робім гэта на пляцоўцы Парка высокіх тэхналогій і глядзім акуратна — у добрым сэнсе гэтага слова, у ручным рэжыме — тыя кампаніі, крыптабіржы, якія гэтым будуць займацца.

Сёння ў аб’ёме вытворчасці парка гэта сфера займае вельмі невялікую частку. Можа, і добра. Лепш, каб гэта развівалася паступова.

Боязь скептыкаў таксама не апраўдалася. Ніякіх не было скандалаў, нас не папракнула міжнародная суполка ў тым, што Беларусь стала нейкай «чорнай дзіркай», наадварот, — шэраг дэлегацый, якія прыязджалі, з цікаўнасцю вывучалі наш вопыт і давалі досыць прыемную ацэнку.

Сёлета мы ўбачылі, што гэта ўсё не памерла, той жа самы праславуты біткоін некалі ўскочыў, потым упаў, потым зноў вырас... Разважаць тут можна вельмі і вельмі доўга, я асабіста лічу (хоць магу памыляцца, нечага не прадбачыць), што ў гэтай сферы нараджаюцца нейкія новыя з’явы, у якія сёння насамрэч мала хто верыць, мала хто можа даць ім вызначэнне, тым больш прагноз. Але яны ёсць. Гэта не піраміда ў класічным сэнсе гэтага слова, не ашуканства, але і не панацэя ад усіх бед. Гэта рэчы, якія звязаны, з аднаго боку, з развіццём тэхналогій, з іншага, напэўна, — з маштабнымі, рэвалюцыйнымі, фундаментальнымі зрухамі, якія адбываюцца ў сусветнай фінансавай сферы. Мяркую, нашай краіне вельмі важна быць у фарватары прагрэсіўных падзей.

Калі падсумаваць, мы сапраўды нічога не згубілі, але набылі.

«Гэта не нясе пагрозу існаванню чалавецтва»

Другое пытанне ад дэпутатаў датычылася штучнага інтэлекту: наколькі апраўданыя негатыўныя чаканні ад яго выкарыстання?

— Калі коратка: ніхто ў свеце не адкажа на гэтае пытанне, бо прагрэс развіваецца непрадказальна. Лічу, што ніводны прагноз развіцця нашай цывілізацыі не спраўдзіцца. Будуць ажыццяўляцца нейкія рэчы, якія альбо мала кім прадбачыліся, альбо зусім не прагназаваліся — тое, што філосафы любяць называць «чорным лебедзем».

Са штучным інтэлектам, як з любой яркай, цікавай падзеяй, звязаныя некалькі аспектаў. Па-першае, дастаткова шмат медыйнага шуму вакол гэтай тэмы. Другое — у парку сотні кампаній, якія па-сапраўднаму спецыялізуюцца на гэтых тэхналогіях і дасягаюць вельмі цікавых вынікаў. Яны перажываюць бурны рост у апошнія два-тры гады, якраз пасля прыняцця Дэкрэта Прэзідэнта аб лічбавай эканоміцы.

Некаторы час назад вялікі інтарэс быў звязаны з нанатэхналогіямі, яшчэ раней — з кланіраваннем. Кожнае навуковае адкрыццё ў сучасным, медыйна залежным грамадстве праходзіць стадыю актыўнага абмеркавання, вялікіх чаканняў і прарыву, але, як правіла, свет такія адкрыцці не перакуляюць, катаклізмаў не выклікаюць, хоць жыццё наша і змяняюць істотна.

Я не спецыяліст па пытаннях штучнага інтэлекту, але магу спаслацца на абагульненае меркаванне экспертаў. Яны, напэўна, падпісаліся б пад тым, што гэта, безумоўна, вельмі важна і цікава, што гэта прарыўная рэч, магчыма, вельмі своеасаблівая, але гэта не нясе пагрозы існаванню чалавецтву. Тым не менш увагу ёй трэба ўдзяляць каласальную.

Нам жа трэба ўкараняць гэтыя тэхналогіі ў самых розных галінах: прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі і іншых.

Дарэчы, навука яшчэ не разабралася з тым, што такое інтэлект увогуле, якім чынам думае чалавек, як працуе яго мозг. Загадак яшчэ вельмі шмат. Мы самі сябе да канца не ведаем.

Тры ўмовы поспеху ПВТ

Дэпутат Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр МАРКЕВІЧ, які прадстаўляе Іўеўскую акругу № 54, спытаў, у чым прычына поспеху Парка высокіх тэхналогій і ці ёсць у яго запас трываласці для ўтрымання першынства ў рэгіёне?

— Усе краіны свету канкурыруюць паміж сабой за айцішнікаў. У Парку высокіх тэхналогій умовы добрыя, але не самыя добрыя. Напрыклад, ва Украіне падаткі для айцішнікаў, якія афармляюцца як індывідуальныя прадпрымальнікі, значна ніжэйшыя.

