Вы тут

Галерэя народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча працуе ў Нарачы


У Нарацкім пасялковым цэнтры культуры і адпачынку працуе галерэя народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Ён нарадзіўся ў вёсцы Качаны Мядзельскага раёна. Прайшоў вялікі працоўны шлях як мастак, ілюстратар кніг, выкладчык, кіраўнік. У 1972—1989 гадах — загадчык кафедры графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, у 1989—1997 — рэктар гэтай навучальнай установы (з 1992-га Беларуская акадэмія мастацтваў), з 1997-га — дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.


У мастацкай галерэі твораў народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

— Галерэя такога ўзроўню для нашага пасёлка, мясцовасці — вялікая ўдача і падзея, — лічыць малодшы навуковы супрацоўнік Наталля Смятаніна. — З прапановай яе стварэння выступіў сам Васіль Пятровіч, які перадаў 130 сваіх твораў жывапісу і графікі. Яго прапанова супала з тым, што ў курортным пасёлку Нарач была пабудавана новая школа. Будынак старой установы адукацыі, дзе цяпер знаходзіцца галерэя, вызваліўся. На плошчы чатырох класаў у 200 квадратных метраў і была арганізавана галерэя. Яна паспяхова працуе ўжо тры гады.

У мастака вельмі шырокі спектр выяўленчых твораў. Практычна ўсе залы галерэі — гэта яго ілюстрацыі да мастацкіх, дакументальных, гістарычных і іншых твораў. Адна з залаў прысвечана раману Адама Міцкевіча ў вершах «Пан Тадэвуш». За свой доўгі творчы шлях Васіль Шаранговіч праілюстраваў больш як 60 выданняў. Сярод іх — зборнік вершаў Якуба Коласа «З майго летапісу», кнігі «10 дзён, якія патрэслі свет» Дзіна Рыда, «Новая зямля» Якуба Коласа, «Салавей» Змітрака Бядулі, творы Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Івана Навуменкі і іншых.

За ілюстрацыі мастак атрымаў 15 усесаюзных і 20 рэспубліканскіх дыпломаў, сярод якіх чатыры дыпломы і медалі імя Ф. Скарыны. У галерэі прадстаўлены ілюстрацыі да твораў беларускай і замежнай літаратуры, а таксама акварэлі з вясковымі краявідамі. Як правіла, мядзельскімі. Асабліва ўдаваліся мастаку вобразы сялян. Гэта каларытныя тыпажы, якія прадыктаваны асаблівасцямі беларускай прыроды — мяккай, спакойнай. Як і самі беларусы.

У галерэі не толькі карціны аб родных прасторах, краі, але яшчэ і цудоўныя нацюрморты з раслін, напрыклад, «Півоні». Мы бачым прыгожы букет, увесь цыкл жыцця і згасання кветак, якія паступова пачынаюць ападаць, пераходзяць у іншую стадыю. Можна сказаць, што карціна мае высокі філасофскі ўзровень, таму што яе можна параўнаць з хуткаплынным жыццём чалавека. Словам, імгненне паміж мінулым і будучыняй. А вось карціна «Дзьмухаўцы». Гэта кветка нашага дзяцінства, малое сонейка, якое бачым у траве, калі робім першыя крокі па роднай зямлі.

