Вы тут

Надзея Лазарэвіч: «Тое, што абяцаю, я раблю...»


Сёння мы запускаем новы праект, мэта якога — расказаць пра выбітных беларускіх жанчын, якія займаюць лідзіруючую пазіцыю ў грамадстве. Нядаўна ў краіне загаварылі пра такую з'яву, як жаночае прадпрымальніцтва. Эксперты сведчаць, што апошнім часам кіраўнікоў высокага ўзроўню сярод жаночага полу становіцца ўсё больш. Са сферы паслуг яны ўсё актыўней пераключаюцца на такія не вельмі жаночыя кірункі, як лесанарыхтоўка, будаўніцтва, дрэваапрацоўчая галіна... А яшчэ яны ўзначальваюць сур'ёзныя дзяржаўныя суб'екты народнага гаспадарання, займаюць адказныя пасты ў розных сферах дзейнасці. Наша сённяшняя гераіня наогул адзіны ў краіне кіраўнік машынабудаўнічага холдынга.


З дачкой Софіяй.

Пра тое, як паказчыкі прадпрыемстваў — удзельнікаў кампаніі апошнім часам ідуць уверх, можна прасачыць па іх сайтах. Мы ж паразмаўляем пра іншыя рэчы, больш асабістыя і патаемныя. Умова, якую ставім перад суразмоўцамі нашага праекта — поўная шчырасць і бесстароннасць. Такім чынам, знаёмімся з нашай першай гераіняй — генеральным дырэктарам кіруючай кампаніі «Бабруйскаграмаш» Надзеяй Лазарэвіч.

 «Сілы мне дае вера»

Як ні дзіўна, але менавіта з такой лірычнай ноты, далёкай ад паказчыкаў і аб'ёмаў вытворчасці, пачалася наша размова. Было цікава даведацца, як у гэтай абаяльнай жанчыны з моцным характарам, матэматычным складам розуму, двума дыпломамі аб вышэйшай адукацыі, а хутка і трыма (літаральна ў дзень нашай размовы яна падала дакументы на спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай» Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), такі моцны духоўны стрыжань. З аднаго боку, яна патрабавальны бескампрамісны кіраўнік, з іншага — шчырая, ранімая жанчына, якая сумняваецца, перажывае, спадзяецца і верыць у Бога.

— Менавіта гэта дае мне сілы, — прызнаецца яна. — Мне пашчасціла, што ў мяне вельмі веруючыя бабуля і маці, што вёска, дзе я ў дзяцінстве праводзіла лета, знаходзіцца непадалёк ад Жыровіцкага манастыра. Дагэтуль жыву пад уражаннем тых пачуццяў, якія перажыла, калі ўпершыню трапіла ў храм. Гэта было вялікае царкоўнае свята, і маштаб таго, што адбывалася навокал, зачароўваў. Гэта пачуццё я захавала на ўсё жыццё і перанесла на сваё сямейства. Мы з мужам не проста верым — мы ходзім у храм, прычашчаемся па ўсіх правілах — з трохдзённым постам і вычытваннем усіх канонаў. Мая 10-гадовая дачка Софія з 4 да 7 гадоў выхоўвалася ў дзіцячым садку Свята-Елісавецінскага манастыра. Там трымала пост і кожную пятніцу разам з усімі прычашчалася. Сама я вялікі пост не трымаю — лянуюся. Адгаворка, што не хапае часу, — хлусня. Мая маці таксама пры адказнай пасадзе і вельмі загружаная, але 20 гадоў не прапускае ніводнага поста.

Для мяне храм — супакой маёй душы. Я чалавек рэзкі, патрабавальны і да сябе, і да людзей. Разумею, што не кожны можа вытрымаць мой тэмп, рытм, але я такая нарадзілася. І таму, каб крыху астыць і асэнсаваць усё, іду ў храм. Мой духоўнік — іераманах Елісей з вёскі Туркі Гомельскай вобласці, вельмі глыбокі чалавек, можа і паўшчуваць, і пашкадаваць мяне. На пачатку пандэміі я запрасіла яго на завод, каб асвяціў памяшканні. І цяжкіх выпадкаў захворвання ў нас не было. Мы не прыпыняліся, не зніжалі аб'ёмаў вытворчасці і разам усё выцягнулі. Сярод нашых рабочых наогул шмат вернікаў. Калі айцец Елісей хадзіў па заводзе, многія падыходзілі браць благаславенне.