Напалеон калісьці сказаў, што для вядзення вайны патрэбны тры рэчы: па-першае, грошы, па-другое, грошы, і па-трэцяе, грошы. Парк — справа нервовая, але для парка (і гэта, напэўна, з’яўляецца ключавым фактарам поспеху) патрэбны тры рэчы: першая — стабільнасць, другая — стабільнасць і трэцяя — стабільнасць. У самым шырокім сэнсе гэтага слова: ад палітычнай, прававой да адносін з боку грамадства, дзяржавы, яе кіраўніцтва. Гэтая стабільнасць на працягу многіх гадоў была забяспечана.

Многія прадпрымальнікі кажуць: няхай умовы будуць не ідэальныя, але стабільныя. Стабільнасць — гэта прадказальнасць. А ў сучасным свеце, дзе ўсё змяняецца, мець магчымасць прагназаваць, планаваць, ведаць, што заўтра будуць дзейнічаць тыя ж самыя законы, што не адбудуцца катаклізмы і рэвалюцыі, — вялікая раскоша для бізнесу. Краіна, якая забяспечвае стабільнасць і спакой (гэта тычыцца не толькі ІТ-сферы), заўсёды выйгравала. Гэта асноўнае і для парка. Прэзідэнт да ІТ-сферы ставіўся як да свайго дзіцяці, гэта сапраўды была яго ідэя, ён яе заўсёды падтрымліваў.

«Адваротны эфект даюць рэзкая спрэчка, ціск і падаўленне»

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, дэпутат ад Каліноўскай акругі № 108 (г. Мінск) Алег ГАЙДУКЕВІЧ спытаў пра рэальныя лічбы адтоку спецыялістаў з Парка высокіх тэхналогій у паслявыбарчы перыяд.

— У 2019 годзе ў Парку высокіх тэхналогій было 60 938 рабочых месцаў, у 2020 годзе — 69 792. Прырост на 8854 чалавекі за мінулы год. За трэці квартал прырост склаў 2364 чалавекі, за чацвёрты — 2812 чалавек.

Гэта сухая статыстыка, факты. Сёлета тое ж самае. Парк расце і з пункту погляду кампаній-рэзідэнтаў, і з пункту погляду агульнай колькасці, і з пункту погляду экспарту, аб’ёму вытворчасці.

Так, 2020 год для парка за ўсю яго гісторыю быў самым складаным, але парадокс у тым, што адначасова — і самым рэкордным з пункту погляду ўсіх нашых эканамічных паказчыкаў.

У працяг тэмы намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, дэпутат ад Партызанскай акругі № 110 (г. Мінск) Тэнгіз ДУМБАДЗЭ задаў пытанне аб тым, наколькі кіраўнік ПВТ лічыць неабходным у рабоце з айцішнікамі ідэалагічны складнік.

— Безумоўна, ён неабходны. Тэрмін «айцішнік» выклікае ў мяне жаданне запярэчыць. Гэта вельмі розныя людзі: па ўзросце, перакананнях, схільнасцях. І гэта не вузкая група, а вельмі шырокая, якая расце. Сярод тых, каго я ведаю, многім вельмі падабаецца Беларусь па сукупнасці розных фактараў: ад прыроды да чалавечых стасункаў. Вельмі шмат сярод іх апалітычных.

Апошні год паказаў, што часам бывае дастаткова выслухаць чалавека. Спакойная, шчырая, інтэлігентная размова прыводзіць да разваг, часам суразмоўца сам сабе задае пытанні, сам шукае на іх адказы і робіць вывады. Адназначна адваротны эфект даюць рэзкая спрэчка, ціск і падаўленне. Яны выклікаюць злосць і мацуюць перакананні апанента.

У 2017 годзе, яшчэ да прыняцця Дэкрэта аб развіцці ПВТ, мне прыходзілася вельмі шмат гаварыць, прычым не толькі з айцішнікамі, але і з уладальнікам кампаній, інвестарамі. Тады шмат хто сумняваўся, і вялізную дапамогу мне аказалі візіт да нас і публічныя словы Прэзідэнта. Шмат было размоў і пасля прыняцця дэкрэта. І гэта таксама ідэалогія. Трэба было натхніць людзей укладаць грошы, развіваць бізнес у нашай краіне.

Мяркую, гэта самы галоўны складнік маёй работы — дыялог на самыя розныя тэмы. Але методыка нязменная: без лозунгаў, без канфлікту.

І яшчэ пра айцішнікаў — гэта сапраўды вельмі розныя, але ўнікальныя, таленавітыя людзі. Сярод іх шмат светлых асоб — якія хочуць зрабіць прадукт, рэалізаваць ідэю. Яны жывуць, працуюць, зарабляюць у прамым сэнсе слова сваім розумам.

«Няма сумненняў у фундаментальных пераменах у сістэме адукацыі»

Член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы, абраннік ад Гомельскай сельскай акругі № 37 Ігар ЗАВАЛЕЙ спытаў, якія Усевалад Янчэўскі, як кіраўнік ПВТ, унёс бы змены ў Кодэкс аб адукацыі, каб палепшыць вынікі ў ІТ-сферы ў перспектыве?

