У невялікіх населеных пунктах, дзе не вельмі шырока прадстаўлены гандлёвыя сеткі, на пошце адкрываюцца сапраўдныя міні-супермаркеты. Пакупнік можа купіць там самыя розныя прадукты харчавання, гаспадарчыя рэчы, прамысловыя тавары. Маецца неблагі асартымент галантарэі і парфумерыі. Адным словам, усе тавары першай неабходнасці можна набыць тут, калі зайшоў на пошту аплаціць паслугі, атрымаць пасылку альбо падпісацца на любімае выданне.
Нядаўна такі аб'ект адкрылі ў вёсцы Корчыцы Кобрынскага раёна. Жыхарка вёскі настаўніца Ірына Назарук сказала: «Гэта вельмі зручна для жыхароў. У населеным пункце, дзе пражывае прыкладна 200 чалавек, ёсць толькі адна крама райспажыўкааперацыі. А цяпер, выходзіць, з'явіўся канкурэнт, што заўсёды ідзе на карысць цэнавай палітыцы. Тым больш што паштавікі і раней прапаноўвалі дэмакратычныя цэны на свой асартымент. А цяпер яшчэ і асартымент тавараў стаў у разы большы».
Для бяспекі і захавання тавараў устаноўлена сістэма відэаназірання, экран якой знаходзіцца на рабочым стале начальніка аддзялення сувязі.
Гандлёвая зала пошты выдатна ўмясціла абсталяванне стандартных памераў са стэлажамі, глыбокімі паліцамі, халадзільнікам. Халадзільнае абсталяванне спатрэбілася для рэалізацыі прадуктаў глыбокай замарозкі (тут можна набыць курыцу, мясныя субпрадукты). У аддзяленні сувязі арганізаваны гандаль пад заказ. Пакупнікі маюць магчымасць пакінуць папярэднія заяўкі на набыццё тавараў для саду і агарода, буйнагабарытнай тэхнікі, бытавой тэхнікі, веласіпеда. Усё гэта будзе дастаўлена ў сціслыя тэрміны, а чалавеку не спатрэбіцца ехаць у райцэнтр, шукаць транспарт для дастаўкі. Гэта асабліва важна для пенсіянераў, адзінокіх людзей.
Вельмі зручна, што насупраць вітрыны з таварамі размешчаны інфармацыйны стэнд з рэкламай паштовай прадукцыі і паслуг, а таксама куток кліента. Такім чынам, вясковыя жыхары, якія прыходзяць на пошту, могуць паспяхова правесці ўсе неабходныя паштовыя аперацыі, аплаціць паслугі, а заадно зрабіць неабходныя пакупкі. Корчыцкі пошта-маркет стаў 14-м па ліку ў вобласці.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.