Вы тут

У Клімавічах натхняе і яднае прадстаўнікоў розных краін «Залатая пчолка»


Учора тут у 19 раз стартаваў вялікі міжнародны фестываль дзіцячай творчасці.


Клімавічы не пазнаць. Яны спяваюць, танчаць, малююць, здзіўляюць разнастайнасцю творчых пляцовак, забаў, конкурсаў. Горад нагадвае маленькую краіну дзяцінства. Сёння тут гучаць галасы дзяцей з Беларусі, Расіі, Арменіі, Узбекістана, Кыргызстана, Малдовы, Сербіі. Адных толькі юных талентаў з’ехалася сюды болей чым 400 чалавек. Яны ўдзельнічаюць у творчых спаборніцтвах, наведваюць выставы, атрымліваюць задавальненне ад стасункаў. Да паслуг дзяцей і дарослых гандлёвыя рады, тэматычныя пляцоўкі, канцэрты, выставы, атракцыёны, кавярні пад адкрытым небам. Фотасушка ў гарадскім парку знаёміць з ужо гістарычнымі момантамі фестывалю мінулых гадоў. Гэта як машына часу. Паглядзеў і апынуўся дзесьці ў пачатку нулявых, калі ўсё толькі пачыналася. Сёння толькі другі дзень фестывалю, ён, лічы, яшчэ ў самым разгары і будзе панаваць па 30 мая ўключна. Гасцей і ўдзельнікаў шчыра вітае кіраўніцтва горада, ім вельмі радуюцца жыхары.

— Знамянальна, што ў гэты няпросты для ўсяго свету год, бо пандэмія, хоць і аслабіла сваю хватку, але нікуды не сышла, свята ўсё ж такі завітала ў горад, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клімавіцкага райвыканкама Вікторыя Пракоф’ева. — Да нас прыехалі дзеткі з шасці, акрамя Беларусі, дзяржаў. Сімвалічна, што ўсё адбываецца ў Год народнага адзінства. Гэта ў чарговы раз пацвярджае, што творчасць і радасць аб’ядноўваюць народы.

Асаблівасцю сёлетняга фестывалю стаў непасрэдны ўдзел у ім юных мастакоў. Раней яны проста прысылалі свае работы на конкурс, удзельнічалі завочна. Зараз каля 40 дзяцей сталі ўдзельнікамі мастацкага пленэру і спяшаюцца замацаваць на палатне яркія моманты свята і мясцовых славутасцяў.

Старшыня Саюза мастакоў Беларусі Глеб Отчык паведаміў карэспандэнту «Звязды», што ўражанні ад фестывалю вельмі моцныя.

— Для пленэру было выбрана выключна маляўнічае месца, — паведаміў ён. — Мы доўга шукалі годную пляцоўку, каб былі задзейнічаны ўсе моцныя бакі нашага беларускага краявіду — возера, неба, зеляніна. Мае калегі з Кіргізіі былі ў захапленні ад нашай прыроды. Такія праекты ў Год адзінства — унікальныя. Нішто так не яднае людзей, як вось гэтыя сумесныя мерапрыемствы.

У творчым конкурсе бралі ўдзел беларусы, расіяне, кіргізы, армяне, сербы, малдаване... І вельмі цікава было параўноўваць тэхнікі выканання, падыходы ў мастацтве, творчы палёт аўтараў.

— Адна справа, калі нешта пішаш на завучаную тэму ў майстэрні, і зусім іншае, калі ёсць магчымасць эксперыментаваць, — заўважае Глеб Отчык. — Дзіцячы пленэр — гэта наогул першая для нас практыка. Па сутнасці, усе ўдзельнікі толькі пачынаюць сваю творчую кар’еру, а пленэр — гэта заўсёды вельмі адказная і сур’ёзная работа. У нашых юных мастакоў вялікі патэнцыял. Я з 2016 года праводжу пленэры для дарослых і не чакаў, наколькі адказна да гэтага ставяцца дзеці. Дзеці наогул самыя сумленныя, у іх самае яркае бачанне. І гэта натхняе.

У Клімавічы з’ехаліся будучыя зоркі эстрады і народных спеваў. Іх талент у трох узроставых катэгорыях учора ўвесь дзень ацэньвала прафесійнае журы ў складзе з беларускім кампазітарам і выканаўцам, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алегам Елісеенкавым, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкім кіраўніком Нацыянальнага цэнтру музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Святланай Стацэнка, хормайстрам Заслужанага аматарскага фальклорна-этнаграфічнага ансамблю «Неруш» Валянцінай Гладкай.

