Вы тут

Вандроўка ў застылых сімвалах: чаму гэта прыгожа і які ў гэтым сэнс


Мастацтва — гэта прастора. Любое мастацтва адначасова і стварае прастору вакол сябе самім фактам існавання, і ўпісваецца ў кантэкст — значна большую і насычаную прастору.


«Алімпія», 2019 г.

Кантэкст — увогуле галоўнае слова ў сучасным мастацтве, бо без яго немагчыма паўнавартасна счытаць сэнс, нават калі ён напісаны словамі, не кажучы ўжо пра візуальнае ці аўдыяльнае выказванне. Успрымаць сучаснае мастацтва толькі на эстэтычным узроўні — значыць не ўспрымаць яго ўвогуле, бо эстэтыка адышла на другі план, саступіўшы месца канцэпцыі. Тым не менш эстэтычны бок нікуды не знік, ён проста стаў працаваць па нязвыклых законах. Іншымі словамі, сёння, гледзячы на твор мастацтва, немагчыма сказаць, што гэта прыгожа, не ўсвядоміўшы, чаму гэта прыгожа.

«Усё пачыналася са спробы разабрать прычыны, «чаму ўсё так, як ёсць, чаму адбылася рэвалюцыя… чаму ў ХХ стагоддзі стала магчымым знішчэнне чалавецтва ў прамысловых маштабах…» — пазначана ў анатацыі да выстаўкі Канстанціна Селіханава «Унутраны накапляльнік», якую можна паглядзець у галерэі «Арт-Беларусь» у Палацы мастацтваў да 20 чэрвеня.

Канстанцін Селіханаў — вядомы беларускі скульптар, аўтар многіх знаёмых кожнаму скульптур: «Музы оперы» каля Вялікага тэатра Беларусі, мемарыяла «Рака памяці» на Кастрычніцкай, суаўтар помніка Караткевічу ў Оршы, унук  стваральніка легендарнага манумента ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». «Канстанцін Селіханаў — мастак сучаснага мыслення, які аналізуе і спазнае свет, ствараючы абсалютна новую пластычную форму», — такую характарыстыку можна знайсці на сайце Нацыянальнага мастацкага музея ў архіве выставачных анонсаў. 

Уплыў на чаканні атрыманы. Заходзячы ў выставачную залу, перш за ўсё адчуваеш не здзіўленне пры поглядзе на класічны партрэт у пазалочаным багеце, прарваны таксідэрмаванай галавой аленя. Адчуваеш цэласнасць прасторы. Канешне, галаву аленя размясцілі насупраць увахода, каб яна яшчэ з-за шкляных дзвярэй намякала наведвальнікам, што іх чакае неверагоднае. Але трапляючы ўнутр, бачыш усе арт-аб’екты як адзіны ансамбль. А прайшоўшыся па галерэі, непазбежна ўключаешся ў кантэкст выстаўкі.

«Унутраны накапляльнік» — гэта антрапалагічнае даследаванне, толькі ўмоўна прывязанае да часу.  Гэта, як ні дзіўна, набор кантэкстаў, якія, сабраўшыся разам, ствараюць своеасаблівы ўніверсальны сэнс. Расшыфраваўшы для сябе адну эмоцыю, адчуванне, думку, сітуацыю, схаваную ў адным арт-аб’екце, непазбежна падключаешся і да іншых. Так працуюць усе накапляльнікі — немагчыма забраць адзін файл, не падключыўшыся да ўсяго сховішча.

«Кантэкст праекта “Унутраны накапляльнік” нараджаецца на перасячэнні “ранняе-адначасова-позняе”. Гэта негістарычнае разуменне свету, у якім цяперашні час не з’яўляецца мяжой мінулага, а час неабавязкова імкнецца аднанакіравана наперад. Тут дзеянне роўнае супрацьдзеянню, а падзея становіцца важнай толькі ў тым выпадку, калі мы можам вызначыць, раней яна адбылася ці пазней у адносінах да іншай падзеі», — характарызуе выстаўку куратар Вольга Рыбчынская.

«План Б», 2012—2016 гг.

Усе элементы праекта выглядаюць як застылае сведчанне фактаў, як статычны аб’ект, гледзячы на які непазбежна бачыш усё, што прывяло да гэтага стану. Статыка, якая прымушае ўбачыць рух. Саміх артэфактаў у прасторы няшмат. У накапляльніку яшчэ хапае месца, каб спампаваць больш. Яшчэ адзін парадокс мастацкай прасторы: для таго, каб яе стварыць, неабходна вытрымаць баланс паміж прасторай і мастацтвам.

Кантэкст умешваецца ў падарожжа па выстаўцы адразу — у кожнай кампазіцыі ёсць абазначэнне, подпіс. Часам назва твора можа запатрабаваць у мастака ці не больш энергіі, чым стварэнне самога твора, і перакуліць усе сэнсы дагары нагамі,  выратаваць або забіць. 

Твор, які падміргвае наведвальнікам аленевым вокам з самага уваходу, — адзіны, што назвы не мае. А падпісаны так — «Чалавечае жыццё ёсць нечым большым за Прыроду». Прырода, хаця і напісаная з вялікай літары, тут, здаецца, абазначае той бок, які не згадваюць у высакародным сэнсе, — жорсткасць, забойства слабейшых.

Яшчэ адна інсталяцыя проста побач з уваходам — «Школа філасофіі». Тры белыя бюсты, што трымаюцца на трынозе з грабляў. Наступіш — і атрымаеш па галаве выявай надзвычай разумнага чалавека. «Аргумент, якому цяжка пярэчыць».

