Вы тут

Едзем на мора! Як арганізаваць летні адпачынак з улікам паўсюдных абмежаванняў?


Для большасці з нас летні адпачынак — гэта, перш за ўсё, паездка да мора. На цёплым беразе пад ласкавым сонцам мы забываемся ўсе нягоды, адключаемся ад працоўных праектаў і самых надзённых спраў. Акрамя прыемных уражанняў мора дапамагае ўмацаваць імунітэт, а гэта, улічваючы падступныя вірусы і інфекцыі, вельмі важна для здароўя.


У мінулым годзе пандэмія COVID-19 стала для турыстычнай галіны сур'ёзным выклікам. Ці змогуць гэтым летам ажыццявіцца нашы мары пра мора? Дзе чакаюць беларускіх турыстаў і на якіх умовах? Больш падрабязную інфармацыю пра гэта «Звяздзе» распавядае менеджар турыстычнай кампаніі «Галар-экспо» Вольга ЛАДУЦЬКА.

Перш за ўсё, хочацца адзначыць, што да летняга сезона — 2021 беларускія турфірмы рыхтаваліся асабліва старанна. Праведзена вельмі вялікая праца на працягу восені і зімы: гэта не толькі перамовы з партнёрамі з розных краін, але і намаганні спецыялістаў, накіраваныя на зніжэнне магчымых рызык у сувязі з COVID-19. Мы выдатна разумеем, як чакаюць людзі, якія стаміліся ад абмежаванняў у перыяд пандэміі, хвароб і стрэсаў, працяглых месяцаў няўстойлівага надвор'я, хоць бы некалькіх дзён цёплага сонца і бесклапотнага вольнага часу. І стараемся, каб паездка не проста адбылася, а прынесла прыемныя эмоцыі, здароўе і сапраўды рэлакс.

Ужо з сярэдзіны вясны прыкметна, што турыстычны сезон у гэтым годзе больш актыўны, чым у мінулым. Толькі адзінкі самых смелых рызыкнулі ў 2020 здзейсніць замежныя выезды. Большасць жа з тых, хто заключыў дамовы на ранняе браніраванне, пакінулі свае сродкі на дэпазітах. Цяпер яны выбралі новыя праграмы, многія памянялі краіны, таму што шэраг курортаў у Іспаніі, Італіі, Францыі, Партугаліі па-ранейшаму зачыненыя для турыстаў. А мы засумавалі па моры і ласкавай хвалі. І сёння дзеля адпачынку людзі гатовыя трываць многія нязручнасці, якія ўзніклі з-за COVID-19.

ПЛР-тэсты ўваходзяць у кошт тура. Як правіла, іх здаюць за два-тры дні да вылету, Турфірмы бяруць на сябе арганізацыю гэтай працэдуры ў медклініцы, прызначаюць час і дзень — кліентам не даводзіцца пра гэта хвалявацца і марнаваць свой час на пошук патрэбных адрасоў. Таксама для зручнасці турыстаў ёсць магчымасць забраць арыгіналы тэстаў у офісе турыстычнай кампаніі або непасрэдна ў аэрапорце. Вядома, у выпадку станоўчага тэсту адразу ж паведамляецца пра гэта кліенту.

Страхоўка ад нявыезду. Такая паслуга была і раней у страхавых кампаній, яна магла спатрэбіцца турыстам у выпадку адмовы ў выдачы візы і некаторых іншых. Аднак заключалася яна вельмі рэдка. З канца мінулага года гэтая страхоўка стала вельмі запатрабаванай, яна дапамагае пазбегнуць многіх стрэсавых сітуацый. Напрыклад, за 7 каляндарных дзён да паездкі захворвае хтосьці з членаў вашай сям'і, вы становіцеся кантактам першага ўзроўню, ваша паездка адмяняецца. Але, маючы на руках страхоўку ад нявыезду, вы можаце альбо перанесці тур, альбо вярнуць грошы. Пры сямейных паездках, у выпадку хваробы кагосьці аднаго (калі страхоўка ёсць ва ўсіх удзельнікаў тура), таксама захоўваюцца гарантыі пераносу тура або вяртання сродкаў. Пры станоўчым ПЛР-тэсце кліент захоўвае шанец вярнуць свае грошы. Страхоўка ад нявыезду аплачваецца дадаткова, кошт прыкладна ад 15 еўра і вышэй. Больш падрабязна аб нюансах вам раскажа страхавы агент.

