Вы тут

Адкрыццё трэцяга працоўнага семестра адбудзецца 27 чэрвеня


Адкрыццё трэцяга працоўнага семестра — 2021 з удзелам байцоў студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў краіны адбудзецца ў Мінску 27 чэрвеня. Пра гэта паведаміў падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ, камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Сямён КАЛЯДА.


Студатрадаўскі рух — вядучы кірунак дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Штогод БРСМ прапаноўвае беларускім юнакам і дзяўчатам магчымасць працаўладкавацца ў складзе студэнцкіх атрадаў розных профіляў: будаўнічых, педагагічных, сельскагаспадарчых, сэрвісных, вытворчых, экалагічных і медыцынскіх.

— У гэтым годзе ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра пройдзе ў Дзень моладзі ў сталіцы, на плошчы Дзяржаўнага сцяга Беларусі, і аб'яднае больш як 700 байцоў студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў краіны, — расказаў Сямён Каляда. — Цэнтральнай падзеяй дня стане ўрачыстая цырымонія ўручэння рабочых пуцёвак камандзірам атрадаў для работы на розных аб'ектах краіны. Таксама пуцёўкі будуць уручаны зводнаму студэнцкаму будаўнічаму атраду на Усебеларускую маладзёжную будоўлю «Горад маладосці» і на маладзёжны вытворчы праект «Атлант-2021». Святочная праграма будзе насычана рознымі відамі актыўнасці. Напрыклад, пройдуць спартыўныя спаборніцтвы па здачы нарматываў фізкультурна-спартыўнага комплексу «Змагайся! Імкніся! Перамагай!».

У 2021 годзе ў складзе студэнцкіх атрадаў розных профіляў плануецца працаўладкаваць не менш за 25 тысяч чалавек. «На сёння заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах ужо падалі больш за 21 тысячу чалавек. З нашага боку заключана 476 дагавораў на працаўладкаванне хлопцаў і дзяўчат. І гэты працэс працягваецца. Таксама варта адзначыць, што ў рамках круглагадовай занятасці ў складзе 86 студатрадаў адпрацавалі і працягваюць працаваць 1391 чалавек. Дарэчы, 20 мая беларускі студэнцкі педагагічны атрад з Віцебскай вобласці адправіўся ў Краснадарскі край для ўдзелу ў сумесным расійска-беларускім праекце на базе Усерасійскага цэнтра «Арляня», — дадаў Сямён Каляда.

— У Беларусі штогод у вольны ад вучобы час працаўладкоўваюцца каля 70 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, — пра гэта паведаміла журналістам галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна РУБАНІК. — Міністэрства збірае даныя па занятасці моладзі праз Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, улічвае тых, хто працуе ў студэнцкіх атрадах, і ахопленых індывідуальнай занятасцю. Сёлета дзейнічае новы Указ Прэзідэнта № 58 «Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Ён крыху абноўлены. Паводле гэтага ўказа, ужо ў студзені зацверджаны пералікі арганізацый, якія прымаюць, аб'ектаў і відаў работ. На сёння ў пералік унесена 1137 аб'ектаў.

У 2021 годзе працягваецца рэалізацыя міжнароднага маладзёжнага вытворчага праекта «Атлант-2021». У яго рамках плануецца працаўладкаваць больш за 500 чалавек. Традыцыйна студэнцкія атрады выязджаюць на Усебеларускую маладзёжную будоўлю «Горад маладосці» ў Астравец. У рамках пагаднення паміж БРСМ і Агульнарасійскай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй «Мабільныя кадры Расіі» сёлета будзе рэалізаваны праект па рэканструкцыі аўтамагістралі М1 на тэрыторыі Расіі. Запланавана працаўладкаваць каля 500 будатрадаўцаў з ліку студэнтаў, што навучаюцца ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Таццяна Рубанік падкрэсліла, што часта пытанні з працаўладкаваннем узнікаюць у бацькоў навучэнцаў выпускных класаў. «Каб трапіць на работу праз Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, патрэбна даведка аб тым, што яны з'яўляюцца навучэнцамі. Загад аб залічэнні ў 10-ы клас агульнай сярэдняй адукацыі выдаецца да 31 жніўня. Але школьнікі могуць падаць свае дакументы ва ўстанову адукацыі раней, ужо пачынаючы з 12 чэрвеня. Перашкод у гэтым мы не бачым, — дадала яна. — Што датычыцца выпускнікоў 11-х класаў, для іх ёсць іншыя віды занятасці. Гэта студэнцкія атрады, а таксама індывідуальная занятасць. Варыянтаў працаўладкавання вельмі шмат — як у Мінску, так і па краіне. Для гэтага можна звярнуцца ва ўстанову адукацыі або тэрытарыяльны камітэт БРСМ».

