Вы тут

Поспехі «скарынаўцаў», або Гомельскі дзяржуніверсітэт як нацыянальны ўніверсітэцкі брэнд


Гісторыя Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны бярэ свой пачатак у 1930 годзе з заснавання Гомельскага педагагічнага інстытута. Імя беларускага асветніка ВНУ носіць з 1988 года. Пра тое, як жыве сёння вялікая сям'я і дружная каманда ўніверсітэта, — інтэрв'ю з рэктарам ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргеем Хахомавым:


— Сёння ва ўніверсітэце на 12 факультэтах рыхтуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты па 39 спецыяльнасцях. У цяперашні час навучанне праходзяць каля 9 тысяч чалавек. Таксама вядзецца падрыхтоўка магістрантаў па 20 спецыяльнасцях, у скарочаныя тэрміны — падрыхтоўка студэнтаў з ліку выпускнікоў каледжаў па 17 профільных спецыяльнасцях. Праз аспірантуру па 46 навуковых спецыяльнасцях рыхтуем спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, па 6 спецыяльнасцях — дактарантаў. Падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі вядзецца ў тым ліку на англійскай мове.

— ГДУ імя Ф. Скарыны — гэта ў тым ліку аўтарытэтны навукова-даследчы цэнтр. Якія дасягненні ў навукоўцаў універсітэта?

— У складзе ўніверсітэта — два навукова-даследчыя інстытуты: фізіка-хімічны, гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў. На базе чатырох навукова-даследчых лабараторый функцыянуе Цэнтр калектыўнага карыстання па экалагічным маніторынгу і даследаванні складу і ўласцівасцяў рэчываў. Ён забяспечаны ўнікальным навуковым абсталяваннем. Ва ўніверсітэце працуе 68 навукова-даследчых лабараторый, з якіх 48 — студэнцкія. Дзейнічаюць тры міжнародныя навукова-даследчыя лабараторыі, створаны тры спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый па чатырох спецыяльнасцях.

У супрацоўніцтве з Шанхайскім прафесійным інстытутам індустрыі, камерцыі і замежных моў на базе ГДУ імя Ф. Скарыны адкрыты Цэнтр навучання кітайскай мове. Філіял Гомельскага дзяржуніверсітэта працуе ў Шанхаі. У Гомелі на базе цэнтра вядзецца сумесная падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасці «Руская філалогія»: два з паловай гады кітайскія студэнты навучаюцца ў Шанхаі, затым два наступныя гады праходзяць падрыхтоўку ў Гомелі, дзе атрымліваюць дыплом бакалаўра.

Навукоўцы ўніверсітэта вядуць даследаванні па праекце TransFerr у межах праграмы Еўрапейскага саюза па навуцы і інавацыях «Гарызонт 2020». Рэалізоўваюцца два праекты Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы па золь-гель тэхналогіях і сумесна з Веткаўскім музеем па стараверскіх абразах. ГДУ ў межах дагавора аб супрацоўніцтве ажыццяўляе сумесную падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі з універсітэтам Шызуока (Японія). Такога роду супрацоўніцтва дазваляе найлепшым выпускнікам факультэта фізікі і ІТ прайсці навучанне ў аспірантуры ўніверсітэта Шызуока і атрымаць ступень PhD за мяжой.

— Ці атрымліваецца прымяніць на практыцы распрацоўкі навукоўцаў універсітэта?

— Мы імкнёмся да гэтага. Адзін з прыкладаў: на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій сіламі маладых супрацоўнікаў, у тым ліку студэнтаў і валанцёраў, была выпрацавана тэхналогія і асвоены выраб медыцынскіх ахоўных экранаў для медыцынскіх устаноў горада Гомеля і Гомельскай вобласці. Было задзейнічана ўсё неабходнае абсталяванне: ад ЗD-прынтараў да лазерных установак. Старшыня Гомельскага аблвыканкама адзначыў высокую якасць ахоўных асабістых экранаў, падкрэсліў важнасць гэтай ініцыятывы і выказаў калектыву ўніверсітэта асаблівую падзяку за годную грамадзянскую пазіцыю. У сваю чаргу навукоўцы Навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута ГДУ імя Ф. Скарыны распрацавалі і выкарысталі ва ўласнай дзейнасці метад нанясення пакрыццяў з высокімі антыбактэрыяльнымі і антыфунгальнымі пралангіраванымі ўласцівасцямі. Распрацоўка прызначана для папярэджання з'яўлення бактэрыяльных, грыбковых і змешаных біяплёнак на паверхнях вырабаў медыцынскага прызначэння, якія ўводзяцца ў арганізм чалавека. Штогод па дагаворах з ТАА «Медбіятэх» універсітэт аказвае паслугі па нанясенні кампазіцыйных пакрыццяў на імплантаты, што зніжае рызыкі ўзнікнення пасляаперацыйных ускладненняў.