Абавязковая медстрахоўка ад няшчасных выпадкаў сёння ўключае ў пералік небяспечных інфекцый таксама і каранавірус. Аказанне неадкладнай дапамогі пры COVID-19, шпіталізацыя — усё гэта ўваходзіць у дадзены пакет і пакрываецца страхоўкай. А вось з іншымі момантамі трэба быць уважлівымі. Напрыклад, знаходжанне на карантыне не звязана з ліквідацыяй пагрозы жыцця, таму самаізаляцыя кантактнай асобы, як правіла, ажыццяўляецца за свой кошт. Але ёсць асобныя выключэнні: на Мальдывах арганізаваны спецыяльны гатэль для самаізаляцыі, Грузія таксама бясплатна дае такую магчымасць.

Ранняе браніраванне. Па сутнасці, гэта гарантыя выбару добрага гатэля па прывабнай цане і, такім чынам, гарантыя якаснага адпачынку. Кошт пражывання бывае на 20 % ніжэй, чым купля пуцёўкі ў сезон. Гэта звязана з тым, што ўладальнікі гатэляў зацікаўлены забяспечыць загрузку загадзя. Можна выбраць гатэль з улікам інфраструктуры, блізкасці мора і на даты, якія вам падыходзяць.

У перыяд ковіда ранняе браніраванне стала асабліва папулярным. Перадаплата невялікая (10–15 %), але гэта вельмі зручна і выгадна. Па-першае, цяпер абмежаваная колькасць чартэрных рэйсаў, па-другое, прымаюць турыстаў далёка не ўсе курорты і краіны, і добрыя гатэлі раскупляюцца хутка, як гарачыя піражкі.

Гарачыя пуцёўкі. Многія прывыклі да такой паслугі і нават былі арыентаваны на яе, нічога не плануючы загадзя. Бо гарачыя пуцёўкі — гэта эканомны спосаб адпачыць плюс займальнае падарожжа без доўгіх збораў. Але зараз пра такое паняцце даводзіцца забыцца. Па-першае, абмежаваная колькасць рэйсаў для пералётаў. Па-другое, ПЛР-тэсты, даведка аб наяўнасці антыцелаў, візы — усё гэта сёння патрабуе часу, а не хуткіх рашэнняў.

Шведскі стол. У сувязі з COVID-19 таксама змяніўся звыклы фармат сняданкаў, абедаў і вячэр у гатэлях. Самаабслугоўванне і упадабаны шматлікімі «шведскі стол» цяпер забароненыя. Не дапускаецца адкрытая выкладка страў і выкарыстанне турыстамі агульнага посуду. У рэстаранах прапануюць альбо загадзя расфасаваныя монапорцыі, альбо на раздачы стаіць афіцыянт у масцы і пальчатках, часам — за шклом. Выбар страў, вядома, заўсёды прысутнічае, падыходзіць за дабаўкай таксама можна некалькі разоў — тут ніякіх абмежаванняў.

Сацыяльную дыстанцыю забяспечвае разметка на падлозе, сталы размешчаны такім чынам, каб была адлегласць не менш за 1 м паміж імі. У барах таксама павінна выконвацца сацыяльная адлегласць.

Іншыя нюансы. Па прыбыцці ў гатэль ажыццяўляецца абавязковая дэзінфекцыя багажу. Санітайзеры ўстаноўленыя па ўсёй тэрыторыі, вам нават можа зрабіць заўвагу адміністратар рэстарана або бара, калі вы забыліся пра гігіену рук.

У некаторых гатэлях могуць бескантактава вымяраць тэмпературу цела, і калі ў вас вышэй за 37,5 °C, могуць абмежаваць свабоду перамяшчэнняў.

На пляжы і ля басейна сацыяльная дыстанцыя паміж лежакамі — 2 метры. Анімацыя таксама праходзіць з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі.

Па сутнасці, турысты павінны апранаць маскі кожны раз, калі яны выходзяць з пакою, і пагатоў калі адпраўляюцца за межы тэрыторыі гатэля. У ААЭ, напрыклад, вельмі вялікія штрафы за невыкананне масачнага рэжыму. Пажадана распытаць мэнэджара турфірмы больш канкрэтна пра правілы ў вашым гатэлі яшчэ да ад'езду, каб быць у поўным узбраенні.

