Вы тут

Лукашэнка: Востра стаіць пытанне забеспячэння нашых Узброеных Сіл сучасным узбраеннем


Пра вынікі работы ваенна-прамысловага комплексу Прэзідэнту Беларусі далажылі віцэ-прэм’ер Юрый Назараў і старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.


Фота: БелТА.

У пачатку сустрэчы Прэзідэнт абазначыў значнасць ваенна-прамысловага комплексу для Беларусі.

«У сілу абставінаў, што складваюцца (а яны заўсёды ў нас былі няпростыя, вы гэта ведаеце), вельмі востра стаіць пытанне забеспячэння нашых Узброеных Сіл (не толькі арміі, усіх Узброеных Сіл) сучасным узбраеннем — тымі відамі ўзбраення, якое неабходна сілавым структурам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як прыклад, ён дадаў: унутраным войскам неабходна спецыфічная зброя, а арміі больш шырокі спектр узбраення.

Кіраўнік краіны падкрэсліў, што ведамству ставіліся канкрэтныя задачы, і яго найбольш цікавіць, як яны выконваюцца.

«Канешне, ВПК — гэта значны ўнёсак у эканоміку краіны. А самае галоўнае — гэта самая высокатэхналагічная вытворчасць, якая супастаўная толькі з касмічнымі і атамнымі тэхналогіямі. Без сучасных, прасунутых тэхналогій немагчыма стварыць сучасную зброю»,— канстатаваў Прэзідэнт.

Па выніках работы ў 2020 годзе ўсімі арганізацыямі Дзяржкамваенпрама забяспечана прыбытковая праца, паведамляе сайт ведамства. Аб’ём атрыманага чыстага прыбытку ў мінулым годзе склаў 270,6 мільёна рублёў, або 139,6% ад запланаванага аб’ёму. Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прамысловай прадукцыі склала 26,5%. Рэнтабельнасць продажаў дасягнула 16,8% пры запланаваным узроўні 14%. Арганізацыямі Дзяржкамваенпрама забяспечаны рост заработнай платы работнікаў, якая па выніках 2020 года дасягнула ўзроўню 1719,7 рубля. У 2020 годзе арганізацыямі Дзяржкамваенпрама асвоена 74,2 мільёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал.

Кіраўнік дзяржавы працягнуў, што зараз для Беларусі няпростыя часы — многія пагражаюць санкцыямі, але Дзяржкамваенпрам і не мае разгалінаваных сувязяў з краінамі, што іх уводзяць.

«Мы не маем моцна звязаных і ўзаемазалежных кантактаў з Амерыкай, Еўрапейскім саюзам. Зразумела, што з тымі, з кім мы супрацоўнічаем у галіне стварэння ўзбраення (Расія, Кітайская Народная Рэспубліка, Турцыя і іншыя), у нас добрыя адносіны. Будзем спадзявацца, што гэтыя санкцыйныя пагрозы не значна ўплываюць на ваенна-прамысловы комплекс нашай краіны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, вельмі важныя фінансава-эканамічныя паказчыкі вытворчасці. «Што мы чакаем, зыходзячы з пражытых паўгода? Што будзе ў канцы года? Якое ўзбраенне мы створым? Які сабекошт і страты на гэтае ўзбраенне? Якім будзе экспарт узбраення? Гэта таксама мы не хаваем — прадаем зброю. Магчыма, не так шырока, як іншыя», — пералічыў пытанні да прысутных на сустрэчы Прэзідэнт.

Хвалюе кіраўніка краіны і вытворчасць стралковай зброі. Ён патлумачыў, што ляжала ў аснове яго рашэння па вытворчасці ўласнага віду такога ўзбраення.

«Мы не збіраемся кагосьці перамагаць, наўрад ці гэта адбудзецца. Мы павінны нанесці непрымальную шкоду супраціўніку і павінны абараніць самі сябе і свае сем’і. Без стралковай зброі, сваёй стралковай зброі, калі, не дай Бог, якісьці канфлікт, вайна, кожная сям’я, тэрытарыяльныя органы павінны быць узброены ўсім комплексам стралковай зброі. Тады вораг і праціўнік будзе разумець, што з намі лепш не звязвацца. Кожная сям’я, кожны дарослы і нават падлетак будзе абараняць сваю зямлю, свой дом і сваю сям’ю», — сцвярджае Прэзідэнт.

