Вы тут

Пра надвор'е і не толькі


Усе скардзяцца гэтымі днямі на лета, правільней сказаць, на яго адсутнасць. Са знаёмымі, роднымі, калегамі размова пачынаецца звычайна з таго, што няма цяпла, на дачных участках, у агародах нічога не расце як трэба, курткі і чаравікі яшчэ не здымалі ў гэтым сезоне, а клумбы не квітнеюць дружна, як у папярэднія гады. На апошняе нават старшыня сельвыканкама скардзілася падчас нядаўняй камандзіроўкі.


А вось яе зямлячка, наша даўняя чытачка з вёскі Тэўлі Клаўдзія Іванаўна папрасіла напісаць нешта добрае, для душы. Менавіта такія тэксты яна любіць чытаць. Хочацца верыць, не толькі яна... У падобных выпадках люблю гартаць старыя блакноты, якія ўжо шмат гадоў не выкідваю. Цяпер пры сустрэчах са сваімі героямі больш пішацца на дыктафон, а раней, бывала, многае занатоўвалася. Дык вось: знаходзіш нейкае выказванне альбо ўласнае назіранне і згадваеш сустрэчу, газетны матэрыял пра таго героя. З асобнымі нават сувязь падтрымліваецца, пра кагосьці іншым разам хочацца даведацца, як іх жыццё далей складваецца... Словам, цікавая рэч — старыя журналісцкія блакноты.

А яшчэ ў іх трапляюцца закладкі. Як правіла, гэта не просты шматок паперы, часцей — загаловак. З даўніх часоў люблю дасціпныя, яркія газетныя загалоўкі, часам пакідаю іх на памяць. Вось і ў блакноце 2006 года з занатоўкамі пра цікавую шматдзетную сям'ю (некалі вярнуся да таго матэрыялу і раскажу пра іх далейшае жыццё) трапіўся загаловак «Брэнд сівой кабылы». Па шрыфту лёгка вызначаецца даволі папулярная расійская газета, якую я тады рэгулярна чытала. Зразумела, што артыкул прысвячаўся пагоні за брэндамі, ці брэндаманіі, якой захоплена пэўная частка грамадства. Цяпер таксама поўна розных прапаноў «якасных копій» дызайнерскага адзення, абутку вядомых брэндаў. Ды што там інтэрнэт-сайты альбо дарагія падробкі... Нядаўна дачка паказала цэлы вялізны аддзел у краме, запоўнены кітайскім абуткам, які зроблены пад вядомыя брэнды з адпаведнымі біркамі, толькі па цалкам дэмакратычнай цане. Праўда, спецыфічны пах гумы і пластыку не дазваляў там знаходзіцца доўга, нават маска не ратавала. Але ж каму надта хочацца фарсіць у такіх красоўках, то і не трэба вывальваць вялікія грошы за арыгінальную этыкетку — фактычна, за брэнд.

Як сказалі дасведчаныя людзі, часам той самы брэндавы абутак носіцца не больш, чым якасная падробка. Цяпер любую прадукцыю выпускаюць з такім прыцэлам, каб чалавек не карыстаўся той ці іншай рэччу доўга, а хутчэй прыйшоў у краму зноў, па новы тавар. На тым і трымаюцца эканомікі свету.

А яшчэ эканомікі трымаюцца на такіх спажыўцах, як нявестка маёй знаёмай. Нават каб вельмі хацелася згадаць пра ліхую свякроўку беднай маладзіцы, дык не выходзіць. Юная лэдзі проста здурнелая на гэтых самых анучах калябрэндавага паходжання. Гойсае па сэкандах, пільнуе іх адкрыццё, шукае тыя самыя шмоткі з запаветнай біркай, і знаходзіць жа іх! Ды гэта было б, як той казаў, паўбяды, каб яна падбірала адзежу хоць крыху з густам пры яе фігуры, так бы мовіць, крышачку не мадэльнай. «А яна не глядзіць, цягне на сябе, што давядзецца, — скардзіцца Ганна Фёдараўна. — Там дзе трэба было б прыкрыць, апранае кароткае, вузкае, і выглядае недарэчна». Раю ёй не звяртаць увагі, не нервавацца. Няхай маладыя самі разбіраюцца, няхай у рэшце рэшт муж ёй падказвае, як адзявацца. «А мне што рабіць?!» — аж кіпіць былая настаўніца, чалавек па жыцці строгіх правілаў. «А нічога, пашлі ты іх!» — не вытрымлівае ўжо яе муж.

...Згадваю нядаўнюю размову з гэтай добрай сям'ёй, гартаю блакнот і дастаю новы загаловак — «Тры вясёлыя літары». Гэта адзін з маіх любімых аўтараў сярэдзіны «нулявых». І напісаў ён пра турыстычную паездку на Гоа. А спачатку весела заўважыў, што ніхто яго туды не пасылаў, а сам добраахвотна накіраваўся на адну зычную і дзве галосных.

Нашы людзі таксама даўно асвоілі згаданы напрамак і прывозілі даволі добрыя водгукі пасля адпачынку на гэтым «востраве» спакою, дзе, кажуць, нават губляецца час, яго перастаеш адчуваць. Ну а цяпер у Індыю, дзе лютуе вірус, рызыкнуў бы паляцець хіба самы адчайны ці зусім безгаловы. Ды і самалёты зараз не лятаюць. І на іншыя прывычныя курорты стала праблематычна дабрацца. Так што самы час пажартаваць пра месца адпачынку на тры вясёлыя літары, у сэнсе, на Гоа.

Але ж нашы людзі нешта абавязкова прыдумаюць, асобныя напрамкі даступныя, напрыклад, Грузія аб'явіла пра адкрытыя сухапутныя граніцы. Потым нешта наладзіцца, усталюецца. Бо заўсёды ж так бывае, што пасля цемры з'яўляецца святло, пасля зімы наступае лета, а пасля халадоў бывае цёпла. Вось як сёлета — і сіноптыкі ўжо абяцаюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».