Вы тут

Дзе гучыць родная песня...


Беларускую песню чуваць і на родных палетках, і ў далёкіх краінах, дзе яна здаўна пасялілася і асвойвае новыя чужаземныя прасторы разам з нашым непаседлівым і працавітым, мужным і таленавітым земляком. Палескія фальклорныя напевы разносяцца нязвыкла там, дзе ўзыходзіць сонца над хвалямі акіяна і заходзіць за СіхатэАлінскім хрыбтом, дзе падпяваюць горныя рэчкі з вадаспадамі і парогамі, углядаюцца ў нябёсы старычныя і лагунныя азёры, дзе пануе карэйскі кедр, аянская ёлка, белакорая піхта і даурская лістоўніца.


Беларуская песня не выветрылася на даўніх сцежках Піка Чэрскага, горных хрыбтах і сопках каля самага глыбокага возера ў свеце, і ў падтаёжных балотах салёнай цюменскай зямлі з краявідамі нафтавых вышак, і ў аўстралійскіх пустынях, што змяняюцца архідэйнымі і маргарыткавымі альпійскімі перадгор’ямі з рэшткамі лавы ад патухлых вулканаў. Яна ляцела на мулявінскіх крылах, адкрываючы Амерыку, і рэхам адбівалася ў Беларусі зоркай Данчыка, грацыёзна лунала-зіхцела ў бязлямпавых скляпеннях Ла Скалы і ўзрывалася штормам эмоцый у клубах усіх кантынентаў.

Нездарма мне як аўтару захацелася адкрыць такімі ўзнёслымі ўступнымі словамі новае ўнікальнае двухтомнае выданне з трохмоўнай назвай «Творчыя калектывы беларусаў замежжа = Творческие коллективы белорусов зарубежья = The Artists of the Belarusian Diaspora», падрыхтаванае ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (аўт.склад. В. М. Грышкевіч, А. Ю. Лозка. — Т.1, Т.2, Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2019, 2020).

Нарэшце ж, неабходна было даследаваць і адзначыць наша, хоць і далёкае ў прасторы і часе, выявіць павагу да пачуццяў і таленту суайчыннікаў, якія прадстаўлялі і прадстаўляюць Беларусь за мяжою, яе песню, танец, музыку, тэатр, мастацтва пэндзля. Розныя крыніцы называюць ад 1,5 і да 3,5 мільёнаў беларусаў, якія пражываюць больш чым у 70 краінах свету.

У першым томе навукова-папулярнага выдання прадстаўлены даследаванні гісторыі знаходжання беларусаў у розных краінах свету, развіцці іх грамадска-культурных арганізацый, мастацкіх калектываў, дзейнасці творчых асоб — музыкантаў, спевакоў, танцораў, акцёраў, кампазітараў, пісьменнікаў, мастакоў, майстроў. Аўтарам давялося звяртацца па дапамогу да даследчыкаў з БДУКМ, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, устаноў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і інш. Паспрыяў і аддзел народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, якім кіруе доктар гістарычных навук Аляксандра Гурко.

У другім томе прадстаўлены матэрыялы аб творчых калектывах беларусаў і грамадскіх арганізацыях, пры якіх яны дзейнічаюць у Азербайджане, Аргенціне, Арменіі, Аўстраліі і ншых краінах.

Намі выяўлена каля 200 творчых беларускіх калектываў у розных краінах свету, з большасцю якіх падтрымліваем сувязі, запрашаем на творчыя стажыроўкі і міжнародныя семінары мастацкіх кіраўнікоў, фестывалі мастацтваў беларусаў свету, дапамагаем з набыццём нацыянальных касцюмаў, музычных інструментаў, літаратуры. Гэта звычайна беларускія ансамблі песні, танца, тэатральныя калектывы, якія прэзентуюць айчынную культуру.