Папулярныя напрамкі. Вядома, з пачатку гэтага года ў ліку самых запатрабаваных краін былі цёплыя: Турцыя, Егіпет і ААЭ. Да лета вырасла папулярнасць Албаніі: без ПЛР-тэста, віза не патрэбна, прамыя пералёты. У канцы красавіка добрыя ўмовы для адпачынку прапанавала Чарнагорыя, і пуцёўкі тут жа сталі хутка раскупляцца. Яшчэ з мінулага года захавалася шмат заявак на адпачынак у Грэцыі — так званы адкладзены адпачынак. Гэтая краіна адкрываецца для турыстаў з 14 мая, ужо зацверджана чартарная палётная праграма і ўстаноўлены правілы прыёму для беларусаў: віза, ПЛР-тэст за 72 гадзіны да вылету або даведка аб наяўнасці антыцелаў, або даведка аб вакцынацыі. Свае і досыць строгія правілы для турыстаў у Грузіі: па прылёце абавязковыя тры дні самаізаляцыі ў гатэлі і паўторны ПЛР-тэст на 3-і дзень.

А вось аматараў адпачынку ў Прыбалтыцы сёлета парадаваць няма чым: усе краіны пакуль закрытыя для падарожнікаў. Таксама шмат складанасцяў па паездках на Чорным моры: гэта Сочы, Адэса, Затока, Коблева і інш.

Я б назвала Мальдывы — выспы мары, дзе узрушаючай прыгажосці прырода і багаты падводны свет. У гэтым сезоне нечакана нам паступілі даступныя па цане прапановы ад гатэляў. Бо традыцыйна Мальдывы — адпачынак фешэнэбельны і, адпаведна, дарагі. Цяпер кошт цалкам прымальны.

Сярод экзатычных краін таксама папулярныя падарожжы ў Дамінікану, на Сейшэлы, на востраў Занзібар. Аднак варта звярнуць увагу, што гэта пералёты са стыкоўкай, і на зваротным шляху будзе неабходна здаць платна ПЛР-тэсты для ўезду ў краіны, дзе ў вас перасадка з рэйса на рэйс

Сямейны адпачынак. Дзеці чакаюць вакацый на моры заўсёды з вялікім нецярпеннем. Раней было шмат паездак «бабуля + унукі», але цяпер пажылыя людзі рызыкаваць не хочуць. Едуць у асноўным бацькі і дзеці. Маладыя сем'і, як правіла, выбіраюць тыя гатэлі, дзе ёсць дзіцячая мэбля, спецыяльнае меню, арганізаваны дзіцячы вольны час, маецца свой аквапарк на тэрыторыі.

Добры бюджэтны сямейны адпачынак на моры — Балгарыя. Няцяжкі кароткі пералёт, мяккі прыемны клімат, шырокія пясчаныя пляжы, адсутнасць моўнага бар'ера. Гэтага больш чым дастаткова, каб як след адпачыць. Самыя папулярныя балгарскія курорты для сем'яў з дзецьмі — Сонечны Бераг, Залатыя Пяскі, Албена — у гэтым годзе адкрыты для беларускіх турыстаў.

Лекары сцвярджаюць, што солевы склад марской вады амаль ідэнтычны складу чалавечай крыві. А ёдзістае марское паветра — цяперашнія прыродныя лекі для лёгкіх чалавека. Мора супакойвае нашу нервовую сістэму і надоўга зараджае арганізм энергіяй. Адпачынак — гэта перазагрузка, новае дыханне, прыліў сіл і новы імпульс у працы..

На якіх умовах і куды могуць адправіцца гэтым летам на адпачынак беларусы?

ТУРЦЫЯ

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету. Рашэнне турэцкіх уладаў аб неабходнасці тэсту падоўжанае да 31 мая, у далейшым магчымая адмена. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён

ЕГІПЕТ

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь не патрэбная.

АЛБАНІЯ

ПЛР-тэст не патрэбны. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён

ЧАРНАГОРЫЯ

ПЛР-тэст не патрэбны. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён.

ТУНІС

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён.

БАЛГАРЫЯ

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету. Таксама падыходзіць даведка аб наяўнасці антыцелаў або даведка аб вакцынацыі (любой вакцынай). Віза патрэбна, нацыянальная 35 еўра для дарослых, 5 еўра для дзяцей да 12 гадоў. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён.