Па словах кансультанта ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталлі ЛАБАЧОВАЙ, у Беларусі зараз фарміруецца пералік арганізацый, гатовых прымаць на часовыя працоўныя месцы студэнтаў і навучэнцаў без падтрымкі дзяржавы.

— Органамі па працы сфарміраваны пералікі арганізацый, гатовых у летні перыяд 2021 года прымаць на работу моладзь без фінансавай падтрымкі дзяржавы. Гэты пералік размяшчаецца і штотыднёва актуалізуецца дзяржаўнай службай занятасці, ён ёсць на сайтах мясцовых органаў улады. Гэтыя звесткі даводзяцца і да ўстаноў адукацыі, — падкрэсліла Наталля Лабачова. — На 20 мая аб магчымасці забяспечыць часовую занятасць моладзі ў летні перыяд праінфармавала больш за 300 арганізацый, якія гатовыя выдзеліць больш чым 5 тысяч вакансій: гэта пераважна прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, «Белсаюздрук», аддзяленні «Белпошты», лясгасы, фермерскія гаспадаркі, некаторыя ўстановы аховы здароўя і г. д.

Усе вакансіі павінны быць заяўлены ў службу занятасці, туды і трэба звяртацца маладому чалавеку, каб атрымаць накіраванне (калі, вядома, ён не даведаўся пра вакансіі з іншых крыніц). З маладымі людзьмі заключаюцца адпаведныя дамовы, гэта значыць, што на іх распаўсюджваецца працоўнае заканадаўства і нормы заканадаўства аб ахове працы.

— Многія навучэнцы сталічных устаноў адукацыі ў вольны ад вучобы час (асабліва летам) хочуць папрацаваць у Мінскім заапарку, — расказала журналістам намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ. — Усяго ў сталіцы на гэты год плануецца заключыць дагаворы з больш чым 210 буйнымі аб'ектамі, дзе будуць працаўладкаваны звыш 4 тысяч навучэнцаў, у тым ліку каля 3 тысяч — у летні час.

«Акцэнт мы робім на непаўналетніх ва ўзросце 14—16 гадоў. Яны ў нас у прыярытэце, — заўважыла спецыяліст. — Менавіта для гэтай катэгорыі моладзі ажыццяўляецца фінансаванне мерапрыемстваў па арганізацыі часовай занятасці. Мы заключаем дагаворы з наймальнікамі — гэта ўстановы адукацыі, арганізацыі камунальнай формы ўласнасці. На сёння ўжо працаўладкаваны 980 навучэнцаў».

Для моладзі сталіцы арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы па працаўладкаванні, спецыялізаваныя кірмашы вакансій, у тым ліку на базе навучальных устаноў.

Акрамя таго, у сталіцы таксама фарміруецца пералік арганізацый, гатовых без дзяржфінансавання ўзяць маладых людзей на работу ў вольны ад вучобы час. У сярэднім у гэтым пераліку штомесяц размяшчаецца ад 500 да 1 тысячы вакансій. Большасць з іх — для паўналетніх, студэнцкай моладзі. «Дзякуючы інфармацыйнай рабоце ў навучальных установах, на сёння амаль 6 тысяч студэнтаў атрымалі садзейнічанне і працуюць у арганізацыях горада», — дадала прадстаўнік камітэта.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота brsm.by

Загаловак у газеце: Варыянты працаўладкавання — выбірай на свой густ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.