Вы тут

Адаптацыя «асаблівых» дзяцей у грамадстве пашыраецца


У Беларусі на розных узроўнях сфарміравана сетка ўстаноў і спецыялістаў, да якіх бацькі могуць звяртацца, калі заўважаюць адхіленні або асаблівасці ў развіцці сваіх дзяцей. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага дзіцячага псіханеўралагічнага дыспансера, галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя Вольга ЛІТВІНАВА.

Яшчэ гадоў дзесяць таму бацькі дзяцей, у якіх ёсць асаблівасці ў развіцці, прасілі ад сістэмы аховы здароўя арганізаваць больш даступную раннюю дыягностыку. Каб мамы і таты, якія заўважаюць, што ў дзіцяці нешта не так з развіццём, ведалі, куды звярнуцца. Вольга Літвінава адзначыла, што Міністэрства аховы здароўя да просьбы прыслухалася. «Навучанне спецыялістаў пярвічнага звяна носіць сістэмны характар. Гэта і разнастайныя лекцыі, семінары, вэбінары на тэму псіхічнага здароўя «асаблівых» дзяцей, і змены праграм паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў-педыятраў, неўролагаў і тых, хто непасрэдна працуе ў паліклініцы», — сказала яна.

Спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Алена МУЛІЦА падчас мерапрыемства адзначыла, што Міністэрства адукацыі вельмі ўважліва ставіцца да сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі «асаблівых» дзяцей у грамадстве і працуе над павышэннем даступнасці і якасці адукацыйнага працэсу для іх. «Сёння можна казаць пра тое, што доступ да атрымання адукацыі забяспечаны ўсім катэгорыям навучэнцаў», — адзначыла Алена Муліца.

Сістэма адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі ўключае як установы спецыяльнай адукацыі, так і агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, у якіх дзеці не толькі вучацца, але і атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу.

«Сетка ўстаноў прадстаўлена 141 Цэнтрам карэкцыйнага развіцця, 48 спецыяльнымі дашкольнымі ўстановамі для розных катэгорый навучэнцаў з парушэннямі слыху, зроку, мовы, функцый апорна-рухальнага апарату, з інтэлектуальнымі парушэннямі. У сістэме функцыянуюць 24 спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы і 24 дапаможныя школы і школы-інтэрнаты», — дадала галоўны спецыяліст.

Акрамя таго, ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі створана практычна каля дзвюх тысяч спецыяльных груп, 1,5 тысячы груп інтэграванага навучання і выхавання, 167 спецыяльных класаў і больш за пяць тысяч класаў інтэграванага навучання і выхавання. Для атрымання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі створана больш за 3,6 тысячы пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

У Беларусі на сёння пражываюць каля 35,5 тысячы дзяцей-інвалідаў (з усімі тыпамі і групамі інваліднасці). Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў міжведамаснай рабоце па адаптацыі «асаблівых» дзяцей у грамадстве больш арыентавана на забеспячэнне сацыяльных гарантый: гэта грашовыя выплаты ў выглядзе пенсій і дапамог, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, сацыяльныя льготы і гарантыі, паслугі, забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі. Але таксама ў сістэме Мінпрацы функцыянуюць дзевяць дамоў-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і адна ўнікальная ўстанова — Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў. З моманту адкрыцця цэнтра ў 2000 годзе рэабілітацыю прайшлі больш чым 21 тысяча дзяцей.

«Толькі за апошнія пяць гадоў інваліднасць знятая ў 59 дзяцей — думаю, гэта паказчык вельмі нядрэнны, — адзначыла начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя ГРАЧЫХА. — Паляпшэнне стану назіраецца ў 98 працэнтаў дзяцей».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».