Вера — гэта наша моц, яна ідзе ад бацькоў. Мае дзед і бабуля вянчаліся «пры саветах». Бабуля ніколі не клалася спаць, пакуль не пачытае малітву над усімі намі. Такое не забываецца. Чалавек павінен верыць, інакш страчваецца сэнс жыцця. Я жыву, каб нешта зрабіць для гэтага свету. Нават у маленькіх учынках.

У гасцях у ігуменні Параскевы.

На бабруйскім прадпрыемстве працуе каля дзвюх тысяч чалавек. Я, магчыма, жорсткі кіраўнік, але гэтыя людзі яшчэ два гады таму не ведалі, што будзе з заводам, з іх сем'ямі. Аб'ёмаў не было, заказаў — таксама, зарплата мізэрная, усё развальвалася. Цяпер яны будуюць планы на будучыню: нехта кватэру хоча купіць, нехта — машыну. 

Каманда «гастарбайтараў»

Надзея Лазарэвіч кіруе холдынгам некалькі гадоў, але дагэтуль яшчэ шмат хто здзіўляецца, што ля руля гэтага аграпрамысловага гіганта стаіць жанчына. Асабліва бянтэжацца губернатары расійскіх рэгіёнаў, якія прыязджаюць у Бабруйск у складзе афіцыйных дэлегацый. Нават для Расіі жанчына-кіраўнік на падобным прадпрыемстве — рэдкасць. Год таму на заводзе пабываў намеснік старшыні Ленінградскага аблвыканкама, ураджэнец Магілёўшчыны, які добра ведаў пра сумны стан «Бабруйскаграмаша». Ён быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што прадпрыемства ажыло і гэта адбылося дзякуючы жанчыне.

— З сабой я прывяла каманду прафесіяналаў, — дзеліцца сакрэтам поспеху Надзея Лазарэвіч. — Мы жартам называем сябе каманда «гастарбайтараў», бо жывём адразу на некалькі гарадоў. Два спецыялісты, калегі па старой рабоце, прыехалі са мной з Мінска, яшчэ два — з Магілёва. Усе — тэхнічны дырэктар і мае намеснікі па маркетынгу, бяспецы, ідэалогіі і кадрах — жывуць у сямейным інтэрнаце «Бабруйскаграмаша».

Ёсць намеснікі са старога складу, якія адчулі ўва мне кіраўніка і сталі па-іншаму працаваць. Я іх вельмі цаню. Сёлета медалі «За працоўныя заслугі» атрымалі мой намеснік па вытворчасці Анатоль Судніковіч і генеральны канструктар Васіль Перавознікаў. Яны тут і раней працавалі, але ніхто іх заслугі не адзначаў, нягледзячы на тое што менавіта ад іх шмат што залежыць на прадпрыемстве. Васіль Перавознікаў стварае, па сутнасці, усе тыя машыны, якія карыстаюцца попытам у нас і за мяжой, а ў Анатоля Судніковіча ў прамым падначаленні, лічы, тры тысячы чалавек, з якіх 1800 непасрэдна ў Бабруйску.

За два гады мы павялічылі вытворчасць ў 3,5 раза тым жа складам людзей. Уяўляеце, якія схаваныя магчымасці былі задзейнічаны? Улічылі моманты правільнага планавання, продажаў, закупак, змаглі знайсці новыя рынкі збыту. У нас ёсць пастаянныя заказчыкі за мяжой. Некаторых наш маркетынг змог знайсці на адлегласці, нават не выязджаючы на месца. І працуем мы выключна па 100-працэнтнай перадаплаце. Ніколі не прадаём з адтэрміноўкай плацяжу.