Адна з найбольш яскравых (літаральна) кампазіцый, — гэта белая неонавая вывеска з надпісам, прачытаць які можна толькі ў адлюстраванні, а побач вядро з разлітай белай фарбай. «Здарэнне» — «ВЫПАДАК. НЕДАРЭЧНАСЦЬ, НЕЧАКАНАСЦЬ. Любое слова можа стаць выдатным фіналам». Інсталяцыя — метафара таго, як незразумелае можа раптоўна адкрыць свой сэнс, таго, што часта варта пашукаць правільны ракурс, каб разгадаць загадку. А подпіс сведчыць пра тое, што назва — фінальная частка твора, без якой ён не можа лічыцца поўным.

Тут жа, недалёка ад разлітай фарбы, укленчаная скульптурная форма чалавека ў працоўным камбінезоне. Антрапаморфны скульптурны сімвал — фірмовы почырк Канстанціна Селіханава. На лбе ў чалавека — як паднятая маска, твар быццам бы антычнай скульптуры. «Алімпія» — «Праект “ідэальнага чалавека” дае збой». Паміж часткамі экспазіцыі, асобнымі інсталяцыямі пачынае цягнуцца сувязная нітка.

Насупраць «Алімпіі» змешчаны радок металічных шафак, як з пакоя, дзе пераапранаюцца ў спартзалах ці на прамысловых аб’ектах. Тут хутчэй другое. У адзінай адчыненай шафе на задняй сценцы абадраны кавалак шпалер адкрывае выхад на вуліцу, дзе шуміць вецер у зялёным лісці дрэва. «Уцёк» — «Бесперапынны ўнутраны дыялог, які мы ўвесь час недаацэньваем».

Ёсць дзве самыя буйныя і самыя яскравыя кампазіцыі. Праект «Сведкі» складаецца з фотаздымкаў твараў мужчын, іх асабістых гісторый — нейкіх выпадковых урыўкаў біяграфіі ці абазначэнняў характару, ці гісторый сустрэчы з аўтарам. Фотаздымкі з подпісамі — фон для гліняных мікраскульптур з выявамі твараў. Аўтар чапляўся за розныя рысы ў тварах сваіх герояў, разгортваў іх характар у маленькім кавалку матэрыялу. Першы — партрэт юнака — амаль гладкі, без выразных рыс, а на подпісе аўтар прызнаецца, што не разгледзеў лёс у твары свайго героя. Мастацтва становіцца падобным да варажбы.

Другая кампазіцыя мае назву «Група прадоўжанага дня» — «Многасастаўнае выказванне пра барацьбу дабра са злом». Унутры агароджанай прасторы — маленькая зялёная парта з мноствам выразаных знакаў, размаляваная прыгожымі партрэтамі, і праекцыя, на якой перад партрэтам Льва Талстога муха трапляецца павуку. Гудзенне ахвярнай мухі ў цішыні «класа», парта, размаляваная чалавекам, які яўна ўмее маляваць, і класічна насуплены твар Талстога. Дабро і зло многасастаўныя самі па сабе, у гэтым арт-аб’екце падключаюць яшчэ і кантэкст дзяцінства, калі ўсіх нас спрабавалі навучыць «што такое добра і што такое дрэнна». Са складанымі, слаістымі з’явамі дзіцяці справіцца нялёгка, але, нават вырастаючы, многія аказваліся ў сітуацыях, дзе высвятлялася, што дабро і зло — усё яшчэ з пытальнікамі. Да школьнай тэматыкі, школьных сімвалаў мастак вяртаўся яшчэ двойчы на гэтай экспазіцыі. Яны прысутнічаюць у скульптуры «Стол» і на інсталяцыі «Урок чыстапісання».

«Школа філасофіі», 2020 г.

Канцэптуальныя сувязі паміж часткамі экспазіцыі ўтвараюць прастору мастацтва не толькі фізічна, але і на ўзроўні ўспрымання. Унутраны накапляльнік — гэта досвед чалавека, яго асабістыя трагедыі, рысы, погляды на рэчаіснасць, якія назапашваюцца на працягу ўсяго жыцця. Школа. Адзінота, неразуменне, напружанасць, дысананс паміж тым, што трансліруецца з розных бакоў і застаецца ў галаве і сэрцы. Праца. Усведамленне ўласнай недасканаласці, ігнараванне ўнутранага дыялогу, бясконцыя памылкі, спробы самааналізу, рэакцыі навакольнага свету. Усё гэта адбіваецца на твары, прымушае шукаць выратавання, асэнсоўваць уласную прыроду, шукаць спробы ўтаймаваць дысананс.

Заходзячы ў прасторы выстаўкі з назвай «Унутраны накапляльнік», быццам сапраўды аказваешся ў сваім досведзе, дзе застылыя сімвалічныя вобразы абуджаюць успаміны, надаюць пачуццям абгортку з рэальных сітуацый і ў выніку сутыкаюць чалавека з самім сабой.

Успрыманне сучаснага мастацтва падобна да чытання дэтэктыва, у канцы якога аўтар так і не скажа, хто забойца, і нават не зробіць намёк на працяг гісторыі. Можна набудаваць безліч тэорый і меркаванняў, хоць зрабіць уласнае расследаванне, але выдаць свае прыдумкі за выключна правільны адказ будзе немагчыма.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.