Вы тут

Як удасканаліць урбаністычную прастору, каб яна стала больш экалагічнай, бяспечнай, камфортнай?


«Зялёны» горад — той, у якім лёгка дыхаць і зручна перамяшчацца ўсім: пешаходам, веласіпедыстам і кіроўцам. Як удасканаліць урбаністычную прастору, каб яна стала больш экалагічнай, бяспечнай, камфортнай? Разгледзім на двух прыкладах.


«Наезнае» міні-кальцо стварае на перакрыжаванні кругавы рух.

Праект «Зялёныя гарады» рэалізоўваецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды, мясцовымі органамі ўлады і грамадскімі арганізацыямі пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду. Адна з актуальных задач, якую намагаюцца вырашыць удзельнікі праекта, — зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу ў гарадах. Найбольшая доля ў забруджванні паветра прыходзіцца на транспарт. Памяншэнню аўтамабільных выкідаў спрыяюць аптымізацыя сістэмы дарожнага руху, папулярызацыя безматорных транспартных сродкаў і заахвочванне людзей да актыўнага, здаровага ладу жыцця.

Для рэалізацыі праекта былі абраны тры пілотныя гарады: Навагрудак, Полацк і Наваполацк. У Навагрудку работа засяродзілася галоўным чынам на павышэнні энергаэфектыўнасці аб'ектаў ЖКГ, а ў Полацку і Наваполацку — на развіцці ўстойлівай мабільнасці.

Калі гарадскі транспарт выйграе

— Удзельнікі праекта па ўзгадненні з Полацкім райвыканкамам памянялі схему арганізацыі дарожнага руху ў горадзе, — патлумачыў нацыянальны эксперт па мабільнасці і ўстойлівым транспарце Павел АСТАПЕНЯ. — Выдзелілі асобную паласу для грамадскага транспарту — першую ў Беларусі. І яна паказала эфектыўнасць, асабліва калі на рэканструкцыю закрылі адзін з двух полацкіх мастоў. Нават у гадзіны пік пасажырам аўтобусаў не давялося губляць час у заторах. Людзі хутка ацанілі гэтую зручнасць і сталі больш карыстацца грамадскім транспартам. Прыемны бонус для жыхароў Полацка і Наваполацка — усталяваныя на прыпынках сучасныя павільёны чакання.

Інавацыі ў дарожным руху

На цэнтральных вуліцах Полацка нанесена пластыкавая дарожная разметка. Тэрмін яе службы — 4-6 гадоў у адрозненне ад звыклай фарбавай, якая сціраецца за паўгода. На перакрыжаванні вуліц Камуністычнай і Пушкіна з'явілася першае ў нашай краіне «наезнае» міні-кальцо. Яго асноўнае прызначэнне — зніжэнне хуткасці транспартнага патоку ў канфліктных пунктах, а таксама змяншэнне колькасці гэтых пунктаў дзякуючы арганізацыі кругавога руху. Яшчэ адна інавацыя — падушкі хуткасці, якія вымушаюць запавольвацца легкавыя аўтамабілі з вузкай адлегласцю паміж коламі. Гарадскія ж аўтобусы мінаюць іх без непрыемнага для пасажыраў трасення. Канструктыўныя паўастраўкі бяспекі прадухіляюць паркоўку каля пешаходных пераходаў. Вылучаны спецыяльныя палосы для левага павароту, паколькі ён лічыцца найбольш небяспечным.

Раней кожны святлафор у Полацку працаваў паасобку. Штораз аўтамабілі спыняліся на чырвонае святло, а потым разганяліся. «Нашы інжынеры ўсталявалі модуль GPS, і цяпер усе святлафоры праз спадарожнік злучаны ў аўтаматызаваную сістэму кіравання дарожным рухам, — распавядае Павел Астапеня. — Такім чынам запушчана «Зялёная хваля»: на святлафорах паслядоўна запальваецца зялёнае святло. Калі кіроўца будзе рухацца з аптымальнай для горада хуткасцю 40—50 км у гадзіну, то з верагоднасцю 75 % ён праедзе без спынення ўсе магістральныя вуліцы. Рэжым «Зялёнай хвалі» ўведзены і ў Наваполацку».

Інфармаванне аўтамабілістаў пра змены ў дарожным руху вялося праз публікацыі на сайце Полацкага райвыканкама, у газеце «Полацкі веснік», афіцыйных інстаграм-каналах, сацсетках. Інспектары ДАІ давалі тлумачэнні кіроўцам.

— З часам стала відавочна, што мадэрнізацыя станоўча ўплывае на дарожны рух, — канстатуе старшы інспектар АДР аддзела ДАІ Полацкага РАУС Кацярына РАЖАНЕЦ. — Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у цэнтральнай частцы горада ў 2020 годзе зменшылася ўдвая ў параўнанні з 2019-м.

Што добра для веласіпедыстаў, тое карысна і пешаходам

Яшчэ адно новаўвядзенне ў Полацку — сетка веласіпедных дарожак на праезнай частцы, адасобленых дэлініятарамі. Яны дазваляюць веласіпедыстам хутка перамяшчацца, не ствараючы пагрозу для пешаходаў. У скверы ўсталяваны велапаркоўкі з лаўкамі, аснашчанымі сонечнымі панэлямі і раздымамі для падзарадкі мабільных прылад.

Удзельнікі праекта паклапаціліся і аб наваполацкіх аматарах ровараў. Пракладзеная праз парк веладарожка стала сапраўдным падарункам для месцічаў. Гарадскія ўлады паставілі ўздоўж яе спартыўныя трэнажоры, і цяпер яна прываблівае аматараў розных відаў актыўнага адпачынку. Плануецца працягнуць веладарожку да мяжы прыватнага сектара.

Расце колькасць велагаражоў у жылых таварыствах: у Наваполацку іх ужо каля дзясятка. Паставіць на захоўванне ровар можна бясплатна.

Аляксандр МЕДЗЕЛЬ, намеснік старшыні велаклуба «Вярста», адзначае:

— Усе веласіпедысты заўважылі змены да лепшага. Рух па новых велапалосах, веладарожках становіцца больш камфортным. Цяпер наша галоўная мара — веладарожка, якая злучыць Полацк з Наваполацкам.

Мінпрыроды, мясцовыя органы ўлады і прадстаўнікі грамадскасці маюць намер распаўсюджваць практыкі зялёнай гарадской мабільнасці на іншыя малыя гарады. Партнёрства ўсіх бакоў — адна з галоўных умоў устойлівасці пазітыўных вынікаў.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Зялёная мабільнасць для Полацка і Наваполацка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.