Для нас «Бабруйскаграмаш» — гэта холдынг, вядомы ў Расіі і іншых краінах. У Расію мы грузім на 2,5–3 мільёны долараў ЗША тэхнікі штомесячна. У нас шмат новай наменклатуры, хоць распрацоўкі рабіліся ўжо вельмі даўно. Канструктарскае бюро тут заўсёды моцнае. Але ў маркетынгу не было разумення, што гэта камусьці патрэбна.

«Прэзідэнт сумняваўся, але ў выніку паверыў»

Сёння яна з усмешкай згадвае пра тыя чуткі, што да яе даходзілі. А нехта і наўпрост пытаўся, хто даў грошай, што прадпрыемства стала працаваць. Бо на той момант не было нават на што купіць метал. Казалі, што Лазарэвіч прыйшла з вялікімі інвестыцыямі, маўляў, Аляксандр Рыгоравіч зрабіў буйны заказ.

— Усё гэта няпраўда, — аспрэчвае яна. Аляксандр Рыгоравіч проста паверыў у мяне і ўсё. Хоць таксама сумняваўся. Я ж сама папрасілася. Адчувала, што засядзелася ў намесніках і хачу быць кіраўніком буйнога прадпрыемства. Я ніколі не хаваю свае лідарскія амбіцыі і заўсёды імкнуся іх праявіць. Калі мне сказалі, што будзе разглядацца пытанне назначэння на пасаду кіраўніка «Бабруйскаграмаша», учапілася за гэта абедзвюма рукамі. Кандыдатур было шмат, з год ішлі ўзгадненні з усімі інстанцыямі і ведамствамі. Да мяне доўга прыглядаўся памочнік Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці. І Прэзідэнт дасканала вывучаў пытанне. Часам узгадненне на такія пасады ідзе без асабістага ўдзелу кандыдата, але мне загадалі прысутнічаць. Я ведала, што будуць пытанні і не факт, што мяне зацвердзяць. Прэзідэнт размаўляў са мной хвілін 20, цікавіўся, з чаго буду пачынаць, на чым рабіць акцэнт. Гэта ж трэба было браць на сябе адказнасць за шэсць заводаў, усе яны мелі на той момант страты. Потым яшчэ парады даваў, на што ў першую чаргу звярнуць увагу.

Надзею Лазарэвіч на «Бабруйскаграмашы» сустрэлі па-рознаму. Нехта падаў заяву на звальненне, а нехта паверыў і застаўся.

Каманда Надзеі Лазарэвіч — кіраўніцтва прадпрыемстваў холдынга.

— Цякучка была першыя паўгода, — згадвае суразмоўца. — Калі людзі разумелі, што ў тым тэмпе, які я задала, працаваць не змогуць, або я бачыла, што спецыялісты не здольныя выконваць тыя загады, якія ім даю, мы без асаблівага шкадавання развітваліся. Першы загад, які я падпісала, датычыўся службовых званкоў на якія трэба было адказаць на працягу максімум 10 хвілін, у тым ліку і ў выхадныя. Нашы міністэрствы працуюць па суботах, і вырашыць у такі дзень пытанні нават лягчэй. Я гэта рабіла рэгулярна. І мне было незразумела, як чалавек на пасадзе намесніка дырэктара прадпрыемства, якое «ляжыць», мог дазваляць сабе ігнараваць мае званкі ў такі дзень. Прадпрыемства на ладан дыхае, а ён кажа, што ў яго выхадны.

Алег + Надзея + Софія

Асабістае жыццё — справа тонкая. Не ва ўсіх яно ідэальнае, асабліва калі жонка ці маці займаюць высокія пасады. Надзея Лазарэвіч расказвае пра свайго мужа з удзячнасцю: «Мне яго Бог паслаў».