Аб іх поспехах і папулярнасці ў краінах пражывання сведчаць, напрыклад, ганаровыя званні, якія ім прысуджаюцца. Больш за ўсё такіх у Расіі і Польшчы. У  Новасібірскай вобласці (там пражывае 5382 беларусы)  — гэта народны фальклорны ансамбль «Кумачкі» (Ардынскі раён, Вагайцава), у Іркуцкай (7929)  — народны фальклорны ансамбль «Варэнічкі» (Баендаеўскі раён, Тургенеўка); у Растоўскай (16 493)  — народны танцавальны калектыў «Хваля» (Няклінаўскі раён); у Цюменскай (25 648) — народны вакальны ансамбль беларускай песні «Лянок» і  шматлікія іншыя.

Ганаровыя званні маюць і творчыя калектывы ў Казахстане  — маладзёжная вакальная група «Надзея», ва Узбекістане — народны аматарскі мастацкі калектыў «Кацюша», ва Украіне  — народны ансамбль беларускай песні «Белая Русь», у Польшчы — ансамбль беларускай песні «Маланка» і інш.

Многія дзеячы культуры і мастацтва, літаратуры і навукі дасягнулі прызнання ў краінах пражывання, як, напрыклад, арганізатар беларускай аматарскай творчасці ў Польшчы Ніна Цыванюк, народная артыстка Малдовы спявачка Маргарыта Івануш, якая пачынала свой творчы шлях на Гомельшчыне. Падобных прыкладаў безліч.

Менш распаўсюджаны ў свеце ў параўнанні з вакальнымі беларускія танцавальныя калектывы. Найбольш з іх быў вядомы ў ЗША «Васілёк», створаны яшчэ ў 1956 г. Доўгі час з 1950-х гг. беларускае харэаграфічнае мастацтва ў Аўстраліі прадстаўляў гурт «Каліна». Асобныя танцавальныя калектывы маюцца ў Італіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіне і інш., у тым ліку з ганаровымі званнямі.

Танцавальны ансамбль «Чайка». Аргенціна, г. Берыса (ілюстрацыя з кнігі).

Бадай, найбольш унікальныя і жывучыя танцавальныя калектывы (дарослы і дзіцячы) «Чайка», створаныя ў 1950-х гг. на зямлі аргенцінскага танга пры беларускім клубе «Восток» у г. Берыса (дзейнічае з 1939 г.). Праз клуб і «Чайку» прайшло некалькі пакаленняў нашых суайчыннікаў. Прыемна, што беларуская «Бульба», «Юрачка» і іншыя танцы дагэтуль не сыходзяць з падмосткаў далёкай і неабыякавай да харэаграфічнага мастацтва Аргенціны. Палюбіліся нашы «Юрачка», «Беларусачка», «Полька беларуская» ды інш. і малым артыстам факультэта «Лявоніха», што функцыянуе на базе балетнай акадэміі танца ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ў  Ёханесбургу. Беларускі танец ахвотна падхопліваецца маладым пакаленнем у замежжы.

Наша музыка гучыць не толькі разам з танцамі і песнямі, але і ў выкананні вакальна-інструментальных, інструментальных ансамбляў, у тым ліку прафесійных, дзякуючы таму, што нямала нашых кампазітараў і выканаўцаў плённа працуюць (салістамі, канцэртмайстрамі, педагогамі, музыкантамі ў нацыянальных сімфанічных, філарманічных аркестрах) у Аўстрыі (скрыпач Арцём Шышкоў), Бразіліі (музыканты Амазонскага філарманічнага аркестра Яўгеній Герасімаў, Вадзім Іваноў), Вялікабрытаніі (піяністка Вольга Сцяжко, віяланчэліст і канцэртмайстар Каралеўскага аркестра Аляксей Кісялёў), Германіі (кампазітар Леон Гурвіч, віяланчэліст Мікаэл Самсонаў, канцэртмайстар Васіль Тарабука), ЗША (кампазітары Ала Барзова, Яўген Магаліф, Юрый Нікалаеў, Ніна Сінякова, дырыжор Ігар Бухвалаў, музыкант Аляксандр Растапчын), Іспаніі (спявачка, кампазітар і піяністка Юлія Раманцова), Італіі (кампазітар Наталля Фаміна), Карэі (валторны ў сеульскіх аркестрах Аляксандр і Сяргей Акімавы), Катары (флейтыст сімфанічнага аркестра Аляксандр Хаскін), Кітаі (музыкант, ганаровы член асацыяцыі педагогаў фартэпіяна Іосіф Сяргей), Люксембургу (піяністка Таццяна Зелянко), Нідэрландах (піяністы Віталь Стахіевіч, Сяргей Смірноў), Партугаліі (флейтыст Любоў Бенедыктовіч), Фінляндыі (арганістка Юлія Тамінен, піяніст Кірыл Казлоўскі), Францыі (музыканты Андрэй Кавалінскі, Наталля Лапніцкая), Харватыі (кампазітар Павел Кандрусевіч) і інш.