— Я не глыбокі спецыяліст у сферы адукацыі, таму ўтрымаюся ад дакладных рэкамендацый. Заўсёды ўдзячны настаўнікам і выкладчыкам, нашым школам і ВНУ, бо фундамент поспеху парка закладзены менавіта сістэмай адукацыі. Калі б у нас не рыхтавалі добрых, разумных спецыялістаў — матэматыкаў, праграмістаў і іншых — ніякія льготы, нават стабільнасць і іншыя ўмовы, не стварылі б ні прадукты, ні кампаніі. Адукацыя — гэта фундамент поспеху любой сферы, Парка высокіх тэхналогій у прыватнасці. Таму заўсёды выказваю сферы адукацыі нізкі паклон.

Але ўся сусветная сфера адукацыі вымушана значна змяняцца. Па-першае, наш сучаснік вучыцца ўсё жыццё. Раней такога не было. Раней веды, які атрымліваў чалавек у маладосці, доўгі час яму служылі. Цяпер нярэдка студэнт па нейкіх пытаннях можа аказацца больш дасведчаным, чым выкладчык. Відавочна, што тэндэнцыя гэта будзе распаўсюджвацца. Да таго ж некаторыя спецыяльнасці сыходзяць у нябыт, і тэмп такіх змяненняў на рынку працы таксама павялічваецца. Таму адукацыя вымушана будзе падладжвацца пад бесперапыннае навучанне.

Па-другое, школа павінна рыхтаваць чалавека да будучага жыцця. Скажам, чалавек нарадзіўся зараз — праз некалькі гадоў ён пойдзе ў школу, яшчэ праз 9–11 гадоў яе скончыць, потым атрымае прафесію, гэта значыць, што ў дарослае жыццё ён увойдзе амаль праз чвэрць стагоддзя.

Такім чынам, наша школа ўжо зараз павінна рыхтаваць людзей для жыцця ў 40-х гадах XXІ стагоддзя. А якое будзе гэта жыццё? Калі мы азірнёмся на 30 гадоў таму і згадаем, якія змяненні адбыліся, то зразумеем, што ў наступныя 30 гадоў змяненні будуць яшчэ больш ашаламляльныя. Сістэма адукацыі не ў стане ўявіць той свет, да жыцця ў якім яна рыхтуе дзяцей. І такой праблемы таксама ніколі не было. Цывілізацыя раней развівалася значна больш павольна: было зразумела, што чалавек нарадзіўся і памрэ ў атачэнні прыкладна аднаго і таго ж свету. Зараз свет змяняецца на працягу 5–10 гадоў. Таму ўся сістэма адукацыі, не толькі ў Беларусі, вымушана будзе змяніцца кардынальна.

Яшчэ адзін момант. Раней галоўнай была колькасць ведаў. Чалавек сам па сабе быў нечым накшталт камп’ютара: павінен быў як мага больш усяго запомніць. Інфармацыя была ў дэфіцыце. Цяпер жа інфармацыя ў лішку, чалавеку лепш засцерагчыся ад яе, ён патанае ў акіяне інфармацыі, яму трэба вылучыць галоўнае — і гэта зусім іншыя навыкі.

Раней сістэма адукацыі была заточана на тое, каб як мага больш вывучыць, даведацца, запомніць. Цяпер патрабуецца знайсці патрэбную інфармацыю, адкінуць лішняе. Чалавек павінен быць арыентаваны на творчасць — на стварэнне новага прадукту. І пра гэта трэба думаць, казаць, дыскутаваць.

Мы ў парку хочам арганізаваць цэлую серыю семінараў, сустрэч, круглых сталоў з мэтай абмеркаваць, паразважаць, асэнсаваць новыя патрэбы сістэмы адукацыі. Магчыма, у ёй павінны з’явіцца нейкія канкурэнтныя мадэлі, каб былі розныя магчымасці. Напэўна, адзінага стандарту ўжо ў сярэдне тэрміновай перспектыве не будзе.

Я чуў меркаванні псіхолагаў пра тое, што новае пакаленне думае па-іншаму, бо з нараджэння знаходзіцца пад іншым інфармацыйным прэсам у параўнанні з намі. Сучаснае дзіця ад нараджэння трапляе ў акіян інфармацыі: вакол яго яна мільгае, свеціцца з экрана смартфона. У выніку мысленне на псіхафізіялагічным узроўні выбудоўваецца інакш. Нам здаецца гэты тып мыслення павярхоўным, але, магчыма, ён проста больш хуткі. А значыць, і спосабы выкладання павінны быць іншыя, і гэта не звязана з тэхнікай.

Наконт штучнага інтэлекту цяжка нешта прадбачыць, а вось наконт адукацыі — няма сумненняў у фундаментальных пераменах. Сістэма, якую мы ведаем, пераўтварыцца ў нешта новае. І каб нам не плесціся ў хвасце, мы, самае малое, павінны пра гэта думаць і гэта абмяркоўваць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.