— Раскажыце пра развіццё міжнародных кантактаў ВНУ ў адукацыйнай і навуковай сферах.

— Штогод універсітэт наведваюць дзясяткі замежных дэлегацый. Заключаны шэраг дагавораў аб супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі, навуковымі і адукацыйнымі цэнтрамі КНР, Казахстана, Польшчы, Расіі, В'етнама, Партугаліі, Узбекістана, Украіны. Сумесна з Маскоўскім дзяржаўным абласным універсітэтам, Варонежскім дзяржаўным лесатэхнічным універсітэтам імя Р. Ф. Марозава, Міжнародным універсітэтам SІLKWAY ГДУ імя Ф. Скарыны рэалізоўвае праграмы ўключанага навучання. Паспяхова функцыянуюць сумесныя магістратуры з Маскоўскім інстытутам электроннай тэхнікі і з Курскай акадэміяй дзяржаўнай і муніцыпальнай службы. Аспіранты ГДУ абараняюць дысертацыі ў Японіі, Фінляндыі, Швецыі, Германіі, Італіі. Становяцца ўладальнікамі навуковых ступеняў і дыпломаў міжнароднага ўзору. У ГДУ дзейнічаюць 177 дагавораў аб супрацоўніцтве з замежнымі ўніверсітэтамі і арганізацыямі больш чым з 25 краін свету.

Студэнты ГДУ імя Ф. Скарыны.

— Якім чынам ажыццяўляецца інтэграцыя ўніверсітэта ў сусветны вучэбны і навукова-даследчы працэс?

— Мы актыўна развіваем міжнародную акадэмічную мабільнасць навучэнцаў. У рамках праграмы ERASMUS+ інструмента «Крэдытная мабільнасць» ГДУ імя Ф. Скарыны мае міжінстытуцыянальныя пагадненні з шасцю еўрапейскімі ВНУ. Акрамя таго, нашы студэнты рэгулярна выязджаюць на стажыроўкі ў Германію па праграмах Германскай службы акадэмічных абменаў. Штогод студэнты ў індывідуальным парадку або групамі выязджаюць на стажыроўкі ў вядучыя ўніверсітэты розных краін свету. Удзел у праграмах міжнародных летніх школ таксама з'яўляецца інструментам для развіцця акадэмічнай мабільнасці. У ліпені 2021 года студэнты нашага ўніверсітэта маюць магчымасць прыняць удзел у праекце «Летні ўніверсітэт 2021»: 12 універсітэтаў з сямі федэральных акругоў Расіі адкрываюць свае дзверы для беларускіх студэнтаў і прапануюць засваенне дадатковых адукацыйных праграм па розных напрамках.

Між тым наш універсітэт быў першым у Беларусі, які яшчэ ў 1999 годзе выкарыстаў сістэму дыстанцыйнага навучання школьнікаў і студэнтаў праграмаванню.
За гэтыя гады на партале, што мае таксама англамоўную версію, зарэгістравана больш чым 70 тысяч карыстальнікаў з 90 краін свету. З 2018 года пачалася падрыхтоўка спецыялістаў І ступені вышэйшай адукацыі па дыстанцыйнай форме.

— Вядома, што Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны — адзін з лідараў па навучанні замежных студэнтаў.

— Так, на вучобу да нас прыязджаюць студэнты з 16 краін свету: Туркменістана, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Турцыі, Ірака, КНР, Ізраіля, Расіі, В'етнама, Нігерыі і іншых краін. Арганізоўваюцца розныя этнаграфічныя святы, выставы і фестывалі страў нацыянальнай кухні, што стварае ўнікальнае мультыкультурнае асяроддзе, дзе пануе атмасфера павагі да розных нацыянальнасцяў, падтрымліваецца культурны дыялог. Універсітэт рэгулярна наведваюць замежныя вучоныя з сусветным імем, якія праводзяць навучальныя курсы, трэнінгі і майстар-класы на замежных мовах.

— Раскажыце аб міжнародным рэйтынгу ГДУ імя Ф. Скарыны.

— Універсітэт уваходзіць у спісы глабальных і рэгіянальных рэйтынгаў універсітэтаў, такіх як Rankіng Web of reposіtorіes; Academіc Rankіng of World Unіversіtіes-Europeans Standard ARES; рэйтынг ВНУ краін СНД RAEX Эксперт РА. Цяпер у сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў Webometrіcs ГДУ імя Ф. Скарыны займае чацвёртую пазіцыю сярод найлепшых ВНУ Беларусі і ўваходзіць у 12 % найлепшых устаноў адукацыі свету. Усяго ў рэйтынгу Webometrіcs улічана больш чым 28 тысяч навучальных устаноў.

— Што можна адзначыць пра выпуск-2021 ГДУ імя Ф. Скарыны і ўступную кампанію 2021 года ў ГДУ?