У некаторых краінах даволі паспяхова папулярызуецца беларускі нацыянальны інструмент цымбалы: у Германіі (Міхаіл Лявончык), Грэцыі (Ангеліна Ткачова-Статапоўлас), Люксембургу (Таццяна Ялецкая), Расіі (Ірына Зімнухова) і інш. Ярка памятаецца сустрэча на Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі «Унёсак беларускага народа ў развіццё Сібіры» ў Томску (2019 г.) з жыхарамі в. Таццянаўка Шагарскага раёна, якія захоўваюць памяць пра знакамітага акцёра Інакенція Смактуноўскага, чые продкі ў 1863 г. з Белавежскай пушчы былі высланы ў Томскую губерню, а таксама са Зміцерам Крэчатам, які нарадзіўся ў Сібіры, але лічыць сябе нашчадкам беларускіх перасяленцаў у «Енісейскую губерню часоў Вітэ і ў Томскую губерню часоў Сталыпіна». Вялікі аматар музыкі самастойна вывучыў мову далёкіх продкаў, сабраў калекцыю з больш чым 90 музычных інструментаў. Галоўную ролю ў яго фолк-праекце «Гаць», з якім ён выступае ў гарадах Расіі, знаёмячы слухачоў з чароўнай беларускай музыкай, з’яўляецца беларуская дуда, якую ён заказаў у вядомага мінскага майстра.

Дзейнасць беларускіх тэатральных калектываў была больш пашырана ў даваенны і пасляваенны перыяды ў Аргенціне, Аўстраліі, ЗША, Латвіі і інш. Каб думкай перанесціся на родную Бацькаўшчыну, у  далёкай Аргенціне на сцэнах беларускіх клубаў можна было паглядзець «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота, «Паўлінку» Янкі Купалы, «Партызаны» Кандрата Крапівы, у Аўстраліі — «Пінскую шляхту» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «На папасе» Янкі Купалы. Цяпер колькасць падобных творчых калектываў значна зменшылася. Найбольш вядома Даўгаўпілская тэатральная студыя «Паўлінка» (Латвія). Тэатральны жанр часцей пераходзіць да дзіцячых калектываў: беларуска-малдаўскі тэатр «Куфар» (г. Кішынёў), беларускі лялечны тэатр (Арменія, Ерэван), маладзёжная студыя «Паўлінка» (Расія, Цюмень), дзіцячая студыя «Буслік» (Украіна, Мелітопаль), дзіцячы гурт «Яваровы людзі» (Канада, Манрэаль), дзіцячыя гурты ў ЗША і інш., якія найбольш арыентуюцца на тэатральныя пастаноўкі, звязаныя са святамі народнага календара. Наогул, дзіцячыя творчыя калектывы прадстаўлены ў розных жанрах і формах дзейнасці.

Гучыць беларуская песня за мяжою — жыве родная мова. Але ж не толькі ў песнях яна прысутнічае. Нямала беларускіх творцаў прыгожага пісьменства ствараюць паэзію і прозу, працуюць адукацыйныя ўстановы, нядзельныя школы нашых дыяспар, не забываюць мову продкаў былыя перасяленцы і новыя эмігранты. А гэта значыць — пашыраецца кола сяброў Беларусі ў свеце.

Алесь ЛОЗКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?