Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» прапануем вашай увазе актуальныя спартыўныя навіны.


Турнір тыдня. У Парыжы стартаваў Адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісе, вядомы таксама як «Ралан Гарос». Беларускія спартсменкі пераможна пачалі выступленне на гэтым турніры. У матчах 1/64 фіналу чацвёртая ракетка планеты Арына Сабаленка абыграла ў двух сэтах харвацкую
тэнісістку Ану Конюх (144-ы нумар сусветнага рэйтынгу) — 6:4, 6:3. Наступны матч Арына правядзе супраць суайчынніцы Аляксандры Сасновіч (103-ы нумар рэйтынгу). Аляксандра на старце турніру адолела францужанку Дзіян Пары (307) — 6:3, 3:6, 6:3. Вікторыя Азаранка, якая зараз займае 16-ю пазіцыю сусветнага рэйтынгу, аказалася мацнейшая за расіянку Святлану Кузняцову (40-ы нумар) — 6:4, 2:6, 6:3.

Два беларускія тэнісісты скончылі сваё выступленне на парыжскіх кортах. Вольга Гаварцова (138) прайграла расійскай тэнісістцы Алене Весніной — 1:6, 0:6, а ў мужчын Ягор Герасімаў (78) уступіў французскаму тэнісісту Энцо Како — 6:7 (3:7), 4:6, 3:6.

Героі тыдня. Беларуска Аляксандра Дзмітрыева заваявала «бронзу» на чэмпіянаце Еўропы па кулявой стральбе ў Харватыі. Яна адзначылася ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі з 50 метраў. Аляксандра — першы ў беларускай камандзе дарослы медаліст, да яе на п'едэстал падымаліся толькі юніёры. Спартсменка выступала ў адкрытай катэгорыі, дзе мужчыны і жанчыны спаборнічалі разам. Наперадзе беларускі толькі нарвежац Хенрык Ларсэн і аўстрыйская спартсменка Рэбека Коэк.

«Бронзу» заваяваў і беларус Юрый Шчарбацэвіч. Медальным стала яго выступленне ў алімпійскім відзе праграмы — стральбе з вінтоўкі з трох становішчаў на 50 метраў. Перад вырашальнай стралковай сесіяй Юрый займаў другое месца, але не замацаваўся на гэтай пазіцыі. І з вынікам 448,9 бала стаў бронзавым прызёрам.

Гераіня тыдня. Аліна Гарнасько выйграла бронзу ў фіналах асобных відаў на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Італіі. Беларуска заняла трэцяе месца ў практыкаванні са стужкай. Яе праграму суддзі ацанілі на 23,500 бала. У кампазіцыі з булавамі Аліна спынілася за крок ад п'едэстала. Аліна стала і бронзавым прызёрам у самым прэстыжным відзе праграмы — шматбор'і. Яе медальны вынік — 105,150 бала.

Бронзавы медаль заваявалі і дзяўчаты, якія выступаюць у групавых практыкаваннях. Месца на п'едэстале ім прынёс вынік 85,650 бала.

Няўдача тыдня. Нацыянальная зборная па хакеі працягвае выступленне на чэмпіянаце свету ў Рызе. У перадапошнім матчы групавой стадыі турніру беларускія хакеісты ўсухую прайгралі камандзе Швейцарыі — 0:6. Гэтаму паражэнню папярэднічалі пройгрышы ад каманды Чэхіі — з вынікам 2:3, Вялікабрытаніі — з вынікам 3:4. Матч з датчанамі таксама скончыўся паражэннем беларусаў — 2:5.

Такім чынам, падапечныя Міхаіла Захарава згубілі нават матэматычныя шанцы на выхад у наступны раўнд планетарнага першынства. Наступны матч беларуская каманда правядзе 1 чэрвеня супраць расійскай каманды.

Рэкорд тыдня. Ірына Жук устанавіла новы рэкорд Беларусі ў скачках з шастом у спаборніцтвах на свежым паветры падчас этапу «Брыльянтавай лігі» ў Досе. Беларуска пакарыла рэкордную вышыню ў другой спробе — 4 метры 74 сантыметры. На жаль, гэтага не хапіла, каб заваяваць медаль.

Каманда тыдня. Гандбалісты клуба «Мяшкоў Брэст» у 13-ы раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У фінальным паядынку супраць мінскага СКА берасцейцы перамаглі з вынікам 34:33. У матчы за трэцяе месца «Гомель» аказаўся мацнейшы за магілёўскага «Машэку». Вынік сустрэчы — 29:26.

Медалі тыдня. Беларускія самбісты выйгралі 11 узнагарод рознай вартасці на чэмпіянаце Еўропы ў Лімасоле (Кіпр). У спартыўным самба ў жанчын найбольшага поспеху дасягнула Марыя Кандрацьева, якая перамагла ў вагавой катэгорыі звыш 80 кг. Сярэбраныя медалі заваявалі Алёна Купава (54 кг) і Яна Беганская (59 кг). Бронзавымі прызёрамі сталі Анфіса Капаева (50 кг), Даніэла Ждан (65 кг) і Карына Шут (80 кг). Дзякуючы гэтым вынікам жаночая зборная Беларусі заняла трэцяе месца ў агульнакамандным заліку.

У мужчын у спартыўным самба «золата» выйграў Павел Гладкіх (64 кг). «Серабро» — Цімафей Емяльянаў (88 кг). «Бронзу» заваяваў Уладзіслаў Бурдзь (58 кг). Мужчынская каманда таксама стала трэцяй у агульнакамандным заліку.

У баявым раздзеле самба сярэбраным прызёрам стаў Яўгеній Алексіевіч (88 кг), а бронзавы прызёр — Васілій Астапец (64 кг).

Назначэнні тыдня. У шэрагу спартыўных федэрацый прайшлі справаздачна-выбарныя канферэнцыі, дзе былі абраны кіраўнікі арганізацый. Новым старшынёй Беларускай федэрацыі барацьбы стаў двухразовы чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе Алім Селімаў, які замяніў на гэтай пасадзе алімпійскага чэмпіёна Камандара Маджыдава. Наталля Цылінская працягне кіраваць Беларускай федэрацыяй веласіпеднага спорту. Павел Ясяноўскі пераабраны на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі дзюдо.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Тыдзень узлётаў і падзенняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?