Ён заявіў, што магчыма тэрытарыяльныя органы аснасціць стралковай зброяй і часткова гранатамётамі.

«Мы павінны мінімум зброі ствараць у сябе. Таму што ўсякае можа здарыцца і спадзявацца на заморскага дзядзьку, якія прывязе зброю, не варта. Неабходна мець сваё. Тым больш, блізкая нам краіна, з якой мы распрацоўваем, ствараем зброю, — Расія, не супраць, каб мы па іх тэхналогіях разварочвалі тут вытворчасць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пацікавіўся ён таксама справамі з перспектыўнымі відамі ўзбраення: напрыклад, як ідзе распрацоўка ракетнай сістэмы «Паланэз»? 
Кіраўнік краіны запытаў пра падрыхтоўку да міжнароднай выстаўкі Milex, якая пройдзе 23-26 чэрвеня ў Мінску: што там прадставім, як будзем выглядаць, хто прыедзе з гасцей у пандэмійныя часы?


Каментарый у тэму

Па словах Дзмітрыя Пантуса, старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, работа вядзецца ў асаблівых абставінах — санкцыях Еўрасаюза, чатыры прадпрыемствы ведамства афіцыйна ўваходзяць у пакет санкцый, але гістарычна ўсе прадпрыемствы абароннага сектара эканомікі знаходзіліся пад ціскам.

«У кіраўніка краіны абмяркоўвалася пытанне па рабоце прадпрыемстваў дзяржваенпрама і абароннага сектара эканомікі ва ўмовах ціску калектыўнага Захаду. Адзначу, што работа ўсіх прадпрыемстваў ВПК стабільная і нейкіх крытычных пытанняў у нас не ўзнікае», — сказаў Дзмітрый Пантус.
Больш за тое, дзякуючы санкцыям дадаткова праведзена работа па імпартазамяшчэнні, распрацавана і дзейнічае адпаведная праграма на тры гады.
«Толькі па 2021 годзе плануем замясціць 37 мільёнаў долараў ЗША, а ў 2022 годзе плануем павялічыць гэту суму да 77 мільёнаў, — акцэнтаваў увагу старшыня Дзяржкамваенпрама.

Сярод перспектыўных праектаў, суразмоўца вылучыў першы поўнасцю айчынны бронетранспарцёр Мінскага завода колавых цягачоў.

Асаблівае пытанне да Дзмітрыя Пантуса — справы са стралковай зброяй. «У выкананне даручэння кіраўніка краіны па стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь стралковай зброі і боепрыпасаў да яе мы стварылі на тэрыторыі Аршанскага рэгіёна навукова-вытворчы кластар „Вусце“ і сёння там пяць новых цэхоў, дзе мы ствараем, мадэрнізуем пэўныя тыпы стралковай зброі. Частка гэтых відаў ужо стаіць на ўзбраенні Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, асвоена серыйная вытворчасць трох тыпаў патронаў», — паведаміў кіраўнік камітэта.

Рыхтуецца ведамства да 10-й міжнароднай выставы Milex, што пройдзе на Мінск-арэне. Там сваю прадукцыю пакажуць 42 арганізацыі абароннага сектару эканомікі — 22 прадпрыемствы з Расійскай Федэрацыі. Свой удзел у выстаўцы падцвердзіла 31 дэлегацыя з 15 рэгіёнаў.

«На выстаўцы будуць прадстаўлены больш за 300 прыкладаў навейшых відаў УВСТ толькі ад Рэспублікі Беларусь. 77 з іх прадстаўлены ўпершыню, 88 — новыя мадэрнізаваныя прыклады. Таксама вельмі сур’ёзную экспазіцыю будзе рыхтаваць Расійская Федэрацыя», — падкрэсліў Дзмітрый Пантус.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.