ГРЭЦЫЯ

Адкрываецца для турыстаў з 14 мая 2021 года. ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету. Таксама падыходзіць даведка аб наяўнасці антыцелаў або даведка аб вакцынацыі. Віза патрэбна, адкрываецца ў візавых цэнтрах. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён.

ААЭ

ПЛР-тэст патрэбен, за 96 гадзін да вылету. ПЛР-тэст па прылёце ў ААЭ выбарачна, бясплатна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь не патрэбная. Віза не патрэбна.

КІПР

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету, таксама паўторны тэст ў аэрапорце Ларнакі — 30 еўра. Віза патрэбна, 30 еўра, адкрываецца ў ганаровым консульстве Кіпра ў Беларусі. Альбо — наяўнасць мульцішэнгена. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён.

ГРУЗІЯ

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету. Таксама падыходзіць даведка аб вакцынацыі (любы сертыфікаванай вакцынай). Паўторны тэст — на 3-і дзень знаходжання ў Грузіі. Не пазней чым за 48 гадзін да прыбыцця ў Грузію трэба запоўніць спецыяльную форму заяўкі. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён.

СЕРБІЯ

ПЛР-тэст патрэбен, за 48 гадзін да вылету. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён.

МАЛЬДЫВЫ

ПЛР-тэст патрэбен, за 96 гадзін да вылету. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён. Пералёт са стыкоўкай ў Кіеве ці Стамбуле.

ТАНЗАНІЯ (ЗАНЗЫБАР)

ПЛР-тэст не патрэбны. Віза — па прылёце, $50. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён. Пералёт з перасадкай праз Стамбул або Кіеў.

МЕКСІКА

ПЛР-тэст не патрэбен (але калі ляцець праз краіны ЕС, то тэст патрэбен, прычым двойчы, па дарозе туды і назад; кошт тэсту ў Мексіцы — $150). Віза патрэбна, адкрываецца ў Пасольстве Мексікі ў Маскве (турыстычная, мульцішэнген ці нацыянальная). Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён. Пералёт праз Парыж або Франкфурт.

ДАМІНІКАНА

ПЛР-тэст не патрэбны. Уезд магчымы толькі з электроннай анкетай і QR-кодам. Віза патрэбна (мульцішэнген, шматразовая ЗША ці нацыянальная). Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь з Дамініканскай Рэспублікі не патрэбная, але, паколькі пералёт ажыццяўляецца праз аэрапорты ЕЗ, самаізаляцыя ўсё ж спатрэбіцца — 10 дзён. Пералёт праз Парыж або Франкфурт.

КУБА

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны. Паўторны ПЛР-тэст ў аэрапорце бясплатна. Віза не патрэбна. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь — 10 дзён. Пералёт са стыкоўкай ў Стамбуле.

ШРЫ-ЛАНКА

ПЛР-тэст патрэбен, за 96 гадзін да вылету. Па прыбыцці трэба будзе здаць яшчэ два ПЛР-тэсты пры наведванні краіны на тэрмін да 7 дзён і тры ПЛР-тэсты, калі паездка доўжыцца даўжэй за адзін тыдзень. Кошт ПЛР-тэсту — $40. Каранцін у спецгатэлях да атрымання выніку абавязковы, потым можна падарожнічаць па дазволеных урадам Шры-Ланкі месцах. Віза — па прылёце, $35. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь з Шры-Ланкі не патрэбная, але з-за стыкоўкі ў Стамбуле спатрэбіцца. Пералёт — са стыкоўкай ў Стамбуле.

ТАЙЛАНД

ПЛР-тэст патрэбен, за 72 гадзіны да вылету, дадатковы тэст — па прылёце і яшчэ адзін — на 5-ы–6-ы дзень самаізаляцыі. Таксама да вылету неабходная рэгістрацыя — пасведчанне аб уездзе. Абавязковы 10-дзённы каранцін у спецыяльна адведзеных гатэлях. Віза патрэбна, адкрываецца ў ганаровым консульстве Тайланда ў Беларусі, $40 + Br35. Абавязкова: страхавы поліс на 100 тысяч даляраў і сума на банкаўскай карце ў памеры 700 даляраў на кожнага адпачывальніка. Самаізаляцыя па прылёце ў Беларусь з Тайланда не патрэбна, але, паколькі пералёт праз Стамбул, спатрэбіцца 10-дзённы каранцін. Пералёт са стыкоўкай у Стамбуле.

Фота pixabay.com

Загаловак у газеце: Мы едзем да мора…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».