Вы тут

Комплексны падыход да капрамонту


Звароты на тэму няякасных і зацягнутых па часе капітальных рамонтаў жылых шматкватэрных дамоў, аднаўлення іх двароў ужо ператварыліся, так бы мовіць, у «класіку жанру» падчас правядзення прамых ліній і асабістых прыёмаў грамадзян старшынёй Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, мэрам сталіцы і яго намеснікамі. Мясцовая ўлада, зразумела, рэагуе на сігналы грамадзян, але па-ранейшаму скаргі на якасць капрамонтаў — у топе зваротаў.


Дарэчы, і самі мінчане ў ходзе прамых ліній нярэдка выказваюць нямала прапаноў па ўдасканаленні парадку, планаванні, правядзенні і фінансаванні капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Нядаўна Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі было наладжана грамадскае абмеркаванне гэтай праблемы. Зразумела, не ўбаку ад яе вырашэння і мясцовыя ўлады сталіцы.

Як паведамілі ў гарвыканкаме, з 2023 года ў Маскоўскім раёне пачнуць па-новаму праводзіць капітальны рамонт дамоў. Гэта будзе комплексны падыход. Мяркуецца, што рамонт закране адначасова некалькі суседніх будынкаў. Пасля абавязкова добраўпарадкуюць двор, заменяць асфальт, адновяць дзіцячыя пляцоўкі. Вядома, перад пачаткам рамонту правядуць сходы з жыхарамі, больш увагі аддадуць распрацоўцы праектаў, іх дзяржаўнай экспертызе, арганізацыі тэндараў па выбары падрадчыкаў.

Будуць улічаны і многія іншыя моманты дадзенай работы, каб потым яна не выклікала нараканні ў гараджан. Напрыклад, з жыхарамі мінскіх дамоў абавязкова параяцца наконт правядзення цеплавой мадэрнізацыі аб'ектаў, аднаўлення пад'ездаў і г. д.

Ёсць прыемная навіна і для аматараў заняткаў фізічнай культурай на свежым паветры. Мясцовыя ўлады сталіцы разгледзелі пытанне стану і функцыянавання дваровых спартыўных пляцовак. Цяпер большасць з іх, як паведамілі ў Мінгарвыканкаме, чакае паступовая і грунтоўная мадэрнізацыя. Усяго ў горадзе 285 такіх збудаванняў. Многія ўжо фізічна і маральна ўстарэлі.

Рабіць мадэрнізацыю будуць па тыпавым праекце. Распрацавана адпаведная форма шматпрофільнай спартыўнай пляцоўкі, якая стане асновай рамонту старых пляцовак. Падчас яго мяркуецца ўладкаваць штучнае пакрыццё, футбольныя вароты, баскетбольныя кольцы, іншыя спартыўныя прыстасаванні і снарады.

Адміністрацыі раёнаў і галоўнае ўпраўленне спорту і турызму Мінскага гарвыканкама ўжо ўключыліся ў гэту работу, у прыватнасці, распрацаваны графікі ходу мадэрнізацыі дваровых спартыўных пляцовак.

Мікалай ЛЮБЧАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.