— Гэты фестываль нашмат вышэй папярэдняга, — падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» ўражаннямі Алег Елісеенкаў. — Мы атрымалі шмат прыемных эмоцый ад праслухоўвання. Мы бачым, які высокі ўзровень, наколькі больш падрыхтаваныя і моцныя дзеці прыехалі сюды. Гэта сведчыць, што фестываль атрымаў раскрутку ў эліты дзіцячай творчасці, у кіраўнікоў, якія пасылаюць сваіх выхаванцаў на самыя лепшыя міжнародныя конкурсы ў Еўропе. І калі яны прывезлі сюды такіх галасістых дзяцей, гэта значыць, што яны гэты конкурс шануюць, што яны яму давяраюць і лічаць неабходным прысутнічаць на ім. Сарафаннае радыё распаўсюджвае інфармацыю сярод зарубежных выканаўцаў і яны едуць да нас з Узбекістана, Сербіі, Кіргізіі — краін, з якіх не вельмі проста дабрацца да Клімавічаў. А яны сюды з’язджаюцца цэлымі дэлегацыямі.

Алег Елісеенкаў адзначыў, што вельмі добра паказала сябе Магілёўская вобласць, парадавала сапраўды моцнымі выступленнямі. Так што за будучае нашай айчыннай эстрады і народнага мастацтва можна не перажываць.

— У нас не першы год ідзе мэтанакіраваная работа па выяўленні талентаў, — падкрэсліў мэтр. — Я яшчэ памятаю, як мы ў пачатку 90-х на Беларускім тэлебачанні з Аленай Спірыдовіч, Таццянай Касмачовай і іншымі пачыналі праект «Зорная ростань» — гэтакі своеасаблівы маладзёжны рух па развіцці новай эстрады. І гэта працягваецца дагэтуль. Натуральна, любая селекцыя дае вынік. Дастаткова згадаць перамогу Ксеніі Сітнік на «Еўрабачанні». Галоўнае, ёсць вельмі выразны прафесійны крытэрый, які не дазваляе даваць слабінку — сваім, землякам, знаёмым. Кумаўства і зямляцтва ў дрэнным сэнсе слова, калі гэта замяняе прафесіяналізм, тут няма. Мы стараемся падыходзіць аб’ектыўна і прафесійна да ацэнкі выступлення дзяцей. Спрэчкі ў журы ёсць, але аб’ектыўнасць суддзяў адчуваюць і самі дзеці, і іх кіраўнікі, і бацькі.

Госці шмат кажуць пра высокую арганізацыю фестывалю. Таццяна Грышаева, як ураджэнка Клімавіч, не ўпершыню назірае гэта прыгожае свята. І хаця жыве ў іншым горадзе, ніколі яго не прапускае. Бо лічыць, што гэтыя тры дні прыгожых эмоцый застануцца ў памяці і будуць грэць яшчэ вельмі доўга.

— Ярка, святочна, прыгожа, — не стрымлівае яна свайго захаплення ад фестывалю. — Горад як заўсёды цудоўна ўпрыгожаны, людзі ўсміхаюцца адзін аднаму, з задавальненнем выбіраюць сабе сувеніры. А яшчэ вельмі прыемна бачыць у нас адначасова столькі таленавітай моладзі.

Асноўныя мерапрыемствы праходзяць у гарадскім парку. Тут у амфітэатры адбываюцца выступленні канкурсантаў, уздоўж алей працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі. Адна з такіх, дзе надоўга затрымліваюцца і дзеці, і дарослыя — казачная. Яна так і называецца — «Беларуская казка». Тут свае сувеніры і здольнасці дэманструюць майстры і рамеснікі. А артысты-аматары з Бабруйскага, Быхаўскага, Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Мсціслаўскага і Хоцімскага раёнаў праводзяць гульнявыя праграмы па матывах беларускіх народных казак. Хоцімскі народны аматарскі тэатр «Прамень» прывёз нават аўтарскую казку, якую з поспехам дэманстраваў яшчэ ў верасні на свяце Беларускага пісьменства ў Бялынічах. Свята гудзіць, гамоніць дзіцячымі галасамі, радуе вока багаццем фарбаў і эмоцый. Наперадзе яшчэ шмат цікавых падзей. І калі вы яшчэ не з намі, далучайцеся. Сумна не будзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны МАЛІНІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».