Вы тут

Як адмовіцца ад цыгарэт?


Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), каля 70 % курыльшчыкаў хацелі б пазбавіцца ад сваёй шкоднай звычкі. Як гэта зрабіць і ці атрымаецца адмовіцца ад цыгарэт самастойна? Ці дапаможа ў гэтым павышэнне цаны на тытунёвыя вырабы? Каму неабходна фармакалагічная падтрымка і як атрымаць таблеткі, што дазволяць забыць пра цягу да нікаціну? Пра гэта і іншае расказалі медыкі.


Ілюстрацыя: pixabay.com

У чым шкода тытуню?

— Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначае парадаксальную рэч: цыгарэты і тытунёвыя вырабы — адзіныя, якія легальна прадаюцца, пры тым што палова з іх ужывальнікаў гарантавана гіне, — кажа каардынатар праграм СААЗ па грамадскім здароўі Валянцін Русовіч. — Калі мы гаворым пра тое, што ў Беларусі каля 48 % мужчын і 12 % жанчын курыць, то ў абсалютных лічбах у Беларусі больш за два мільёны курцоў. І палова з іх, а гэта звыш  мільёна чалавек, памрэ ад тытуню заўчасна (паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 70 гадоў). Большая частка загіне ад сардэчна-сасудзістых хвароб, звязаных з курэннем, яшчэ адна група — ад больш чым 30 лакалізацый анкалагічных хвароб, іншыя — ад хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх і эмфіземы лёгкіх. Калі браць другую палову курцоў, то калі чалавек у 71 год памірае ад раку мачавога пузыра, ён не ўваходзіць у прыведзеную статыстыку па смяротнасці. Аднак гэта не значыць, што другая палова не будзе пакутаваць ад шкодных наступстваў тытуню.

Згодна са статыстыкай СААЗ, у Беларусі больш за 15 тысяч чалавек памірае штогод ад захворванняў, звязаных з курэннем. Гэта каля 40 чалавек у дзень, прычым кожны 10-ы з іх гіне ад пасіўнага курэння.

Як адзначыў Валянцін Русовіч, у зніжэнні ўжывання тытуню ў Беларусі ёсць вялікі прагрэс, разам з тым — і вялікія рэзервы для далейшага руху наперад. Сярод новых прагрэсіўных мер ён назваў закон, які ўтрымлівае нормы аб поўнай забароне ўжывання тытуню ў закрытых памяшканнях. З 2019 года ў Беларусі забаронена курыць у кафэ, рэстаранах, гасцініцах, цягніках далёкага накіравання. Па ацэнках СААЗ, на працягу найбліжэйшых 40 гадоў гэта выратуе каля 116 тысяч жыццяў: з аднаго боку, людзі будуць менш курыць, з іншага — знізіцца пасіўнае курэнне. Яшчэ адна дзейсная мера — забарона на рэкламу і на выкладку ў месцах продажу. Гэта таксама прыносіць некалькі працэнтаў у агульнае зніжэнне распаўсюджанасці курэння.

Сярод мер, якія пакуль не задзейнічаны, але вельмі эфектыўныя, хоць і самыя непапулярныя, — павышэнне акцызаў на тытунёвыя вырабы.

— Прынамсі, акцыз павінен складаць 75 % ад кошту цыгарэт, у Беларусі ён — 30 %. Мінімальна цыгарэты ў нас павінны каштаваць удвая даражэй, каб на працягу 40 гадоў колькасць курцоў зменшылася на 27 %. З аднаго боку, такім чынам моладзь не пачынае курыць з-за бар'еру больш высокай цаны, з іншага — тыя, хто курыць, хоча атрымаць дапамогу, каб адмовіцца ад курэння, — разважае прадстаўнік СААЗ. — Як правіла, частку дадаткова заробленых на акцызах сродкаў урады накіроўваюць на праграмы спынення курэння — кансультаванне і прымяненне нікацінзамяшчальнай тэрапіі.

Валянцін Русовіч падкрэсліў, што для зніжэння распаўсюджанасці курэння СААЗ найперш рэкамендуе аказваць дапамогу тым, хто хоча кінуць курыць. Самы дарагі пачак цыгарэт на сёння ў Аўстраліі (сярэдні кошт яго каля 22 долараў), пры гэтым урад прапаноўвае ўсім, хто хоча адмовіцца ад цыгарэт, бясплатную дапамогу, уключаючы нікацінзамяшчальныя прадукты. Гэта вядзе да таго, што каля 7 % курыльшчыкаў штогод пазбаўляецца сваёй шкоднай звычкі.

Тры крокі для тых, хто хоча кінуць курыць

Сёлета Сусветны дзень без тытуню, 31 мая, прайшоў пад дэвізам «Час адмовіцца ад тытуню». А з 17 мая ў краіне стартавала інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню», якая працягнецца тры тыдні.

