Вы тут

Як бяспечна і з карысцю правесці канікулы ў лагеры?


У час летняй аздараўленчай кампаніі 2021 года ў дзіцячых аздараўленчых лагерах рознага тыпу адпачне больш за 62 тысячы сталічных школьнікаў. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі расказала начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна РЫСЯВЕЦ.


Фота: pixabay.com

Найперш — аздараўленне

— Большасць дзяцей правядзе лета менавіта ў загарадных аздараўленчых лагерах. Гэта дазволіць ім умацаваць здароўе, а таксама актыўна і змястоўна правесці лета. З 1 чэрвеня на базе сталічных устаноў адукацыі адкрыюцца лагеры з дзённым знаходжаннем. Яны будуць працаваць усе тры летнія месяцы. Першая змена будзе доўжыцца з 1 да 24 чэрвеня, другая — з 28 чэрвеня да 21 ліпеня і трэцяя — з 26 ліпеня да 19 жніўня.

Таксама будуць дзейнічаць 83 лагеры працы і адпачынку (80 — у дзённым фармаце і тры — за горадам): у іх распачне сваю працоўную дзейнасць больш як 1100 хлопцаў і дзяўчат. Акрамя таго, разам са службамі занятасці горада плануецца працаўладкаваць падчас летніх канікулаў больш за 4 тысячы сталічных школьнікаў. Традыцыйна будуць працаваць і профільныя лагеры. Так, на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Аптыміст», размешчанага ў Астрашыцкім Гарадку, падлеткаў прыме лагер «Патрыёт». Хлопцы змогуць загартаваць характар і акунуцца ў вайсковыя будні разам з вайскоўцамі в/ч 3310.

— Лета ў школьнікаў будзе насычана спартыўнымі, забаўляльнымі, пазнавальнымі мерапрыемствамі. Хлопцы і дзяўчаты таксама ўключацца ў рэспубліканскія акцыі, у прыватнасці, у традыцыйны праект па прапагандзе здаровага спосабу жыцця і адмовы ад шкодных звычак «Ваш выбар!», — адзначыла Ганна Рысявец.

Сумесна з БДПУ не першы год у Мінску рэалізоўваецца праект «Дзеці сталіцы». У яго рамках студэнтамі-валанцёрамі будзе арганізавана занятасць дзяцей на базе сямі навучальных устаноў у пяці раёнах сталіцы. Студэнты займаюцца арганізацыяй свабоднага часу дзяцей і падлеткаў, якія не маюць магчымасці аздаравіцца летам у загарадных лагерах або наведваць школьны лагер. Валанцёры самастойна прыцягваюць дзяцей у праект: у мікрараёнах і на прышкольных пляцоўках расказваюць пра яго дзецям і іх бацькам, запрашаюць далучыцца. Дарэчы, адбор студэнтаў у праект адбываецца на конкурснай аснове.

Прычыны трагічных наступстваў

Міністэрства ўнутраных спраў правядзе летам творчыя і прафілактычныя мерапрыемствы для дзяцей і бацькоў, сярод іх будуць велаэстафеты, віктарыны і алімпіяды.

«Асаблівую ўвагу мы аддаём правядзенню прафілактычных мерапрыемстваў з бацькамі, — паведаміў старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх МУС Васіль ДЗЕМІДОВІЧ. — Міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць дарослым прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх, адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху, а таксама неабходнасці асабістага прыкладу правільных і бяспечных паводзін на дарогах».

Паводле яго слоў, самыя распаўсюджаныя парушэнні, якія здзяйсняюць дзеці і падлеткі, — гэта пераход праезнай часткі ва неўстаноўленых месцах або на забараняльны сігнал святлафора, раптоўны выхад на праезную частку, гульня ў непасрэднай блізкасці ад дарогі. «Акрамя таго, далёка не ўсе юныя ўладальнікі ровараў спешваюцца пры пераходзе дарогі. Сур'ёзнай праблемай застаецца выкарыстанне гаджэтаў на хаду: навушнікаў, пагружэнне ў экран мабільнага тэлефона пры пераходзе праезнай часткі, а нярэдка і пры руху на ровары ці самакаце. У такіх умовах падлеткі не могуць адэкватна ацаніць дарожную абстаноўку, што нярэдка цягне трагічныя наступствы», — дадаў старшы інспектар.

ДАІ, у сваю чаргу, правядзе прафілактычныя акцыі для дзяцей і бацькоў, а таксама рэйдавыя мерапрыемствы па спыненні парушэнняў правілаў дарожнага руху. Асаблівую ўвагу ўдзеляць выкананню кіроўцамі хуткаснага рэжыму, правілаў праезду пешаходнага перахода і бяспечнай перавозкі дзяцей. ДАІ заклікае быць як мага больш уважлівымі пры руху паблізу дзіцячых устаноў, праездзе праз нерэгуляваныя пешаходныя пераходы, паблізу прыпынкаў грамадскага транспарту і асабліва на дваровай тэрыторыі.

«Не варта забываць пра бяспеку на чыгуначным транспарце. Толькі ў гэтым годзе зарэгістраваны тры выпадкі траўміравання дзяцей на чыгунцы. Прыкладна тыдзень таму дзесяцігадовая дзяўчынка здымала на мабільны тэлефон відэа і не ўбачыла электрацягнік, які набліжаўся, у выніку чаго атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём», — паведаміў Васіль Дземідовіч.

Дзе не месца для гульняў?