— У цэлым у гэтым годзе ўніверсітэт выпусціў 1451 спецыяліста І ступені (874 чалавекі з вочнай формы навучання, завочнай — 577). Размеркаваць належала 514 выпускнікоў. Усе яны атрымалі першае працоўнае месца на прадпрыемствах і арганізацыях. Звыш 80 выпускнікоў, якія праходзілі навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, адпаведна, былі накіраваны па месцы замацавання. Сем выпускнікоў платнай формы навучання выказаліся за размеркаванне і таксама атрымалі накіраванне на работу. У сваю чаргу ў гэтым годзе 197 чалавек — выпускнікі ІІ ступені навучання, накіраваны на работу 56 магістрантаў.

Што датычыцца ўступнай кампаніі бягучага года, трэба адзначыць актыўную работу Міністэрства адукацыі па павелічэнні колькасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Больш увагі будзе ўдзяляцца падрыхтоўцы спецыялістаў па завочнай скарочанай форме для абітурыентаў, якія ўжо маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Мы задаволены тым, што ўніверсітэту, па нашым хадатайніцтве, з улікам адкрыцця новых спецыяльнасцяў, Міністэрства адукацыі выдзеліла дадаткова 22 бюджэтныя месцы (18 — на дзённую форму навучання і 4 — на завочную). Такім чынам, абітурыентаў у ГДУ чакаюць 1423 месцы, у тым ліку 747 бюджэтных і 676 платных. Бюджэтны набор па-ранейшаму пераважае, што адпавядае сацыяльна арыентаванай палітыцы нашай краіны.

Падчас заняткаў у лабараторыі робататэхнікі.

— Вядома, што ўніверсітэт аператыўна рэагуе на змены ў патрэбах рынку працы. Раскажыце, якія новыя спецыяльнасці адкрыты ў ГДУ апошнім часам?

— Ва ўступную кампанію—2020 быў адкрыты набор па новых спецыяльнасцях на трох факультэтах. Так, на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграмавання быў першы набор на «Прыкладную інфарматыку (праграмнае забеспячэнне камп'ютарных сістэм)» са спецыялізацыяй «Мультымедыйныя сістэмы і інтэрнэт-праграмаванне». У перспектыве выпускнікі — гэта праекціроўшчыкі інфармацыйных сістэм, менеджары праграмных праектаў, спецыялісты па тэсціраванні праграмных прадуктаў, выкладчыкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій. На гістарычным факультэце ўпершыню прайшоў набор студэнтаў на спецыяльнасць «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)» — далейшая работа выпускнікоў магчыма ў турыстычным бізнесе. Прысвойваецца кваліфікацыя «Спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт (англійская і нямецкая мовы)». Важна, што нашы выпускнікі змогуць весці дыялог з партнёрамі на адной мове, гэта дазволіць прасоўваць інтарэсы айчыннага бізнесу на замежным рынку пры дапамозе добра наладжаных дзелавых перагавораў. На філалагічным факультэце была адкрыта новая спецыяльнасць «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)».

Ва ўступную кампанію сёлета зноў будзе адкрыты набор па трох новых спецыяльнасцях. Дзве з іх на філалагічным факультэце. Гэта «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская). На факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій новая спецыяльнасць «Камп'ютарная бяспека». Трэба адзначыць, што нашы прадпрыемствы ўсё часцей сутыкаюцца з патрэбай у спецыялістах, якія ведаюць прынцыпы распрацоўкі і прымянення праграмна-апаратных, крыптаграфічных і тэхнічных сродкаў аховы інфармацыйных і камп'ютарных сістэм. Таму адкрыццё новай спецыяльнасці па камп'ютарнай бяспецы з'яўляецца вельмі актуальным.

— Сяргей Анатолевіч, сёння ГДУ імя Ф. Скарыны — гэта яшчэ і адкрытая пляцоўка для абмеркавання пытанняў, што хвалююць студэнтаў і выкладчыкаў Гомельшчыны.

— Так, лічу, што ў рабоце кіраўніка ўніверсітэта вельмі важна стварыць камфортныя ўмовы для адкрытага дыялогу са студэнтамі, выкладчыкамі, супрацоўнікамі. Варта абмяркоўваць усе актуальныя пытанні як лакальнага ўзроўню — вучоба, жыццё ў інтэрнаце і гэтак далей, — так і ўзроўню рэгіёна, краіны. Менавіта таму ўжо традыцыйнымі ў ГДУ сталі адкрытыя дыялогі з супрацоўнікамі рэктарата, прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай улады, актывістамі грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый. Падчас работы дыялогавых пляцовак у ГДУ былі агучаны прапановы па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю, абраны дэлегаты на VІ Усебеларускі народны сход. У гэтым навучальным годзе для студэнтаў і выкладчыкаў былі арганізаваны дзясяткі сустрэч з прадстаўнікамі міністэрстваў, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, членамі Савета Рэспублікі. Вядома, работа ў гэтым кірунку працягнецца.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».