— Калі я зразумела, што ён менавіта той мужчына, які мне патрэбны, мы павянчаліся, — раскрывае яна свае сямейныя сакрэты. — Дарэчы, перад вяселлем я пазнаёміла Алега з бацюшкам. І той яго ацаніў. Мой характар не кожны вытрымае, а Алег вельмі цярплівы чалавек і мудры, бо дазваляе мне думаць, што я кірую сям'ёй. Ён працаваў у міністэрстве, але, калі я ўзначаліла «Бабруйскаграмаш», стаў бізнесменам. Так лягчэй планаваць дзень і болей часу праводзіць з дачкой. У мяне такой магчымасці няма, бо я ўвесь час паміж Мінскам і Бабруйскам.

Софія вучыцца практычна на дзясяткі, займаецца вялікім тэнісам і ў свае 10 гадоў мае першы юнацкі разрад. А яшчэ спявае, выступае на ўсіх школьных канцэртах і не толькі. Самы лепш час для нашай сям'і — калі мы ўтрох, але ў асноўным стасункі праходзяць у «Вайберы». Наша дачушка прывыкае да самастойнасці.

Мяне таксама ў дзяцінстве не песцілі. З дзявятага да адзінаццатага класа я ездзіла ў школу з Фаніпаля ў Мінск на электрычцы. У шэсць раніцы ўставала, і адна (ніхто мяне не суправаджаў) бегла на вакзал, каб своечасова трапіць на ўрокі. Затое мела магчымасць вучыцца там, дзе жадаю. Калі хочаш нечага дабіцца, чымсьці прыходзіцца ахвяраваць. І мама мяне выхоўвала так, што павінна працаваць. Бацька таксама вельмі строгі: правяраў дзённік і выгаворваў не за тройку (па пяцібальнай сістэме), а за чацвёрку. Гэта для мяне была самая страшная адзнака. Бо існуе толькі два паняцці — здольны вучань і двоечнік. З двоечніка попыт невялікі, але калі ў цябе чацвёрка, гэта прыкмета таго, што ўмяшалася лянота. І Соня таксама ведае, што восем балаў — гэта яе недапрацоўка, і я буду сварыцца.

Імідж — нішто

У мяне яго няма, — смяецца Надзея Лазарэвіч. А я гляджу на яе прычоску, дагледжаную скуру, манікюр, з густам падабраны касцюм і пра сябе хмыкаю: «Так я вам і паверыла».

— Гэта маці з бацькам дзякуй, караням маім, — стараецца пераканаць мяне суразмоўца. — Бацькі выхавалі ўва мне пачуццё густу, меры і такту. Мая маці заўсёды казала: лепш мала, але добрага, чым шмат, але дрэннага. Я нават у школу хадзіла не ў батніках, як іншыя, а ў пінжаках. Маці раіла, як хаваць недахопы фігуры, які выбіраць колер валасоў. Цяпер я ўсё гэта спрабую прывіць сваёй Соні. Мадэльера ў мяне таксама няма. Раз на тры месяцы раблю шопінг, заходжу, напрыклад, у «Карону» і выбіраю там класічныя касцюмы. У мяне ў шафе вісяць гатовыя камплекты, і я яшчэ з вечара ведаю, што апрану заўтра. Я не раблю ніякія мейкапы — дастаткова таго, што ведаю, якія маркі касметыкі мне падыходзяць.

Адзінае, што ў мяне ёсць, гэта цырульнік, якая стрыжэ ўжо 20 гадоў. Мы амаль адначасова выйшлі замуж, разам выхоўваем дзяцей. Яна можа мне смела сказаць пра мае недахопы і падказаць, што зрабіць на галаве. Самае галоўнае — быць у сабе ўпэўненай. Я веру ў тое, што раблю, веру ў свой завод, ведаю, што ён самы лепшы, самы перспектыўны, што мы выпускаем самую перадавую тэхніку. Калі прыязджаю на сустрэчу са сваім патэнцыйным пакупніком, не думаю пра тое, як выглядаю: я перш за ўсё не жанчына, а  кіраўнік прадпрыемства. І гэтым усё сказана.

Нэлі ЗІГУЛЯ,

Фота з архіва Надзеі Лазарэвіч.

г. Бабруйск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».