— Не ўсе разумеюць, чаму Сусветны дзень без тытуню прызначаны на 31 мая. Гэта зручная нагода, каб аб'явіць, што ты кідаеш курыць. Першы крок, які павінен зрабіць чалавек, які хоча кінуць курыць, а такіх каля 70 % сярод курыльшчыкаў, — прадугледзець на працягу месяца дзень поўнага спынення курэння. А 31 мая зручны тым, што пачынаецца лета, адпускная кампанія, і вопыт паказвае, што прасцей за ўсё кінуць курыць падчас адпачынку, калі менш стрэсаў і няма звыклай абстаноўкі, — тлумачыць Валянцін Русовіч. — Для паспяховай спробы вельмі важныя першыя два тыдні. Другі этап — выкінуць цыгарэты, попельніцы — усё, што можа нагадваць пра курэнне. Трэці — паведаміць пра гэтае жаданне ўсім блізкім і на рабоце, узяць на сябе абавязацельствы. Яшчэ лепш — пайсці ў заклад на дастаткова буйную суму грошай, гэта таксама дае дадатковую матывацыю.

Калі чалавек выкурвае больш за 10 цыгарэт у дзень, яму можа спатрэбіцца нікацінзамяшчальная тэрапія. Калі ён кідае курыць і адмаўляецца ад цыгарэт, на працягу першых трох—пяці месяцаў можна набываць нікацінзмяшчальныя жавальныя гумкі, паступова зніжаючы іх ужыванне. Яшчэ больш зручна — нікацінавыя пластыры, гэта добры інструмент для спробы кінуць курыць, які павялічвае эфектыўнасць з 5 да 14 % у год.

— Калі чалавек працяглы час курыў штодзень, кінуўшы, ён сутыкнецца са станам адмовы нікаціну. І без дапамогі спецыяліста гэта можа прывесці да звароту залежнасці. Бо залежнасць — гэта хранічны стан, у якога ёсць перыяды адмовы і перыяды вяртання да актыўнага ўжывання. Каб, адмовіўшыся, не вярнуцца, на пачатковым этапе патрэбна фармакатэрапія, і ў Беларусі ёсць зарэгістраваныя прэпараты. Яны рэцэптурныя, выпісаць іх можа не толькі нарколаг ці псіхіятр, але і ўрач агульнай практыкі. Адны з іх дзейнічаюць як нікацін, іншыя блакіруюць жаданне курыць, і ў выніку прыёму адной таблеткі працяглы тэрмін цяга знікае і не адбываецца вяртанне да шкоднай звычкі, — тлумачыць галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Аляксей Аляксандраў.

Адмаўляюцца ад цыгарэт не з-за страху...

Спецыялісты адзначаюць, што кідаюць курыць, як правіла, не з-за страху, а па прычыне матывацыі.

— Пасля спынення курэння рызыка сардэчна-сасудзістых хвароб зніжаецца адразу і працягвае змяншацца на працягу пяці гадоў. Рызыка анкалагічных хвароб зніжаецца амаль у два разы, калі чалавек кідае курыць у сярэднім узросце, і пасля не моцна перавышае рызыку тых, хто ніколі не курыў. І апошняе — чалавек можа сэканоміць амаль сярэднюю зарплату за год, — аргументуе Валянцін Русовіч.

Што рабіць, калі спроба не ўдалася?

— Барацьба са шкоднай звычкай — чарада спроб адмовы і рэцыдываў, і гэты працэс часам цягнецца дзесяць і нават дваццаць гадоў, — заўважае Аляксей Аляксандраў. — І сацыяльны ціск у выглядзе росту цэн на цыгарэты і іншых мер — гэта дадатковы стымул для курца. Таму такія меры важныя не толькі для краіны, але і для кожнага, хто прыняў рашэнне адмовіцца ад курэння.


У сувязі з тым, што на тытунёвым рынку з'яўляюцца новыя прадукты, у прыватнасці электронныя сістэмы, у дэкрэт Прэзідэнта, які рэгулюе абарот тытуню, былі ўнесены змены. Цяпер да такой прадукцыі прад'яўляюцца такія ж патрабаванні, як і да цыгарэт: забаронена рэклама, ужыванне ў шэрагу грамадскіх месцаў.

Рэгуляванне абароту нікацінзмяшчальнай прадукцыі, а гэта нікацінавыя палачкі, снюсы, будзе вырашацца на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза, паведаміла загадчык аддзялення грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман. Адпаведны законапраект распрацуе Арменія, і да канца 2022 года краіны — удзельніцы ЕАЭС атрымаюць яго на ўзгадненне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».