Вы тут

Цяжкасці выхавання. Ці варта шкадаваць умоўную Марыю Іванаўну, якая замахнулася на ўмоўнага хулігана Пецю?


«Выпускны» ў дзіцячым садку ўдаўся. Дзяўчынкі былі ў бальных сукенках, бы маленькія прынцэсы, хлопчыкі — ледзь не ў смокінгах. Яны кранальна спявалі, танчылі, дэкламавалі вершы, адпускалі ў неба паветраныя шарыкі. Нешматлікія з-за пандэміі гледачы (у асноўным матулі ці бабулі) употай выціралі слёзы замілавання. Яно сапраўды было з чаго цешыцца: праграма зроблена, як сапраўдны амаль двухгадзінны спектакль — з прадуманымі нумарамі, удалым музычным суправаджэннем, падрыхтаванымі маленькімі артыстамі. Відаць было, што на рэпетыцыі пайшло шмат часу і сіл. Нават падчас выступлення дзеці ўвесь час паглядвалі на музычнага кіраўніка, а тая на іх мове жэстаў падказвала, накіроўвала. І ўсё ішло зладжана, і нават у даволі складаных танцах малыя рухаліся надзіва сінхронна... Фінальным акордам свята было ўручэнне кветак выхавальнікам і ўсім, хто на працягу трох гадоў у працоўныя дні займаўся з дзецьмі больш, чым іх бацькі. Без кветак засталася толькі... музычны кіраўнік, якая рыхтавала развітальны фэст. Бо правінілася, і такім чынам бацькі замест падзякі выказалі сваё «фэ».


Фота: pixabay.com

У чым правінілася? Незадоўга да «выпускнога», падчас чарговай рэпетыцыі, яна спрабавала супакоіць аднаго няўрымслівага хлапчука. Магчыма, хацела злёгку стукнуць яго па патыліцы. Але трапіла па твары дзяўчынцы, што стаяла побач, — падрапала пазногцямі шчаку... Карацей, далей можна не працягваць. Тыя, хто мае сёння дачыненне да ўстаноў адукацыі, — і бацькі, і педагогі — ужо ўявілі, што было далей. Жанчыне яшчэ пашанцавала, што бацькі дзяўчынкі не звярнуліся ў міліцыю. Магчыма, толькі таму, што пабаяліся сапсаваць дзецям свята, да якога заставаліся лічаныя дні. Але ж назаўтра ў садку былі разборкі з удзелам бацькоў і загадчыцы. Супакоіць абураных дарослых удалося толькі абяцаннем, што адразу пасля «выпускнога» музработнік звольніцца. А дзеці... Дзеці хутчэй запомняць свой прыгожы ўрачысты «баль» (які ў дарослых, дзякуй богу, хапіла розуму не псаваць скандалам), а не тое, як умоўная Марыя Іванаўна замахнулася на ўмоўнага хулігана Пецю, бо ён не слухаўся...

Вось прызнайцеся шчыра: вам гэту самую ўмоўную Марыю Іванаўну крыху шкада? А мне шкада. Пры ўсім тым, што разумею: так рабіць было нельга, педагог павінен мець вытрымку, умець разрульваць любыя сітуацыі словам і перакананнем. Але, паколькі вырасла ў сям'і настаўніцы і маю настаўнікаў сярод блізкіх сваякоў, я сёння ўсё ж стану на бок педагогаў. Не ў плане апраўдання, а ў плане павагі да іх працы. Вось з гэтым у сучасным грамадстве праблемы. Якія цягнуць за сабой праблемы іншыя — аж да рукапрыкладства з боку настаўнікаў. Якія таксама людзі і якія проста не вытрымліваюць.

Я незнарок у пачатку нават не намякнула, дзе менавіта адбывалася гэта «выпускная» гісторыя, пра якую ведаю з першых вуснаў. Бо гэта ж якая навіна для сеціва — «У горадзе (ці вёсцы) N выхавальніца ў дзіцячым садку падрапала дзіцяці твар». Пасля — каментарыі ад «канапных крытыкаў», большасць з якіх — з праклёнамі і пажаданнямі выхавальніцы не жыць. Я перабольшваю? А згадайце гісторыю мінскага дырэктара школы, які пасмеў узяць за вуха вісуса, што публічна і знарок здзекаваўся з прыбіральшчыцы. Ці гомельскую настаўніцу, якая на эмоцыях замахвалася партай на вучня, які не слухаўся і смяяўся ёй у вочы. (Яе, калі памятаеце, аднавілі на працы рашэннем Прэзідэнта, але колькі бруду было на педагога з амаль трыццацігадовым стажам выліта!)

Магчыма, тут трэба гаварыць пра канфлікт пакаленняў, бо, абмяркоўваючы гэтую тэму з калегамі, заўважыла, што старэйшыя — узросту 40+, адносяцца да пытання, скажам так, лягчэй. З настальгічнай усмешкай успамінаюць, як за непаслухмянства настаўнік мог пацягнуць за вуха ці злёгку стукнуць па патыліцы, і не бачаць у тым нічога страшнага. Яшчэ прыгадваюць, што была, так бы мовіць, градацыя дазволенага: адна справа — злёгку тузануць за вуха і зусім іншая — ударыць. Так, і раней настаўніка маглі звольніць або нават пасадзіць (быў у суседняй з нашай школе і такі выпадак), але ж для гэтага трэба было так распусціць рукі... А яшчэ мы гаварылі пра тое, што настаўнікаў паважалі і нават крыху пабойваліся. І дзеці, і бацькі.
І гэта было правільна.

Людзі маладзейшыя (чытай — сённяшнія маладыя бацькі дзетсадаўцаў і малодшакласнікаў) да падобных разважанняў не схільныя ані. Яны катэгарычныя: маё дзіця — цэнтр Сусвету і дакранацца да яго магу толькі я! Калі ж пачынаеш гаварыць пра павагу да настаўніка, у адказ чуеш штосьці паблажлівае накшталт «а гэта яго работа!». А сёння, калі педагогі разам з сілавікамі аказаліся пад сапраўдным ціскам, да іх некаторыя маладзёны ставяцца ўвогуле з пагардай. Якая не мае пад сабой ніякіх асабістых падстаў, проста паводле прафесійнай прыналежнасці і таму, што ў пэўным асяроддзі так сёння модна. І што, дзеці — самыя назіральныя ў свеце істоты, гэтага не бачаць? Нават калі бацькі неверагодна правільныя і не выказваюць свае думкі пры іх (а гэта з'ява нячастая). І з чым пойдзе гэтае «недатыкальнае» дзіця ў садок ці ў школу? Як будзе ставіцца да выхавальніка ці настаўніка, які для яго, дзякуючы бацькам, ад пачатку не аўтарытэт, як будзе сябе паводзіць, ці будзе слухацца? І ці хопіць сіл, цярпення, здароўя ўсім настаўнікам не толькі справіцца з гэтым, але ж яшчэ і навучыць? Бо вучыць — гэта ж і праўда іх непасрэдная работа.

Якую, дарэчы, ніякія найноўшыя тэхналогіі і робаты не заменяць. Дык, можа, давайце не забывацца, што тыя, хто вучыць і выхоўвае нашых дзяцей, — найперш жывыя людзі?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?