Вы тут

Ісці сваім шляхам. Выйшла кніга дыялогаў пісьменніцы, публіцыста Зоі Падліпскай з адметнымі асобамі Беларусі


«Як каштоўнае палатно, сатканае з радасці і болю маіх суразмоўцаў, іх жыццёвай мудрасці і гераізму, чалавечнасці і дабрыні, рыхтавалася кніга інтэрв’ю, — чытаем у прадмове „Ісці сваім шляхам“ да новай кнігі Зоі Падліпскай. — Без змен і правак, менавіта так, як некалі ўбачылі свет гэтыя матэрыялы. І яно зразумела. Зацікавіўшыся лёсам таго ці іншага героя кнігі, сёння без асаблівых цяжкасцей можна знайсці ў Сеціве інфармацыю пра новыя падзеі, творчыя знаходкі і пэўныя біяграфічныя падрабязнасці з жыцця гэтых вядомых у нашай краіне людзей. Пункт адліку — пазначаныя год і месяц выхаду ў свет кожнага інтэрв’ю. Мне ж бачыцца важным данесці да шырокага кола чытачоў непаўторную шчырасць той колішняй гутаркі, адкрытасць маіх суразмоўцаў, іх жыццёвыя каштоўнасці і адметнасць светапогляду».


Аўтарытэтны ў асяроддзі беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў, мовазнаўцаў, шматгадовы галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» (займала гэтую пасаду з 2009 па 2019 гг.), Зоя Іванаўна Падліпская зараз з’яўляецца дырэктарам Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры. За плячыма — багаты педагагічны досвед. Працавала выхавальнікам дашкольнай установы, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, арганізатарам аддзела адукацыі Слуцкага гарвыканкама, начальнікам аддзела выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага інстытута адукацыі, прарэктарам па вучэбнай рабоце Мінскага гарадскога дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў адукацыі. З 2007 па 2009 гг. — галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Такі каласальны вопыт арганізацыі педагагічнай, асветніцкай справы дазволіў Зоі Іванаўне набыць выключны досвед, дапамог сустрэцца з дзесяткамі цікавых асоб. І ўжо ў час працы ў часопісе «Роднае слова» яна падрыхтавала, апублікавала нямала гутарак па розных актуаліях грамадскага, навуковага, культурна-асветніцкага жыцця.

Надрукаваныя ў розныя гады, гэтыя сапраўды дыялогі пра жыццё, краіну, лёс Беларусі, пра саміх герояў і іх светабачанне ўспрымаюцца і зараз актуальнымі і своечасовымі. Славуты беларускі дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі, доктар філалагічных навук Алесь Бельскі, паэт Віктар Шніп, радыёжурналіст, публіцыст, паэт Навум Гальпяровіч, паэт Казімір Камейша, дзіцячы пісьменнік і педагог Віктар Кажура, аўтарытэтныя мовазнаўцы Ігар Капылоў, Віктар Іўчанкаў, мецэнат і гістарычны пісьменнік Анатоль Статкевіч-Чэбаганаў... І гэта не ўсе суразмоўцы Зоі Падліпскай.

Колькі новага, раней невядомага спасцігаеш на старонках кнігі!.. Колькі новага адкрываеш пра Беларусь і навакольны свет! Вось Янка Сіпакоў адказвае на пытанне: " — Іван Данілавіч, ведаю, што вы пабывалі ў многіх мясцінах свету — на Каўказе і ў Запаляр’і, на Ціхім і Ледавітым акіянах, бачылі сібірскія рэкі і пяскі ў Каракумах. А аднойчы Вы сказалі, што марыце пабываць у Індыі. Чым прываблівае Вас гэтая краіна?

Ведаеце, у Індыі на мове хіндзі выйшла салідная кніга маёй паэзіі «Чорны Бог і іншыя вершы». Пераклаў яе прафесар Дэлійскага ўніверсітэта Варх’ям Сінг. Прадмову напісаў індыйскі крытык Хемант Кукрэці. У Дэлі адбылася прэзентацыя, на якой прысутнічаў і тагачасны прэзідэнт Індыі. Таксама паэт. Яму «Чорны Бог» спадабаўся, і ён выступіў на сустрэчы. Усе яны ў маіх вершах знайшлі нейкае падабенства з індыйскім разуменнем жыцця і чалавека. Вось таму я і хацеў пабываць у Індыі, каб зразумець, чаму ж індусам блізкая мая паэзія...»

А вось што чытаем у гутарцы з Алесем Бельскім: «У публікацыях асобных маладых пісьменнікаў выявілася іранізаванне ў адносінах да Цёткі, Купалы, Коласа, Багдановіча, публічна прадэманстравана непавага да памяці пачынальнікаў беларускай літаратуры, класікаў і маральных аўтарытэтаў нацыі...» І далей: «Негатыў, адмоўныя ацэнкі і акцэнты ўплываюць на свядомасць часткі юнага пакалення, спараджаюць нігілізм. Вядомыя пісьменнікі (Р. Барадулін, Л. Дранько-Майсюк, Р. Сітніца, Ю. Пацюпа і інш.) урэшце ўбачылі небяспеку „літаратурнага хуліганства“, з трывогаю адрэагавалі на моладзевы макісмалізм у ацэнках класікаў, поглядах на мінулае. Такім чынам, у адносінах да спадчыны і традыцый адзінства, на жаль, няма. Для маладых у літаратуры часам паперадзе не Купала і Колас, Быкаў і Караткевіч, а ўласнае гіпертрафіраванае эга. Асобныя аўтары новай гненерацыі маюць зашмат апломбу, снабізму...» Хіба не балюча чытаць пра гэта?!.

Публіцыстычная, асветніцкая кніга пісьменніцы Зоі Падліпскай уражвае, прымушае задумацца над многімі важкімі пытаннямі культуры, грамадскага жыцця, над гістарычным лёсам нашай Айчыны, многіх слаўных дачок і сыноў Беларусі.

Дарэчы, набыць кнігу можна ў кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72.

Прыемнага чытання!

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».