Летам у дзяцей з'яўляецца больш вольнага часу, яны часцей знаходзяцца на вуліцы і нярэдка застаюцца без нагляду дарослых. «Усё гэта прыводзіць да росту траўматызму і колькасці трагічных здарэнняў. Таму мы звяртаемся да бацькоў: кантралюйце дзяцей, не пакідайце без нагляду, асабліва малых. Падлеткам нагадвайце аб правілах паводзін на вадзе, небяспецы купання, нырання. Сёлета ўжо адзначана некалькі фактаў, калі дзеці танулі», — дадаў старшы інспектар.

«Падлеткам уласцівае імкненне бавіць час у незвычайных і небяспечных месцах, адсюль нярэдкія здарэнні на закінутых, безгаспадарных будынках. Менавіта адсутнасць кантролю з боку дарослых прыцягвае шукальнікаў прыгод у такія месцы. Трэба папярэджваць іх, што будоўля, закінуты будынак — не месца для гульняў, бо тыя могуць у любы момант абрынуцца і траўміраваць», — падкрэсліў Васіль Дземідовіч.

Старшы інспектар звярнуў увагу таксама на наступную акалічнасць: з надыходам вясенне-летняга перыяду штогод рэгіструюцца няшчасныя выпадкі, звязаныя з падзеннем дзяцей з вокнаў. «Малы ўспрымае маскітную сетку як перашкоду, свабодна абапіраецца на яе і ў выніку адбываецца няшчасны выпадак. Таму не грэбуйце сродкамі засцярогі на вокнах — іх трэба абсталяваць адмысловымі блакавальнымі прыладамі. Адкрываючы вокны на праветрыванне, неабходна пераканацца, што дзіця знаходзіцца пад наглядам. Увогуле лепш не паказваць, як адчыняюцца вокны, а таксама не ставіць побач з імі мэблю, каб не спрашчаць малому задачу апынуцца на падаконніку», — звярнуў увагу старшы інспектар.

Дапамога побач!

Прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ паведаміў, што з пачатку года падраздзяленні МНС выратавалі 21 дзіця, у тым ліку пяць — на пажарах. Астатнія сітуацыі звязаныя з захрасаннем рук і ног у радыятарах ацяплення, пральных машынах, фантанах, а таксама выпадкамі, калі дзеці залазяць на дрэвы, а потым не могуць адтуль спусціцца.

— Адказнасць у падобных выпадках ляжыць, зразумела, на дарослых. Менавіта таму цяпер самы лепшы час пагаварыць з дзецьмі пра бяспеку, — падкрэсліў Віталь Навіцкі. — Калі, напрыклад, вы вырашылі адправіць дзіця да бабулі ў вёску, то трэба нагадаць пра небяспеку адпачынку на вадзе, знаходжання ў лесе. Пакажыце дзіцяці мабільную праграму «МНС Беларусі: дапамога побач» з тэстамі, а таксама мультсерыял «Чароўная кніга».

Па словах прэс-сакратара, работнікі МНС ужо наведалі ўсе аздараўленчыя лагеры да пачатку іх работы. «Пад нашым асаблівым кантролем — спраўнасць сістэм пажарнай аўтаматыкі і аснашчанасць першаснымі сродкамі пажаратушэння, а таксама навучанне персаналу дзеянням у выпадку ўзнікнення той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. Усе навучаныя і ведаюць, што рабіць і як дзейнічаць, каб такія сітуацыі не адбываліся», — запэўніў ён.

Новыя крыніцы небяспекі

Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Кірыл КРЫВАРОТ паведаміў, што ўсяго за 2020 год па краіне былі зарэгістраваны 145 704 першасныя звароты дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 17 гадоў уключна з траўмамі рознай лакалізацыі.

«Самы траўмянебяспечны ўзрост — 10-13 гадоў (44 948 траўмаў), на другім месцы ўзроставая група ад 5 да 9 гадоў (37 152 траўмы) і на трэцім — 15-17 гадоў (25 471 траўма). Сярод траўмаў пераважаюць бытавыя (54,4 %), на другім месцы — вулічныя (34,6 %), на трэцім — спартыўныя (5,7 %), далей — школьныя (2,2 %), транспартныя (0,4 %) і іншыя. На першым месцы па частаце — траўмы канечнасцяў (74,7 %): удары, вывіхі, расцяжэнні і пераломы, на другім — пашкоджанні галавы і шыі
(12,3 %)», — паведаміў спецыяліст.

Кірыл Крыварот заўважыў, што апошнім часам з'явіліся і ўчасціліся новыя віды траўмаў, атрыманыя пры скачках на батуце, катанні на цюбінгах і іншых сродках індывідуальнай мабільнасці (веласіпедах, роліках, скейтбордах, электрасамакатах, электраскутарах, манаколах). Так, за 2020 год пацярпелі ад скачкоў на батуце 499 чалавек. Падчас катання на цюбінгах і санках былі атрыманы 414 траўмаў, на ровары — 2 083, роліках і скейтбордах — 820, электрасамакатах і электраскутарах — 360. І 39 дзяцей былі траўміраваны падчас катання на манаколе.

Надзея НІКАЛАЕВА.


Будзь у курсе!

Плануецца, што гэтым летам дзяцей на аздараўленне ў Беларусі будуць прымаць 5,6 тысячы лагераў, з іх 1,4 тысячы кругласутачных. Усяго плануецца арганізаваны адпачынак 342 тысяч навучэнцаў, з якіх 197,6 тысячы будуць праходзіць аздараўленне ў лагерах з дзённым знаходжаннем і 144,4 тысячы — з кругласутачным.

Загаловак у газеце: Профільныя, працоўныя, школьныя і загарадныя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.