Вы тут

«Вытокі» пачынаюцца ў Оршы. Чаму варта ўзяць курс на Віцебшчыну?


Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» працягвае турнэ па краіне. З 3 да 5 чэрвеня ён уладарыць у Віцебскай вобласці. Майстар-класы, круглыя сталы, вакальныя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы — лета ў Оршы пачынаецца ярка.


Заняткі даспадобы знойдзе кожны

Першыя дні фестывалю, 3 і 4 чэрвеня, будуць прысвечаны культурна-гістарычнай спадчыне рэгіёна. У чацвер у Аршанскім езуіцкім калегіуме пройдзе круглы стол «Орша: традыцыі ў сучаснасці», пачнуць працаваць выстаўкі «Кола часу» і дзіцячых малюнкаў. У дзіцячай школе мастацтваў кіраўнік арт-групы «Беларусы», спявак і кампазітар Валерый Шмат правядзе творчую сустрэчу «Мой крок да Алімпу», там жа адбудзецца і канцэрт арганнай музыкі. На пятніцу запланаваныя адукацыйныя семінары для аўтараў маладзёжных творчых і інавацыйных праектаў, а таксама прадстаўнікоў прадпрыемстваў рэгіёнаў, дзе абмяркуюць распрацоўку і развіццё рэгіянальнага брэнда.

А ў суботу, 5 чэрвеня, Орша стане спартыўным цэнтрам краіны. Удзельнікі паспрабуюць свае сілы ў алімпійскім квэсце. Правілы простыя — выконваеш 15 заданняў па розных відах спорту і атрымліваеш прызы ад арганізатараў. Майстар-класы «алімпійцам-пачаткоўцам» дадуць вопытныя спартсмены — біятланістка Людміла Калінчык і барэц грэка-рымскага стылю Ігар Каныгін. Дарэчы, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў і двухразовы чэмпіён свету Ігар Каныгін — ураджэнец Віцебшчыны.

Радзіма моцных людзей

Наведаць «Вытокі» ў Оршы будзе цікава і тым, хто не лічыць сябе вялікім аматарам спорту, але хоча лепш пазнаёміцца з Беларуссю. У гісторыі горада багата адметных падзей і знакамітых выхадцаў. Падчас адступлення французскай арміі ў 1812 годзе тут пабываў сам Напалеон, а таксама вядомы французскі пісьменнік Стэндаль. Пасля, праўда, горад быў падпалены. Але яго аднаўленне — таксама важная частка гісторыі. Орша займае пачэснае месца ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут у 1941 годзе ўпершыню ў баі была задзейнічана легендарная рэактыўная сістэма залпавага агню «Кацюша». Падчас ваеннага ліхалецця Орша была адным з цэнтраў падпольнай дзейнасці. Адну з груп, якая дзейнічала непасрэдна на чыгуначным вузле, узначальваў Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў. Орша — горад, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені за мужнасць і стойкасць, праяўленыя падчас вайны 1941—1945 гадоў.

Славіцца Орша і сваімі ўраджэнцамі. Бадай ці не самы вядомы з іх — пісьменнік Уладзімір Караткевіч, у Оршы і сёння дзейнічае яго музей. Сёння сваю малую радзіму праслаўляе Аляксей Талай, спартсмен-параалімпіец, матывацыйны спікер, бізнесмен, член Канстытуцыйнай камісіі, рэкардсмен свету па плаванні, прызёр чэмпіянату Еўропы.

«Мой родны горад — важнае, дарагое месца для маёй душы, для майго сэрца. Вельмі сумую, калі доўга не атрымліваецца прыехаць. І з радасцю лячу туды, як толькі з'яўляецца магчымасць наведаць гэтыя мясціны, гэтыя вулачкі. Вельмі добрыя ўспаміны — першыя сустрэчы, першае каханне, дзеці. Там я перазараджаюся, атрымліваю зарад пазітыву. Гэта святое для мяне месца, пупавіна. Чым бліжэй да таго месца, дзе з'явіўся на свет, тым больш сіл дае гэтая крыніца. Калі я быў далёка за мяжой, за акіянам, выразна адчуваў тугу па роднай зямлі», — дзеліцца Аляксей Талай.

Галоўным багаццем Оршы Аляксей называе людзей. Аршанцы актыўна яго падтрымліваюць, радуюцца поспехам, пішуць каментары, рэпосцяць інфармацыю пра спартыўныя перамогі і праекты. «У Оршы шмат добрых людзей, для якіх сэнс жыцця — дзеці. Выхаваць з хлапчука сапраўднага мужчыну, убачыць у ім патэнцыял, развіць мужчынскія адносіны да жыцця, да жанчыны, мамы, сястры. І яны могуць зацікавіць спортам, фізічнай культурай. Орша ў гэтым плане змянілася, горад стаў вельмі прыгожы, вакол яго ствараецца важная інфраструктура. Я ўпэўнены, што ў майго роднага горада светлая будучыня, перспектывы ўжо праглядаюцца. Маладыя людзі разумеюць гэта, укараняюцца ў горадзе, нараджаюць дзяцей і не збіраюцца нікуды з'язджаць», — адзначае Аляксей.

Ён расказаў, што менавіта трэба ўбачыць гасцям горада, якія прыедуць у гэтыя выхадныя на аршанскія «Вытокі». У турыстычную праграму варта ўключыць дзіцячы парк на беразе Дняпра, намоленыя старыя храмы, музеі Караткевіча і Заслонава, этнаграфічны музей «Млын» (які размяшчаецца ў млынавым комплексе). Аляксей Талай раіць паглядзець на старажытнае гарадзішча, якое з усіх бакоў акружана рэкамі Аршыца (ад якой і пайшла назва горада) і Дняпро. Таксама Аляксей прапаноўвае праехаць па адрэстаўраваным мосце над Дняпром і адчуць моц гэтай ракі і прыгажосць горада. І, вядома, наведаць помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны, курган Славы, дзе гарыць Вечны агонь. «Вакол кургана — парк, дзе шмат маладых дрэў. У 2000 годзе ў Оршы быў моцны ўраган, і шмат дрэў паваліла. Таму цяпер там растуць маладыя бярозы, хвоі, мае любімыя вербы, там вельмі прыгожа. Там паставілі тэхніку, і дзеці вельмі любяць яе. У горадзе ёсць што паглядзець», — запэўнівае Аляксей Талай і падкрэслівае, што гасцям «Вытокаў» у Оршы сумна не будзе.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: «Вытокі» пачынаюцца ў Оршы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?