— Калі мы падыходзім з наведвальнікамі да гэтай карціны, я расказваю прыгожую казку. І, мабыць, не было яшчэ чалавека, які б застаўся раўнадушным да яе, а многія нават выціраюць слёзы, — кажа Наталля Міхайлаўна. — Сюжэт яе просты. Жыў-быў маладзенькі ветрык, які лятаў, дзе хацеў, па ўсім белым свеце. У яго было шмат уражанняў ад падарожжаў. Аднойчы, пралятаючы над садам, ён убачыў у траве маленькую жоўтую кветку. Захацеў пасябраваць з ёй. Ветрык стаў расказваць новаму сябру, дзе ён быў, што бачыў. У адказ дзьмухавец уздыхнуў: «Я так бы хацеў палятаць з табой, але мяне трымае зямля, я не магу ад яе адарвацца». Ветрык паляцеў па сваіх справах. Ішоў час, і ўсе расліны, кусты казалі дзьмухаўцу, што ён мяняеца на вачах. Але той не мог паглядзець на сябе: не было люстэрка. Аднойчы ветрык вярнуўся і не мог знайсці свайго сябра. І раптам пачуўся знаёмы тоненькі галасок, але перад ім была іншая істота. «Птушкі, якія праляталі, сказалі, што я змагу палятаць, калі ты вернешся», — загаварыў дзьмухавец. «Давай палятаем», — сказаў ветрык і падзьмуў на дзьмухаўца. Дзясяткі парашуцікаў падняліся ў паветра і голасам дзьмухаўца, таго жоўценькага сябра, крыкнулі: «Я лячу, я лячу!».

«Паланез» — адна з серыі ілюстрацый, якую Васіль Шаранговіч стварыў да паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэуш».

Гэтая казка вельмі простая, але мае глыбокі сэнс. Вось гэтак жа ў кругазвароце дзён, нявырашаных праблем, гора, смутку мы не можам падняцца да сваёй мары. Апускаем галаву, глядзім у зямлю. А трэба імкнуцца, каб за нашай спінай былі такія ж крылы- парашуцікі, як у дзьмухаўца. Тады кожны зможа дасягнуць мэты.

Калі гаварыць у цэлым аб галерэі, то гэта магутны цэнтр выхавання, як дзяцей, так і дарослых. Усе работы аўтара прасякнуты любоўю да роднай зямлі. І, канешне, знаходжанне галерэі ў Цэнтры культуры дае магчымасць шукаць новыя формы работы. Напрыклад, тут ладзіцца экскурсія-канцэрт, падчас якой выконваецца дзесяць музычных твораў, якія нібыта раствараюць карціны, іх тэму ў сабе. І ў той жа час аказваюць духоўнае і эмацыянальнае ўздзеянне.

— Гэтыя канцэрты вельмі папулярныя, і мы з задавальненнем іх паўтараем. Імкнёмся данесці ідэю, якую закранае Васіль Шаранговіч у сваіх карцінах, — падсумавала Наталля Смятаніна. — Мы пашыраем нашу дзейнасць. Акрамя мастацкіх твораў Васіля Пятровіча, экспануем невялікія экспрэс-выстаўкі.

Напрыклад, некалькі месяцаў працавала экспазіцыя жыхара пасёлка Леаніда Апанасевіча. Леанід Іванавіч — педагог, 40 гадоў адпрацаваў у аздараўленчым дзіцячым летніку «Зубраня». Выстаўку па вясенніх матывах, пейзажах ён прысвяціў сваёй жонцы, якая, на жаль, пайшла з жыцця. Ён вельмі перажываў смерць блізкага чалавека. І, магчыма, толькі работа, напісанне карцін дапамаглі яму прыглушыць боль.

Цяпер у памяшканні экспануюцца калекцыі малых скульптур каслінскага ліцця другой паловы XІX стагоддзя, мастацкай керамікі Віктара Майсяёнка. «Няхай паглядзяць людзі — радасцю трэба дзяліцца», — лічыць ён.

— Наперадзе — летні перыяд, адкрываецца курортны сезон. І хочацца нашым гасцям паказаць, якія ў нас таленавітыя людзі, іх творчасць, — кажа дырэктар Нарацкага цэнтра культуры і адпачынку Таццяна Грэлік. — Акрамя таго, у нашым раёне знаходзяцца тры лецішчы знакамітых пісьменнікаў — Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і Міхася Лынькова. Праўнучка Аркадзя Куляшова Алеся Іса скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў. У галерэі прадстаўлена невялікая выстаўка яе работ. Яна добра ведае і паважае Васіля Пятровіча Шаранговіча, які быў яе педагогам. І мы дэманструем сувязь пакаленняў мастакоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Мастак, ілюстратар, выкладчык у галерэі Васіля Шаранговіча

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.